Полк КАП «Глыбокае»
Полк Корпуса аховы памежжа «Глыбокае» | |
---|---|
Pułk KOP «Głębokie» | |
Гады існавання | 1927—1939 |
Краіна | Польшча |
Падпарадкаванне | Корпус аховы памежжа |
Уваходзіць у | Брыгада КАП «Вілейка» (1927—1929) → Брыгада КАП «Вільна» (1929—1939) |
Тып | полк |
Дыслакацыя |
Падсвілле Беразвечча (цяпер — у межах Глыбокага) |
Войны | Польская абарончая вайна (1939) |
Удзел у | |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры |
падпалкоўнік Уладзіслаў Калінскі падпалкоўнік Ян Святкоўскі |
Полк Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Глыбо́кае» (польск.: Pułk KOP «Głębokie») — пяхотнае падраздзяленне Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якое размяшчалася ў Падсвіллі і Глыбокім у 1927—1939 гадах. Полк удзельнічаў у абароне дзяржаўных межаў падчас паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Восенню 1927 года ў складзе трэцяй памежнай брыгады была ўтворана 3-я паўбрыгада аховы памежжа, камандаванню якой сталі падпарадкоўвацца два памежныя батальёны і два кавалерыйскія эскадроны. Кіраўніцтва паўбрыгады знаходзілася спачатку ў мястэчку Падсвілле, але 15 студзеня наступнага года было перанесена ў Глыбокае, у прадмесце Беразвечча, дзе размясцілася ў будынках былога базыльянскага кляштара[1].
Улетку 1929 г., у выніку дзеяння правіла, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назвы згодна з мясцовасцямі іх размяшчэння, трэцяя паўбрыгада была пераназвана ў полк «Глыбокае», які стаў падпарадкоўвацца камандаванню брыгады «Вільна», але склад палка пры гэтым застаўся нязменным. Адміністрацыйна-гаспадарчым аддзелам для падраздзялення стаў сёмы памежны батальён[2].
З-за падзела 1 сакавіка 1934 г. адзінай кулямётнай роты пры цэнтральнай унтэр-афіцэрскай школе ў складзе палка «Глыбокае» адчынілася падобная ўстанова. Рота складалася з камандавання, гаспадарчай дружыны і двух узводаў для 70 навучэнцаў. Падпарадкоўвалася непасрэдна камандаванню палка, пры гэтым утварала асобную адміністратыўную адзінку, штаб якой дыслакаваўся ў Беразвеччы.
Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», адным з вынікаў якой стала рэарганізацыя палка «Глыбокае» шляхам уваходжання ў яго склад батальёна «Слабодка» і нядаўна ўтворанага батальёна «Беразвечча», а таксама рэфармаванне кіраўніцтва падраздзялення. Пасля скасавання брыгады «Вільна» полк стаў падпарадкоўвацца непасрэдна камандаванню Корпуса аховы памежжа, а яго склад пашырыўся за кошт уключэння кавалерыйскага эскадрона «Друя» і станцыі паштовых галубоў «Паставы»[3].
У трэцяй дэкадзе сакавіка 1939 г. была праведзена мабілізацыя рэзервовага батальёна «Беразвечча» і трох кавалерыйскіх эскадронаў. 26 жніўня, па сканчэнні мабілізацыі, эскадроны былі ператранспартаваны да чыгуначнай станцыі Русец, на паўночны ўсход ад Велюня, дзе ўвайшлі ў склад кавалерыйскага згуртавання «Фелікс». Батальён «Беразвечча» быў перадыслакаваны ў раён Жыўца і далучыўся да 2-га пяхотнага палка Корпуса аховы памежжа. У красавіку быў мабілізаваны, а пазней — перамешчаны ў раён Аўгустава батальён «Слабодка»[4].
24 жніўня 1939 г., падчас тэрміновай мабілізацыі, памежнае падраздзяленне «Глыбокае» стала асновай для ўтварэння 3-га пяхотнага палка Корпуса аховы памежжа, які быў уключаны ў склад самадзейнай аператыўнай групы «Нараў» .
Пасля завяршэння ўсеагульнай мабілізацыі полк аднавіў сваю дзейнасць пры дапамозе адноўленых батальёнаў «Лужкі» і «Падсвілле», але адзін з батальёнаў — «Слабодка» — так і не быў рэканструяваны[4]. Па ўзнаўленні полк працягнуў ахову дзяржаўнай мяжы з БССР даўжынёй 164.450 км[5].
Напад на полк
[правіць | правіць зыходнік]17 верасня каля 4.00 пачаўся бой паміж палком «Глыбокае» і атакуючай яго групай «Полацк» камдыва Аляксеева, а таксама з падпарадкаванымі ёй аддзеламі памежных войскаў НКУС[6]. На яго левым флангу батальён «Лужкі» маёра Францішка Бенрата падвергся нападу 12-га савецкага аддзела аховы памежжа палкоўніка Бусарава пры падтрымцы танкаў і дыверсантаў[7]. Усе падпарадкаваныя гэтаму батальёну адзінкі абараняліся, але хутка былі знішчаны: 3-я памежная рота гэтага падраздзялення згубіла камандзіраў усіх сваіх стражніцаў, а 1-я і 2-я роты страцілі больш за палову жаўнераў. Камандзір палка аддаў загад рэшткам 1-й і 2-й памежных ротаў, а таксама рэзерву і кіраўніцтву батальёна «Лужкі» апоўдні 17 верасня пакінуць Лужкі і адысці ў бок Вільна[6]. Тое ж самае зрабіў і штаб батальёна «Падсвілле», які панёс меншыя страты асабовага складу, чым «Лужкі»[8].
Батальёны палка ў выніку страты заставаў пачалі адступаць у кірунку Глыбокага[9]. Камандаванне падраздзялення яшчэ раніцай пакінула Беразвечча і адышло ў напрамку Мосара і Відзаў[10]. Каля 19.00 кіраўніцтва палка і батальён «Падсвілле» аб’ядналіся з рэшткамі батальёна «Лужкі», пасля чаго працягнулі рух. Уначы памежнікі напаткалі савецкія танкі, і пасля непрацяглага бою афіцэры палка трапілі ў палон[11]. На наступны дзень ацалелыя часткі «Глыбокага» сабраліся ў Мосары і працягнулі адступленне да мяжы з Латвіяй, аднак на падыходзе да Глыбокага ў выніку раптоўнага сутыкнення з падраздзяленнямі 5-й стралковай дывізіі палкоўніка Кузьмы Галіцкага 30 польскіх жаўнераў былі ўзяты ў палон, а астатняя частка палка апынулася разрозненай[10].
-
Рота «Цвеціна» палка «Глыбокае»
-
Казармы роты «Цвеціна» палка «Глыбокае»
-
Станцыя паштовых галубоў у Паставах
-
Адкрыццё помніка Юзафу Пілсудскаму ў батальёне «Лужкі», 1932 г.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]
|
|
|
|
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]
Камандзіры палка[правіць | правіць зыходнік]
|
Штат палка ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]
|
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Ляховіч 1967, с. 49.
- ↑ Zarządzenie w sprawie reorganizacji brygad KOP 1929.
- ↑ Прохвіч I 1994, с. 157.
- ↑ а б Прохвіч II 1994, с. 8.
- ↑ а б Прохвіч 2003, с. 165.
- ↑ а б Прохвіч 2003, с. 181.
- ↑ Цыган 2006, с. 91.
- ↑ Цыган 2006, с. 93.
- ↑ Прохвіч 2000.
- ↑ а б Прохвіч 2003, с. 224.
- ↑ Цыган 2006, с. 94.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 35.
- ↑ а б Вішнеўская, Проміньская 2013, с. 12.
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 663.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Zarządzenie organizacyjne dowódcy Korpusu Ochrony Pogranicza w sprawie reorganizacji brygad KOP nr L.dz. KOP 1025/tjn./og.org./29 z 6 lipca 1929 roku. — 1929.
- Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
- Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — Варшава—Пултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
- Віктар Крыштаф Цыган. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. — Варшава: Espadon Publishing, 2006. — ISBN 978-83-60786-00-0.
- Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №3 (149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
- Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — ISBN 0043-7182.
- Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
- Ежы Прохвіч. Walki oddziałów KOP na obszarach północno-wschodniej Polski. — Беласток: Беларускі Гістарычны Зборнік, 2000. — ISBN 1232-7468. Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
- Ян Ляховіч. Bitwa 3-go Pułku Piechoty Korpusu Ochrony Pogranicza (3 P.P. K.O.P.) z wojskami sowieckimi we wrześniu 1939 roku. — Лондан: Instytut Polski i Muzeum im. gen. Sikorskiego w Londynie, 1967.