Жамыслаўская сядзіба
Славутасць | |
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх | |
---|---|
54°07′56″ пн. ш. 25°45′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Жамыслаўль |
Архітэктурны стыль | неакласіцызм |
Будаўніцтва | XVIII ст. — 1877 |
Будынкі | |
палац • дзве афіцыны • лядоўня • будаўнічы склад | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000296 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII—XIX стст. Створаная ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі раён) на левым беразе р. Гаўя.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне сядзібы пачалося з другой паловы XVIII ст.
У 1807 г. маёнтак з драўлянай сядзібай у Антона Нестара Кеневіча купіў Якуб Умястоўскі (памёр у 1809 г.). У 1828 г. яго сын Казімір Якубавіч Умястоўскі па баках набытай аднапавярховй драўлянай гасподы, збудаванай у стылі барока, ставіць два мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася аднна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Жонка Казіміра Умястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (скончаны ў 1877 г.), які існуе і цяпер.
Па смерці бацькоў сядзібу ў спадчыну атрымаў Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі (1834—1905). У 1855 годзе ён пабудаваў новы бровар. Вырабленую тут гарэлку экспартавалі за мяжу. Гадавалі пчол, а з мёду выраблялі старапольскую медавуху. Аднак граф страга прытрымліваўся забароны піць алкаголь ў Жамыслаўлі. Экспартным матэрыялам была таксама і драўніна з клявіцкіх і жамыслаўльскіх лясоў. Бярвёны транспартаваліся на высокі бераг р. Гаўя, адкуль іх скочвалі ў ваду. Далей бярвёны сплаўлялі па р. Нёман, потым звязвалі ў плыты і сплаўлялі да Мастоў. Была адчынена лесапільня пад назвай «Стэла», якая спачатку прыводзілася ў рух з выкарыстаннем энергіі вады з рэчкі, а пазней — пры дапамозе лакамабіля. На лесапільне выраблялі дошкі і гонты. Пры млыне ўзніклі ганчарня і валюш. На дабраўлянскай цагельні выраблялася цэгла і чарапіца пры дапамозе машын, выпісаных з Францыі. Быў пабудаваны вялікі склад для машын і сельскагаспадарчай тэхнікі. Зямля давала добры ўраджай. Тут раслі: амерыканскае высовае жыта з поўным коласам, авёс, канюшына, лубін, сырадэля, гарох, розныя сарты бульбы і іншае. Ствараліся таксама доследныя палеткі, на якіх выпрабоўваліся новыя разнавіднасці раслін.
Пад канец ХІХ ст. гаспадар аддае сядзібу пад навуковую базу Віленскаму ўніверсітэту.
Падчас нямецкай акупацыі ў ходзе Першай сусветнай вайны, у 1914 годзе ў сядзібе стварылі курорт.
-
Драўляная сядзіба, Альбрэхт Адам, 1812
-
Палац. Н. Орда, XIX ст.
-
Палац з іншага боку
-
Палац, 1916
-
Палац у міжваенны час
Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчалася ўпраўленне калгасу, пошта, клуб, бібліятэка. Будынак пуставаў з 2006 года.
У 2012 годзе палац гарэў, агонь знішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс купіў бізнэсовец з Іарданіі, але знік, нічога не зрабіўшы. У 2017 сядзібу купіў беларускі бізнэсовец Міхаіл Глінскі, які паходзіць з месцаў непадалёк ад Жамыслаўля. Ён пачаў працы ў будынку, расчысціў парк побач з палацам.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Захаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і две сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883).
Палац
[правіць | правіць зыходнік]Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII ст. «Лазенкі», верагодна, паводле праекту архітэктара Л. Марконі. Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасада прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. У рашэнні фасадаў выкарыстаныя карынфскі ордар, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасценкі прамавугольных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Аб'ём апяразаны балюстрадамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панэлі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.
Гаспадарчыя пабудовы
[правіць | правіць зыходнік]З гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства) — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Парк пейзажнага тыпу (плошча каля 7 га) высаджаны ў 1883 г. французскім садоўнікам Джэймсам, запрошаным з маёнтку Тышкевічаў у Верках з-пад Вільні. Падзелены ракой на две часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён вастралісты Шведлера, бяроза далекарлійская, ясень пенсільванскі і інш.
Жамыслаўскі ясень
[правіць | правіць зыходнік]Унікальны ясень быў часткай жывапіснага афармлення параднай часткі парку, якая адкрывалася перад палацам, і, мяркуючы па ягоным узросце, быў адным з тых першых дрэваў, высаджаных яшчэ французам Ямайсам. Ахоўваўся як батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. З'яўляўся рэдкай для Беларусі формай ясеню пенсільванскага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia' ) з жоўта-плямістым лісцем, якое падобнае да лісця пярэстай аўкубы японскай, папулярнай хатняй расліны. Вышыня дрэва складала каля 17 м. Каштоўная дэкаратыўная парода атрымала ахоўны статус у 1972 годзе.
Ураган зламаў дрэва ў ліпені 2024 года. Наступнае абследаванне стану помніка прыроды паказала, што аб'ект страчаны. У выніку ўраганнага ветру была адламаная бакавая галіна з часткай драўніны асноўнага ствала, а ў месцы разлому, па ўсёй даўжыні ствала дрэва было паражонае стрыжнёвай гніллю. Па выніках абследавання вырашана зняць ахоўны статус з дрэва[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жамыслаўская сядзіба
- Жамыслаўская сядзіба на сайце Radzima.org
- Жамыслаўская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сайт местечка Жемыславль // zhemyslavl.narod.ru
- Жамыслаўская сядзіба на сайце «Архіварта»