Арнольд Джозеф Тойнбі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Арнольд (Арналд) Джозеф Тойнбі (англ.: Arnold Joseph Toynbee; 14 лістапада 188922 кастрычніка 1975) — брытанскі гісторык, філосаф гісторыі, культуролаг і сацыёлаг, аўтар 12-томнай працы па параўнальнай гісторыі цывілізацый «Спасціжэнне гісторыі», адзін з распрацоўшчыкаў цывілізацыйнай тэорыі. Удастоены Ордэна Кавалераў Пашаны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў каледжы Вінчэстар і Беліёль у Оксфардзе, дзе пачаў выкладчыцкую дзейнасць у 1912, затым у Кінгс-каледж, дзе выкладаў гісторыю Сярэднявечча і Візантыі. У 1913 ажаніўся з дачкой Гілберта Мюрэя Разаліндай Мюрэй († 1967). З 1919 па 1924 выкладаў візантыязнаўства, грэчаскую мову, літаратуру і гісторыю ў Лонданскім універсітэце. Працаваў у Лонданскай школе эканомікі і Каралеўскім інстытуце міжнародных адносін у Чэтэм-Хаус, дырэктарам якога быў з 1929 па 1955 гады.

Быў рэдактарам «Агляду міжнародных адносін». Паслядоўна пісаў і выдаваў часткі філасофска-гістарычнай працы «Спасціжэнне гісторыі» (Т. 1-12; 1934-61). Сярод яго твораў «Грэчаская гістарычная думка» (1924), «Амерыка і сусветная рэвалюцыя» (1962), «Падыход гісторыка да рэлігіі» (1956) і інш. Вынікі падведзеныя ў кнізе «Змены і звычкі» (1966).

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

Як і О. Шпенглер, А. Тойнбі адмаўляў традыцыйную канцэпцыю адзінства сусветнай гісторыі. Аддаваў перавагу параўнальным даследаванням культур і распрацаваў канцэпцыю жыццёвых цыклаў — узнікнення, развіцця і ўпадку. У якасці галоўных прычын упадку культур называў маральнае выраджэнне і страту творчага падыходу да ўзнікаючых праблем. Паняцце «цывілізацыя» выкарыстоўваецца ім для характарыстыкі канкрэтнага грамадства як сацыякультурнага ўтварэння, лакалізаванага ў прасторы і часе. Сусветная гісторыя разглядалася А. Тойнбі як своеасаблівая «сума цывілізацый», якія праходзяць аднолькавыя фазы — нараджэнне, рост, разлажэнне, пагібель. Рухальнай сілай развіцця цывілізацый лічыў «творчую эліту», якая павінна весці за сабой «інертную большасць». Прагрэс чалавецтва і шлях выйсця з крызісу бачыў у духоўным ўдасканаленні, абнаўленні, эвалюцыі ад прымітыўных анімістычных вераванняў праз універсальныя рэлігіі да адзінай рэлігіі будучыні.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).