Востраў Барбуда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Барбуда
Barbuda
Антыгуа і Барбуда.png
Каардынаты: Каардынаты: 17°37′00″ пн. ш. 61°48′00″ з. д. / 17.616667° пн. ш. 61.8° з. д. (G) (O) (Я)17°37′00″ пн. ш. 61°48′00″ з. д. / 17.616667° пн. ш. 61.8° з. д. (G) (O) (Я)
Архіпелаг Малыя Антыльскія астравы
Акваторыя Карыбскае мора
Краіна Flag of Antigua and Barbuda.svg Антыгуа і Барбуда
Барбуда (Малыя Антыльскія астравы)
Барбуда
Барбуда
Плошча 160,56 км²
Насельніцтва 1 638 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 10,202 чал./км²
Выгляд з космасу
Commons-logo.svgБарбуда на Вікісховішчы 

Барбу́да (англ.: Barbuda) — востраў у групе Паўночных Падветраных Малых Антыльскіх астравоў. Уваходзіць у склад дзяржавы Антыгуа і Барбуда. Плошча - 160,56 км². Насельніцтва - 1638 чал. (2006 г.)

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Барбуда знаходзіцца на паўночным усходзе Карыбскага басейна ў 41 км на поўнач ад вострава Антыгуа, 86 км на паўночны захад ад вострава Невіс, у 105 км на паўднёвы захад ад вострава Сен-Бартэльмі. Даўжыня — 23,8 км, найбольшая шырыня — 13,84 км.

Востраў Барбуда сфарміраваўся ў выніку субдукцыі (падняцця) літасферных пліт, у выніку якой над паверхняй акіяна апынулася частка былога марскога дна з назапашанымі на ім на працягу мільёнаў гадоў арганічнымі ападкамі. Гэтыя ападкі склалі вапняковую аснову вострава з кіпрым карстам і вышчалачанымі глебамі. Тут шмат пячор і гротаў. Рэльеф даволі плоскі. Найвышэйшы пункт (ва ўсходняй частцы) - 38 м. Прэсных вадаёмаў няма. На захадзе вылучаецца салёная ўнутраная лагуна Кондрыгтан, паверхня якой займае прыкладна 14 км². На поўначы ўзбярэжжа атачаюць каралавыя рыфы.

На Барбудзе здабываюць пясок, які выкарыстоўваецца для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

Клімат трапічны пасатны. Востраў адкрыты вятрам як з Карыбскага мора, так і з Атлантыкі, што аказвае істотны ўплыў на надвор'е. Тут выразна прасочваецца зімовы сезон, калі сярэдняя тэмпература не перавышае +25º C, і летні сезон з сярэдняй тэмпературай +28º C. Нават у самым гарачым месяцы жніўні спякота не адчуваецца, паколькі паветра астуджаецца сталым атлантычным брызам.

З-за адсутнасці высокіх пагоркаў, якія затрымліваюць вільгаць, сярэднегадавая колькасць ападкаў на Барбудзе меншая, чым на суседнім востраве Антыгуа. Сабраная дажджавая вада выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі для асабістага карыстання, у той час як вада з калодзежаў — толькі для хатняй жывёлы і ірыгацыі агародаў. Барбуда знаходзіцца ў зоне ўздзеяння трапічных цыклонаў, якія асабліва актыўны з пачатку чэрвеня да канца лістапада.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы малой колькасці насельніцтва на Барбудзе захаваліся незасвоеныя землі. Большую частку вострава займае саванна і зараснікі ксерафітаў. Тыповыя прадстаўнікі фаўнымарскія чарапахі, ігуаны, крабы, яшчаркі, казуркі. Дзякуючы чалавеку на Барбудзе рассяліліся алені і кабаны. Аднак найбольш каштоўнай і добра захаванай часткай мясцовай прыроды лічацца шматлікія птушкі, у тым ліку прадстаўнікі рэдкіх відаў. Для аховы птушак арганізаваны нацыянальны парк.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На поўдні вострава Барбуда знойдзены рэшткі чалавека, які жыў 3100 гадоў таму. Лічыцца, што першымі насельнікамі былі індзейцы, якія перасяліліся на Малыя Антылы з Паўднёвай Амерыкі. Яны займаліся ловам рыбы, зборам малюскаў, карысталіся пасудзінамі з ракавін і краменем, які прывозілі з суседняга Антыгуа. Каля 1600 гадоў таму старажытныя тубыльцы былі выціснуты або вынішчаны аравакамі, што займаліся вытворчасцю керамікі і ведалі земляробства. Аравакскае насельніцтва не было шчыльным. Найчасцей Барбуду наведвалі сезонна для лову рыбы і чарапах. У сярэдзіне 2 тысячагоддзя н. э. аравакаў змянілі карыбы, але і яны аддавалі перавагу сезоннаму наведванню.

