Мікалай Лукіч Тарасікаў
Мікалай Лукіч Тарасікаў | |
---|---|
Мікола Тарасікаў | |
| |
Дата нараджэння | 16 снежня 1908 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 ліпеня 1965 (56 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства |
Расійская імперыя Беларуская ССР |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рэалізм, імпрэсіянізм |
Вядомыя працы | Партрэт акадэміка М. М. Нікольскага |
Заступнікі | Анатоль Астрэйка |
Уплыў | Сяргей Каўроўскі, Фёдар Фогт |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікалай Лукіч Тарасікаў (3 (16) снежня 1908, Омск — 11 ліпеня 1965, Мінск) — беларускі савецкі мастак-жывапісец, графік, майстар экслібрыса.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Омску, у сям'і ссыльнага беларуса, які быў родам з Гомеля. Бацька будучага мастака, Лука Іванавіч, быў сасланы на катаргу за ўдзел у рэвалюцыйным руху ў пачатку XX стагоддзя. Маці, Алена Фёдараўна Чыкішава, была з мясцовага мяшчанскага саслоўя. Яе продкі былі з данскога казацтва.
З дзяцінства меў схільнасць да малявання. У юнацтве захапляўся наватарскай творчасцю паэтаў Уладзіміра Маякоўскага, Веліміра Хлебнікава, іх кубафутурызмам. У выяўленчым мастацтве яго захаплялі Пабла Пікаса і кубізм, Казімір Малевіч і экспрэсіянізм. У асабістым дзённіку Мікола Тарасікаў так характэрызаваў сваіх куміраў:
… іх я бачыў перш за ўсё змагароў са старым руцінным салонна-модным мастацтвам і фотанатуралізмам, ілжыва-праўдападобным, гладка прыкрым і коўзкім…
У 1923 годзе сям'я Тарасікавых пераехала ў Гомель. Тут будучы мастак скончыў школу-дзевяцігодку. Займаўся жывапісам у студыі выяўленчага мастацтва. Заняткі вёў мастак Сяргей Каўроўскі. Паралельна у гэтай студыі выкладалі Абрам Маневіч, Георгій Ніскі. Адначасова стаў браць удзел у абласных выстаўках. Атрымаў некалькі ўзнагарод.
У 1925 годзе гравюра «Малочніца» Міколы Тарасікава перамагла на конкурсе ў Маскве і была надрукавана ў часопісе «Рабоче-крестьянский корреспондент». У 1927 годзе на Другой Усебеларускай мастацкай выстаўке Дзяржаўная карцінная галерэя закупіла адразу чатыры творы Тарасікава. У гэтым жа годзе атрымаў пасведчанне Усебеларускага аб'яднання мастакоў.
Праз тры гады заняткаў у студыі малады мастак паехаў паступаць у Віцебскім мастацкі тэхнікум, куда быў прыняты (1928) адразу на трэці курс, к выкладчыку Фёдару Фогту.
Па заканчэнні тэхнікума (1930) паступіў вучыцца ў Адэскі мастацкі інстытут (1931 — 1935).
Жыў і працаваў у г. Мінску (1936 — 1941, 1945 — 1965).
У 1946 годзе ўступіў у Саюз мастакоў БССР.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1927 г., потым прымаў удзел у болей чым пяцідзесяці мастацкіх выстаўках.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Асабісты архіў М. Тарасікава захоўваецца ў БДАМЛіМ (фонд 122)[1].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Мікола Тарасікаў працаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу і станковай графікі. Віртуозна валодаў рознымі мастацкімі тэхнікамі: алеем, тэмперай, акварэллю, пастэллю, алоўкам і вуглем.
-
«Кветкі»
Мікола Тарасікаў быў вельмі пладавітым аўтарам: замалёўкі, пейзажы, партрэты, эскізы дэкарацый да спектакляў, экслібрысы. Кніжныя знакі майстар рабіў толькі для тых людзей, каго добра ведаў і шанаваў — Пятруся Броўкі, Якуба Коласа, Янкі Купалы.
Таксама цікавіўся беларускай народнай спадчынай — выязджаў у экспедыцыі па розным куткам краіны ў поісках твораў мясцовых майстроў, наладжваў выстаўкі прадметаў народнага мастацтва — ткацтва, побытавых рэчаў, разьбы па дрэве. Пісаў артыкулы па гэтай тэматыке.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Вялікая Айчынная вайна аказала вялікі ўплыў на развіццё жанра выяўленчай сатыры ў беларускім мастацтве. У зборы Нацыянальнага мастацкага музея захоўваюцца гравюры Міколы Тарасікава, якія адлюстроўваюць станаўленне гэтага сатырычнага жанра на Беларусі. Мастацтвазнаўца Л. Дз. Налівайка так характарызуе гэты напрамак творчасці Міколы Тарасікава:
Вялікі сацыяльны і грамадскі змест, палітычная завостранасць, нацыянальны каларыт — вось галоўныя асаблівасці серыі лінагравюр М. Тарасікава «Вялікая Айчынная вайна» (1944), якая складаецца з шасці аркушаў. Фышызм даў магчымасць больш красамоўнага паказу яго агрэсіі ў першыя гады вайны, а таксама поўнага правалу ідэалогіі ў канцы. У гравюры «Фрыцы» падкрэсліваецца іх падабенства з чорнымі крумкачамі, што лятаюць над віселіцамі з людзьмі. Самі фашысты прадстаўлены ў вобразе групы хаўруснікаў, што нахабна пазіруюць на фоне сваіх злачынстваў. Твары іх самаўпэўненыя і нахабныя: яны ўзброены не толькі баявым арсеналам, але і знакамітай ідэяй аб «радасці нажа», пра якую марыў для «звышчалавека» Ніцшэ. На касках — свастыка, у руцэ — нож. Аркуш «Апошні фрыц» фіксуе апошнюю «позу» захопніка з паднятымі да гары рукамі. Толькі на нагах не бліскучыя боты, а сплеценыя з саломы лапці, на плячах — мяшок з-пад бульбы.
