Перайсці да зместу

Магілёўская воласць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магілёўская воласць, Магілёўскае староства, або Магілёўская эканомія — буйное дзяржаўнае ўладанне ў XIV—XVIII стст., з 1589 года сталовы маёнтак (эканомія) у Вялікім княстве Літоўскім.

У 1387—1399 гадах воласць належала каралеве Ядвізе. У XV ст., напэўна, з воласці вылучаны маёнтак Буйнічы. У 1501—1513 гадах у пажыццёвым уладанні вялікай княгіні Алёны Іванаўны, пазней — дзяржаўная ўласнасць. Тэрыторыя воласці фарміравалася да 1-й паловы XVI ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. Станам на 1560 год уключала Магілёў і больш за 60 сёлаў, з іх буйнейшыя — Вейна (112 дымоў), Коханавічы (100), Сідаравічы (67), Аніскавічы (57), Чавусавічы (або Чавусы) (53). У сярэдзіне XVI ст. звычайна называлася староствам.

Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў воласць у складзе Аршанскага павета. З 1589 года перайшла ў разрад эканомій, з гэтага часу імкліва павялічвалася колькасць паселішчаў і насельніцтва. Паводле інвентара 1604 года, апроч Магілёва, складалася са 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. На пачатку XVII ст. эканомія была буйнейшым велікакняжацкім маёнткам усходняй часткі ВКЛ — больш за 6 000 валок (каля 130 тыс. га ворнай зямлі) і 50 000 насельніцтва. Кіравалася велікакняжацкай адміністрацыяй, так званым Магілёўскім замкам на чале са старостам або дзяржаўцам[1].

Колькасць земляў, вылучаных са складу эканоміі ў вечнае і пажыццёвае ўладанне шляхты, была адносна нязначнай[1], пры гэтым шляхта мусіла трымацца «Уставы вольнасцей і павіннасцей Магілёўскай эканоміі» ад 1647 года без злоўжыванняў улады[2]. Сяляне плацілі чынш у велікакняжацкі скарб, адработачных павіннасцей амаль не было, мелі значную гаспадарчую свабоду, маглі займацца промысламі, паляваць, вылоўліваць рыбу, гандляваць на рынках прадуктамі сваёй гаспадаркі, будаваць і карыстацца млынамі, хадзіць на заробкі за межы эканоміі[2].

Пасля спусташальных казацкай (1648—1651) і расійска-рэчыпаспалітаўскай (1654—1667) войнаў колькасць сялянскіх гаспадарак у эканоміі зменшылася з 5 118 да 4 194 — на 18 %[3]. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) праз працяглыя баявыя дзеянні, масавыя рэквізіцыі, голад і эпідэміі колькасць насельніцтва значна зменшылася, эканомія запусцела. У крыніцах пасляваеннага часу адзначалася, што «шмат сялян павымірала, палова вёсак абязлюдзела, а ў іншых па тры, чатыры селяніны»[4].

Для аднаўлення гаспадаркі кароль выдаў «уставу», паводле якой сяляне-«новікі» (новыя пасяленцы) маглі браць зямлі, колькі здольныя апрацаваць, вызваляліся на некалькі гадоў ад падаткаў і шэрагу адработачных павіннасцей. У выніку з 1712 да 1742 года колькасць пустых валок у эканоміі скарацілася з 1537 да 419[5]. На працягу 2-й паловы XVII — 1-й паловы XVIII стст. з сялян патрабавалі выключна грашовую рэнту. У 2-й палове XVIII ст. паўсюдна пашыралася вытворчасць моцных напояў, тым часам прыбыткі Магілёўскай эканоміі на 37 % складаліся з арэнды корчмаў[6].

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) эканомія ў складзе Расійскай імперыі, налічвала 5 261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу. Значная частка эканоміі раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным расійскай імператрыцы Кацярыны II — А. М. Рымскаму-Корсакаву (5 829 душ з мястэчкам Чавусы), А. П. Ярмолаву (4 445 душ), В. Я. Чычагаву (3 997), А. А. Празароўскаму (448 душ з мястэчкам Сухары) і іншым. Рэшта захавалася як дзяржаўныя маёнткі.

Войтаўствы ў 1604 годзе

[правіць | правіць зыходнік]
  • Асавецкае (23 сялы)
  • Бардзілаўскае (22)
  • Благавіцкае (24 сялы і новазаснаванае мястэчка Чавусы)
  • Брылеўскае (14)
  • Вейнаўскае (18)
  • Горбавіцкае (13)
  • Даманавіцкае (13)
  • Іструбіцкае (4)
  • Плешчыцкае (14)
  • Пуцькаўскае (23)
  • Ульянавіцкае (13)
  • Чамаданаўскае (створана ў 1600; 12 сёлаў)

Кіраўнікі воласці і эканоміі

[правіць | правіць зыходнік]

Намеснікі, старосты, дзяржаўцы і адміністратары.

Зноскі

  • Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в центральном архиве в Витебске и изданные под редакцией архивариуса сего архива Созонова. [В 32 вып.]. Вып. 11: [Приходо-расходные книги г. Могилева за 1697 г.; Акты, извлеченные из книг Могилевского магистрата за 1706—1716 гг.] — Витебск: печатано в Типографии Губернского правления, 1880. — [6], 536, XIII с.
  • Козловский П. Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в.: Центральные и западные зоны / АН Белорусской ССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1974. — 180, [2] с.
  • Кочегаров К. А. Константин Поклонский и события в Могилёве накануне русско-польской войны 1654–1667 г. // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2016. — № 1 (63). — С. 56-63. — ISSN 2071-9574.
  • Насевіч В. Магілёўская воласць / Вячаслаў Насевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; [мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 2: К — Я. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — 788 с. — С. 245—246. — ISBN 978-985-11-0394-8
  • Насевіч В. Магілёўская воласць / Вячаслаў Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 17 — 18. — ISBN 985-11-0141-9
  • Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII―XVIII в.) / В. И. Мелешко; АН Белорусской ССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1975. — 246, [1] с.