Слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча
Слоўнік беларускай гаворкі | |
---|---|
Словарь Бѣлорусскаго нарѣчія | |
| |
Аўтар | Іван Насовіч |
Жанр | слоўнік |
Мова арыгінала | беларуская |
Арыгінал выдадзены | 1870 |
Месца публікацыі | Расійская імперыя |
«Сло́ўнік белару́скай гаво́ркі» (руск.: «Словарь бѣлорусскаго нарѣчія») — слоўнік беларускай мовы, складзены Іванам Насовічам і выдадзены ў 1870 годзе Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу. Лічыцца адным з найкаштоўнейшых дыяментаў беларускай лексікаграфіі.
Стаў асноўнай крыніцай для ўкладання іншых слоўнікаў. Актыўна выкарыстоўваўся рэдактарамі і аўтарамі газеты «Наша Ніва»[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Перадумовы з’яўлення слоўніка[правіць | правіць зыходнік]
Сучасная беларуская мова ўзнікла на аснове старабеларускай мовы, распаўсюджанай на этнічных беларускіх тэрыторыях у ХІХ ст. З сярэдзіны 1830-х гадоў вывучэннем гутарковай мовы заняліся этнографы. Этнограф Павел Шпілеўскі на аснове варыянтаў гаворак у Міншчыны распрацаваў беларускую граматыку з выкарыстаннем кірылічнага алфавіта у 1846 годзе.
Патрэба ў слоўніку беларускай мовы ўзнікла ў час выдання «Актаў, адносных да гісторыі Заходняй Расіі» (руск.: «Акты, относимые к истории Западной России. собранные и изданные Археографической комиссией») у 1843–1853 гг. Рэдактар «Актаў» протаіерэй Іван Грыгаровіч (1792–1852) меў намер стварыць у рамках праекта беларускі слоўнік. Аднак задуму не ажыццявілі з-за заўчаснай смерці Грыгаровіча, які паспеў адолець толькі першыя 10 старонак[2][3].
Пасля гэтага, Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Імператарскай акадэміі навук перадала працу Грыгаровіча І. І. Насовічу і С. П. Мікуцкаму (матэрыялы другога адзначаліся акадэіяй як «нязначныя»). Варта адзначыць, што ў гэты момант Імператарская акадэмія навук не вызначала беларускую, як асобную мову, і лічыла як дыялектам рускай[4].
Стварэнне слоўніка[правіць | правіць зыходнік]
Матэрыяламі для стварэння слоўніка сталі:
- помнікі вуснай народнай славеснасці: песні, прыказкі, прымаўкі, казкі і інш.;
- зборнікі слоў, складзеныя ім падчас паездак па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерням і па некаторым ускраінам Прывіслянскага краю[заўв 1], сумежным з названымі губернямі;
- «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, заключаных у актах Заходняй Расіі», складзены ім...;
- «Вопыт абласнога слоўніка вялікарускай гаворкі», у які ўвайшло некалькі невялікіх зборнікаў слоў беларускай гаворкі;
- нешматлікія матэрыялы беларускай гаворкі і славеснасці, надрукаваныя ў Весцях Імператарскай акадэміі навук па Аддзяленні рускай мовы і славеснасці, працах Маскоўкай супольнасці аматараў славеснасці, у Этнаграфічным зборніку Імператарскай Рускай геаграфічнай супольнасці, у зборніках Чачота і Зянкевіча[заўв 2].[3]
Новы слоўнік быў спробай сістэматызацыі выяўленай фальклорнай і канцылярска-справавой спадчыны беларускага народа — старабеларускіх актаў, грамат, іншых пісьмовых помнікаў, фальклорных і этнаграфічных выданняў, многія з якіх паслужылі крыніцамі для рэестру слоўніка[4].
Выданне слоўніка[правіць | правіць зыходнік]
Вынікам 16-гадовай скрупулёзнай працы Насовіча стаў «Слоўнік», скончаны ў 1863 г.[2] Яго папярэднікам быў неапублікаваны «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з „Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі“», з тлумачэннем каля 13 тыс. слоў і паняццяў, за якую аўтар атрымаў Увараўскую прэмію[5][6].
Слоўнік змясціў больш за 30 тысяч слоў і быў выдадзены Імператарскай Акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу ў маі 1870 г. У рэдакцыйных уводзінах да яго адзначаецца, што:
Беларуская гаворка, якая дамінуе на шырокай прасторы ад Нёмана і Нараў да вярхоўяў Волгі і ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці і Іпуці і на якой гавораць жыхары паўночна-заходніх і некаторых сумежных з імі губерняў, або тых мясцін, якія некалі насяляла Крывіцкіе племя, ужо даўно звяртала на сябе ўвагу айчынных філолагаў па ўцалелых у ім каштоўных рэштках старажытнай мовы[3].
Арыгінальны тэкст (руск.)Бѣлорусское нарѣчіе, которое является господствующимъ на обширномъ пространствѣ отъ Нѣмана и Нарева до верховьевъ Волги и отъ Западной Двины до Припети и Ипути, которымъ говорятъ жители сѣверо-западныхъ и нѣкоторыхъ частей смежныхъ съ ними губерній, или тѣхъ мѣстностей, которыя нѣкогда населяло Кривичское племя, уже давно обращало на себя вниманіе отечественныхъ филологовъ по уцѣлѣвшимъ въ немъ драгоцѣннымъ остаткамъ стариннаго языка.
Гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч адзначаў, на падставе апублікаваных у 1928 годзе асабістых сшыткаў Івана Насовіча, замену Расійскай акадэміяй навук назвы мовы з «крывіцкай» на «беларускую» супраць волі аўтара[7]. Гэта адбывалася на фоне агульнага пашырэння расійскімі ўладамі тэрміна «беларусы» побач з «вялікарусы» і «маларосы»[4].
За ўкладанне слоўніка аўтар быў узнагароджвны Дзямідаўскай прэміяй[6]. Пасля выхаду «Слоўніка» Насовіч працягваў збор лінгвістычных матэрыялаў, якія трапілі ў «Дадатак да беларускага слоўніка», выдадзенага пасмяротна ў 1881 г.[5][6]
Уплывовасць[правіць | правіць зыходнік]
На фоне заняпаду беларускай мовы ў XVII—XVIII стст., «Слоўнік Насовіча» стаў першым навуковым даведнікам па лексіцы беларускай мовы сярэдзіны XIX ст. На той час у Расійскай імперыі беларуская не лічыліся асобнай мовай і падобная праца моцна паспрыяла ўмацаванню нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў.
Фактычна, слоўнік І. Насовіча, як і многія іншыя даследаванні культуры і побыту беларусаў, быў пакліканы навукова падтрымаць афіцыйную ідэю заходнерусізму (Беларусь – этнаграфічная частка Расіі, яе нешматлікія культурныя і моўныя адрозненні – прыкры польскі ўплыў, падлеглы скасаванню). Аднак яго рэестравая і ілюстратыўная часткі толькі пацвердзілі існаванне самастойнага і этнаграфічна самабытнага беларускага этнасу.[4]
З больш чым 30 тысячамі слоў, Слоўнік быў ахарактарызаваны як «непераўзыдзены збор лексікі жывой мовы XIX стагоддзя»[8][9] і як «адна з асноўных вех беларускага нацыянальнага адраджэння пасля Студзеньскага паўстання 1863 г.»[5].
Некаторыя даследчыкі разглядаюця яго як «першы слоўнік беларускай літаратурнай мовы», бо ён выконваў функцыі вывучэння, апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы, а значыць, надаваў гэтай мове статус нацыянальнай[4].
Слоўнік доўгі час заставаўся адзінай навуковай крыніцай беларускага слова і меў уплыў на многія моўныя і нацыятворчыя працэсы. У 1920-я гады, калі ў Беларусі ішоў актыўны працэс моўнага будаўніцтва, ён карыстаўся надзвычай шырокім попытам.[4] Уплыў слоўніка заўважны і ў лексіцы тагачасных беларускіх пісьменнікаў. Слоўнік Насовіча доўгі час быў бадай адзінай крыніцай беларускай мовы і для замежных даследчыкаў-славістаў, якія часта на яго спасылаліся ў сваіх працах. Нягледзячы на тое, што слоўніку споўнілася 140 гадоў, ён застаецца актуальным і сёння як для даследчыкаў, так і для больш шырокай публікі.
