Езекія
Езекія | |
---|---|
іўр.: חִזְקִיָּהוּ | |
Нараджэнне |
каля 741 да н.э.[1] |
Смерць |
687 да н.э. ці каля 686 да н.э.[1] |
Месца пахавання | |
Род | дом Давіда[d] |
Бацька | Ахаз[2] |
Маці | Abijah[d] |
Жонка | Hephzibah[d] |
Дзеці | Манасія, цар іудзейскі[3] і Amariah[d] |
Веравызнанне | Яхвізм[d][4] |
Бітвы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Езекія (іўр.: חִזְקִיָּ֫הוּ, חִזְקִיָּ֫ה, יְחִזְקִיָּ֫הוּ; грэч. Ἐζεκίας, лац.: Ezechias) — трынаццаты цар Іўдзейскага царства, сын Ахаза. З’яўляецца адным з самых значных цароў у Іўдзеі. Езекія падаецца ў Бібліі як вялікі і добры цар. Ён з’яўляецца адзіным з цароў, пра якога сказана, што ён «спадзяваўся на Госпада Бога Ізраілевага, так што нікога не было, як ён, сярод усіх цароў Іўдзеі, ні пасля яго і ні да яго» (4 Цар. 18:5).
Заняў Іўдзейскі сталец ва ўзросце 25 гадоў і валадарыў на працягу 29 гадоў. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што Езекія быў суўладаром Іўдзеі разам са сваім бацькам Ахазам на працягу 14 гадоў, пачынаючы з 729 г. да н.э. Уласнае валадаранне Езекіі прыходзіцца на 716—687 гг. да н.э., апошнія 10 гадоў разам са сваім сынам Манасіяй.
Паводле Старога Запавету, Езекія арганізаваў рэлігійную рэформу з мэтай аднавіць пакланенне Адзінаму Богу. Цар вырашыў знішчыць ідалапаклонства ва ўсім царстве, забараніў пакланенне на вышынях і «меднага змея» (ці «Нехуштану»), зробленага Майсеем у адпаведнасці з загадам Бога (Лікі 21:8), які стаў аб’ектам пакланення ідалапаклоннікаў (4 Цар. 18:04). Замест гэтага цар увёў цэнтралізаванае пакланенне Госпаду ў храме Іерусаліма. Езекія аднавіў Велікоднае паломніцтва і традыцыю збірацца ўсім плямёнам Ізраілевым, каб прыняць удзел у свяце Вялікадня (2 Хрон. 30:5,10,13,26).
Пасля смерці асірыйскага цара Саргана і прыходу да ўлады яго сына Сінахерыба Езекія імкнуўся скінуць апеку асірыйскіх цароў. Ён перастаў плаціць даніну, накладзеную на яго бацьку Ахаза, і «паўстаў супраць цара Асірыйскага, і не стаў служыць яму», але ўступіў у саюз з Егіптам (Іс. 30-31; 36:6-9). Аднак Егіпет не прыйшоў на дапамогу Езекіі, і сітуацыя для цара стала пагражальнай. Езекія пачаў рыхтавацца да аблогі, у Іерусаліме быў пабудаваны тунэль, таксама вядомы як тунэль Сілаамскі, а таксама высокія сцены. Цару давялося сутыкнуцца з уварваннем у Іўдзею Сінахерыба каля 701 да н.э. і ўзяццем у аблогу Іерусаліма. У 2 Цар. 19:35 запісана, што ў час аблогі Анёл Гасподні забіў 185 000 асірыйскіх салдат за адну ноч, а Сінахерыб беспяспяхова вярнуўся ў Асірыю.
Пад канец жыцця Езекія смяротна захварэў. Пасля хадатайніцтва прарока Ісайі Езекіі было даравана 15 гадоў жыцця. Гісторыю цудоўнага акрыяння можна знайсці ў 2 Цар. 20:1, 2 Лет. 32:24, Іс. 38:1. Розныя паслы прыйшлі павіншаваць Езекію з аднаўленнем, у тым ліку і паслы Мерадаха Баладана, цара Вавілонскага. Аднак Езекія, замест таго каб узнесці хвалу Богу, паказаў паслам свае багацці.
