Зубр у Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зубр у Белавежскай пушчы

Зубр для Беларусі — абарыгенны від сысуноў, самы буйны прадстаўнік беларускай фаўны, значны аб’ект навуковых даследванняў і важны культурны сімвал. На жнівень 2020 года беларуская папуляцыя зуброў саступае толькі польскай (2269 асобін) і складае 2101 зубра, што пры сусветнай колькасці ў 8461 з’яўляецца амаль чвэрцю — 24,83 %[1].

Па міжнародных правілах усе зубры павінны мець імя, першая літара якога супадае з першай літарай краіны нараджэння, таму ўсе зубры, якія нарадзіліся ў Беларусі называюцца на літару Б.

Гістарычныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Становішча да Першай Сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Малюнак белавежскага зубра (1885)

Каля 10-12 тысяч гадоў таму назад у Еўропе ўзніклі тры самастойныя разнавіднасці зуброў, у тым ліку белавежская раўнінная. У Сярэдневякоўі размовы аб зубрах распаўсюдзіліся ад Масквы да Мадрыда, і, акрамя таго, трэба адзначыць, што ў тыя часы на гэтых волатаў пастаянна ішло паляванне. Зубр быў важным аб’ектам промыслу, на іх стала палявалі літоўскія князі[2].

У 14091410 гадах, у Белавежскай пушчы адбыўся масавы забой зуброў, засоленае мяса нарыхтоўвалі для войскаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай вайне, магчыма, бочкі з мясам па Бугу сплаўлялася да Чэрвіньска, дзе саюзныя войскі злучыліся перад паходам да поля Грунвальдскай бітвы[3].

Раскопкі «смеццевых ям» на месцы гарадзішча старога Віцебска, куды гараджане скідалі непатрэбны хлам і косткі з’едзеных жывёл, паказалі, што ў асобных пластах, якія адносяцца да XIV—XV стагоддзяў, рэшткі зуброў складалі да 40-50 % ад агульнай колькасці рэшткаў дзікіх жывёл[4].

Сям'я зуброў. Экспазіцыя ГДГАМ у Старым замку Гродна

З-за празмернага і некантраляванага промыслу зубры былі даведзены да пагрозы знікнення. Становішча вымусіла літоўскіх князёў забараніць паляванне на гэтых жывёл. Тры Статуты Вялікага Княства Літоўскага прадугледжвалі за зламыснае забойства зубра велічэзны штраф у 1200 грошаў (сярэбраных манет)[5]. У 1559 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст даручыў каралеўскаму маршалку і галоўнаму рэвізору Вялікага Княства Літоўскага Рыгору Валовічу правесці рэвізію ўсіх пушчаў і пераходаў звярыных, а асабліва зуброў[3].

У пару вайны з Напалеонам і польскага паўстання 1830—1831 гадоў пагалоўе зуброў у Белавежскай пушчы прыкметна скарачалася. А падчас паўстання Кастуся Каліноўскага за адзін толькі 1863 год у пушчы не далічыліся 377 зуброў[4].

Лёсавызначальным для белавежскага зубра стаў зроблены ў 1865 годзе абмен з графам Плесэ  (руск.) чатырох зуброў на высакародных аленяў і ланяў. Зубры паступілі ў маёнтак графа (цяпер — горад Пшчына), які размяшчаўся ва Усходняй Сілезіі і доўгі час разводзіліся там у поўнай ізаляцыі. Хоць доўгае блізкароднаснае скрыжаванне і адбілася на знешнім абліччы і стане жывёл, у 1920—1930 гадах зубры з плескай папуляцыі адыгралі адну з ключавых роляў у аднаўленні віду[4].

У Белавежскай пушчы ў канцы XIX стагоддзя жыло да 1700 галоў — з аднаго боку жывёл ахоўвалі, з другога — рэгулярна ладзілі царскія паляванні[2].

