Пераклад зборніка «Кабзар» Сыракомлі
Кабзар | |
---|---|
польск.: Kobzarz укр.: Кобзарь | |
Жанр | паэтычны зборнік |
Аўтар |
Тарас Шаўчэнка (арыгінал) Уладзіслаў Сыракомля (пераклад) |
Дата першай публікацыі | 1863 |
Выдавецтва | Абрагам Ас |
Месца публікацыі | Вільня |
Колькасць старонак | 120 |
Пераклад зборніка «Кабзар» Сыракомлі (руск.: Kobzarz) — польскамоўны няпоўны пераклад зборніка Тараса Шаўчэнкі, здзейснены Уладзіславам Сыракомлем. Кніга апублікаваная пасмяротна, хаця падрыхтаваў яе пісьменнік яшчэ пры жыцці[1].
Пераклад Сыракомлі цалкам выдаваўся чатыры разы: у 1863 г. у Вільні[2], 1872 г. (у складзе 10-томнага збору твораў) у Варшаве, 1883 г. у Львове[1] і 1993 г. зноў у Вільні[3]. У 1955 г. у Варшаве выдалі зборнік выбраных твораў Шаўчэнкі, у якім змясцілі 9 перакладаў Сыракомлі[1].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]У прадмове беларускі пясняр адзначае важную ролю Шаўчэнкі ва ўкраінскай літаратуры і дае высокую ацэнку ягонай творчасці. Тамсама Сыракомля піша, што не пераклаў паэмы «Гайдамакі» і апусціў некаторыя месцы «Тарасовай ночы», бо «тут аўтар, мачаючы пэндзаль у кроў, эстэтычна сапсаваў прыгажосць сваіх вобразаў». Да таго ж перакладчык не мог не ведаць, што «Гайдамакаў» ужо перакладае Леанард Савінскі[1].
Агулам перакладзена 14 твораў з 17 другога выдання «Кабзара» (выйшла 23 студзеня 1860). На думку Вячаслава Рагойшы, Сыракомля перакладаў Шаўчэнку яшчэ раней з першага выдання 1840 г.[1]
У сваім перакладзе Уладзіслаў Сыракомля імкнуўся перадаць эстэтычную вартасць арыгіналу[1]. У той жа час перакладчык змякчаў вобраз «ляхаў» і, прыхільна ставячыся да Украіны, усюды ствараў яе станоўчы вобраз. Адаптуючы зборнік пад беларускага чытача, Сыракомля ўжывае збольшага сілаба-танічны верш, нехарактэрны польскай паэзіі, нават там, дзе Шаўчэнка выкарыстоўвае сілабічны верш, традыцыйны для польскай мовы. Часам перакладчык змяняе форму верша, вольна адступае ад арыгіналу[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Рагойша, В. На хвалі добрасуседства // Літаратура і мастацтва. — 27 верасня 2013. — № 38 (4736). — С. 8. — ISSN 0024-4686.
- ↑ Szewczenko, Т. Kobzarz Tarasa Szewczenki (польск.). — Wilno: Nakładem A. Assa, 1863. — 120 с.
- ↑ Szewczenko, Т. Kobzarz (польск.). — Vilnius: Vaga, 1993. — 3 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Рагойша, В. На хвалі добрасуседства // Літаратура і мастацтва. — 27 верасня 2013. — № 38 (4736). — С. 8. — ISSN 0024-4686.
- Вишневьська, О. Перекладацька рецепція творчості Шевченка у польській літературі ХІХ століття(укр.) // Науковий часопис Інституту Польщі Східноєвропейського національного університету імені Лесі Українки. — 12 Листопада, 2018.
- Pačovskij, F. I. Władysław Syrokomla jako tłumacz Szewczenki(польск.) // Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. — 1963. — С. 149-166.