Ліпская культура
Ліпская культура – археалагічная культура эпохі верхняга (позняга) палеаліту ў межах Валына-Падольскай пліты. Датуецца позднамадленскім перыядам (IX – XII тысячагоддзм да н.э.). Назву атрымала ад групы помнікаў на р. Ліпа каля аднайменнага сяла паблізу г. Дубна Ровенскай вобласці (Украіна). Першыя помнікі выяўлены ў 1908 г. (Гарадок). Раскопкі ў 1926 г. праводзіў Л.Савіцкі. Найбольш грунтоўныя даследаванні зроблены В.П.Савічам у 1960 – 1963 гг. на стаянках паблізу с. Ліпа і ў 1968 – 1979 гг. на стаянцы Кулычоўка каля г. Крамянец Цярнопальскай вобласці. Знойдзены рэшткі жытлаў, косці маманта, насарога, тура, зубра, паўночнага аленя, каня, пясца і іншае, праколка, костка птушкі з насечкамі, косць з атрапаморфнай выявай. Плямёны ліпскай культуры выраблялі крамянёвыя нажы, скрабкі, бакавыя разцы, мікравастрыі і граветы (вузкія пласціны з прытупленым краем), праколкі, масіўныя свердлы і наканечнікі дзідаў, нуклепадобныя сякеры і іншае. Пласціны нарыхтоўваліся з чоўнападобных нуклеусаў своеасаблівай формы. Распрацаваная плямёнамі ліпскай культуры крамянёвая вытворчасць існавала ў наступныя эпохі. Ліпская культура стала вытокам для развіцця больш позняй свідэрскай культуры, помнікі якой распаўсюджаны на поўначы Валыні і захадзе Беларусі, у басейнах Віслы і Нёмана.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ісаенка, У. Ф. Ліпская культура / У. Ф. Ісаенка // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 19. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Ісаенка, У. Ф. Ліпская культура / У. Ф. Ісаенка // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: В.В.Гетаў і іншыя. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. – С. 371.
- Островский, М.И., Григорьев, Г.П. Липская палеолитическая культура // Советская археология. – 1966. – № 4. – С.
- Савич, В.П. Пізньопалеолітичне населення Південно-Західної Волині. – Київ, 1975.