На пачатак XX стагоддзя беларускія зубры захаваліся толькі ў лясах Белавежскай пушчы і гэта было адзінае месца ў свеце, дзе жылі прадстаўнікі раўніннай разнавіднасці[2].

Актыўнае паляванне паменшыла Белавежскую папуляцыю да 737 асобін у 1914 годзе. Вайна і звязанае з ёй браканьерства  (руск.) прывялі да катастрафічнага скарачэння пагалоўя. У 1917 годзе ў Пушчы засталося толькі 168 зуброў, а ў 1918 толькі 76. Частка жывёл была вывезена ў Германію. 9 лютага 1921[6] года (па іншых звестках у 1919 годзе[2]) былым лесніком пушчы Варфаламеем Шпаковічам быў забіты дзеля мяса апошні вольны белавежскі зубр. Нямецкі заолаг Эрна Мор  (ням.) так адгукнулася на гэту падзею[6]:

" Няхай яго імя, як і імя Герастрата, захаваецца ў стагоддзях! "

Такім чынам, на канец Першай Сусветнай вайны зубры ў Беларусі былі знішчаныя.

Рэінтрадукцыя і ўзнаўленне папуляцыі[правіць | правіць зыходнік]

Самка з зубранём у Белавежскай пушчы

Па перапісу (iнвентарызацыi) 1926 года ва ўсім свеце ў няволі (заасады, заапаркі і звярынцы) утрымліваліся толькі 52 асобіны зуброў[7], і ў асноўным сталага ўзросту. Выратавальныя працы пачаліся ў Белавежскай пушчы на польскай тэрыторыі з 1929 года.

Восенню 1939 года, калі Белавежская пушча ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у зубрагадавальніку налічвалася 16 зуброў.

Але па раздзелу тэрыторыі пушчы на польскую і беларускую ў 1944 годзе ўсе зубры засталіся ў Польшчы. У 1946 годзе па рашэнні Таварыства захавання зубра было вырашана стварыць яшчэ адзін зубрагадавальнік на беларускім баку пушчы[8].

18 ліпеня 1946 года зубр па мянушцы у Міжнароднай кнізе «Пугінал» ў ліку першых жывёл (2 самкі і 3 самца) быў завезены ў беларускую частку Белавежскай пушчы для аднаўлення гэтага віду. З гэтага дня пачалася карпатлівая праца па гадоўлі зуброў. Яе ўзначаліла па аднаўленні вольнай папуляцыі зубра супрацоўніца навуковага аддзела Л. М. Корачкіна, якая прысвяціла зубрам усё сваё свядомае жыццё (1952—1982)[8].

Зубры пачалі вяртацца ў дзікую прыроду, пачынаючы з 1951 года, прычым выпуск адбыўся спачатку ў беларускай, а ў хуткім часе і ў польскай частках Белавежскай пушчы. Эксперымент аказаўся ўдалым і паказаў, што ў летнія месяцы зубры могуць свабодна абыходзіцца без падкормкі, а ўзімку яна вельмі неабходная. У наступныя гады колькасць вольных зуброў у абедзвюх частках пушчы пастаянна ўзрастала. Але калі на польскім баку вольны статак складаўся выключна з белавежскіх зуброў, то на беларускай — з белавежска-каўказскіх. З’явілася небяспека пераходу зуброў праз беларуска-польскую мяжу і змешвання статкаў[8].

На першай савецка-польскай канферэнцыі па праблеме зубра ў 1961 годзе прынялі рашэнне пакінуць у Белавежскай пушчы толькі зуброў белавежскага паходжання — карэнных насельнікаў пушчанскіх лясоў. У сувязі з гэтым, з беларускай часткі пушчы з 1963 па 1968 год вывезлі больш за 110 белавежска-каўказскіх зуброў, якія сталі асновай для іх вольнай гадоўлі ў сямі новых пунктах на тэрыторыі Расіі, Украіны, Беларусі[8].

