Дабрародны Ян Дубарог
Дабрародны Ян Дубарог | |
---|---|
польск.: Urodzony Jan Dęboróg | |
![]() Першае выданне | |
Жанр |
Паэма Гутарка |
Аўтар | Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгінала | польская |
Дата напісання | 1850 |
Дата першай публікацыі | 1854 |
Асобнае выданне | 1854 |
Выдавецтва | Маўрыцый Вольф |
Месца публікацыі |
Санкт-Пецярбург Магілёў |
Колькасць старонак | 131 |
![]() |
«Дабрародны Ян Дубарог» (польск.: Urodzony Jan Dęboróg) — першая буйная ліра-эпічная паэма (гутарка)[1] Уладзіслава Сыракомлі. Прызнаецца за найлепшы твор пісьменніка[2].
Ёсць таксама варыянты назвы «Дабрародны Ян Дэмбарог» (пер. Уладзіміра Мархеля)[1], «Радавіты шляхціч Ян Дэмбарог» (пер. Кастуся Цвіркі)[3], «Ян з роду Дубарог» (пер. Жанны Некрашэвіч-Кароткай)[4]. Поўная назва твора: «Ян з роду Дубарог, гісторыя яго роду, галавы і сэрца, расказаная ім самім і зарыфмаваная» (польск.: Urodzony Jan Dęboróg, dzieje jego rodu, głowy i serca, przez niego samego opowiadane, a rytmem spisane)[4].
Паэма стваралася на працягу 1847—1850 гадоў у Залуччы. Чытаючы яе гасцям у 1848 годзе Сыракомля палічыў твор нудным і кінуў яго ў камін, тады нехта з гасцей хутка дастаў адтуль паэму і прасіў творцу працягнуць працу над ёй[5]. У 1855 годзе ўжо ў Барэйкаўшчыне паэт дапісаў эпілог да другога выдання. У пасмяротным дзесяцітомным зборы твораў ёсць звесткі пра працу над некаторымі часткамі ўжо ў 1846 годзе.[1]
Твор прысвячаўся Вацлаву Пшыбыльскаму і Адаму Старчэўскаму[1]. Пры жыцці паэта, паэма выходзіла двойчы — у 1854 (Санкт-Пецярбург і Магілёў)[6] і 1855 (Вільня)[7] гадах. У 1880 г. у Варшаве выйшла выданне з ілюстрацыямі Міхала Эльвіры Андрыёлі[8].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Уступ да паэмы («Przedśpiewek do litewskiego czytelnika») нагадвае экспазіцыю «Радзівіліяды» (1592) Яна Радвана, выкарыстоўваецца прыём «негатыўнага прыпадабнення» дзеля праслаўлення роднай зямлі, якім потым актыўна стануць карыстацца збольшага беларускамоўныя аўтары[4].
Некаторыя ўрыўкі твора пісаліся на аснове ўспамінаў з дзяцінства[9].
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Жанна Некрашэвіч-Кароткая адзначае:[10]
На змену валенродаўска-сапліцаўскаму самаахвярнаму змагару Адама Міцкевіча прыходзіць новы герой — такі, як адукаваны і высакародны Ян з роду Дубарог. Ён не апанаваны жаданнем ісці на бітву, але займае актыўную жыццёвую пазіцыю і (у многім дзякуючы намаганням ксяндза дэфінітара) аказваецца ўнутрана падрыхтаваным да штодзённай карпатлівай працы — як духоўнай, так і фізічнай. Гэты герой, незалежна ад свайго сацыяльнага статусу, шчыра адданы роднай зямлі і імкнецца быць карысным ёй, найбольш цэніць грамадзянскі дабрабыт і добрасуседскія адносіны суайчыннікаў, традыцыі продкаў і сямейныя каштоўнасці — усё тое, у чым вялікі паэт бачыў аснову самазахавання беларускага народа.
На думку Юльяна Кжыжаноўскага Сыракомля «пераносіў ідэі „Пана Тадэвуша“ на ўзровень даступны жыхарам літоўскіх і беларускіх мястэчкаў ды засценкаў»[11].
Францішак Беляк адзначае стылёвую блізкасць паэмы Сыракомлі да «Успамінаў Сапліцы» Генрыка Жавускага[12].
На думку Тадэвуша Піні, гэта адна з найпрыгажэйшых польскіх гутарак[13].
Беларускі філолаг Леў Цвяткоў пісаў:[14]
Паэма «Urodzony Jan Dęboróg» дае нам вельмі дакладны малюнак Беларусі, яе прыроды, жыхарства, звычаяў, нават некаторых забабон. Пасля «Пана Тадэвуша» гэта другая эпапея Беларусі, другая беларуская Адысея.
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]У 1879 годзе ў Маскве выйшаў зборнік выбраных твораў Сыракомлі ў перакладзе на рускую, дзе быў змешчаны і «Дабрародны Ян Дубарог» у перакладзе Ліядора Пальміна[15].
