Перайсці да зместу

Палітычны статус Іерусаліма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Статус Іерусаліма

[правіць | правіць зыходнік]

Статус Усходняга Іерусаліма, і асабліва — яго святых месцаў, застаецца ключавой і вельмі супярэчлівай тэмай у ізраільска-палесцінскім канфлікце і прадметам гарачых дыскусій. Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН № 181 ад 29 лістапада 1947 года, вядомая пад назвай «Рэзалюцыя аб падзеле Палесціны», прадугледжавала, што міжнародная супольнасць возьме пад свой кантроль будучыню Іерусаліма пасля заканчэння брытанскага мандата (15 мая 1948 года). У выніку Араба-ізраільскай вайны (1947—1949) Іерусалім быў падзелены паміж Ізраілем (заходняя частка горада) і Трансіарданіяй (усходняя яго частка). У час першага перамір’я, якое пачалося 11 чэрвеня 1948 года, пасланец ААН Фольке Бернадот рэкамендаваў бакам варыянт, які змяшчаў, у прыватнасці, адмову ад інтэрнацыяналізацыі Іерусаліма і ўключэнне яго ў склад пашыранай Трансіарданіі[заўв 1]. Абодва бакі адпрэчылі гэту прапанову[1]. 13 снежня 1948 года парламент Трансіарданіі прыняў закон аб анексіі акупаванай ёю тэрыторыі Палесціны, якая ўключала ў тым ліку і ўсходні Іерусалім (у складзе заходняга берага Іардан). Пасля гэтага Трансіарданія (назва, якая абазначала тэрыторыю ўсходняга берага ракі Іардан) абвясціла сябе Іарданіяй, падкрэсліўшы гэтым свой кантроль над абодвума берагамі ракі.

5 снежня 1949 года Ізраіль абвясціў Іерусалім сваёй сталіцай; у Іерусаліме з 1949 года знаходзяцца Кнэсет (ізраільскі парламент) і амаль усе дзяржаўныя і ўрадавыя ўстановы Ізраіля[2]. У 1948—1967 гадах гэты статус распаўсюджваўся толькі на заходнюю частку горада. У красавіку 1950 года Трансіарданія таксама абвясціла Іерусалім сваёй другой сталіцай.[2]

Нягледзячы на ўмовы, абумоўленыя ў Пагадненні аб перамір’і паміж Ізраілем і Трансіарданіяй, якія забяспечваюць доступ яўрэям да іх свяшчэнных месцаў, да 58 сінагог у старажытным Яўрэйскім квартале Старога горада «былі апаганены і знішчаны. Некаторыя з іх іарданцы выкарыстоўвалі ў якасці стайняў і куратнікаў […], найстаражытныя (2,500 гадоў) яўрэйскія могілкі на Алейнай гары былі апаганены. Праз могілкі была пракладзена дарога ад (новай) гасцініцы „Інтэркантыненталь“ да шашы. Іарданскі Арабскі Легіён выкарыстоўваў надмагільныя камяні з магіл свяшчэнных рабінаў для будаўніцтва маставых і прыбіральняў […] фактычна іарданцы забаранілі яўрэям наведваць Сцяну Плачу ў Старым Горадзе і старажытныя яўрэйскія могілкі на Алейнай гары. Шлях да Яўрэйскага ўніверсітэта на гары Скопус і шпіталя Хадаса быў практычна адрэзаны». Якіх-небудзь рэзалюцый па такіх дзеяннях Іарданіі аж да 1967 года ААН прынята не было[3][4][5][6][7].

У 1951 годзе «Пагаджальная камісія ААН распачала сваю апошнюю энергічную спробу выступіць пасроднікам паміж бакамі канфлікту і высунала шэраг пэўных прапаноў, што тычацца бежанцаў, кампенсацыі, перагляду тэрытарыяльных пытанняў і пагадненняў аб перамір’і, у мэтах забеспячэння свабоды доступу да Святых месцаў у раёне Іерусаліма. Аднак Камісія зноў прыйшла да высновы, што адсутнасць гатовасці бакоў рэалізоўваць адпаведныя рэзалюцыі і ўлічваць змены, якія адбыліся на месцах, не дазваляюць прыступіць да ўрэгулявання палесцінскага пытання». У 1959 годзе Асамблея ААН адмяніла рашэнне аб вылучэнні асігнаванняў на ўсталяванне пастаяннага міжнароднага рэжыму ў Іерусаліме[4].