Такім чынам, у сучаснай папуляцыі зубра Белавежскай пушчы нашчадкаў ад Пугінала, які меў прымешак каўказскай крыві, не засталося[8].

У 1981 годзе зубр быў занесены ў Чырвоную кнігу БССР, а з 1993 года — у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[9]

Шматгадовая праца заолагаў дала свой плён, і на 1995 год ва ўсім свеце налічвалася 3259 чыстакроўных зуброў, але з-за блізкасваяцкіх адносінаў генетычная разнастайнасць зубраў адносна малая, што выклікае шматлікія праблемы з іх здароўем, імунітэтам і адаптацыйным патэнцыялам.

У 1994—2000 гадах у Беларусі была распрацавана «Праграма па захаванні, рассяленні і выкарыстанні зубра ў Беларусі», адным з вынікам якой стала ініцыяцыя стварэння на тэрыторыі Беларусі некалькіх лакалітэтаў зубровых папуляцый, што дазволіла метадам рассялення разгрупаваць па розных рэгіёнах пагалоўе зуброў. Такім чынам, зубры з’явіліся за межамі асноўнага рэзервата і пачалі абжываць новыя раёны, у тым ліку Бярэзінскі запаведнік, Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Усяго на тэрыторыі Беларусі было сфарміравана 7 мікрапапуляцый зуброў агульнай колькасцю 983 асобіны, што параўнальна з колькасцю зуброў у Белавежскай пушчы ў канцы XIX стагоддзя[10].

У 2011 годзе Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя была распрацавана канцэпцыя захавання зуброў у Беларусі. На першым этапе (20112015 гады) канцэпцыя прадугледжвала стварэнне схем рассялення зуброў, комплексу ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў утрымання, а таксама фарміраванне не меней чым пяці новых мікрапапуляцый.

Плануецца стварыць на базе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» навукова-селекцыйны цэнтр па пытаннях захавання і паляпшэння стану папуляцыі беларускіх зуброў, таксама стварыць адзіную базу даных аб стане белавежскіх зуброў, якая будзе ўключаць інфармацыю аб мікрапапуляцыях, іх колькасці і распаўсюджванні.

У рамках другога этапа (20162030 гады) канцэпцыі плануецца распрацаваць крытэрыі ацэнкі племянной каштоўнасці, правілы вядзення селекцыйна-племянной работы з зубрамі. Немалаважная роля адведзена стварэнню генетычных пашпартоў жывёл[11].

Сучасная папуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Найбуйнейшыя папуляцыі зуброў у Беларусі сканцэнтраваны на 5 тэрыторыях: у нацыянальным парку «Белавежская пушча» (604 асобіны), Асіповіцкім доследным лясгасе (470), СВК «Азёры» Гродзенскага раёна (378), паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны Бор» у Верхнядзвінскім раёне (190) і Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку (174)[1].

У ходзе рэалізацыі Праграмы па рассяленню, захаванні і выкарыстанні зубра ў Беларусі (1994—1998 гады) у дадатак да ўжо існуючых Белавежскай, Прыпяцкай і Бярэзінска-Барысаўскай мікрапапуляцый былі створаны 4 новыя мікрапапуляцыі зубра. У 1994 годзе ў Валожынскі лясгас завезена 15 зуброў — заснавальнікаў новай мікрапапуляцыі, у 1995-1996 гадах 18 асобін было завезена ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, у 1997 годзе 15 асобін — у Асіповіцкі лясгас і ў 1998 годзе 18 асобін — у калгас «Азёры». Такім чынам, да 1998 году ў рэспубліцы мелася 7 мікрапапуляцый зуброў агульнай колькасцю 379 асобін; да 2009 года — 9 мікрапапуляцый агульнай колькасцю 943 асобіны[12].

