Перайсці да зместу

Францішак Асізскі (кантата)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Францішак Асізскі
польск.: Franciszek z Assisu
Жанр Кантата
Аўтар Уладзіслаў Сыракомля
Мова арыгінала польская
Дата напісання 1857
Дата першай публікацыі 1857
Апублікаваны ў Teka Wileńska
Асобнае выданне 1859
Выдавецтва Крысціян Тэафіл Глюксберг
Колькасць старонак 15
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Франці́шак Асі́зскі» (польск.: Franciszek z Assisu) — кантата Уладзіслава Сыракомлі.

Твор быў апублікаваны ў 1857 годзе ў № 1 віленскага часопіса «Teka Wileńska», які выдаваў Адам Кіркор. Тамсама быў часткова змешчаны нарыс паэта пра Мінск[1]. У 1859 годзе лібрэта выйшла асобным выданнем, якое ілюстраваў Міхал Эльвіра Андрыёлі[2]. У прадмове да яго Сыракомля пісаў:[1]

Прадмет натхніў нас у адзін момант. Па сваёй сутнасці ён патрабаваў араторыі, кантаты, адным словам, пэўнага музычнага апявання. У тую ж хвіліну мы паспяшаліся расказаць пра яго нашаму знакамітаму Станіславу Манюшку, а запал, з якім слаўны маэстра прыняў і падзяліў нашую думку, так горача паўплываў на нас, што гэтую кантату мы напісалі на адным дыханні».

Паводле прызнання У. Сыракомлі, ідэю для свайго твора і сюжэт ён узяў з даследавання А. Ф. Азанама, а менавіта са складзенага ім жыццяпіса св. Францішка з мэтаю патлумачыць «Боскую камедыю» Дантэ[3].

Францішак Асізскі прадстаўляецца як пясняр Бога і як пясняр Айчыны. У абедзвюх іпастасях ён перажывае духоўнае змаганне: спачатку з салаўём, а затым з самім сабою. Існасць гэтага спаборніцтва з птушкай, паводле твора У. Сыракомлі, заключалася ў тым, каб даведацца, хто са стварэнняў здольны найлепш праславіць Бога — чалавек, душа якога часам абцяжараная эгаізмам, але здольная любіць, плакаць і раскайвацца, або птушка, якая заўжды спявае шчыра, бескарысліва і проста, але шчабеча толькі адну песеньку. У ходзе сюжэту салавей перамагае Францішка. Але Сыракомля паказвае, што Бог насамрэч неабдымны і ніякі гімн хвалы не здолее выказаць усю Яго славу і веліч, таму пераможцы тут быць не можа.

Далей ідзе канфлікт вакол ідэі апявання і праслаўлення Айчыны. Францішак сустракае грамаду менестрэляў, якія разам з войскам рыцараў праходзяць праз мясціны, дзе ён размаўляў з прыродаю і аддаваўся забыццю ў малітоўным экстазе, што было вынікам усведамлення яго бяссілля ў спробе праславіць Бога. Францішак задумаў скласці песню на хвалу Айчыны, але і тут меў паразу, перад жаданнем уласнага сэрца. Пазней ён каіцца, што звярнуўся да свецкай песні і што запалаў зямной жарсцю. У гэтым павароце сюжэта выяўляецца іншая ідэя — свабода сэрца, якая дазваляе любіць Айчыну, але не спяваць ёй песень[3].

Фелікс Фарнальчык выказаўся пра часопіс і твор Сыракомлі:[1]

Гэтыя творы, як і некаторыя іншыя, напісаныя ў той жа перыяд, нечакана закраналі ноты пакорнай рэлігійнасці, у пэўным сэнсе нават згодніцтва і складання зброі ў барацьбе з сарматызмам. Гэтую з’яву можа растлумачыць тагачасны стан жыцця паэта, разбітага і прыгнечанага плёткамі, а таксама блізкае супрацоўніцтва з прыслужлівым рэдактарам „Teki“ Адамам Ганоры Кіркорам, што павінна было пацягнуць за сабою адрачэнне Сыракомлі ад празмерна радыкальных сацыяльных і палітычных акцэнтаў, якія не маглі быць ухваленыя патронам.

Аднак Ганна Серэхан не згодная з думкай польскага даследчыка, бо гэта неаргументаваная ацэначная характарыстыка, а таксама даводзіць няслушнасць падобнай думкі[1].

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

У 2011 г. у № 1 часопіса «Наша вера» Ганна Серэхан разам са сваім артыкулам змясціла свой урыўкавы пераклад[4].

Зноскі