Асаблівасці слоўніка[правіць | правіць зыходнік]
Рэестр слоўніка ўключае каля 35 тысяч слоў. Спецыялісты адзначаюць, што ў слоўніку пераважае паўночна-заходняя дыялектная лексіка[крыніца?], але яго цяжка назваць адназначна дыялектным, паколькі ў ім сумяшчаюцца таксама і рысы тлумачальнага і перакладнога слоўніка, што робіць яго ўніверсальным[4]. Каштоўнасць слоўніка заключаецца не толькі ў яго ўнікальным спалучэннем характэрных рыс самых розных па тыпу слоўнікаў, але і ў тым, што ён змяшчае багаты ілюстрацыйны матэрыял на падставе народных песень, прыказак, прымавак, фразеалагізмаў.
Таксама варта адзначыць багаты набор скарачэнняў і дадатковых атрыбутаў, якія падаюцца разам з тлумачэннямі слоў. Гэта адзначэнне: рэгіёнаў, этымалогіі (як разумеў сам І. Насовіч), агульнага паходжання слоў (дзіцячае, абласное, царкоўнае, філасоўскае), стылістыкі, сацыяльных пластоў і інш. Такім чынам, слоўнік разбурае старыя ўяўленні пра «сялянскасць» беларускай мовы, яе побытава-зніжаны характар і немагчымасць перадачы абстрактных і высокастылёвых паняццяў.[4]
Фанетыка і графіка[правіць | правіць зыходнік]
У прадмове да слоўніка адзначалася, што складальнік прытрымліваўся вымовы, якая дамінавала ў Магілёўскай губерні і намагаўся захаваць па магчымасці цалкам усе адценні вымаўлення ў ёй галосных. Для гэтага ў слоўніку былі ўведзены некалькі знакаў:[3]
Назва знака | Знак | Азначэнне | Прыклады |
---|---|---|---|
Кароткі знак | ◌̌ | Паніжэнне галоснай або скарачэнне галосных «и» або «у» | я̌ко́ва̀; я й такъ, я й сякъ, а ўсе не ўгожу ему |
Аблегчаны знак | ◌̂ | Перадача ўздыму або павышэння галоснай | êно̀, бѣдзѣ̀, вôлно |
Дзве кропкі | ◌̈ | Паказванне, што «е» і «ѣ» павінны вымаўляцца як іô | ёсць, ёнъ, звѣзды |
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Ад укладальнікаў, Іван Насовіч. Слоўнік беларускай мовы (электронная версія)
- ↑ а б Герасімчык, Васіль. Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі» . Новы Час. Праверана 4 мая 2021.
- ↑ а б в г Прадмова (да выдання: Носович И. И. «Словарь белорусского наречия», 1870 г.) (руск.). belarus.github.io. Праверана 4 мая 2021.
- ↑ а б в г д е ё ж Ірына Караткевіч "Слоўнік беларускай мовы" Івана Насовіча: этналінгвістычны каментар // Acta Albaruthenica, БДУ. — 2020. — С. 199-208. — DOI:10.32612/uw.18988091.2020.20.pp.199–208
- ↑ а б в «Іван Насовіч і першы сучасны беларускі слоўнік (1870)». Беларускае летапісанне. Восень 2000 г. № 13
- ↑ а б в 7 кастрычніка споўнілася 230 гадоў з дня нараджэння Івана Насовіча, мовазнаўца-лексікографа, фалькларыста, этнографа, археографа . Нацыянальная бібліятэка Беларусі (8 кастрычніка 2018). Праверана 1 жніўня 2023.
- ↑ Веда. № 2, 1952. С. 53—54.
- ↑ "Легендарны слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча ад сёння даступны анлайн". Радыё Свабода. 18 лютага 2021. Праверана 2021-05-04.
{{cite news}}
: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры:|мова=
,|дата=
,|загаловак=
, і|выдавецтва=
(даведка) - ↑ Легендарны слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча цяпер даступны ў Інтэрнэце . Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 4 мая 2021.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Іван Насовіч. Словарь бѣлорусскаго нарѣчія (руск.). — СПб.: ОРЯС Имп. АН, 1870. — 763 с.
- Іван Насовіч. Сборникъ ОРЯС Имп. АН - Дополненіе къ бѣлорусскому словарю (руск.). — СПб.: ОРЯС Имп. АН, 1881. — Т. XXI, №6. — 24 с.
- Ірына Караткевіч "Слоўнік беларускай мовы" Івана Насовіча: этналінгвістычны каментар // Acta Albaruthenica, БДУ. — 2020. — С. 199-208. — DOI:10.32612/uw.18988091.2020.20.pp.199–208