З пляцоўкі Вікіпедыя.
Партулак, або Дандур (лац.: Portuláca) — род раслін сямейства партулакавыя (лац.: Portulacaceae). Існуе больш за 100 (па іншых звестках, каля 200) відаў.
Сучасная навуковая назва расліны дадзена з-за спосабу раскрыцця насеннай каробачкі, паходзіць ад лац.: portula — веснічкі.
Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных паясах. На Беларусі ў дзікай прыродзе сустракаецца партулак агародны (лац.: Portulaca oleracea) — амаль касмапалітнае пустазелле. Трапляецца на палях, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі інтрадукаваны партулак буйнакветны (лац.: Portulaca grandiflora).
Адна- ці шматгадовая мясістая травяністая расліна сямейства партулакавыя, вышынёй 10-30 см. Корань верацянопадобны, галінасты. Сцябло сакавітае, дудчатае, разгалінаванае. Лісцінкі зялёныя, сакавітыя, авальныя, нагадваюць пляскатыя яйкі, чаргаваныя, сядзячыя. Квітнее з чэрвеня па верасень. Кветкі пераважна дробныя, адзіночныя або ў пазушных пучках, двухполыя, белыя, жоўтыя, часам цёмна-карычневыя, размешчаны па дзве-тры ля разгалінавання сцябла. Плод — каробачка.
Аднагадовы партулак агародны ўжываецца ў ежу як салата.
Харчовая, лекавая і дэкаратыўная расліна.
Зноскі
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 560 с.: іл.