У выніку перамогі ў Шасцідзённай вайне 1967 года Ізраіль анексаваў Усходні Іерусалім, такім чынам атрымаўшы кантроль над усёй тэрыторыяй горада, заканадаўча аддзяліў Усходні Іерусалім ад заходняга берага ракі Іардан і абвясціў свой суверэнітэт над аб’яднаным Іерусалімам. ААН і значная частка міжнароднай супольнасці афіцыйна не прызнаюць анексіі ўсходняй часткі горада і ізраільскага суверэнітэту над ім. Савет Бяспекі ў сваёй рэзалюцыі 242 (1967) ад 22 лістапада 1967 года заклікаў Ізраіль вывесці свае войскі з тэрыторый, акупаваных у час вайны[8]. СБ ААН таксама асудзіў ізраільскія паселішчы на тэрыторыях, захопленых у 1967 г., уключаючы Усходні Іерусалім (гл. РСБААН 452, 465 і 741). 22 ліпеня 1980 года шостая Канферэнцыя кіраўнікоў Руху недалучэння ў сваім рашэнні заявіла, у прыватнасці, што «Горад Іерусалім з’яўляецца неад’емнай часткай акупаванай Палесціны. Ён павінен быць цалкам пакінуты і безумоўна перададзены пад арабскі суверэнітэт»[9]. Паводле рэзалюцыі 51/27 Генеральнай Асамблеі ААН ад 4 снежня 1996 года, «рашэнне Ізраіля навязаць Свяшчэннаму гораду Іерусаліму свае законы, юрысдыкцыю і адміністрацыю з’яўляецца незаконным і, такім чынам, несапраўдным і не мае ніякай юрыдычнай сілы»[10]. Дзясятая спецыяльная надзвычайная сесія Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіла ў 2004 годзе, пацвердзіла, што «ўсе меры, прынятыя Ізраілем, дзяржавай-акупантам, якія змянілі ці ставілі сваёй мэтай змяніць характар, прававы статус і дэмаграфічны склад Іерусаліма, па-ранейшаму не маюць ніякай юрыдычнай сілы»[10]. Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН 58/292 пацвердзіла, што палесцінскі народ мае права на суверэнітэт над Усходнім Іерусалімам.[11]

Ізраіль аспрэчвае той факт, што анексія Іерусаліма была парушэннем нормаў міжнароднага права[12][13] — роўна як і вызначэнне тэрыторыі Заходняга берага р. Іардан (уключаючы Усходні Іерусалім), як «акупаванай», настойваючы на міжнародным тэрміне «спрэчная тэрыторыя». У якасці асноўных аргументаў на карысць гэтай пазіцыі прыводзяцца абарончы характар Араба-ізраільскай вайны 1948 года і Шасцідзённай вайны, адсутнасць прызнанага міжнароднага суверэнітэту над гэтымі тэрыторыямі да 1967 года і гістарычнае права яўрэйскага народа на зямлю Ізраіля[14][15][16]. Падобнай пазіцыі прытрымліваецца шэраг ізраільскіх і замежных палітыкаў і вядучых юрыстаў[17][18][19][20][21][22][23][24][7][25].

Каманда экспертаў, сабраная тагачасным ізраільскім Прэм’ер-міністрам Эхудам Баракам у 2000 г., прыйшла да высновы, што горад павінен быць падзелены, таму што Ізраілю не ўдалося дасягнуць там ніводнай са сваіх нацыянальных мэт.[26] Аднак у 2014 г. Прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху сказаў, што «Іерусалім ніколі не будзе падзелены».[27] Апытанне, праведзенае ў чэрвені 2013 г., выявіла, што 74 % ізраільскіх яўрэяў адпрэчваюць ідэю палесцінскай сталіцы ў любой частцы Іерусаліма, хоць 72 % насельніцтва лічаць яго падзеленым горадам.[28] Апытанне, праведзенае ў 2011 г. сярод арабскіх жыхароў Усходняга Іерусаліма Палесцінскім цэнтрам грамадскай думкі і амерыканскім Блізкаўсходнім цэнтрам Пехтэр для Савета па міжнародных адносінах, выявіла, што 39 % арабаў, якія жывуць ва Усходнім Іерусаліме, аддалі перавагу б ізраільскаму грамадзянству — супраць 31 %, якія выбралі грамадзянства Палесціны. Паводле апытання, 40 % палесцінскіх жыхароў пакінулі б свае мікрараёны, калі б апошнія апынуліся пад палесцінскім кіраваннем.[29]