Дынаміка агульнай колькасці[правіць | правіць зыходнік]

Дынаміка здабычы[правіць | правіць зыходнік]

Азёрская мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1998 годзе ў калгас «Азёры» Гродзенскага раёна былі завезеныя 18 зуброў[12]. Яны паклалі пачатак новай мікрапапуляцыі. За дваццацігадовы перыяд колькасць жывёл павялічылась больш, чым у 17 разоў і па стане на сакавік 2019 года налічвала 315 асобін[13].

Асіповіцкая мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачалася ў 1997 годзе з завозу 15 зуброў у Асіповіцкі доследны лясгас[12].

Белавежская мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля спынення ўмяшання чалавека — штучнага фарміравання статкаў, у перыяд з 1971 па 1990 год колькасць зуброў узрасла з 66 да 315 асобін[14].

Барысаўска-Бярэзінская мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Бярэзінская папуляцыя унікальная тым, што пачатак ёй паклалі ўсяго тры зубры-заснавальнікі — адзін самец і дзве самкі. Дзве іншыя самкі загінулі ад рук браканьераў ужо на другі год пасля выпуску. Спроба завезці ў 1975 годзе ў запаведнік яшчэ адну партыю зуброў скончылася няўдачай. З-за няўзгодненасці і дрэннай арганізацыі работ па выпуску жывёл, іх аб’яднання з вольным статкам не адбылося[4].

Блізкароднаснае скрыжаванне з’яўлялася нормай у бярэзінскай папуляцыі ад самага пачатку яе існавання. Вядомыя радаводы яе заснавальнікаў, узровень імбрыдынгу якіх з самага пачатку быў высокі. Да шостага пакалення (2004—2007) ізаляванага існавання, яго сярэдні паказчык у гэтай папуляцыі дасягнуў адзнакі, для якой характэрна праява прыкмет інбрэднай дэпрэсіі  (руск.). Характэрна, што з 2009 года пры наяўнасці ў статку каля 25 жывёл рэпрадуктыўнага ўзросту нараджэнне зубранятаў ў ім цалкам спынілася. Па стане на 2007 год бярэзінская папуляцыя знаходзілася ў крызісе. Узрост большасці жывёл у ёй перавышаў 12-15 гадоў. Відавочна, што без завозу ў яе новых асобін гэтая групоўка ў бліжэйшыя гады спыніць сваё існаванне[4].

Дзятлаўская мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзятлаўская мікрапапуляцыя створана ў ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» у 2018 годзе[15].

Налібоцкая мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Адным з важных этапаў стала стварэнне мікрапапуляцыі зубра ў Налібоцкім дзяржаўным паляўнічым заказніку. Пасля падрыхтоўкі навукова абгрунтаваных рэкамендацый, стараннага выбару месца ўсялення (з прыцягненнем польскіх навукоўцаў-практыкаў) зубры паспяхова пераехалі на новае месца жыхарства, дзе паспяхова прайшлі адаптацыю і засялілі не толькі цэнтральную частку Налібоцкай пушчы, але і яе ўскраіны. У свой час навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі казалі: «Тое, што зрабілі валожынцы, выглядала як своеасаблівы прарыў. Леснікі даказалі на практыцы, што ва ўмовах рэспублікі зубр можа жыць у любой з абласцей, а не толькі ў запаведніках і нацпарках»[2].

Аднаўленне папуляцыі зуброў пачалося ў 1994 годзе, калі ў Валожынскі лясгас было прывезена 15 асобін. На 2015 год зубры засвоілі ўсю тэрыторыю заказніка, за выключэннем участка, які знаходзіцца ў міжрэччы Заходняй Бярэзіны і Іслачы. Агульная колькасць зуброў ацэньваецца ў 90 асобін[16].

Палеская мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Прыпяцкая мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1987—1988 гадах у Прыпяцкі запаведнік было завезена 8 зуброў — заснавальнікаў мікрапапуляцыі[14]. На 1995 год колькасць асобін склала 28 асобін[14].