У 1493 г. востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам. Сучасная назва паходзіць ад іспанскага слова barbuda ("барадаты"), магчыма з-за мангравых зараснікаў і ліян, якія іспанскія маракі ўбачылі на беразе. Каланізацыя вострава еўрапейцамі стрымлівалася з-за адсутнасці на ім важных рэсурсаў, у тым ліку адкрытых крыніц пітной вады, і пагрозай з боку карыбаў. Яны выгналі першых англійскіх пасяленцаў, якія прыбылі ў 1625 г. з вострава Сент-Кітс.

У 1683 г. англійскія ўлады выдалі ліцэнзію на засваенне Барбуды сям'і Кодрынгтанаў, якая валодала прыбытковымі плантацыямі на Антыгуа і Барбадасе, а таксама займалася гандлем рабамі. Першапачаткова востраў з'яўляўся месцам, дзе пасяленцы займаліся жывёлагадоўляй. У 1710 г. Крыстафер Кодрынгтан адпісаў прыбыткі з Барбуды для ўтрымання заснаванага ім на Барбадасе пратэстанцкага каледжа. Згодна перапісу 1719 г. насельніцтва Барбуды складалася са 110 чалавек, 87 з якіх былі рабамі-афрыканцамі, астанія — еўрапейскімі служачымі. На востраве меўся статак з 228 кароў і 270 авечак. Рост колькасці народжаных на Барбудзе рабоў прывёў да таго, што востраў пачаў выкарыстоўвацца як "гадавальнік" чарнаскурых нявольнікаў, якіх потым прадавалі на іншыя астравы Вест-Індыі, пераважна на Антыгуа. Гэта прыносіла большы прыбытак, чым жывёлагадоўля. У 1741 г., 1746 г. і 1753 г. рабы паднімалі стыхійныя паўстанні супраць эксплуататараў. У 1834 г. брытанскія ўлады абвясцілі аб адмене рабства, але рабы павінны былі некаторы час адпрацоўваць на плантацыях былога гаспадара. Кодрынгтаны паспрабавалі перавезці барбудцаў для працы на іх плантацыях на Антыгуа, што выклікала новае паўстанне.

У 1835 г. на Барбудзе была адкрыта першая школа. У 1855 г. ліцэнзія Кодрынгтанаў на валоданне востравам скончылася, што прывяло да далейшага эканамічнага заняпаду гаспадаркі астравіцян, паколькі прадукты жывёлагадоўлі збываліся праз гандлёвы дом Кодрынгтанаў. Жыхары Барбуды былі вымушаны вырошчваць бавоўну, здабычай солі або наймацца на працу на Антыгуа, Сент-Кітс або ў іншых месцах.

У другой палове XX ст. на Барбудзе пачаў паступова развівацца турызм, пачалася здабыча пяску. У 1981 г. востраў увайшоў у склад дзяржавы Антыгуа і Барбуда. У 2012 г. здабыча пяску была спынена. Аднак улады вострава плануюць камерцыйна развіваць станцыі аднаўляльнай энергіі.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Большасць насельнікаў Барбуды жыве ў паселішчы Кодрынгтан, займаецца сельскай гаспадаркай або абслугоўвае турыстаў. Турызм — аснова мясцовай эканомікі. Наведвальнікаў прыцягваюць спрыяльны клімат, бязлюдныя пляжы, першародная прырода і гістарычныя мясціны, у тым ліку рэшткі ваенных умацаванняў эпохі сям'і Кодрынгтан.

На Барбудзе працуюць 2 марскія прычалы, аднак асноўныя кантакты астравіцян са знешнім светам адбываюцца праз аэрапорт, пабудаваны на поўдні.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]