Канчатковы статус Іерусаліма з’яўляецца адной з найважнейшых сфер рознагалоссяў паміж палесцінскімі і ізраільскімі перагаворшчыкамі па пытанні аб міры. Вобласці рознагалоссяў уключаюць пытанні аб тым, ці можа палесцінскі сцяг быць падняты над зонамі, размешчанымі пад палесцінскім кіраваннем, і аб спецыфіцы ізраільскіх і палесцінскіх тэрытарыяльных граніц.[30]

Іерусалім як сталіца

[правіць | правіць зыходнік]

Як Ізраіль, так і Палесцінская аўтаномія афіцыйна лічаць Іерусалім сваёй сталіцай, не прызнаючы такога права за іншым бокам. 28 кастрычніка 2009 г. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун перасцярог, што, калі яны маюць намер дамагчыся міру, Іерусалім мусіць стаць сталіцай як Ізраіля, так і Палесціны.[31]

Сталіца Ізраіля

[правіць | правіць зыходнік]
Будынак Міністэрства замежных спраў Ізраіля

5 снежня 1949 г. Прэм’ер-міністр Ізраіля Давід Бен-Гурыён, а 23 студзеня 1950 года — кнэсет, абвясцілі Іерусалім сталіцай Ізраіля[32]. Кнэсет, аднак, устрымаўся ад таго, каб відавочным чынам уключаць у дэкларацыю Усходні Іерусалім, які ў той момант знаходзіўся пад кіраваннем Іарданіі[33]. З гэтага моманту ў Іерусаліме размяшчаюцца ўсе галіны ізраільскай улады — заканадаўчая, судовая і выканаўчая[34].

30 ліпеня 1980 года Закон аб Іерусаліме, пададзены Геўлай Коэн, быў падтрыманы прэм’ер-міністрам Менахемам Бегінам і ў гэты ж дзень быў прыняты пераважнай большасцю Кнэсета ў якасці Асноўнага закона. Закон абвясціў Іерусалім «адзінай і непадзельнай» сталіцай Ізраіля[35][36]. Закон распаўсюджваецца як на Заходні, так і на Усходні Іерусалім (у межах пашыраных граніц, якімі яны былі вызначаны ў чэрвені 1967 года). Маючы палітычнае і сімвалічнае значэнні, ён, аднак, нічога не дадаў да прававой ці адміністрацыйнай сітуацыі ў горадзе[37]

«Асноўны закон: Іерусалім, сталіца Ізраіля» з’яўляецца галоўнай прычынай непрызнання Іерусаліма сталіцай Ізраіля сусветнай супольнасцю. У Рэзалюцыі № 478, аднагалосна прынятай 20 жніўня 1980 г. у адказ на Закон аб Іерусаліме ўсімі членамі Савета Бяспекі ААН за выключэннем ЗША (устрымаліся), заяўлена, што «Закон аб Іерусаліме» ўяўляе сабой «парушэнне міжнароднага права»[38], з’яўляецца «несапраўдным, і мусіць быць неадкладна ануляваны». Гэта рэзалюцыя «рашучым чынам» асудзіла прыняцце гэтага закона і адмову Ізраіля выконваць адпаведныя рэзалюцыі Савета Бяспекі, і заклікала краіны-ўдзельніцы вывесці свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы са «Свяшчэннага горада» ў якасці карнай меры[39][40]. Гэтае рашэнне Ізраіля было адпрэчана таксама Генеральнай Асамблеяй ААН і іншымі міжурадавымі арганізацыямі[38].

Пасля прыняцця рэзалюцыі, 22 краіны з 24, чые пасольствы раней знаходзіліся ў (Заходнім) Іерусаліме, перанеслі іх у Тэль-Авіў (дзе многія пасольствы ўжо знаходзіліся да прыняцця Рэзалюцыі 478). Пасля таго, як 15 жніўня 2006 года ўрад Коста-Рыкі абвясціў пра перавод свайго пасольства з Іерусаліма ў Тэль-Авіў, а 25 жніўня таго ж года ўрад Сальвадора зрабіла тое ж самае, у межах гарадской граніцы Іерусаліма не засталося дыпламатычных місій замежных дзяржаў.[41] Пасольствы амаль усіх краін размяшчаюцца ў раёне Вялікага Тэль-Авіва — за выключэннем Балівіі і Парагвая, чые пасольствы размяшчаюцца ў прыгарадзе Іерусаліма Мевасерет-Цыён, і чатырох консульстваў у самім горадзе.[42] Кангрэс ЗША яшчэ ў 1995 годзе прыняў Акт аб пасольстве ў Іерусаліме, паводле якога, пры выкананні адпаведных умоў, пасольства ЗША мусіць быць перанесена з Тэль-Авіва ў Іерусалім[43][44]. Аднак прэзідэнты ЗША пярэчылі, што рэзалюцыі Кангрэса датычна статусу Іерусаліма з’яўляюцца не больш чым кансультатыўнымі. Канстытуцыя адносіць міжнародныя адносіны да кампетэнцыі выканаўчай улады і, адпаведна, пасольства Злучаных Штатаў па-ранейшаму знаходзіцца ў Тэль-Авіве.[45] У наш час пасольства ЗША знаходзіцца ў Тэль-Авіве, а ў Іерусаліме знаходзіцца Генеральнае Консульства ЗША.

6 снежня 2017 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна прызнаў Іерусалім сталіцай Ізраіля і даў указанне Дзярждэпартаменту пачаць падрыхтоўку да пераносу пасольства ЗША ў Іерусалім[46]. Пры гэтым у той жа дзень ён падпісаў указ аб фармальнай адтэрміноўцы пераносу пасольства на 6 месяцаў[47]. Таксама ў той жа дзень з пытаннем аб перанясенні пасольства ў Іерусалім звярнуліся прадстаўнікі прэзідэнта Філіпінаў[48]. Таксама і Чэхія заявіла пра прызнанне Заходняга Іерусаліма сталіцай Ізраіля[49] і пра планы пенаносу туды свайго пасольства[50]. Спроба краін ЕС асудзіць прызнанне ЗША Іерусаліма сталіцай Ізраіля была заблакавана Венгрыяй[51].

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што Іерусалім застанецца непадзельнай сталіцай Ізраіля.

Сталіца Палесцінскай дзяржавы

[правіць | правіць зыходнік]
Орыент Хаус ва Усходнім Іерусаліме. Важны палесцінскі палітычны і дыпламатычны цэнтр, закрыты Ізраілем у 2001 г.

Палесцінская нацыянальная адміністрацыя прэтэндуе на Іерусалім, уключаючы Харам аль-Шарыф, як сталіцу дзяржавы Палесціна. У Палесцінскай дэкларацыі аб незалежнасці Арганізацыі вызвалення Палесціны 1988 г. сцвярджаецца, што Іерусалім з’яўляецца сталіцай дзяржавы Палесціна; у 1997 годзе Палесцінскі заканадаўчы савет прыняў, а ў 2002 годзе Старшыня Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Ясір Арафат падпісаў Асноўны закон, у якім Іерусалім абвяшчаецца сталіцай дзяржавы Палесціна (Артыкул 3: «Іерусалім з’яўляецца сталіцай Палесціны»).[52][53]. Абвяшчаючы Іерусалім сваёй сталіцай, палестынцы звычайна маюць на ўвазе Усходні Іерусалім[54]. Прэзідэнт Махмуд Абас сказаў, што любое пагадненне, якое не ўключае Усходні Іерусалім у якасці сталіцы Палесціны, будзе непрымальным[55]. Ізраіль упершыню разгледзеў магчымасць ператварэння Усходняга Іерусаліма ў сталіцу Палесціны на саміце ў Табе ў 2001 годзе[56], хоць гэтыя перамовы завяршыліся без пагаднення, і з тых часоў гэтая магчымасць Ізраілем не разглядалася.

Дэкларатыўна абвешчаная яшчэ ў 1988 годзе, Дзяржава Палесціна афіцыйна дагэтуль не створана, хоць да 100 краін — членаў ААН заявілі пра яе прызнанне . Яна таксама ўваходзіць у Лігу Арабскіх Дзяржаў. Некаторыя краіны, такія як Расія[57] і Кітай,[58] прызнаюць Палесцінскую дзяржаву з усходнім Іерусалімам у якасці яго сталіцы. Органы ўлады Палесцінскай аўтаноміі ніколі ў Іерусаліме не знаходзіліся; ва Усходнім Іерусаліме размяшчаюцца консульствы ЗША і некаторых іншых краін, якія ажыцяўляюць кантакты з Палесцінскай аўтаноміяй. У 2011 годзе, паводле даных BBC, у «справаздачы Еўрасаюза, якая апынулася ў распараджэнні СМІ, змешчаны заклік да прызнання Усходняга Іерусаліма сталіцай будучай Палесцінскай дзяржавы»[59].

ПНА сцвярджае, што Заходні Іерусалім таксама з’яўляецца суб’ектам перамоў аб перманентным статусе. Яна, аднак, заявіла, што гатовая да разгляду альтэрнатыўных рашэнняў — такіх, як ператварэнне Іерусаліма ў адкрыты горад.[60] Цяперашняя пазіцыя ПНА складаецца ў тым, што Усходні Іерусалім, як ён вызначаны муніцыпальнымі граніцамі да 1967 года, павінен быць сталіцай Палесціны, а Заходні Іерусалім — сталіцай Ізраіля, пры тым што кожная з дзяржаў надзяляецца поўным суверэнітэтам над адпаведнай часткай горада са сваім уласным муніцыпальным кіраваннем[61]. Сумесны ізраільска-палесцінскі «савет развіцця» будзе адказваць за каардынаванае развіццё[62][63].

Урадавыя тэрыторыі і нацыянальныя інстытуты

[правіць | правіць зыходнік]
Будынак Кнэсета ў Гіват-Рам

Многія нацыянальныя інстытуты Ізраіля размешчаны ў Кір’ят Ха-Мемшала ў Гіват-Рам у Іерусаліме, і з’яўляюцца часткай праекта Кір’ят Ха-Леом, прызначанага для стварэння вялікага раёна, які змесціць большасць урадавых агенцтваў і нацыянальных культурных інстытутаў. Некаторыя ўрадавыя будынкі размешчаны ў Кір’ят Менахем Бегін. Горад з’яўляецца месцазнаходжаннем Кнэсета,[64] Вярхоўнага Суда,[65] Банка Ізраіля, Штаб-кватэры Паліцыі Ізраіля, афіцыйных рэзідэнцый Прэзідэнта і Прэм’ер-міністра, Кабінета міністраў і ўсіх міністэрстваў, за выключэннем Міністэрства абароны (якое размешчана ў цэнтральным тэль-авіўскім раёне Ха-Кір’я) і Міністэрства сельскай гаспадаркі і сельскага развіцця (якое размешчана ў тэль-авіўскім прыгарадзе Рышон-ле-Цыён, каля Баіт-Даган).

У 1988 г. Ізраіль распарадзіўся закрыць Орыент Хаус — сядзібу Таварыства арабскіх даследаванняў, але таксама штаб-кватэры Арганізацыі вызвалення Палесціны — з меркаванняў бяспекі. Будынак ізноў адкрыўся ў 1992 г. як палесцінская гасцініца.[66][67] Пагадненнямі ў Осла заяўлена, што канчатковы статус Іерусаліма будзе вызначаны шляхам перамоў з Палесцінскай адміністрацыяй; пагадненні наклалі забарону на якую б там ні было афіцыйную палесцінскую прысутнасць у горадзе да дасягнення канчатковага мірнага дагавора, але санкцыянавалі адкрыццё ва Усходнім Іерусаліме палесцінскага гандлёвага офіса.[68][69]

Ізраілем у якасці будучай сталіцы палесцінскай дзяржавы прапанаваны палесцінскі прыгарад Іерусаліма Абу-Дыс — у сувязі з яго блізкасцю да горада, і асабліва да Храмавай гары. Ізраіль не ўключыў Абу-Дыс у межы сваёй сцяны бяспекі вакол Іерусаліма. Палесцінская адміністрацыя ўзвяла ў гэтым горадзе верагодна будучы парламенцкі будынак для Палесцінскага заканадаўчага савета, і ўсе яе Офісы па справах Іерусаліма размешчаны ў Абу-Дысе.[70]

