Перайсці да зместу

Касцёл Святога Дамініка і кляштар дамініканцаў (Пінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Святога Дамініка і кляштар дамініканцаў
Былы касцёл дамініканцаў у першай палове XX ст.
Былы касцёл дамініканцаў у першай палове XX ст.
52°06′49″ пн. ш. 26°06′08″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Ордэнская прыналежнасць дамініканцы
Заснавальнік Лукрэцыя Марыя Строцы[d]
Дата заснавання 9 жніўня 1667
Будаўніцтва 17871810 гады
Дата скасавання 1949
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Дамініка і кляштар дамініканцаў — колішні рымска-каталіцкі культавы комплекс у Пінску Брэсцкай вобласці, які існаваў у 16671850 гадах. Знаходзіўся на гістарычнай Дамініканскай вуліцы (цяпер вуліца Горкага). Помнік архітэктуры барока.

Малюнак, 1915 г.
Малюнак, 1915 г.

Заснаваны жонкай полацкага ваяводы Я. К. Копаця, маркграфіняй Марыяй Лукрэцыяй Строцы, якая былая сваячкай каралевы Цэцыліі Рэнаты, разам з якой і прыехала ў Варшаву. Ужо ў 1664 г. пачала выбіраць месца і купляць пляцы для кляштара дамініканаў. У 1666 г. у Пінск прыехаў Аляксандр — Самуэль Бяляўскі, былы капелан Копацевай, генеральны прэдыкатар. 9 жніўня 1667 года Марыя Копацева ўчыніла фундацыю. Instrumentum Fundationis ад 24 ліпеня 1668 г. паведамляе, што будзе збудаваны касцёл св. Дамініка, таму што з яго дапамогаю ацаліўся яе паміраючы сын Дамінік Радзівіл ад першага шлюбу з Аляксандрам Людвікам Радзівілам. Копацева прызначыла 12700 злотых з прыбыткаў маёнтка Шышова (Берасцейскі павет), фальварак над Ясельдай каля царквы на Лешчу з «грунтам ворным», пляц з домам і садам і яшчэ 9 пляцаў у Пінску для пабудовы кляштара. Яна падаравала ў капліцу сярэбраныя рэчы: 9 ліхтароў больш за локаць вышынёю, пульпіт на імшал, круцыфікс, манстранцыю, лямпу і інш. Фундатарка хацела, каб у кляштары было не менш чым 12 законнікаў, лектар Св. Пісання для навучання школьнай моладзі. Яна асобна запісала 3000 злотых на алтар Маці Божай Ружанцовай, абяцала сама вымураваць касцёл, а калі не паспее, то гэта павінны зрабіць дамініканцы з фундушаў[1].

У хроніцы кляштара пад 1678 г. упамінаюцца досыць шматлікія воты пры алтарах (здаецца, яшчэ ў капліцы) Св. Дамініка, Маці Божай Ружанцовай, Св. Ружы, пры абразе Маці Божай Пултускай. У 1697 г. скончылі накрываць драўляны касцёл і ставілі купал пасярэдзіне даху і 4 — па вуглах, што больш характэрна для праваслаўнага храма. У 1709 г. пачалі будаваць мураваны корпус кляштара, у 1720 годзе — новы навіцыят, у 1750 годзе рэстаўравалі касцёл і кляштар, у 1758 годзе быў вялікі пажар у Пінску, падчас якога пацярпеў касцёл езуітаў, але дамініканскі і францішканскі ацалелі. Хроніка за 1750 год паведамляе, што нягледзячы на красамоўскія таленты дамініканцаў, пінчукі не надта хадзілі на Імшу; каб заахвоціць іх, дамініканцы нанялі езуіцкую капэлу ў дзень па 4 злотых, і людзі прызвычаіліся бываць на набажэнствах[1].

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Кляштар знаходзіўся на ўездзе ў горад з поўначы, з правага боку Пецярбургскай вуліцы. Першы драўляны касцёл згарэў у 1797 г., пасля гэтага ў якасці часовай капліцы асвяцілі рэфектар (трапезную), у якую, відаць, перанеслі ацалелыя пры пажары алтары: вялікі, сніцарскі, з абразом Панны Марыі Беззаганнага Пачацця ў сярэбранай шаце вагой больш за тры фунты; Езуса, з вялікім «Укрыжаваннем», аздобленым шатамі, на пазалочаным крыжы; Св. Вінцэнта з Ферары, з новым абразом у шаце; св. Дамініка, абраз у шаце вагой больш за 4 фунты. У закрыстыі — два фундатарскія партрэты, абразы, сніцарскія крэслы і літургічнае начынне з серабра (агульнаю вагою 17 ф. 101 лот, 11 пр), «Таямніцы Ружанцовыя», чаканеныя на сярэбранай блясе (вага больш за 2 кг), брацкі алтар двухбаковы з абразамі Маці Божай і Езуса, зноў жа ў сярэбраных шатах[1].

Лагішынская вуліца з Фёдараўскім саборам у 1916 годзе

Новы касцёл памерам 40 х 20 х 18 локцяў з дзвюма капліцамі і закрыстыяй пачалі мураваць у 1798 г. уласным коштам кляштара. Храм з франтальнай вежай і бабінцам на двух мураваных слупах у 1818 г. яшчэ не быў закончаны ў дэталях, але ўжо перакрыты скляпеннем. Будаўніцтва касцёла і кляштара (гатова была адна лінія) прыпынілася на дзесяць гадоў з-за недахопу сродкаў, таму што расійская дзяржава адабрала фундушы. Толькі ў 1828 г. радца стану Пуслоўскі працягнуў будаўніцтва (адсюль пазнейшая назва «касцёл Пуслоўскага»)[1].

У 1850 годзе кляштар скасаваны, касцёл у 1857 годзе пераабсталяваны пад праваслаўны Фёдараўскі сабор[2].

За польскім часам царква працягвала дзейнічаць. У 1940-я гады на колішні касцёл надбудавалі купалы-цыбуліны.

У Другую сусветную вайну касцёл нязначна пацярпеў. У 1949 годзе савецкія ўлады зруйнавалі кляштарны комплекс, а на яго месцы пабудавалі кінатэатр[1]. У наш час кінатэатр перабудаваны ў царкву Уваскрэсення Славушчага.

Порцік галоўнага ўваходу

Касцёл — 3-нефная 1-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай. Галоўны ўваход меў выгляд порціка з трохвугольным франтонам. Пры перабудове касцёла пад царкву над будынкам збудавалі два купалы.

Усярэдзіне скляпенні падтрымліваліся шасцю слупамі. У касцёле захоўваўся абраз Маці Божай Ружанцовай.

Зноскі

  1. а б в г д Аляксандр Ярашэвіч. Пінскія кляштары
  2. Пінскі кляштар бернардзінцаў // Рэлігія і царква на Беларусі : Энцыкл. давед. / Рэдкал.: Пашкоў Г.П. (гал.рэд.) і інш.; Маст. Глекаў А.А. — Мн.: БелЭн, 2001. — 365 с. — ISBN 985-11-0220-2.