Лявонцій Ульянавіч Зданевіч
Лявонцій Ульянавіч Зданевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 чэрвеня 1955 (69 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Лявонцій Ульянавіч Здане́віч (нар. 10 чэрвеня 1955, в. Аркадзія, Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць, цяпер у межах Брэста) — беларускі архітэктар і палітык.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 10 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна (з 2007 г. у межах Брэста)[1].
У 1978 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці «архітэктар». Вучыўся ў А. Д. Кудзіненкі, М. М. Суцягіна, М. М. Гайдуковіча. Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект», з 1986 года — галоўны архітэктар праектаў i член Саюза архітэктараў БССР[1].
Займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. У 1990—1995 гадах быў народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання[1] ад Машэраўскай акругі № 39 горада Мінска[2]. Паводле ўспамінаў Зданевіча змаганне за мандат было жорсткае[3]:
Мой супернік, Ганчарык Уладзімір Іванавіч, які ўзначальваў тады беларускія прафсаюзы, альбо ягоныя памагатыя, выкарысталі ўсе — і нават брудныя — магчымасці супраць мяне. Але гэта спрацавала наадварот. (…) Я ўжо апошнім абіраўся, і змаганне было жорсткае, таму што ў партыйных органах было шмат рэзерваў. Усе выбары скончыліся, адна толькі акруга засталася ў Мінску, і на яе накіравалі ўсе сілы. Міліцыя заходзіла ў кожную кватэру, каб агітаваць супраць мяне. Мне пра гэта казаў ужо пасля дэпутат Цесавец, які ў зале паседжанняў сядзеў побач са мной. А ў апошнія дні супраць мяне аж тры лістоўкі, вельмі брудныя, непрыгожыя, раскідалі… |
У 1990-я гады быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада, Камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, Камісіі па забяспячэнню адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета РБ[1], Часовай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Канстытуцыйнай Камісіі. Член Ценевага кабінета (урада) Апазіцыі БНФ. Браў удзел у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, а таксама ў падрыхтоўцы законапраектаў да надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета 24-25 жніўня 1991 года, у ходзе якой была абвешчана незалежнасць Беларусі. Сааўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР на рыначную эканоміку (восень 1990), Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (вясна 1992), Асноўных накірункаў рэформаў для выхаду з крызісу — перадвыбарчая эканамічная платформа БНФ «Адраджэньне» (вясна 1995). Адказны за распрацоўку шэрагу законапраектаў аб зямлі (Зямельны кодэкс і інш.), якія прадугледжвалі перадачу зямлі ва ўласнасць грамадзянам (кастрычнік 1990), сааўтар іншых законапраектаў[2][1].
Зянон Пазняк у сваіх успамінах пра пачатак 1990-х гадоў апісаў Зданевіча наступным чынам[4]:
(…) малады архітэктар, творчая асоба (…) меў дзве зацікаўленасці і без перабольшання скажу – два захапленні: архітэктуру і зямлю. Зямлю ён любіў, ведаў, разумеў, вывучаў заканадаўства пра зямлю, умеў яе апрацоўваць, вырошчваў дзіўныя расліны, памідоры па паўпуда і агуркі, як дом (гэта, вядома, перабольшаньне, але не нашмат). Ад любові да зямлі і разумнага да яе падыходу было і такое глыбокае веданне зямельнага права. |
Удзельнік галадоўкі 11-12 красавіка 1995 г. у Авальнай зале, абвешчанай ў знак пратэсту супраць ініцыяванага Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай і змяненні дзяржаўных сімвалаў — герба «Пагоня» і бела-чырвона-белага сцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве Прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет[2]. Удзельнікі галадавання былі жорстка збітыя і выведзеныя з Дома ўрада, ужо 13 красавіка дэпутаты Вярхоўнага Савет, без фракцыі апазіцыі БНФ, прынялі з пастанову аб правядзенні рэферэндуму[5].
Член Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва»[6].
У 1999—2009 гадах дырэктар, галоўны архітэктар УП «ТМ архітэктара Зданевіча Л. У.»[7]. Асноўныя напрамкі дзейнасці майстэрні: праектаванне жылых і грамадскіх будынкаў, дызайн інтэр’ераў, ландшафтны дызайн, малыя архітэктурныя формы. Асаблівая тэма — індывідуальныя жылыя дамы, якія майстэрня, як правіла, распрацоўвае комплексна з участкам, унутраным і вонкавым дызайнам[1].
З 2012 года з’яўляецца членам Савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз архітэктараў»[1].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя творчыя працы Л. У. Зданевіча: будынак пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь па вуліцы Старавіленскай, яго інтэр’еры і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі (1995—2000, сааўтары М. М. Пірагоў, К. А. Філіповіч[7]); рэканструкцыя комплексу будынкаў Упраўлення Беларускай чыгункі па вуліцы Леніна, 17 (2002—2006, у сааўтарстве з М. С. Раманоўскім, А. М. Сарайкіным[7]); жылая індывідуальная забудова квартала Вялікая Сляпянка, квартал № 5 (1998—2000); забудова пасёлка Сонечны Мінскага раёна на землях вучгаса імя Фрунзэ (2006—2014); рэканструкцыя будынка ў Мінску па вуліцы Сурганава, 54; індывідуальныя жылыя дамы ў Мінску і Мінскім раёне (2000)[1], ландшафтны дызайн, інтэр’еры[7].