  1. Згодна з гэтай прапановай, яўрэйская абшчына Іерусаліма павінна была мець статус «муніцыпальнай аўтаноміі»
  1. Shlomo Slonim. Jerusalem in America's Foreign Policy, 1947-1997. — Cambridge University Press, 1999. — P. 94. — 421 p. — ISBN 9041112553.
  2. а б Артыкул «Иерусалим. Исторический обзор» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  3. Митчелл Бард. Мифы и факты. Путеводитель по арабо-израильскому конфликту (25 лістапада 2007). — на сайце «Яўрэйскай віртуальнай бібліятэкі» (JVL). Праверана 25 лістапада 2024. стр. 293—296
  4. а б Статус Іерусаліма // ГЛАВА I. Мандат Вялікабрытаніі, падзел Палесціны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і фактычны падзел Іерусаліма (1922—1966 гады)
  5. LETTER DATED 5 MARCH 1968 FROM THE PERMANENT REPRESENTATIVE OF ISRAEL TO THE UNITED NATIONS ADDRESSED TO THE SECRETARY-GENERAL // Security Council Архівавана 15 мая 2011.
  6. В Иерусалиме состоится открытие знаменитой синагоги «Хурва», 10 марта 2010 г
  7. а б Sir Lauterpacht in 3. Jerusalem and the Holy Places // Reply, Eli E. Hertz, p. 37
  8. Пытанне аб Палесціне: Храналогія падзей. Сайт ААН
  9. The part of the Final Declaration of the Sixth Conference of Heads of State or Government of Non-Aligned Countries which relates to the situation in the Middle East and the question of Palestine(недаступная спасылка), артыкул Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 478
  10. а б Статус Іерусаліма // Глава IV. Мірны працэс і пацверджанне пазіцыі міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Іерусаліма. Сайт ААН. Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 4 мая 2011.
  11. Resolution 58/292. Status of the Occupied Palestinian Territory, including East Jerusalem Архівавана 6 жніўня 2012. (doc.nr. A/RES/58/292 d.d. 17 May 2004)
  12. Jerusalem — Legal and Political Background — Professor Ruth Lapidoth. Вэб-сайт ізраільскага Міністэрства замежных спраў, 30 чэрвеня 1998 г.
  13. The Status of Jerusalem — Вэб-сайт ізраільскага Міністэрства замежных спраў, 14 сакавіка 1999 г.
  14. The Status of Jerusalem (англ.). МЗС Ізраіля (1 сакавіка 1999). Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2012. Праверана 8 кастрычніка 2011.
  15. Disputed territories: Forgotten Facts About the West Bank and Gaza Strip (англ.). МЗС Ізраіля (1 лютага 2003). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 6 студзеня 2010.
  16. Danny Ayalon Israel Palestinian Conflict: The Truth About the West Bank на YouTube англ.: / руск.:
  17. Адвакат Элон Ярдэн: «Паводле міжнароднага права Іўдзея і Самарыя належаць Ізраілю». Весці (6 красавіка 2000). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 6 студзеня 2010.
  18. Біньямін Нетаньяху. «Месца пад сонцам». Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 6 студзеня 2010.
  19. Рут Лапідот  (англ.). JERUSALEM: The Legal and Political Background (англ.). МЗС Ізраіля // JUSTICE (No. 3, Autumn 1994). Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2012. Праверана 8 кастрычніка 2011.
  20. Міф пра «акупаваныя» тэрыторыі.  ??? (3 ліпеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 6 студзеня 2010.
  21. Доры Голд. Не называйце спрэчныя тэрыторыі акупаванымі!
  22. Камень спатыкнення. Міжнароднае права — на баку Ізраіля
  23. INTERNATIONAL LAW AND THE ARAB-ISRAEL CONFLICT Extracts from «Israel and Palestine — Assault on the Law of Nations» by Professor Julius Stone  (англ.), Second Edition 2003
  24. Professor, Judge Sir Lauterpacht  (англ.), Jerusalem and the Holy Places, Pamphlet No. 19 (London, Anglo-Israel Association, 1968)