У межах Прыпяцкай папуляцыі часта вылучаюць асобна Азяранскую, Найдзянскую і Ляскавіцкую мікрапапуляцыі.

Чырванаборская мікрапапуляцыя[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне папуляцыі пры паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны Бор» Верхнядзвінскага раёна з’яўляецца прыватнай ініцыятывай і пачалося ў 2013-15 гадах у Верхнядзвінскім і Расонскім раёнах. Жывёлы для яе закупляліся з Белавежскай пушчы, з азёрскай і валожынскай вольных папуляцый, што дазволіла знізіць генетычныя рызыкі, звязаныя з блізкароднасным скрыжаваннем зуброў. Усяго ў Чырвоны Бор было завезена 68 звяроў. Да 2019 года папуляцыя павялічылася ў два з паловай разы да 155 асобін. У будучыні плануецца павелічэнне яшчэ ўдвая[17].

Утрыманне ў няволі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр у Мінскім заапарку
Зубры ў Магілёўскім заасадзе

У Беларусі зубры ўтрымліваюцца ў Акцябрскім[18], Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім заапарках і ў Магілёўскім заасадзе. У ва ўсіх гэтых установах акрамя Віцебскага заапарка зубры даюць патомства. У Магілёўскім заасадзе зубры ўтрымліваюцца на вольным выпасе.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Зубр з’яўляецца нацыянальным сімвалам Беларусі[19]. Імя зубра выкарыстоўваюць для называння самых розных рэчаў: ад веласіпеда «Зубраня» (руск.: «Зубрёнок») да напою «Зуброўка».

Найбольш вядомы ў Беларусі, раней — беларускі дзіцячы аздараўленчы лагер, а цяпер Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» (Мядзельскі раён, Мінская вобласць).

У літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Верагодна, першым вядомым творам беларускай літаратуры, дзе зубр лічыцца важным, у тым ліку тытульным героем, з’яўляецца паэма «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

У «Палескіх рабінзонах» Янкі Маўра ёсць сцэна забойства апошняга зубра[20].

У скульптуры[правіць | правіць зыходнік]

Самая вялікая скульптура зубра ў свеце знаходзіцца на аўтамабільнай трасе М1 Брэст-Масква на мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей ля вёскі Петкавічы. Вага скульптуры 76 тон, вышыня — 20 метраў[21][22].

У мінскім мікрараёне Малінаўка непадалёк ад Студэнцкай вёскі і станцыі метро Пятроўшчына знаходзіцца вялікая светлавая канструкцыя з алюмінію ў выглядзе зубра. Днём пры яркім сонечным святле зубр блішчыць, а з надыходам цемры — падсвятляецца жоўтымі святлодыёднымі лямпачкамі.

Зубр у геральдыцы[правіць | правіць зыходнік]

Зубры на гербе сімвалізуюць уладу, сілу прыроды, якую цяжка прыручыць, мужнасць, велікадушнасць і працавітасць.

У паштовай справе[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя паштовых марак існуюць мастацкія маркіраваныя канверты, а таксама спецыяльныя паштовыя штэмпелі з выявай беларускага зубра.

У нумізматыцы[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі былі выпушчаныя манеты з выявамі зубра.

Зноскі

  1. а б ПОЧТИ ЧЕТВЕРТЬ МИРОВОЙ ПОПУЛЯЦИИ ЗУБРОВ ОБИТАЕТ В НАШЕЙ СТРАНЕ (руск.)
  2. а б в г д Патриарх Налибокской пущи (руск.)
  3. а б О королевской охоте Архівавана 9 кастрычніка 2011. (руск.)
  4. а б в г д Белорусский зубр: количественное наращивание поголовья закончено, пора заботиться о его качестве! (руск.)
  5. КЛІМАТ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСІ / АХОВА ПРЫРОДЫ: ПЕРШЫЯ КРОКІ // «Беларуская думка»
  6. а б ЗУБР (Bison bonasus) Архівавана 27 лістапада 2011. (руск.)
  7. Заблоцкий М. А. Восстановление зубра в СССР и за границей //Охрана природы и заповедное дело в СССР. Бюллетень № 4. — М., 1960. — С. 52 — 70.
  8. а б в г д ИСТОРИЯ ЗУБРА (руск.)
  9. Красная книга Республики Беларусь. Европейский зубр Архівавана 5 лютага 2011. (руск.)
  10. Сергей Глаголев. Беларускія зубры пачынаюць выраджацца = Белорусские зубры начинают вырождаться. — EJ. — 27 жніўня 2011. Архівавана 22 чэрвеня 2021.
  11. Концепцию сохранения зубров разработали в Беларуси
  12. а б в Откуда у зубров Беловежской пущи СПИД Архівавана 28 верасня 2020. (руск.)
  13. Каждый шестой белорусский зубр — из гродненской популяции. В Озерах состоялся республиканский семинар-совещание по сохранению зубра в Беларуси (руск.)
  14. а б в ЗУБР (BISON B. BONASUS L.) В БЕЛАРУСИ: АНАЛИЗ СОСТОЯНИЯ ПОПУЛЯЦИЙ И СТРАТЕГИЯ СОХРАНЕНИЯ ВИДА
  15. Численность зубра европейского в Беларуси достигла 1886 особей (руск.)
  16. Козорез А. И. Ревайлдинг в Налибокской пуще// Труды БГТУ. 2015. № 1. Лесное хозяйство (руск.)
  17. Самая молодая популяция зубров на севере Беларуси за пять лет выросла в 2,5 раза(недаступная спасылка) (руск.)
  18. Государственное учреждение «Октябрьский зоопарк» Архівавана 6 жніўня 2022. (руск.)
  19. birdwatch.by (бел.)
  20. Я. Маўр. Сын воды. Полесские робинзоны. ТВТ. — Юнацтва, 1986. — 300 с. — 180 000 экз.
  21. Самая вялікая скульптура зубра ў свеце
  22. Сем цудаў Беларусі Архівавана 2 жніўня 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • П. Козло, А. Буневич. Зубр в Беларуси
  • Концепция сохранения и устойчивого использования зубров в Республике Беларусь. Минск, 2011. −8с.(+2с. прил.)
  • Буневич А. Н. Воспроизводительные показатели популяции зубров Беловежской пущи //Редкие виды млекопитающих России и сопредельных территорий. Тез. Междунар. Совещ., 9-11 апреля 1997 г., Москва. — М., 1997. — С. 17.
  • Буневич А. Н. Итоги расселения зубров по территории Беловежской пущи //Заповедники Белоруссии. Исследования. — Минск, 1991.- Вып. 15.- С. 98 — 110.
  • Буневич А. Н., Кочко Ф. П. Динамика численности и структура популяции зубров Беловежской пущи //Популяционные исследования в заповедниках. — М., 1988. — С. 96 — 114.
  • Козло П. Г., Дерябина Т. Г., Буневич А. Н. Оценка накопления и распределения металлов в органах и тканях зубров, обитающих в Беловежской пуще //Сохранение биологического разнообразия лесов Беловежской пущи. — Каменюки-Минск, 1996. — С. 217—225.
  • Корочкина Л. Н. Беловежский зубр //Беловежская пуща. Исследования. — Минск, 1958. — Вып. 1. — С. 7 −34.
  • Корочкина Л. Н., Вакула В. А. Зубр Беловежской пущи. — Брест: Альтернатива, 2008. — 95 с.
  • Сипко Т. П. Анализ генофонда зубров Беловежской пущи //Материалы научно-практической конференции, посвященной 50-летию регулярных исследований в Беловежской пуще. — Минск, 1990. — С. 16 — 18.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]