Перайсці да зместу

Сатурналіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Скульптура «Сатурналія», Эрнэста Бьондзі, 1899. Бронзавая копія 1909 года

Сатурна́ліі (лац.: Saturnalia) - у старажытных рымлян снежаньскае свята ў гонар Сатурна, з імем якога жыхары Лацыа звязвалі ўвядзенне земляробства і першыя поспехі культуры.

Свята прыходзілася на другую палову снежня, калі падыходзілі да канца сельскагаспадарчыя работы і ўсе імкнуліся да адпачынку і весялосці ў сувязі з канцом жатвы. У час сатурналій грамадскія справы прыпыняліся, школьнікі вызваляліся ад заняткаў, злачынцаў забаранялася наказваць. Рабы атрымлівалі ў гэтыя дні асаблівыя льготы: яны вызваляліся ад звычайнай працы, мелі права насіць pilleus (сімвал вызвалення), атрымлівалі дазвол есці за агульным сталом у вопратцы гаспадароў і нават атрымлівалі ад іх паслугі.

Грамадская ўрачыстасць пачыналася ахвярапрынашэннем перад Храмам Сатурна на форуме; потым наладжвалася рэлігійнае банкетаванне, у якім прымалі ўдзел сенатары і коннікі, апранутыя ў асаблівыя касцюмы. У сем'ях дзень пачынаўся з ахвярапрынашэння (забівалі свінню) і праходзіў у весялосці, прычым сябры і родзічы абменьваліся падарункамі. Вуліцы былі поўныя народу; паўсюль гучалі воклічы Jo Saturnalia (гэта называлася clamare Saturnalia).

Абрадавы бок урачыстасці меў спрадвечна рымскі характар, хаця з 217 года былі ўведзены лектыстэрніі і звычай стаяць з непакрытай галавой падчас ахвярапрынашэння. Згодна з меркаваннем Марквардта, свята рабоў, якія ў гэтыя дні як бы ўроўніваліся ў правах з гаспадарамі ў напамінанне аб усеагульнай роўнасці, што існавала пры Сатурне, было асвечана тым жа прадпісаннем Сівіліных кніг, што і заснаванне лектыстэрній.

Святочныя забавы працягваліся некалькі дзён (у позні перыяд Рэспублікі - да сямі). Сярод святочных падарункаў існавалі, паміж іншага, cerei (васковыя свечы) і sigillaria (зробленыя з тэракоты ці цеста фігуркі). Першыя служылі сімвалам таго, што свята сатурналій прыходзілася на час зімовага сонцастаяння (bruma); другія з'яўляліся перажыткам абрада ахвярапрынашэння Сатурну.