Л. У. Зданевіч удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, на якія прадставіў, напрыклад, праекты: Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь (1994, сумесна з архітэктарам М. М. Піраговым), парк «Даліна смерці» мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» (2-е месца; 2004, сумесна з архітэктарам Д. А. Цяльцовым)[1].
Разам са скульптарам Канстанцінам Селіханавым з’яўляецца аўтарам помніка журналісту Ігару Герменчуку (1961—2002) на Усходніх могілках г. Мінска (2004)[1]. Л. У. Зданевіч распрацаваў вобразнае і аб’ёмна-прасторавае рашэнне Палаца Рэспублікі (1986—2001, у складзе аўтарскага калектыва М. М. Пірагоў (кіраўнік); В. М. Данілаў, А. Шабалін і іншыя) з абгрунтаваннем горадабудаўнічага рашэння для канкрэтна прынятага месца прывязкі (распрацоўка эскізаў, макетаў аб’ёмнага і горадабудаўнічага рашэння розных варыянтаў).[1].
Прэміі
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (2004, у аўтарскім калектыве) — за комплекснае мастацкае рашэнне інтэр’ераў Палаца Рэспублікі ў г. Мінску.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У 1992 годзе ажаніўся з Аленай Зданевіч, з якой мае чацвёра дзяцей. Дзве старэйшыя дачкі, Надзея і Марыя (працуе разам з бацькам), сталі архітэктарамі, сын Уладзімір — будаўніком[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж з і к Васілюк Таццяна Іванаўна. Зданевіч Лявонцій Ульянавіч, архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2004 г. (1955 г.н., в. Аркадзія) Архівавана 21 верасня 2019.
- ↑ а б в Дэпутаты 2010, с. 241-242.
- ↑ а б Лявонці Зданевіч: «Мы не змаглі б утрымаць уладу». 4 кастрычніка 2011
- ↑ Дэпутаты 2010, с. 279-280.
- ↑ Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты / рэд. Аляксандар Лукашук, маст. Генадзь Мацур. — Вашынгтон: Радыё «Свабода», 2015. — 320 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-73-7.
- ↑ Грамадскі навукова-аналітычны цэнтр «Беларуская перспектыва»
- ↑ а б в г Зданевич Леонтий Ульянович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. — Минск: Энциклопедикс, 2014. — 140 с. — ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Зданевич Леонтий Ульянович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. — Минск: Энциклопедикс, 2014. — 140 с. — ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
- Сяргей Навумчык, Зянон Пазняк. Дэпутаты незалежнасьці. — Нью-Ёрк, Вільня, Варшава: «Беларускія Ведамасьці», Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2010. — ISBN 978-9955-578-11-6.
- Зданевич Леонтий Ульянович // Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 3: Герасименко — Картель / редкол.: Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2006. — 896 с : ил. — ISBN 985-11-0341-1. — ISBN 985-11-0382-9 (Т. 3)
- Зданевич Леонтий Ульянович // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник; сост. В. И. Аникин и др. Минск : Беларусь, 1991. С. 259.
- Творческая мастерская архитектора Л. У. Зданевича // Архитектура и строительство. 2015. № 1. С. 19-21.
- Зданевич, Л. Ломать не строить / Леонтий Зданевич // Советская Белоруссия. 2014. 7 февраля. С. 5.
- Зданевич, Л. Город солнца — мечта утопистов или реальность? / Леонтий Зданевич, Александр Крупченко // Архитектура и строительство. 2008. № 6. С. 88-91.
- Шармук, А. С. Поливариантность стилевых сопряжений в архитектуре общественных зданий / А. С. Шармук // Архитектура Беларуси XX — нач. XXI в. : эволюция стилей и художественных концепций. Минск : Белорусская наука, 2007. С. 217—257. — Из содерж.: Л. Зданевич. С. 225, 228.
- Зданевич, Л. Проектируем офис… / Леонтий Зданевич // Архитектура и строительство. 2006. № 5 °C. 24-25.
- Калитина, А. «Купеческое кружево» и «коттеджный гламур» элитного жилья / А. Калитина // Беларуская газета. 6 ноября. 2006. С. 22.
- О присуждении государственных премий Республики Беларусь 2004 года : Указ Президента Республики Беларусь № 255,июня 2005 г. // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2005. 15 июня (№ 92).
- Зданевич, Л. Хотели как лучше, а получили… / Л. Зданевич // Архитектура и строительство. 2003. № 6. С. 77.
- Зданевич, Л. На пути к своему дому [Электронный ресурс] / Л. Зданевич // Архитектурно-строительный портал 2006—2014. Режим доступа: http://ais.by/users/zdanevich
- Зданевич, Л. После съезда [Электронный ресурс] / Л. Зданевич // Архитектурно-строительный портал 2006—2014. Режим доступа: http://ais.by/users/zdanevich
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Васілюк Таццяна Іванаўна. Зданевіч Лявонцій Ульянавіч, архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2004 г. (1955 г.н., в. Аркадзія) Архівавана 21 верасня 2019.
- Нарадзіліся 10 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1955 годзе
- Нарадзіліся ў Брэсцкім раёне
- Выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта
- Супрацоўнікі Белдзяржпраекта
- Члены Партыі БНФ
- Члены Беларускага саюза архітэктараў
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
- Асобы
- Архітэктары паводле алфавіта
- Архітэктары Беларусі
- Архітэктары Мінска
- Архітэктары XX стагоддзя
- Архітэктары XXI стагоддзя
- Палітыкі Беларусі
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання