Касцёл Божага Цела, Нясвіж

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Каардынаты: 53°13′14.49″ пн. ш. 26°41′01.49″ у. д. / 53.220692° пн. ш. 26.683747° у. д. (G) (O) (Я)

Фарны касцёл

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы — архітэктурны помнік ранняга барока, першы езуіцкі касцёл, а таксама першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, радавы магільны склеп князёў Радзівілаў.

Касцёл узведзены ў 15871593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. 7 кастрычніка 1601 года касцёл асвячоны. За аснову праекта, хоць і са значнымі зменамі, была ўзята планіроўка галоўнага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме, збудаваны ў 1584 годзе. Аднак пры агульным кампазіцыйным падабенстве і барочнай стылістыцы нясвіжскі касцёл значна адрозніваецца, што абумоўлена мясцовымі будаўнічымі традыцыямі і патрабаваннямі заказчыка.

Кампазіцыя касцёла строга лагічная, пазбаўленая ад перанасычанасці барочнага дэкору. Магчыма, што касцёл быў на Беларусі адным з першых будынкаў, фасады якога былі атынкаваны і пабелены. Як сведчаць праектныя чарцяжы і гравюра Т. Макоўскага, першапачаткова па баках галоўнага фасада былі зроблены абарончыя цыліндрычныя вежачкі, традыцыйныя для беларускай готыкі, з вітымі лесвіцамі на эмпоры ў бакавых нефах. Пасля пажару ў сярэдзіне XVII ст. касцёл адноўлены архітэктарам О. Крыгерам.

Каля 1705 г. па ініцыятыве Караля Станіслава Радзівіла распачаліся рамонтныя работы і рэканструкцыя касцёла, якія доўжыліся амаль паўстагоддзя і завяршыліся пры Міхале Казіміры Радзівіле Рыбаньке. У выніку будаўнічых работ былі ліквідаваны эмпоры над нефамі і круглыя вежы з лесвіцамі, таксама знесены вежачкі над скарбцам і сакрысціяй, зменена форма і размяшчэнне некаторых акон. Іншую форму атрымаў ліхтар над купалам. Унутры касцёла былі ліквідаваны імпосты ў аркадах паміж нефамі, іншае афармленне атрымалі гатычныя пілястры галоўнага нефа.

У 1773 г. са скасаваннем ордэна езуітаў і закрыццём калегіума, касцёл стаў фарным. Храм быў пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адноўлены ў 1944 г.

Змест

[правіць] Архітэктура

Галоўны фасад двух’ярусны, расчлянёны па вертыкалі пілястрамі, па гарызанталі – развітым антаблементам. Першы ярус, які займае шырыню трох нефаў, падзелены пілястрамі на пяць частак, бакавыя з якіх вылучаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі. Уваходны партал завершаны лучковым франтонам. Другі ярус займае шырыню цэнтральнага нефа, расчлянёны пілястрамі на тры часткі, завершаны трохвугольным франтонам з люкарнай. Абодва ярусы кампазіцыйна аб’яднаны ўвагнутымі бакавымі прыбудовамі, упрыгожаны чатырохарачнымі экседрамі са скульптурнымі выявамі Святых Мікалая, Крыштофа, Ігнація Лаёлы, Францішка Ксаверыя. На васьмігранным светлавым барабане ўзвышаецца гранёны купал, завершаны ліхтаром з фігурным шлемам. На фасадзе храма знаходзіцца надпіс на лацінскай мове: «Пакланіся святому храму твайму ў страху сваім».

Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя нефы – крыжовымі. Прэсбітэрый аддзелены ад нефа драўлянай разной агароджай. У залу адкрыты бакавыя капліцы Св. Андрэя і Св. Пятра.

Інтэр’ер храма багата дэкарыраваны роспісам у тэхніцы грызайль. Фрэскі зроблены ў 17501760-я гг. з удзелам мастака К.Д. Гескага. Фрэскавы цыкл складаецца з 40 асобных кампазіцый з адлюстраваннем сцэн алегарычнага сэнсу, выявамі святых і дэкаратыўна-арнаментальных кампазіцый. У кампазіцыю фрэсак устаўлены картушы з вершаванымі строфамі і спасылкамі на Біблію. У 19001902 гг. фрэскі на скляпеннях, у вежы і купале былі адрэстаўрыраваны жывапісцам Францішкам Бруздовічам, а таксама зроблены новыя роспісы.

Галоўны алтар зроблены па праекце Маўрыцыо Педэці, упрыгожаны карцінай К.Д. Гескага «Тайная вячэра» (1753 г.). У пачатку 1990-х гг. карціна галоўнага алтара была рэстаўрыравана. У крылах трансепта размешчаны мармуровыя алтары Святога Крыжа і Дзевы Марыі. У розныя часы фундаваліся шматлікія меншыя алтары: Святых Ігнація Лаёлы, Францішка Ксаверыя, Станіслава Косткі, Барбары, Кацярыны, Фларыяна, Роха, Себасцьяна і інш. Над афармленнем інтэр’ера ў 17401750-я гг. працавалі сталяры Міхаіл Шыманоўскі і Ян Лежбах, мастакі Ян Санові і Ян Гюндэльфінгер.

Выгляд касцёла езуітаў ў Нясвіжы ў XIX стагоддзі. Казімеж Пястушкевіч

Над уваходам – хоры з арганам. Першы арган быў пастаўлены ў 16111615 гг. на сродкі мясцовага шляхціца Андрэя Скарульскага. Парапет хораў аздоблены фрэскавымі роспісамі з выявамі музычных інструментаў ракайльным картушам па цэнтры. Злева ад галоўнага алтара ўстаноўлены дзве мемарыяльныя дошкі-надмагіллі ў стылі рэнесансу ў памяць аб сынах фундатара касцёла князя М.К. Радзівіла Сіроткі, паміж якімі знаходзіцца яго барэльеф у адзенні пілігрыма. Над барэльефам – лацінская сентэнцыя «Перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі пілігрым-вандроўнік». На адной з пліт рэалістычная выява дзіцяці Радзівіла, якое пражыло толькі два гады (1586–1588). У 1912 г. у касцёле ўстаноўлена мемарыяльная дошка польскаму і беларускаму паэту У. Сыракомлю. Ён вучыўся і працаваў у Нясвіжы. Помнік паэту быў створаны да 40-годдзя з дня яго смерці. Радзівілаўскі катафалк быў выкананы М. Педэці. Яшчэ адзін надмагільны помнік – выява жанчыны, верагодна, Канстанцыі Радзівіл, якая сядзіць у трауры на ружовай труне.

У падлозе прэсбітэрыя – уваход у фамільную крыпту-пахавальню Радзівілаў. У крыпце на сённяшні дзень знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця, 70 саркафагаў, адзін з іх – рытуальны, адна канопа і адна урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 г. Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода.

[правіць] Калегіум езуітаў

Касцёл пабудаваны ў ансамблі з вежай і калегіумам іезуітаў, які, на жаль, не захаваўся.

[правіць] Капліца Булгарына

У 1747 г. у двары касцёла асобна пастаўлена капліца Булгарына, вырашаная архітэктарам М. Педэці квадратным у плане аб’ёмам пад шатровым дахам.

[правіць] Спасылкі

Commons
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах