Перайсці да зместу

Сядзібна-паркавы комплекс Пуслоўскіх (Старыя Пескі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзібна-паркавы комплекс Пуслоўскіх
Двор Пуслоўскіх на малюнку Н. Орды. 1865
Двор Пуслоўскіх на малюнку Н. Орды. 1865
52°29′32,66″ пн. ш. 25°12′48,13″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Старыя Пескі
Архітэктурны стыль Класіцызм
Заснавальнік Войцех Пуслоўскі
Асноўныя даты
1843пажар
Будынкі
паўночная брама • заходняя брама • сядзіба • бровар • дом для працоўных • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000151шыфр 112Г000151
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сядзібна-паркавы комплекс Пуслоўскіх у Старых Песках — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму. Сфарміраваная ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзя ў вёсцы Старыя Пескі (Бярозаўскі раён) у маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939 года) на паўднёвай ускраіне вёскі, на паўнёва-заходнім беразе возера Чорнае.

Першапачаткова архітэктурна-кампазіцыйнае сіметрычна-восевае ядро комплексу фарміравалі гаспода, стайня і размешчаны паміж імі «павільён руж», што стварала парадны курданёр з круглым газонам у цэнтры, высаджаным стрыжанымі дрэвамі туі заходняй. Па падоўжнай восі курданёру размешчаная брама, якая адзначала галоўны ўезд з заходняга боку. Другая брама афармляла ўезд з поўначы. Рэгулярную кампазіцыю парушаў вятрак (не захаваўся), размешчаны ў паўночна-заходнім кутку курданёру. Асноўны паркавы масіў з сістэмай сажалак і каналаў займаў паўднёва-ўсходнюю частку сядзібы. За межамі парку (на поўнач ад яго) размешчаны цагляны бровар познекласіцыстычнага стылю.

Сядзібны дом (былыя стайні)

Пасля зруйнавання ў 1843 годзе мураванай гасподы (пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя з цэглы ў стылі класіцызму) пад жыллё ўладальнікаў быў прыстасаваны драўляны будынак стайні. Яе аднапавярховы прамавугольны ў плане аб’ём пад вальмавым дахам мае чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам, у тымпане якога была выява галавы сабакі (вызначала схільнасць гаспадара да палявання). Атынкаваныя сцены прарэзаныя прамавугольнымі вокнамі ў простых ліштвах, якія стваралі рэгулярную рытміку фасаду. Калідорная планіроўка аб’ядноўвае тарцовую залу, жылыя пакоі, трапезную, дагаворю капліцу, перакрытыя бэлечнай столлю, і два скляпеністыя гаспадарчыя памяшканні.

«Павільён руж»

[правіць | правіць зыходнік]

«Павільён руж» (не захаваўся) быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзі з цэглы ў стылі класіцызму (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італьянскага архітэктара А. Паладыа). Цэнтрычнае крыжова-купальнае двухпавярховае збудаванне, вылучанае на галоўным фасадзе масіўным чатырохкалонным порцікам тасканскага ордара з трохвугольным франтонам. Ляпны фрыз уяўляў сабой эліністычны карагод танцуючых грачанак (затынкаваны ў 1863 годзе). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады былі прарэзаны адзінарнымі прамавугольнымі вокнамі і круглымі люкарнамі, крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. У інтэр’еры вылучалася цэнтральная круглая зала з антрэсоллю і бакавымі гасцінымі. З усходняга боку да будынку прымыкала вялікая аранжарэя з нахіленымі, цалкам зашклёнымі сценамі.

Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол дзвюх сажалак адвольнай маляўнічай канфігурацыі і каналаў, праз якія былі перакінуты масткі. На выспе адной з сажалак была ўсталявана альтанка. Сетка алей пачыналася ад заходняй брамы і ўключала цэнтральны праход да партэру і два бакавыя шпацырныя маршруты, якія злучаліся каля сажалкі і далей пераходзілі ў сцежку да возера. Вялікі шпацырны маршрут ідзе ўздоўж берага возера да капліцы і далей па галоўнай алеі ўздоўж заходняй ускраіны парка. У парку раслі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, сасна веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрапейская, граб, вяз гладкі і інш. З заходняга боку знаходзіцца пладовы сад, адмежаваны ад парка прамой букавай алеяй. На паўднёвай ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (захаваліся рэшткі). «Рамантычным» дэкаратыўным элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асноўнымі будынкамі.

У рамантычных формах сярэдневяковай готыкі выкананыя мураваныя брамы. Паўночная ўяўляе сабой манументальнае збудаванне з стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні трох’яруснымі вежамі і завершанае зубчастым двух’ярусным парапетам. Аформленая стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастых пад’ёмных кратаў. Па баках прыбудаваныя нізкія вартоўні. Заходняя брама (меншых памераў) таксама вырашаная ў стылі неаготыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтральным арачным праездам (замураваны) і дзвюма бакавымі вартоўнямі. Кутнія часткі аб’ёмаў крапаваныя лапаткамі з стральчатымі нішамі, завершаныя зубчастым парапетам.

Вядзецца рэстаўрацыя (1990 года; праект архітэктара Л. П. Луцэвіч). Сядзібны комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.