  25. Stephen M. Schwebel  (англ.). Justice in international law: selected writings of Stephen M. Schwebel. — Cambridge University Press, 1994. — P. 521—525. — 630 p. — ISBN 0521462843.
  26. Moshe Amirav (2009). Jerusalem Syndrome: The Palestinian-Israeli Battle for the Holy City. Sussex Academic Press. pp. 28–29. ISBN 9781845193478. Праверана 3 June 2014.
  27. Lazaroff, Tovah (28 May 2014). "Netanyahu: 'Jerusalem is the heart of the nation. We'll never divide our heart.'". The Jerusalem Post.
  28. Poll: 72 % of Jewish Israelis view J’lem as divided, Jerusalem Post 05-06-2013
  29. Poll: Jerusalem Arabs prefer Israel. Ynetnews.com (20 чэрвеня 1995). Праверана 7 снежня 2012.
  30. Abu Mazen’s speechat the meeting of the PLO’s Palestinian Central Council Архівавана 8 верасня 2014., 9 September 2000
  31. Jerusalem must be capital of both Israel and Palestine, Ban says. United Nations (28 кастрычніка 2009). Праверана 11 September 2010.
  32. Ben-Gurion, David. Statements of the Prime Minister David Ben-Gurion Regarding Moving the Capital of Israel to Jerusalem. The Knesset (5 снежня 1949). Праверана 2 April 2007.
  33. Ruth Lapidoth & Moshe Hirsch, The Jerusalem Question and Its Resolution: Selected Documents, p. 105. Martinus Nijhoff Publishers, 1994;
    Knesset Proclaims Jerusalem As Israel’s Capital; Mapam and Herut Abstain from Voting, jta.org, Tucson Daily Citizen Tuesday, 24 January 1950; accessed 25 November 2014.
  34. Jerusalem and Berlin Embassy Relocation Act of 1998(недаступная спасылка). The Library of Congress. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2015. Праверана 12 February 2007.
  35. Basic Law: Jerusalem, Capital of Israel. Israel Ministry of Foreign Affairs (30 ліпеня 1980). Праверана 2 April 2007.
  36. Статус Іерусаліма // ГЛАВА II. Вайна 1967 года і ваенная акупацыя Усходняга Іерусаліма і іншых палесцінскіх тэрыторый. Сайт ААН
    • у гэтым дакуменце ў якасці даты прыняцця Закона памылкова названа 29 ліпеня і адзначана, што ён прыняты «нягледзячы на процідзеянне міжнароднай супольнасці»
  37. Ian S. Lustick, «Has Israel Annexed East Jerusalem?», Middle East Policy, Vol. V, No. 1, pp. 34-45, January 1997; accessed 25 November 2014.
  38. а б Статус Іерусаліма // Глава III. Пазіцыя і дзеянні міжнароднай супольнасці з 1967 года. Сайт ААН
  39. Рэзалюцыя 478 Савета Бяспекі ААН. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 9 мая 2011.
  40. Resolution 478 (1980)(недаступная спасылка). United Nations (1980). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2009. Праверана 30 July 2008.
  41. Mosheh ?Amirav,Jerusalem Syndrome: The Palestinian-Israeli Battle for the Holy City, Sussex University Press, 2009 p.27:'Улетку 2006 г. гэтыя дзве краіны таксама абвясцілі пра прыняцце новай палітыкі, паводле якой яны больш не прызнаюць суверэнітэт Ізраіля над Іерусалімам, і вывелі свае пасольствы з горада'.
  42. Embassies and Consulates in Israel. Israel Science and Technology Homepage. Праверана 3 May 2007.
  43. Jerusalem Embassy Act of 1995. U.S. Government Printing Office (8 лістапада 1995). Праверана 15 February 2007.
  44. Кангрэс запатрабуе ад Буша перанесці пасольства ЗША ў Іерусалім, 31 мая 2007 г.
  45. Statement on FY 2003 Foreign Relations Authorization Act. Праверана 23 May 2007.
  46. Трамп заявіў, што нетутэйша час прызнаць Іерусалім сталіцай Ізраіля | ТАСС
  47. Трамп падпісаў дакумент пра фармальную адтэрміноўку пераносу пасольства ЗША ў Іерусалім | ТАСС
  48. Філіпіны зацікаўлены перанесці пасольства ў Іерусалім
  49. Чэхія заявіла пра прызнанне Заходняга Іерусаліма сталіцай Ізраіля
  50. Чэхія ўслед за ЗША можа перанесці сваё пасольства ў Іерусалім
  51. Венгрыя сарвала рашэнне ЕС пра асуджэнне прызнання Іерусаліма сталіцай Ізраіля