У 1918 годзе ў № 31 «Вольная Беларусь» апублікавала ананімны беларускі пераклад уступу да паэмы пад загалоўкам «Літва». Той жа ўрывак на беларускую мову пераклаў Уладзімір Мархель[16] і Кастусь Цвірка[3].
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у вершаваным польскамоўным апавяданні «Літаратарскія клопаты» (пер. Пятра Бітэля) адзначаў:[17]
![]() |
Калі ж і ўбачыш мо дзе ў свеце модным Ці «Хатку ў лесе» ці то «Дэмбарога». Яны не рушаны, клянуся Богам! Лісты нат неразрэзаны ў ніводным. На прасцячкоў тут пастка: хай не баюць, Што песняроў сваіх паны не знаюць. |
![]() |
Арцём Вярыга-Дарэўскі ў сваім вершы «Ліцвінам, якія запісаліся ў мой Альбом на развітанне» (1858) пісаў:[18]
![]() |
Дамбарог няхай жывець Пакуль мы не аджывём, Кус хлеба няхай плывець, А мы з нім паплывём. |
![]() |
Зноскі
- ↑ а б в г Варабей, М. П. Настальгія па Рэчы Паспалітай у паэме «Urodzony Jan Dęboróg» Уладзіслава Сыракомлі . — 2019. — С. 148. Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2023.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 75.
- ↑ а б Сыракомля, У. Выбраныя творы (бел.). — 2010. — С. 112-115.
- ↑ а б в Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Шматмоўная літаратура Беларусі ў кантэксце актуальных літаратуразнаўчых канцэпцый (бел.). — 2015. — С. 120. Архівавана 5 лютага 2023.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 56-57.
- ↑ Syrokomla, Wł. Urodzony Jan Dęborog (польск.). — Petersburg i Mohilew: Bolesław Maurycy Wolff, 1854. — 131 с.
- ↑ Syrokomla, Wł. Urodzony Jan Dęborog (польск.). — Wilno: A. Marcinowski, 1854. — 143 с.
- ↑ Syrokomla, Wł. Urodzony Jan Dęborog (польск.). — Warszawa: J. Unger, 1880. — 112 с.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 14.
- ↑ Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Шматмоўная літаратура Беларусі ў кантэксце актуальных літаратуразнаўчых канцэпцый (бел.). — 2015. — С. 134. Архівавана 5 лютага 2023.
- ↑ Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Шматмоўная літаратура Беларусі ў кантэксце актуальных літаратуразнаўчых канцэпцый (бел.). — 2015. — С. 123. Архівавана 5 лютага 2023.
- ↑ Варабей, М. П. Настальгія па Рэчы Паспалітай у паэме «Urodzony Jan Dęboróg» Уладзіслава Сыракомлі . — 2019. — С. 149. Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2023.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 57.
- ↑ Цвяткоў, Л. Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці . — 1927. — С. 137.
- ↑ Кондратовичъ, Л. Избранныя стихотворенія Людвига Кондратовича (Владислава Сырокомля) (руск.). — Москва: В. М. Лавровъ и В. А. Федотовъ, 1879. — Т. 1. — С. 45-140. — 462 с.
- ↑ Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — 1983. — С. 72-73.
- ↑ Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў у двух тамах. — 2008. — Т. 2. — С. 95.
- ↑ Хаўстовіч, М. Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII–ХІХ стагоддзяў. — 2014. — Т. I. — С. 195.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў у двух тамах. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2014. — Т. 2. — 598 с. — ISBN 978-985-02-0976-4.
- Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 192 с.
- Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Глава 7. Ліра-эпас Уладзіслава Сыракомлі: праграма духоўнага самазахавання нацыі // Шматмоўная літаратура Беларусі ў кантэксце актуальных літаратуразнаўчых канцэпцый (бел.). — Мінск: БДУ, 2015. — 207 с. — 100 экз. — ISBN 978-985-566-207-6. Архівавана 5 лютага 2023.
- Сыракомля, У. Выбраныя творы (бел.). — Мінск: Беларуская навука, 2010. — 584 с. — (Беларускі кнігазбор). — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6976-06-6.
- Хаўстовіч, М. Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII–ХІХ стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2014. — Т. I. — 300 с. — ISBN 978-83-60951-14-9.
- Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — Lwów: Macierz Polska, 1901. — 247 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Варабей, М. П. Настальгія па Рэчы Паспалітай у паэме «Urodzony Jan Dęboróg» Уладзіслава Сыракомлі // Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце. — Віцебск: ВДУ імя П. М. Машэрава, 2019. — С. 147-151. Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2023.
- Цвяткоў, Л. Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці // Маладняк. — 1927. — № 12 (3). — С. 122-137.
- Некрашэвіч-Кароткая, Ж. «Я песню прысвячаю гэткаму народу!»: ліра-эпічная спадчына Уладзіслава Сыракомлі // Маладосць. — 2014. — № 12. Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2023.
- Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Ліра-эпічнае майстэрства Уладзіслава Сыракомлі і яго праграма патрыятычнага хрысціянскага выхавання // Studia Białorutenistyczne. — 2017. — № 11.