Перайсці да зместу

Подых навальніцы (фільм)

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Подых навальніцыM:
руск.: Дыхание грозы
Постар фільма
Жанр драматычны фільм і экранізацыя рамана[d]
Рэжысёр
Прадзюсар Л. Шчаглоў
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Беларусьфільм
Працягласць 142 хв.
Бюджэт ?SUR
Зборы ?SUR
Краіна
Мова руская і беларуская
Год 1982
Папярэдні фільм Людзі на балоце
IMDb ID 0252404

«По́дых навальні́цы» (руск.: Дыхание грозы) — беларускі мастацкі фільм, зняты ў 1982 годзе рэжысёрам Віктарам Туравым па аднайменным рамане Івана Мележа[1]. З’яўляецца працягам мастацкага фільма «Людзі на балоце», створанага ў 1981 годзе[2]. Сюжэт кінакарціны развіваецца на фоне станаўлення савецкай  (руск.) улады ў палескай вёсачцы Курані[3].

З’яўляецца другім фільмам з цыклу «Палеская хроніка».

" Палессе… Закінутая ў балотах вёска Курані… Драматычна складаецца лёс куранёўскага хлопца Васіля — руйнуецца яго мара аб сваёй зямлі: ганарлівая прыгажуня Ганна з-за падманнай крыўды выходзіць замуж за нялюбага Яўхіма Глушака. Раздушана, ашукана ў першым даверлівым каханні Хадоська.
У гады складанага павароту ў жыцці вёскі брала пачатак не толькі добрае, але адбывалася нямала і такога, што выклікала вастрыню адносін, нараджала недавер і сумнеў. Але ў людзях, мудрых сваёй працай, тых, што любяць сваю цяжкую зямлю, жывуць песня і гумар, мара і надзея на лепшую долю, усё больш сцвярджаецца думка, што зрабіць гэта магчыма толькі разам, супольна, адным калектывам…
Развітаўшыся з героямі фільма «Людзі на балоце» у 26 годзе мы ізноў сустракаемся з імі ў 29-ым
з уступнай застаўкі  (руск.) фільма
"

Першая сцэна — Васіль нібыта ў мроі цалуе Ганну. Лета. Побач з сенакосам хлопец бяжыць за бацькам Хадоські і просіць старога аддаць за яго дачку. Бацька ізноў не дае згоды і папракае хлопца тым, што той дрэнны жаніх. Юнак кажа, што хутка ў Куранях будзе калгас і тады маладыя з голаду напэўна не памруць. Тым часам Ганна супакойвае дачку Верачку ў калысцы на лугу. Стары Глушак кажа Ганне, каб лепш брала ў рукі граблі. Васіль з бацькамі таксама працуюць на сенакосе. З’яўляецца Апейка. Сяляне чакаюць, што той пачне агітаваць пра калгас. Але ён бярэ ў рукі касу і жартаўліва кажа, што прыехаў папрацаваць, зарабіць дадатковых грошай.

З возу саскоквае дзяўчына — настаўніца з Глінішч — і падбягае да Ганны. Яны вітаюцца, размаўляюць. Ганна расказвае, як змянілася яе жыццё пасля нараджэння дачкі ад нялюбага мужа. Настаўніца заве Ганну да сябе, у горад. Ганна занепакоена кажа Яўхіму, што Верачка неяк цяжка дыхае і ўся счырванела. Бацька адказвае, што спякотна, усім цяжка дыхаць. Аднавясковец раіць хутка везці малую ў Юравічы да доктара. Стары Глушак не дае згоды.

Адлюстраванне трагедыі галоўнай гераіні. Ганна (актрыса Алена Барзова  (руск.)) калыхае адзіную дачку Верачку, побач так і не пакаханы ёю муж Яўхім (акцёр Барыс Няўзораў).

Увечары вясковыя жанчыны мыюцца ў рэчцы і размаўляюць пра надыходзячую калектывізацыю. Пачынае цямнець, вяскоўцы селі ля кастра. Чарнушка расказвае, што такое добрае сена ўрадзіла і ў год, калі прыйшлі немцы з вайною. Размова зноў вяртаецца да калгасаў. Васіль кажа, што няма такога закона, каб сілком адабраць у селяніна каня і зямлю. Чарнушка скардзіцца, што адзін працуе, а другі як быў гультай, так і застанецца. Тым не менш, аднавяскоўцы згаджаюцца з адным: калі ўлада «папросіць», ніхто не зможа пярэчыць. Актывісты стаяць на сваім — машыны і ўгнаенні вёска атрымае толькі тады, калі будзе створана арцель. І ў выніку ставіцца пытанне аб тым, што з сённяшняга дня ў Куранях павінен быць калгас, а хто супраць калгаса — той супраць савецкай улады. Андрэй Руды адзначае, што так народ толькі больш спалохаецца. Сяляне з цяжкімі думкамі паціху расходзяцца па хатах.

На наступны дзень сяляне ізноў працуюць на сенакосе. Збіраецца навальніца, Алена Дзятлік будзіць бацьку і малога Валодзьку, якія прылеглі каля стога. Пачынаецца дождж. Ганна кажа Глушаку, што Верачка, відаць па ўсім, захварэла. Сцяпан спачувае Ганне і малой, якая ўвесь час плача. Глушак не згаджаецца везці дзяўчынку да доктара, замест гэтага моліцца Богу. Нават Яўхім абыякава ставіцца да свайго дзіцяці. Ганна вырашае ісці адна з дачкой на руках. Глушачыха са слязьмі адгаворвае яе. Нарэшце Яўхім запрагае каня і вязе жонку з дачкой да доктара.

Сяляне тым часам хаваюцца ад дажджу ў буданах. У адным з іх Іван Анісавіч вядзе задуменную гаворку з Міканорам аб тым, як зрабіць, каб мужык паверыў у бальшавіцкую калектывізацыю. Ён шчыра спачувае нялёгкай долі пакутніка-селяніна. Схаваўшыся ад дажджу, ля ракі вядуць гаворку Хадоська і яе жаніх. Дзяўчына то з гумарам, то ўсур’ёз адмаўляе на шчырыя імкненні і пачуцці хлопца. Хадоська ўжо не верыць у словы кахання нягледзячы на тое, што Хоня адкрывае ёй сваю душу.

Жалобная працэсія. На могілках забітая горам Ганна плача над маленькай труной. Сівы Чарнушка, хмуры Яўхім і іншыя мужчыны апускаюць труну ў дол. Святар праводзіць пахавальны абрад. Глушак з Чарнушкам ставяць над магілай крыж. Ганна кідае старому Глушаку абвінавачванні ў тым, што менавіта ён загубіў Верачку. Жанчыны адводзяць і супакойваюць Ганну. Хадоська выпадкова бачыць воз Чарнушкаў, якія едуць з пахавання. Яна абыякава сочыць поглядам за жалобнай Ганнай. Увечары Сцяпан шчыра жадае чым-небудзь дапамагчы Ганне, але тая кажа, што ёй нічога не трэба.

Аднаго ранку Ганна абвяшчае, што ідзе наведаць сваіх бацькоў. Яўхім гаворыць, што хопіць да іх хадзіць, дзеці яшчэ абавязкова будуць, а цяпер трэба ісці працаваць на поле. Ганна адмаўляецца і Глушачыха папракае яе тым, што дабрабыт сям’і для яе нічога не значыць. Ганна ганарліва адказвае жанчыне, хто для яе сапраўдная сям’я. Яўхім вырашае «выхаваць» жонку і да крыві б’е яе лейцамі.

Васіль з аднавяскоўцамі будуе хату для сваёй маладой сям’і. Тым часам, Ганна працуе ў хаце са сваімі бацькамі. Ідзе размова пра тое, што больш важна: гаспадарка і дабрабыт ці шчасце. Ганна не бачыць сэнсу ў пустым багацці, але старыя кажуць, што той, хто спазнаў голад так не думае. Размова перацякае на тэму жыцця і смерці.

Сцэна стварэння калгаса. Дзядзька Іван з сям’ёй вядзе ўласную карову і каня ў супольную гаспадарку. Аднавяскоўцы жартуюць, што не надта весела Івану ад гэтай «добрай» справы. Яўхім глядзіць на гэта здалёк без задавальнення. Ганна і Васіль сустракаюцца выразнымі поглядамі. Маці Міканора таксама вядзе карову са свайго хлява са слязьмі, але разумее, што павінна даць прыклад аднавяскоўцам — сын старшыня калгаса. Хлопцы ўносяць прылады працы, якія прывезлі сяляне, у агульнае гумно. Яны разважаюць наконт таго, што толькі бедната аддала маёмасць у калгас. Але абяцаюць, што яшчэ пакажуць багатым, хто меў рацыю. Міканор носіць у агульнае гумно мяхі са збожжам і вядзе тлумачальную размову сярод старых аднавяскоўцаў. Па ўсім відаць, што Васіль пакуль застаецца аднаасобнікам.

За вячэрай у хаце Васіля ідзе гаворка аб стварэнні калгаса. Бацькі Васіля скардзяцца на нялёгкі лёс простага селяніна і вырашаюць не ўступаць у калектыўную гаспадарку. Васіль мяркуе, што трэба тэрмінова дабудаваць хату, загадвае, каб бацька жонкі разам з Пятром дапамаглі. Маня корміць сына Алеську і ў гутарцы падтрымлівае Васіля. Тым часам на падворку Чарнушкаў старая кажа мужу, што ні ў якім разе не трэба аддаваць сваю, хоць і невялікую, але ў цяжкай працы набытую маёмасць. Чарнушка не верыць, што гэтага ўдасца пазбегнуць. У хаце Хадоські кладуцца спаць, стары няспынна лае новых «гаспадароў». Жонка просіць яго трымаць язык за зубамі, яна баіцца, што іх моцную гаспадарку могуць абкласці цвёрдым падаткам. У пустым хляве сядзіць сумная маці Міканора і скардзіцца сыну на невыразную будучыню, Міканор настойвае на правільнасці новага шляху.

Васіль арэ зямлю пад азімыя. Воддаль на сваёй «палосцы» працуюць Чарнушкі. Ганна, якая перабірае бульбу, раз за разам паглядае на Васіля. Да Васіля пад’язджае Міканор і папярэджвае, што Васіль арэ калгасную зямлю, парушае закон. Васіль эмацыйна адказвае Міканору, што калгас забраў лепшую зямлю і не пакінуў яму выбару. Міканор запрашае Васіля ў калгас, Васіль адмаўляе. Тым часам Чарнушка адпраўляе жонку карміць быдла, а сам працягвае араць. Ганна выкарыстоўвае нагоду і бяжыць да Васіля. Чарнушка разумее пачуцці дачкі і не пярэчыць. Ганна сустракае Васіля ля плота і між імі адбываецца чулая гаворка. Ганна пытаецца, ці ўспамінаў ён дзяўчыну. Васіль адказвае, што ўсё памятае, аднак кажа, што яны сталі чужымі. Ганна распавядае пра абрыдлае жыццё ў Глушакоў, добрым словам кажа пра жонку Васіля. Эпілогам сцэны з’яўляюцца слёзы Ганны, яе шкадаванні наконт таго, што так склалася іх жыццё. Дзяўчына шчыра гаворыць Васілю, што менавіта яна ва ўсім вінаватая, прызнаецца, што толькі ён з’яўляецца сэнсам яе цяжкага жыцця.

Ад некаторага часу Васіль і Ганна пачынаюць употай сустракацца на балотах. На адным са спатканняў Ганна шкадуе, што Васіль паверыў колішняй хлусні пра яе і Яўхіма, ад якой і пачаўся разлад паміж імі. Абдымаючы Васіля ў лодцы Ганна кажа, што мабыць утопіцца. Васіль адгаворвае яе. Ганна прызнаецца, што паміж ёй і Яўхімам не было блізкасці да вяселля. Васіль і Ганна цалуюцца. Тым часам Халімон Глушак прыходзіць да бацькоў Міканора. Тыя наліваюць яму чарку, п’яны Корч са слязьмі скардзіцца на жыццё, просіць справядлівасці. Прыходзіць Міканор і раіць Глушаку здаць усё да апошняга фунта ў калгас, а не хаваць, як летась. У хату ўрываецца Яўхім і трасе паперай з непасільнай велічынёй усталяванага падатку. Міканор пагражае «кулаку» адказнасцю за зрыў дзяржаўных нарыхтовак. Яўхім у адказ пагражае Міканору.

У Куранях пашыраюцца чуткі пра адносіны Васіля і Ганны. Дзяніс Ігнатавіч з Валодзькам чуюць пра гэта аднойчы ад аднавяскоўца. Да Васіля, які са сваякамі будуе хату падыходзіць Ларыён і смяецца, што Васіль надта марудна будуе іх сумеснае з Ганнай жытло. Алена Дзятлік кідаецца на хлопца і абвінавачвае ў хлусні, якая справакавана пачуццём зайздрасці. Васіль таксама лае хлопца, будаўнікі адыходзяць. Маня, якая чуе гэта, знаходзіцца у роспачы. Яўхім у хаце жорстка збівае Ганну, калі чуткі даходзяць і да яго. Яго супакойвае Халімон, калі бачыць, што сын можа забіць няверную жонку. Сцяпан абяцае заявіць пра рукапрыкладства ў міліцыю  (руск.). Глушак нагадвае сыну, што з самага пачатку быў супраць такога саюзу. Яўхім у лютасці забараняе Ганне з’язджаць з вёскі.

Васіль стаіць у недабудаванай хаце, прыходзіць дзед Дзяніс і абзывае Васіля «гаўнюком». Увечары, у сямейным ложку Маня абвінавачвае Васіля ў здрадзе з «сукай» Ганнай. Васіль эмацыйна кажа, каб яна заткнулася. Раніцай на поле да Міканора прыходзіць Сцяпан і просіцца ў калгас, Міканор адмаўляе. Апошняя сцэна — Васіль з Ганнай сустракаюцца на мосце. Ганна кажа, што пакіне вёску і з’едзе ў раён.

Зіма. Засмучаны Васіль на падворку ўспамінае сустрэчы з Ганнай. Прыходзіць Яўхім і пагражае Васілю смерцю. Дзень за днём маці і дзед Дзяніс спрабуюць вярнуць Васіля да нармальнага жыцця, намаўляюць забыць Ганну. Аднаго разу Васіль не вытрымаў і збег, каб не чуць папрокаў.

На рэчцы да Васіля падыходзіць Міканор і зноў пачынае размову пра новае жыццё ў калгасе. Старшыня абвінавачвае Васіля ў «цёмнасці» ды адсталасці. Васіль злосна патрабуе, каб Міканор адчапіўся ад яго і не вёў абрыдлай агітацыі пра калгас. Міканор шматзначна адзначае, што «хутка за такіх возьмуцца, звыкліся, што цацкаюцца з вамі». На балоце сустракаюцца Васіль і Чарнушка. Размова ідзе пра Ганну і яе пакутлівы лёс. Стары просіць Васіля неяк дапамагчы дачцэ, але зрабіць гэта не проста. За ўсім нібыта назірае Халімон Глушак.

Раніцай кіраўніцтва калгаса вядзе перамер зямлі. Бацька Хадоські вырашае сарваць гэта мерапрыемства, Васіль адгаворвае яго, таму што справа можа абярнуцца турмой. Аднак стары выбягае на поле і нападае на актывістаў. Завязваецца бойка, у выніку якой звязанага дзеда кладуць на воз і вывозяць. Васіль назірае за гэтым з хмызняку, потым бяжыць прэч. Аднойчы на балоце сустракаюцца Глушак з сям’ёй і Міканор з Васілём. Яўхім пагражае Міканору, гаворыць, што той зашмат на сябе ўзяў. Халімон супакойвае сына, але той гаворыць, што прыйдзе час і яны сустрэнуцца са старшынёй толькі ўдвох. Вынікам сцэны становіцца канфлікт Васіля і Міканора. Міканор абвяшчае, што зямля, на якой Васіль пасеяў азімыя, з’яўляецца ўласнасцю калгаса і не належыць Дзятліку. Васіль і Міканор ледзь не пачалі біцца, іх разнімаюць родныя.

Ноччу ў ложку Маня разважае аб тым, што мабыць Бугай усё выдумаў ад зайздрасці, паміж Васілём і Ганнай сапраўды нічога не было. Жонка абяцае кахаць Васіля ўсё жыццё, цалуе яго. Потым яна корміць Алеську, які раптам заплакаў. Васіль дапамагае супакоіць сына. Тым часам, у хаце Глушака за сталом ідуць разважанні, як расквітацца з Міканорам. Халімон гаворыць Яўхіму, што цяпер не той час, у Міканора моц. Але газеты пішуць, што хутка вайна з Польшчай і Глушак упэўнены, што трэба пачакаць гэтага моманту. П’яны Яўхім гаворыць, што тут адна дарога — уступаць у калгас. Маці напужаная словамі сына, але той працягвае, што сам з радасцю ўступіў бы ў калгас, але яго не возьмуць. Не возьмуць праз класавы матыў, не гледзячы на жонку, якая з працоўных. Ганна глядзіць у вакно на дождж.

У вёсцы пахаванне. Тым часам, Ганна сядзіць ля магілкі дачкі. Разам з ёй Хадоська. Яна са слязьмі просіць у Ганны прабачэння за ўсё, абдымае яе, расказвае як прасіла прабачэння ў малітвах да Бога. Ганна не трымае на Хадоську зла. Падыходзіць Хоня, ён кліча маладых жанчын пайсці разам з аднасяльчанамі памянуць нябожчыцу. Па дарозе Ганна гаворыць Хоню з Хадоськай, што ім трэба ажаніцца.

Дадому вяртаецца бацька Хадоські, якога ўлады адпускаюць. Ідзе гаворка пра вяселле. Хадоська настойвае, каб вянчанне  (руск.) адбылося ў царкве. Хоня гаворыць, каб лепш у сельсавеце, яму як камсамольцу сорамна рабіць інакш. У выніку хлопец пагаджаецца з нявестай, але тая ставіць новае патрабаванне — трэба «выпісацца» з калгаса, забраць назад маёмасць. Для Хоні, які разам з Міканорам стаяў ля вытокаў калгаса, гэта азначае ганьбу.

Падворак Глушакоў. Яўхім заўважае Ганну, якая збіраецца кудысьці, у яе руках торба. Яўхім пытаецца, куды ідзе жонка. Ганна гаворыць, што хоча праведаць сваіх. Муж загадвае, каб Ганна вярталася ў хату, але жанчына не слухаецца. Яўхім мае намер ударыць жонку, але за яе заступаецца Сцяпан. Браты б’юцца, маці разнімае іх, а Ганна ўцякае. Васіль, які знаходзіцца ў полі, бачыць як Ганна пакідае вёску.

У хаце Глушака ізноў размаўляюць пра бальшавікоў. Халімон спадзяецца толькі на Бога. Яўхім заўважае, што Бог зараз хутчэй на баку іх ворагаў. Ён настойвае на тым, што трэба неяк уступіць у калгас. Халімон разумее, што ён у вачах улады адзіны ў вёсцы «кулак» і ў калгас яго не возьмуць. Праз некаторы час Яўхім п’яны едзе на санях па вёсцы ды спявае. Гэта праз вакно бачаць маці Хадоські і Хоня. Яны вядуць гутарку аб будучым жыцці маладых. Маці просіць Хоню зараз не пярэчыць дачцэ, а ўжо пасля вяселля зрабіць па-свойму.

Нябачная трансфармацыя поглядаў галоўнага героя. Васіль (акцёр Юрый Казючыц), які з’яўляецца праціўнікам калектывізацыі, з цягам часу пачынае спачуваць новай уладзе.

Чарнушка нясе з лесу вязанку галля. Тым часам Алена Дзятлік угаворвае сына ўступіць у калгас. Уступілі амаль усе: Петрыкавы, Сарока, нават Чарнушка. Дзед Дзяніс падтрымлівае меркаванне Алены. Васіль вырашае, што лепей падацца на лесанарыхтоўкі. Жонка спрабуе адгаварыць яго. Тым не менш, Васіль ідзе ў Юравічы. Па дарозе заходзіць у Глінішчы, каб пабачыць Ганну, але не застае яе. Маладая настаўніца Параска Аляксееўна потым распавядае Ганне пра візіт Дзятліка.

П’яны Яўхім ідзе на могілкі. Потым вяртаецца дадому. Халімон, які сядзіць на ганку, дакарае сына, што той прапіў хромавыя боты і пінжак. Яўхім тлумачыць, што п’е гарэлку не праз Ганну, а таму, што не даюць нармальнага жыцця новыя парадкі. Халімон адказвае, што трэба цярпець. У каторы раз гаворыць Яўхім пра намер забіць Міканора, не пужаюць яго ні арышт, ні Салаўкі. Бацька не хоча слухаць такіх слоў.

Каля лазні размаўляюць Міканор і Харытон. Старшыня нібыта жартаўліва не дазваляе хлопцу вянчацца ў царкве, прапануе цырымонію з музыкай у сельсавеце. Калі ж ён чуе пра другую ўмову нявесты, то становіцца сур’ёзным. Меркаванне Міканора: такую сувязь трэба абрубіць, бо гэта не па-камсамольску. Хоня не можа прадставіць сабе жыццё без Хадоські і гаворыць пра гэта Міканору. Партыец пагражае сабраць камсамольскую ячэйку і прагаласаваць за выключэнне Хоні.

Сцэна вяселля Харытона і Хадоські. Госці едуць з царквы. Міканор не ўхваляе выбар Хоні, аднак у Глінішчах прысутнічае. Карыстаючыся нагодай, ён наведвае Ганну. Адной з прычын візіту з’яўляецца сімпатыя Міканора да дзяўчыны. У часе гутаркі ён хваліць рашэнне Ганны кінуць мужа-багатыра. Размаўляюць пра тое, як дапамагчы Васілю, як пераканаць яго наконт калгаса. Міканор раптам нібыта сватаецца да Ганны, тая ўсміхаецца і кажа, што позна. Тым не менш, дзяўчына просіць наведваць яе, калі будзе выпадак.

Васіль з сякерай у руках выходзіць з зімовага лесу. Ён назірае за працай аднавяскоўцаў-калгаснікаў ля стагоў у полі.

У галоўных ролях

[правіць | правіць зыходнік]
Акцёр Роля
Алена Барзова  (руск.) Ганна
Юрый Казючыц Васіль
Барыс Няўзораў Яўхім
Аляксандр Мароз Міканор
Акцёр Роля
Генадзь Гарбук Чарнушка
Вольга Лысенка  (руск.) Чарнушкова
Святлана Кузьміна Алена Дзятлік
Павел Кармунін Дзед Дзяніс
Надзея Бутырцава  (руск.) Маня
Юрый Гарабец  (руск.) Глушак
Лілія Давідовіч Глушачыха
Дмітрый Харацьян  (руск.) Сцяпан
Марына Якаўлева  (руск.) Хадоська
Аляксандр Лабуш Хоня
Віктар Шульгін  (руск.) Дамецік
Таццяна Мархель Дамеціха
Людміла Пісарава Сарока
Віктар Гогалеў Андрэй Руды
Уладзімір Куляшоў Пракоп
Фёдар Шмакаў Зайчык
Усевалад Платаў  (руск.) Ігнат
Марыя Захарэвіч Ігнаціха
Акцёр Роля
Л. Дзьячкоў  (руск.)
А. Мілаванаў
С. Паршын  (руск.)
Н. Іванова
Т. Мужэнка
Я. Ілавайскі
В. Манаеў
Е. Нікіцін  (руск.)
В. Петрачкова
Бора Пятрунін
Сярожа Юрага

Стварэнне фільма

[правіць | правіць зыходнік]

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Іван Мележ з’яўляецца аўтарам цыкла раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976).[4] Раман «Людзі на балоце» ён пачаў як лірычны твор і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі пісьменнік ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 19201930-х гадах, праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна. Непаўторная мастацкая канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вялікі ідэйны змест данесены праз дасканалую мастацкую форму і адметныя вобразы. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, яна стала нацыянальнай эпапеяй[5].

Паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем у 1965 годзе створаны тэлеспектаклі. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы ў 1966 годзе пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (рэжысёр Б. Эрын), Гомельскім абласным тэатрам і Тэатрам юнага гледача — «Подых навальніцы» ў 1978 годзе (інсцэніроўка А. Папова), а ў 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»). У 1978 годзе пастаўлена радыёопера «Барвовы золак», напісаная паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (кампазітар К. Цесакоў, аўтар лібрэта В. Лукша). Іван Мележ лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», а таксама Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».

Рэжысёр Віктар Тураў разам з аператарам Дмітрыем Зайцавым паставілі на кінастудыі «Беларусьфільм» мастацкі фільм «Людзі на балоце» (1981), за які ў 1984 годзе атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР[6].

Здымачны працэс

[правіць | правіць зыходнік]
Здымачная група фільма
  • Сцэнарый — Віктар Тураў
  • Пастаноўка — Віктар Тураў
  • Аператар-пастаноўшчык — Дмітрый Зайцаў  (руск.)
  • Мастак-пастаноўшчык — Алім Матвейчук
  • Рэжысёр — Ларыса Фадзеева
  • КампазітарАлег Янчанка  (руск.)
  • Гукааператар — Гернард Басько
  • Аператар — В. Костарэў
  • Мастак-дэкаратар — В. Крупнік
  • Мастак-грымёр — Г. Храпуцкі
  • Касцюмы — Н. Жыжэль
  • Мантаж — Л. Рэніч
  • Асістэнты рэжысёра — Р. Мірскі, В. Пуставалаў, І. Каляда, А. Булва
  • Асістэнты аператара — В. Лагвіновіч, К. Клімін
  • Асістэнт па касцюмах — С. Красільшчыкава
  • Асістэнт мастака — А. Белятка
  • Адміністратыўная група — А. Цялушка, В. Мураўскі, В. Ванда, І. Сарапкін
  • Рэдактар — П. Васілеўскі
  • Дырэктар карціны — Л. Шчаглоў
у адпаведнасці з тытрамі

Вытворчасць фільма ажыццяўлялася на кінастудыі «Беларусьфільм» Творчым аб’яднаннем мастацкіх фільмаў. За аснову сцэнарыя ўзяты тэкст рамана «Подых навальніцы» Народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.[7] Асаблівасць сваёй кінакарціны Віктар Тураў агучыў у інтэрв’ю ў межах рэкламна-прапагандысцкага фільма «Подых навальніцы (апавяданне пра фільм)», які ў 1982 годзе зняў рэжысёр С. Сычоў:[8]

" ...і што тычыцца «Подыха навальніцы», то ён з’яўляецца прамым працягам «Людзі на балоце» з «Палескай хронікі», хоць і нясе ў сабе ўжо зусім новыя сэнсавыя і ідэйныя нагрузкі.
Віктар Тураў
"

Значная частка фільма здымалася на Віцебшчыне, непадалёк ад Лепеля, у вёсцы Валова Гара. Віктар Тураў тлумачыў гэта тым, што сабраць акцёраў на Палессі вельмі цяжка, таму што далёка ад Мінска. Падабенства пейзажаў Лепельшчыны і палескіх амаль поўнае: і там хаты таксама ставіліся з разлікам на заўсёды магчымае разводдзе. Некаторыя планы здымаліся і на Палессі, у раёне Пінска, і ў Смаленску. Віктар Тураў адзначаў, што на Беларусі ў гарадах захавалася мала дарэвалюцыйных пабудоў, а ў Смаленску, горадзе, які ён добра ведаў, рэжысёр без цяжкасцяў знаходзіў патрэбныя «дэкарацыі»[9].

У межах правядзення кінаспроб перад здымкамі цыкла «Палеская хроніка» на ролю Васіля Дзятліка прэтэндавала 17 чалавек, у тым ліку Юрый Казючыц. Алену Барзову адабралі на ролю Ганны Чарнушкі з 22-х прэтэндэнтак[10].

Кампазітар Алег Янчанка разам з гукааператарам Гернардам Басько ў часе стварэння фільма аб’ездзілі беларускае Палессе апісваючы аўтэнтычны беларускі музычны фальклор, прыродныя шумы і гукі сельскага побыту, каб стварыць цэласнае па аўдыёвізуальнай вобразнасці лірыка-эпічнае кінапалатно.[11]

Прэм’ера і пракат

[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ера фільма адбылася ў СССР 29 лістапада 1982 года[12]. Акрамя савецкага пракату, кінастужка выходзіла на экраны кінатэатраў блізкага замежжа: як і першая частка з цыклу яна дэманстравалася ў Польшчы[13].

Фільм па сённяшні дзень дэманструецца на Беларускім тэлебачанні ў фармаце тэлеверсіі[14].

Крытыка і водгукі

[правіць | правіць зыходнік]

У творчасці Турава фільмы паводле Мележа былі вяршыннымі, яны з’яўляліся найбольш поўнай рэалізацыяй яго творчага патэнцыялу[15]. У гэтых фільмах ён перадаў не экзотыку Палесся, а паказаў жыццё людзей, вартых павагі, працавітых, сумленных; жыццё ва ўсёй яго паўнаце — з жарсцямі, бедамі, нягодамі, каханнем і пакутамі[16]. На вэб-сайце найбуйнейшай у свеце базы даных пра кінематограф IMDb фільм «Подых навальніцы» мае сярэднюю адзнаку 7,1 балаў з 10 на падставе 46 галасоў[17]. Рэдакцыя вэб-сайта AllMovie ацаніла мастацкі фільм у 5,5 балаў з 10[18].

Журналіст Н. Лагіна адзначае, што няспешнасць дзеяння, занадта запаволенае яго развіццё пры «многанаселенасці» фільма, багацце сюжэтных ліній размываюць часам глядацкую ўвагу, нараджаюць адчуванне статычнасці, зніжаюць эмацыйную сілу твора[19]. Разам з тым, яна прызнае, што фільм пакарае майстэрствам выяўленчага рашэння, якое цудоўна перадае прыгажосць прыроды, зямлі, прыгажосць ворыва і касьбы, любой сельскай працы, нават такога штрыха, як праца каморнікаў. Паводле яе меркавання, камера аператара Дзмітрыя Зайцава разам з паэтычна дакладнай працай мастака Аліма Матвейчука стварае рамантычны вобраз гэтай прыгажосці.

" Вельмі пераканаўчы вобраз старшыні калгаса Міканора (Аляксандр Мароз) <...> Алена Барзова стварае вобраз адначасова і трагічны, і высокарамантычны, поўны сапраўднай духоўнай мудрасці...
Н. Лагіна, часопіс «Советский экран  (руск.)»
"

У тлумачальных тытрах, якія з’яўляюцца ў самым пачатку фільма, згадваецца, што пераадолець жыццёвыя цяжкасці палешукам заўсёды дапамагалі пачуццё гумару, песні і танцы. Аднак, як адзначае культуролаг Вольга Раманава, у самім фільме няма ні жыццярадасных народных танцаў, ні гумару, ні самаіроніі. Музычным лейтматывам служаць цягучыя, мінорна-трывожныя галасавыя спевы, а самую запамінальную песню цягне дрыготкай мовай пакінуты Ганнай п’яны кулак Яўхім: «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець…»[20]

У 1984 годзе Віктар Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм паводле матываў «Палескай хронікі»[21]. У ім рэжысёр аб’яднаў матэрыялы дзвюх сваіх кінастужак з гэтага цыклу[22], а таксама адмыслова зняты аднасерыйны тэлевізійны фільм «Апейка»[23].

Адрозненні паміж фільмам і кнігай

[правіць | правіць зыходнік]

Фільм сюжэтам кардынальна не адрозніваецца ад рамана. У ліку асноўных адрозненняў знаходзяцца прапушчаныя, у асноўным другарадныя, дэталі і сцэны[24].

У фільме адсутнічае сцэна раздзела Халімонам Глушаком сваёй моцнай гаспадаркі паміж ім і сынам Яўхімам з мэтай пазбегнуць абкладання цвёрдым падаткам. Не вельмі дакладна адлюстраваны намаганні Міканора па прывозе ў вёску каморніка, каб адмераць калгасную зямлю. У рамане Міканор нават разбірае сваё гумно, каб зрабіць калгасную канюшню, што таксама адсутнічае ў фільме.

Не ў поўнай меры адлюстраваны ў кінастужцы вобраз і дзеянні Апейкі. Не паказаны сабраныя калгаснікамі першыя «чырвоныя» абозы збожжа, якія Юравіцкі раён паслаў на станцыю. Адсутнічае сцэна з чысткай членаў і кандыдатаў парт’ячэйкі Юравіцкага райкома партыі КПБ і адносіны да гэтага Апейкі. Не адлюстраваны ў стужцы ўдзел Апейкі ў дапамозе настаўніку, якога звольнілі з працы за тое, што ў гады Першай сусветнай вайны быў царскім афіцэрам, а таксама ў гісторыі з выключэннем з камсамолу маладога паэта Алеся Маёвага, «буржуазнага паслугача» і «адшчапенца». Акрамя таго, аўтары фільма не адлюстравалі адметную дэталь у адносінах паміж Ганнай і Васілём: дзяўчына на апошнім спатканні прапануе Дзятліку збегчы разам з ёй з вёскі. У рамане Васіль доўгія дні знаходзіцца на раздарожжы і ў выніку адмаўляе.

Няма ў фільме сцэны сустрэчы і размовы Апейкі са старшынёй ЦВК Беларусі Аляксандрам Чарвяковым у Менску. Адсутнічае момант, калі Глушакі вырашылі параіцца з упаўнаважаным Зубрычам наконт калектывізацыі. Той тлумачыць Яўхіму, што нічым дапамагчы не можа, раіць пераводзіць гаспадарку ў грошы, інакш усё будзе рэквізавана. Гэты неадназначны факт таксама не адлюстраваны ў кінастужцы.

Тэхнічныя характарыстыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Дыхание грозы (1983) фильм смотреть онлайн (руск.) на YouTube
  2. Дыхание грозы (руск.). Кино-Театр.РУ. Праверана 26 красавіка 2017.
  3. Дыхание грозы — Мележ Иван (руск.). Онлайн библиотека e-Reading. Праверана 26 красавіка 2017.
  4. Іван Мележ. Подых навальніцы. «Беларуская Палічка». Праверана 26 красавіка 2017.
  5. Мележ Іван, Подых навальніцы. Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 26 красавіка 2017.
  6. Игорь Авдеев, Лариса Зайцева 2000, с. 100.
  7. Гэта мы. Невядомы Мележ(недаступная спасылка). Беларускі партал TUT.BY (23 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2018. Праверана 26 красавіка 2017.
  8. Это мы. В сотне лучших кинорежиссеров мира. Со дня рождения Виктора Турова исполняется 80 лет (руск.)(недаступная спасылка). Беларускі партал TUT.BY (25 кастрычніка 2016). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2018. Праверана 27 красавіка 2017.
  9. Вольга Нячай 1991, с. 65-70.
  10. Іван Мележ — абраннік Палесся(недаступная спасылка). СМІ Беларусі (20 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2018. Праверана 27 красавіка 2017.
  11. А. А. Карпилова 2011, с. 354.
  12. Дыхание грозы (руск.). КиноПоиск. Праверана 26 красавіка 2017.
  13. Цытаты мінулага — 11 сьнежня. Радыё Свабода (11 снежня 2003). Праверана 27 красавіка 2017.
  14. Беларусь 3 (руск.). Беларусь Сегодня. Праверана 28 красавіка 2017.(недаступная спасылка)
  15. Да 75-годдзя з дня нараджэння Віктара Турава(недаступная спасылка). БелТА (24 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2018. Праверана 28 красавіка 2017.
  16. 70 год з дня нараджэння В. Ц. Турава (1936-1996)(недаступная спасылка). Нацыянальная бібліятэка Беларусі (25 кастрычніка 2006). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2013. Праверана 27 красавіка 2017.
  17. Дыхание грозы (1983) (англ.). IMDb. Праверана 26 красавіка 2017.
  18. Dykhanie Grozy (1983) (англ.). AllMovie. Праверана 28 красавіка 2017.
  19. Н. Лагина 1983, с. 1.
  20. «Люди на болоте» как национальный артхаус (руск.)(недаступная спасылка). Новая Еўропа (9 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2021. Праверана 27 красавіка 2017.
  21. Полесская хроника, Люди на болоте, Дыхание Грозы. Баравік (20 жніўня 2011). Праверана 27 красавіка 2017.
  22. Людзі на балоце. Подых навальніцы(недаступная спасылка). Беларускі мультымедыйны партал ARCHE. Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2018. Праверана 26 красавіка 2017.
  23. Людзі на балоце (Экранизации) (руск.). LiveLib. Праверана 28 красавіка 2017.
  24. «Подых навальніцы» Іван Мележ — Кароткі змест, галоўныя героі(недаступная спасылка). Школа №BY. Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2008. Праверана 26 красавіка 2017.