  52. Гл. 2003 Amended Basic Law, retrieved 02-06-2013; Arafat Signs Law Making Jerusalem Palestinian Capital, People’s Daily, published 6 October 2002; Arafat names Jerusalem as capital, BBC News, published 6 October 2002.
  53. Palestinian Authority. Basic Law(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2014. Праверана 9 снежня 2017.
  54. "On international day of solidarity with Palestinians, Secretary-General heralds Annapolis as new beginning in efforts to achieve two-state solution" (Press release). United Nations, Department of Public Information, News and Media Division. 29 November 2007. Праверана 5 May 2008.
  55. "No agreement without a Palestinian capital in Jerusalem: Mahmoud Abbas". The Times of India. 10 June 2010. Архівавана з арыгінала 11 жніўня 2011. Праверана 9 September 2011.
  56. The Moratinos' "Non-Paper" on Taba negotiations(недаступная спасылка) (27 студзеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2014. Праверана 9 снежня 2017.
  57. Medvedev reaffirms Soviet recognition of Palestine (Ynet News, 18 January 2011) «Расійскі прэзідэнт гаворыць, што Масква не змяніла сваёй пазіцыі з 1988 г., калі яна 'прызнала незалежную Палесцінскую дзяржаву з яго сталіцай ва Усходнім Іерусаліме'»
  58. China supports Palestinian UN bid (Xinhua, 8 September 2011) «Кітай прызнае Палесціну, як краіну, з Усходнім Іерусалімам у якасці яе сталіцы, якая мае поўны суверэнітэт і незалежнасць, у адпаведнасці з граніцамі, узгодненымі ў 1967 г.»
  59. "ЕС заклікае прызнаць Усходні Іерусалім сталіцай Палесціны"(руск.). BBC. 10.01.2011. Праверана 2011-05-05. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  60. PLO-Negotiations Affairs Department (NAD), Jerusalem Архівавана 18 красавіка 2016.. Retrieved 20-05-2013
  61. PLO-NAD, June 2010, Jerusalem Non-Paper Архівавана 6 лютага 2012. on Statements and Speeches Архівавана 18 красавіка 2016., nad-plo.org; accessed 25 November 2014.
  62. PLO-Negotiations Affairs Department (NAD), August 2013, East Jerusalem today — Palestine’s Capital: The 1967 border in Jerusalem and Israel’s illegal policies on the ground Архівавана 4 сакавіка 2016., p. 5
  63. PLO-Negotiations Affairs Department (NAD), August 2013, East Jerusalem today — Palestine’s Capital: The 1967 border in Jerusalem and Israel’s illegal policies on the ground Архівавана 4 сакавіка 2016., nad-plo.org; accessed 25 November 2014, pg. 5
  64. English gateway to the Knesset website. Праверана 18 May 2007.
  65. The State of Israel: The Judicial Authority. Праверана 18 May 2007.
  66. The New Orient House: A History of Palestinian Hospitality(недаступная спасылка). jerusalemites.org. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2010. Праверана 9 September 2011.
  67. Klein, Menachem (March 2001). "The PLO and the Palestinian Identity of East Jerusalem". Jerusalem: The Future of a Contested City. New York University Press. p. 189. ISBN 0-8147-4754-X.
  68. Segal, Jerome M.. Negotiating Jerusalem. The University of Maryland School of Public Policy (Fall 1997). Архівавана з першакрыніцы 14 May 2006. Праверана 25 February 2007.
  69. Moller, Bjorn (November 2002). "A Cooperative Structure for Israeli–Palestinian Relations". Working Paper No. 1. Centre for European Policy Studies. Архівавана з арыгінала (PDF) 6 January 2004. Праверана 16 April 2007. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка)
  70. Bard, Mitchell G. Will Israel Survive?