Захавалася значная колькасць небіблейскіх крыніц, якія вызначаюць Езекію, яго кіраванне і ўплыў. Даследчыкі адзначаюць, што напружанасць у адносінах паміж Асірыяй і Іўдзеяй з’яўляецца адной з найлепш дакументаваных падзей таго часу і вельмі добра стасуецца з астатнімі гістарычнымі дакументамі старажытнага Блізкага Усходу.
Археолагі знайшлі надпіс на дзвярах магілы, які прыпісваецца яго сакратару Шэўне (2 Цар. 18:18). Таксама рэшткі збудаванняў уздоўж мяжы з Асірыяй дэманструюць дбайную падрыхтоўку да барацьбы з верагодным маршрутам уварвання Сінахерыба і паказваюць істотны ўзровень кантролю цара над гарадамі, а таксама сведчаць пра разбурэнне Езекіяй сельскіх ахвярных месцаў і цэнтралізацыю набажэнстваў у Іерусаліме. Захаваліся таксама пячаткі з дакументаў, якія, магчыма, належалі ўласна Езекіі, а таксама яго слугам.
Працы археолагаў і філолагаў дазваляюць зрабіць выснову, што пад час кіравання Езекіі адбылося прыкметнае павелічэнне моцы Іўдзейскай дзяржавы. Значна павялічылася колькасць літаратурных твораў. Падчас яго праўлення былі пабудаваны масіўныя гарадскія сцены, сам горад быў значна пашыраны. Насельніцтва Іерусаліма, па падліках вучоных, павялічылася да 25 000, у пяць разоў больш за насельніцтва часоў Саламона. Такі рэзкі рост сталіцы і краіны навукоўцы тлумачаць вялікім прытокам Ізраільцян, якія збеглі пасля разбурэння Асірыяй паўночнай дзяржавы.
Археолагамі быў знойдзены таксама Сілаамскі тунэль. Ён быў пракладзены праз 533 метры цвёрдых парод для таго, каб забяспечыць Іерусалім падземным доступам да вады крыніцы Гіхон, якая знаходзілася па-за межамі горада. Захаваўся надпіс з тунэлю, які зараз знаходзіцца ў Археалагічным музеі Стамбула. Ён захаваў драматычны момант, калі дзве асобныя каманды працаўнікоў капалі кіркамі з супрацьлеглых канцоў тунэля і сутыкнуліся адна з адной. Надпіс з’яўляецца адным з найбольш важных старажытных надпісаў у Іерусаліме.
Археолагі паказалі і на археалагічныя сведчанні іканаборства ў перыяд валадарання Езекіі. Цэнтральная культавая зала храма ў Арадзе, каралеўскай іўдзейскай крэпасці, была свядома і старанна разабрана, разам з алтарамі і ахвярнікамі, і схавана пад падлогу. Наўмысны дэмантаж храма навукоўцы тлумачаць дзейнасцю Езекіі па барацьбе з язычніцтвам, што даказваецца археалагічнымі фактамі.
Таксама ў асірыйскіх запісах гаворыцца пра аблогу горада Лахіса, дата аблогі Сінахерыбам Лахіса вызначаецца як 701 г. да н.э. На рэльефе Лахіса графічна адлюстравана бітва і параза горада, паказаны асірыйскія лучнікі, што ідуць уверх па пандусу, і іўдзеі, якіх цягнуць вяроўкамі. Рэльеф выяўлены ў асірыйскім палацы ў Ніневіі, памерамі 2,5 метры ў вышыню і 80 метраў у даўжыню, ён абгінае асобны пакой. Наведвальнікаў уражвае не толькі велічыня самога твора, але і велічная моц асірыйскай ваеннай машыны.
Археолагі ў падмурках палаца Ніневіі знайшлі так званую прызму Сінахерыба. Яна была напісана клінапісам і апісвае заваёву 46 моцных гарадоў Іудзеі і незлічоную колькасць меншых, а таксама аблогу Іерусаліма. У прызме распавядаецца, што Сінахерыб запер Езекію, «як птушку ў клетцы». З прызмы не вынікае, ці змог Сінахерыб узяць Іерусалім. Па традыцыі ў асірыйскіх прызмах ніколі не паведамлялася пра якія-небудзь паразы ці штосьці дрэннае пра цара. Таму няма ніякага запісу пра гібель асірыйскай арміі пад сценамі Іерусаліма. Па адной з тэорый, параза была выклікана магчымай успышкай бубоннай чумы.