Аснову мастацкай мовы складаюць такія прыёмы, як гратэск і гіпербала, што дапамаюць зразумець тую нечалавечую героіку, якая была задумана і часткова ажыццёўленая на Беларусі. У аркушах «Трафеі» мастак знайшоў новыя сродкі выразнасці, якой становяцца кампазіцыі з выявамі падбітай тэхнікі — гармат, танкаў, кулямётаў. У выніку атрымаліся унікальныя дэкаратыўныя распрацоўкі гэтых смертаносных ўзораў знішчэння чалавека. На нашу думку, гэтыя «карцінкі» ваенных трафеяў не маюць аналагаў у мастацтве. На думку мастака Перамога — новы свет мастацтва, што пераверне старыя ўяўленні аб яе ролі ў жыцці народа. Вось што пісаў аб гэтым сам аўтар: «Найвялікшая Перамога патрабуе найвялікшай перамогі ў мастацтве — адкрыцця і працы» (Ліст да Андрэя Бембеля, 1945.).
Шматзначным прачытваецца і «Эцюд» з комінамі на папялішчах і чорнымі клубамі дыму вакол іх. Гэта таксама не малюнак з натуры, гэта — рэха вайны ў выглядзе мастацкіх вобразаў. Эмацыянальным настроем напоўнена трохчасткавая кампазіцыя-аркуш «Не забудзем, не даруем!», дзе галоўнай выявай за'яўляецца галава ўзбуджанага ад адчаю чалавека з шырока раскрытымі вачыма. Знізу — агонь, які ўздымаецца ад дахаў дамоў да самага неба[2].
Карціны і графіка М. Тарасікава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Мастак Іван Рэй распавядаў пра Міколу Тарасікава:
«Так, у яго ніколі толкам не было сваёй майстэрні. Апошняя майстэрня, на падстрэшшы, нават не абпальвалася. Пасля смерці знайшлі ў падрамніку 400 рублеў, якія ён адклаў на чорны дзень. А як выступаў на пленумах і з’ездах! Яго звычайна не пускалі на трыбуну, але ўсё роўна не маглі заткнуць рот. Казаў: «У нас бяда з мастацтвам. І ў тым вінаваты — вы!» — і, не паварочваючыся, паказваў пальцам на прэзідыум… »[3].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]7 снежня 2015 года ў Літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску адкрылася выстаўка твораў Міколы Тарасікава, сабраных прыватнымі калекцыянерамі за мяжой. Асноўным мецэнатам гэтай экспазіцыі выступіў беларускі мастак і калекцыянер Ігар Бархаткоў[4].
Зноскі
- ↑ Информация о фонде: Тарасиков Николай Лукич, художник, живописец, график
- ↑ Л. Дз. Налівайка. Вялікая Айчынная вайна ў фальклоры і мастацтве Беларусі. Тэзісы дакладаў канферэнцыі ІМЭФ АН БССР, прысвечанай 40-годдзю Перамогі. Красавік 1985. Мн., 1985. С.18.(недаступная спасылка)
- ↑ Ягоўдзік У. Белыя рысы на чорным полі: Кніга пра пісьменікаў і мастакоў. — Мн .: Маст. літ., 1995. — С. 110. — 223 с.
- ↑ БТ. Невядомыя партрэты народных паэтаў БССР выставілі ў Мінску Архівавана 5 сакавіка 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гугнін М. А. Тара́сікаў мікалай Лукіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 438—439. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Тарасікаў Мікалай Лукіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — С. 536. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
- Художники Советской Белоруссии / редкол.: В. И. Версоцкий, Н. И. Гончаров, Н. Т. Гутиев и др.. — Мн.: Беларусь, 1976. — С. 339. — 400 с. — 18 000 экз.
- Мікола Тарасікаў: успаміны аб жыцці і творчасці мастака / складальнік Я. Я. Красоўскі. — Мн .: Беларусь, 1977. — 43, [4] с. — 2 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Барыс Крэпак. Культура і мастацтва. «Летуценнік без кампрамісаў». Архівавана 10 сакавіка 2016.
- Барыс Крэпак. Культура і мастацтва. «Мікола Тарасікаў: Я слаўлю тых, хто след для нас пакінуў…» Архівавана 4 студзеня 2016.
- Калекцыя станковай графікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея РБ(недаступная спасылка)
- http://www.tvr.by/news/kultura/neizvestnye_portrety_narodnykh_poetov_bssr_vystavili_v_minske/ Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Нарадзіліся 16 снежня
- Нарадзіліся ў 1908 годзе
- Нарадзіліся ў Омску
- Памерлі 11 ліпеня
- Памерлі ў 1965 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя ў Беларусі
- Выпускнікі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
- Выпускнікі Адэскага мастацкага вучылішча
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Мастакі СССР
- Мастакі XX стагоддзя
- Мастакі Беларусі
- Члены Саюза мастакоў БССР
- Графікі Беларусі
- Вучні Фёдара Фогта
- Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны