Перайсці да зместу

Касцёл Святога Юрыя (Крамяніца)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Святога Юрыя
Касцёл Святога Юрыя (Крамяніца)
Касцёл Святога Юрыя (Крамяніца)
53°12′55,8″ пн. ш. 24°40′52,92″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Крамяніца
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль рэнесанс
Дата пабудовы 1617 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000273шыфр 412Г000273
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Юрыя — каталіцкі храм у в. Крамяніца (Зэльвенскі раён). Помнік архітэктуры рэнесансу XVII ст. Дзейнічае.

Касцёл пад тытулам Божага Цела і св. Юрыя Мучаніка быў узведзены на паўночнай ускраіне вёскі ў 1617–20 гадах (у 1617 з Кракава прыбылі манахі, а ў 1620 пабудаваны касцёл) паводле фундацыі віцебскага кашталяна Мікалая Вольскага і яго жонкі Барбары з Глябовічаў ў стылі рэнесансу як святыня кляштара рэгулярных латэранскіх канонікаў, заснаванага 20 чэрвеня 1617 года. Сын Вольскіх, Казімір, пакаёвы каралеўскі дваранін, працягнуў будаўніцтва кляштара (скончыў жылы корпус) і павялічыў фундуш (ахвяраваў манахам вёску Кватары). Касцёл быў кансэкраваны 8 ліпеня 1657 года віленскім біскупам Янам Даўгялам Завішам.

У канцы XVIII ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму.

Пры кляштары дзейнічаў шпіталь, бібліятэка, а з 1829 таксама школа-студыя, дзе выкладалася маральная тэалогія (навучалася 3 вучні). Мураваны кляштарны корпус стаяў перад касцёлам, выглядаў як рэнесансавы палац – прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам з вуглавымі шасціграннымі алькежамі. У брацкім корпусе жыло 8 братоў.

Кляштар канонікаў у Крамяніцы быў ска­саваны ў 1832 годзе, будынкі былі перада­дзены ваеннаму ведамству, касцёл стаў парафіяльным. Пасля паўстання 1863 года быў зачынены і касцёл, але ненадоўга.

Касцёл у 1940-я гг.

Касцёл быў рэстаў­рыраваны ў 1929 годзе. Перад II Сусветнай вайной колькасць вернікаў крамяніцкай парафіі складала амаль 10000 чалавек. У будынку былога брацкага корпуса ў міжваеннае дваццацігоддзе змяшчаўся ўрад гміны; у 1940-я гады будынак быў знішчаны.

З 1970-х гадоў касцёл мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. Ад кляш­тарных пабудоў захаваліся толькі будынак былой кляштарнай школы (зараз дзейнічае як вясковая школа) і барокавая званіца (на кансервацыі). Касцёльны ўчастак абнесены высокай бутавай агароджай, уваход ад вёскі пазначаны высокай двух’яруснай брамай-званіцай.

Да парафіі належыць капліца ў в. Падбалоцце. Тытул Божага Цела носіць крамяніцкая парафія, а тытул св. Юрыя носіць касцёл.

Мураваны аднанефны прамавугольны ў плане асноўны аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем зараз накрытыя дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэй). Сцены ўмацаваныя контрфорсамі і прарэзаныя вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Карніз прафіляваны. Галоўны фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздобленым плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі.

Да ўвахода ў XVIII ст. была прыбудавана крухта-тамбур. Касцёл перакрыты двухсхільным металачарапічным дахам, у XVIII ст. над цэнтрам даху ўзвышалася велічная сігнатура ў выглядзе васьміграннага барабана пад фігурным барокавым купалам.

Унутры неф перакрыты цыліндрычнымі, прэсбітэрый — конхавым скляпеннямі з вялікімі распалубкамі. Ляпныя рэбры ўтвараюць на скляпеннях зорчаты малюнак.

Апошняя Вячэра. Другая палова XVIІI ст.

У залавым інтэр’еры пяць двух’ярусных алтароў. Галоўны алтар і прысценныя алтары (а таксама амбона, на гранях якой у невялікіх нішах намаляваны выявы евангелістаў і прарокаў) створаны з белага штучнага мармуру з пазалотай. У цэнтры галоўнага алтара змешчана разьбянае Укрыжаванне ў акружэнні паліхромных фігур Маці Божай і св. Яна. З бакоў стаяць фігуры святых Мікалая і Казіміра, што з’яўляецца спасылкай на Вольскіх як на фундатараў. У другім ярусе змешчаны абраз Апошняй Вячэры ў акружэнні фігурак манахаў, кампазіцыю завяршае Усёвідушчае Вока ў промнях. Таксама вельмі цікавае і табернакулюм (у цыборыюме ўсталяваны фігуркі святых Барбары і Кацярыны), на менсе алтара змешчаны паліхромны гарэльеф «Езуса кладуць у магілу» (ХIХ ст.). Бакавыя алтары, развернутыя дыяганальна па вуглах малітоўнай залы, выкананы ў стылі ўжо позняга барока — прасторавая пластыка карынфскіх калон са шматколернага штучнага мармуру, буйныя валюты, раскрапаваныя антаблементы: у левым алтары змешчаны абраз св. Роха, над ім — абраз св. Пятра; у правым — абраз Маці Божай Вастрабрамскай, наверсе — абраз Сыходжання Святога Духа. Пры сценах кас­цёла стаяць ал­тары, подоб­ныя да галоўнага: злева – алтар св. Юрыя (наверсе – абраз св. Станіслава Косткі), спра­ва – алтар св. Юзафа (з абразом Маці Божай Анёльскай наверсе).

На паўднёвай сцяне прэзбітэрыя змешчана выкананае з цёмнакарычневага мармуру рэнесанснае надмагілле фундатараў святыні.

Над сегментарным уваходным парталам зроблены лёгкія драўляныя арганныя хоры, якія абапіраюцца на тонкія слупкі і маюць агароджу, аздобленую разьбою з пазалотай.

Надмагілле Вольскіх

[правіць | правіць зыходнік]
Надмагільны помнік Вольскіх

У інтэр'еры скульптурнае надмагілле фундатараў касцёла Вольскіх і разны алтар 1-й паловы XVII ст..

Надмагілле фундатараў святыні выкананае з цёмна-карычневага мармуру ў стылі рэнесансу (зроблена ў 1623 годзе ў майстэрні Вільгельма Ван-дэн-Блокэ[pl]). У паўцыркульную нішу ўстаўлены две гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая, які кленчаць, апрануты ў рыцарскія даспехі, і яго жонкі Барбары ў манаскім строі), пастаўленыя адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Твары іх маюць партрэтнае падабенства і дадзены без усялякай ідэалізацыі. Маналітнасць застылых фігур, лаканізм іх абагульненых контураў не парушаюцца складкамі адзення ў выглядзе невысокіх рэльефаў або графічных урэзаў. Архітэктурная аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі.

Іншыя пабудовы

[правіць | правіць зыходнік]
Званіца

Тэрыторыя касцёла абнесены каменнай агароджай, за якой знаходзіцца званіца другой паловы XVIII ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус кляштара ў выглядзе рэнесанснага палаца. Прамавугольны ў плане, двухпавярховы, з высокім чатыроххільным дахам. З заходняга боку ў цэнтры выступаў рызаліт, вуглы былі ўмацаваны шасціграннымі вежамі. Ніжні паверх меў складаную планіроўку і перакрыцці крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі, планіроўка другога паверху калідорная.

Капліца св. Роха, пабудаваная на мясцовых могілках у 1882 годзе. Гэта васьмігранная ратонда з бутавага каменю пад шатровым бляшаным дахам з глаўкай. Адлівы вокнаў выкананыя з хвалістай чарапіцы. Невялікі звон змешчаны на металічнай кансолі пры ўваходзе ў святыню.

4 ліпеня 2004 года гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў вулічны алтар, пабудаваны перад уваходам у касцёл, разам з гротам Найсвяцейшай Панны Марыі і фантанчыкам з альпінарыямі.