Смальяны
Аграгарадок
Смальяны
| ||||||||||||||||||||||||||
Смалья́ны[2] (трансліт.: Smaĺjany, руск.: Смольяны) — аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Дзярноўцы. Адміністрацыйны цэнтр Смальянскага сельсавета.
Знаходзяцца за 20 км на паўночны захад ад Оршы, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Смальяны, за 200 м на поўдзень ад аўтамабільнай дарогі Р15 (Орша — Лепель). Насельніцтва на 2009 год — 593 чалавекі[3].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]На думку краязнаўца А. Шынкевіча, тапонім «Смальяны» ўтварыўся ад слова «смала», якую тут некалі гналі ў мясцовых смалакурнях. Паводле Андрэя Мяцельскага, назва паселішча мае сувязь з яго размяшчэннем на мяжы Полацкага і Смаленскага княстваў[4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню згаданы як маёнтак Смальяны ў Аршанскім намесніцтве, уладанне князя Сямёна Іванавіча Бельскага, у прывілеі яму ад 25 жніўня 1484 года, з гэтага ж прывілея вынікае, што раней маёнтак быў дажывотным уладаннем яго маці княгіні Васілісы Бельскай з Гальшанскіх.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў мястэчка ў складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
У розныя часы Смальяны знаходзіліся ў валоданні князеў Курбскіх , Астрожскіх, Сангушкаў і іншых. Да 1626 года князь Сямён Сангушка-Ковельскі збудаваў тут мураваны замак Белы Ковель, які пацярпеў ад ваенных дзеянняў у часе войнаў 1654—1667 і 1700—1721 гадоў. Аднак заняпад замка пачаўся ў канцы XVIII стагоддзя, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя пасля паўстання 1830—1831 гадоў новы гаспадар паселішча калежскі асэсар Васіль Сямёнаў прадаў збудаванні на цэглу[5].
Статус мястэчка Смальяны мелі з 1678 года. У 1680 годзе тут збудавалі мураваны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ордэна дамініканцаў, а ў 1742 годзе — драўляную ратушу і важніцу.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Смальяны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабіліся цэнтрам воласці Аршанскага павета. У 1792 годзе тут збудавалі драўляную Спаса-Праабражэнскую, а ў 1864 годзе — мураваную Аляксееўскую цэрквы.
У вайну 1812 года 13—14 лістапада пад Смальянамі адбылася бітва паміж расійскімі і французскімі войскамі. У 1877 годзе мястэчка наведаў мастак Напалеон Орда, які замаляваў магілу Тамаша Зана.
На 1880 год у Смальянах было 252 будынкі, 55 крам, 4 царквы, касцёл, 4 малітоўныя дамы, сінагога. У 1900 годзе адкрылася сельскагаспадарчая школа. У пачатку XX стагоддзя існавалі гарбарны і цагельны заводы, бальніца, аптэка, народная чытальня, пошта, вадасховішча з дамбай і шлюзамі, дзе гадавалі карпаў.
У 1895—1914 гадах дзейнічала Смальянская спіртаачышчальная фабрыка. Мела паравыя машыны. У 1895 годзе ён перапрацавана 31 тыс. пудоў жыта, 46 тыс. пудоў ячменю, 11 293 тыс. пудоў бульбы. У 1913 года працавала 55 рабочых, выраблена 3 млн градусаў спірту.
1 студзеня 1919 года паводле пастановы І з’езду КП(б) Беларусі Смальяны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня перададзены разам з іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года Смальяны вярнулі БССР, дзе яны былі вёскай і цэнтрам сельсавета Аршанскага раёна.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў Смальянах існавала гета , вязні якога былі растраляны 5 кастрычніка 1942 года. Загінула 560—610 яўрэяў[6] (паводле іншых звестак — 800[7]). Выратаваўся толькі Каган Навум, які пасля ўступіў у партызанскі атрад.
Станам на 1999 год 537 гаспадарак. У наш час у Смальянах дзейнічае толькі драўляная праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква 2-й паловы XVIII стагоддзя.
У 2011 годзе ў склад аграгарадка ўвайшла вёска Агранамічная[8].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1880 год — 2315 чалавек, з іх 239 праваслаўных, 6 каталікоў, 1 евангеліст і 2069 іўдзеяў[9].
- 1999 год — 1522 чалавек, 537 двароў.
- 2001 год — 646 чалавек;
- 2009 год — 593 чалавек[3].
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Смальянах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі. Дзейнічае сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова — Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Смальянскі замак (1-я палова XVII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000139.
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (2-я палова XVIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000138.
- Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XVIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000137.
- Свята-Аляксееўская царква (1864 г.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000140.
- Магіла Тамаша Зана.
- Сядзібна-паркавы комплекс.
- Млын.
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Ратуша (XVIII ст.)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Святаслаў Маркавіч Асіноўскі (нар. 1951) — беларускі пісьменнік і краязнавец.
- Анатоль Антонавіч Гіруцкі (нар. 1948) — беларускі мовазнаўца, пісьменнік.
- Аляксей Сцяпанавіч Крушынскі (1911—2006) — беларускі журналіст, першы галоўны рэдактар «Настаўніцкай газеты».
- Мікалай Паўлавіч Курчаў (1926—1985) — Заслужаны ўрач БССР.
- Міхаіл Дзям’янавіч Ціва (1939—1985) — беларускі вучоны. Кандыдат філасофскіх навук, член Саюза журналістаў.
- Яўгеній Ігнацьевіч Маруковіч (нар. 1946) — беларускі вучоны ў галіне тэхналогіі металаў.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Замак Белы Ковель
-
Званіца царквы Святога Аляксея
-
Бакавы фасад царквы Святога Аляксея
-
Царква Святога Аляксея, выгляд з апсіды
Зноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Смаля́ны
- ↑ а б Насельніцтва Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
- ↑ Святаслаў Асіноўскі. Смальяны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. C. 363.
- ↑ Смальянскі замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 602. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ). — Фонд 7021. — Оп. 84. — Д. 10. — Л. 23, 321.
- ↑ Местечко Смольяны. Холокост. История общины (руск.)
- ↑ Решение Оршанского районного Совета депутатов от 24 сентября 2011 г. № 29 Об упразднении деревни Агрономическая и изменении границ агрогородка Смольяны Смольянского сельсовета (руск.)
- ↑ Smolany (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889. S. 894
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 48, 49. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Smolany (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 893—894.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Смальяны
- Смальяны на сайце Radzima.org
- Смальяны на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Падарожжа ў Смальяны