Імбір

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Імбір
Zingiber zerumbet
Zingiber zerumbet
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Zingiber Mill. (1754), nom. cons.

Сінонімы
Тыпавы від
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   42400
NCBI   4650
EOL   29233
GRIN   g:13047
IPNI   327297-2

Імбір (Zingiber) — род кветкавых раслін сямейства імбірныя (Zingiberaceae). Існуе каля 90 відаў. Найбольш вядомы Імбір звычайны (Zingiber officinalis).[4]

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што навуковая назва паходзіць ад singabera, што ў перакладзе з санскрыту азначае «рагаты корань».

Арэал[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіць імбір з краін Паўднёвай Азіі. На дадзены момант вырошчваецца ў Кітаі, у Індыі, у Інданезіі, у Аўстраліі, у Заходняй Афрыцы, на Ямайцы, на Барбадасе.

У Сярэднявеччы быў завезены ў Еўропу, дзе выкарыстоўваўся ў якасці прыправы і лекаў. У прыватнасці, імбір лічыўся адным з асноўных сродкаў для прафілактыкі чумы. Купцы расказвалі, што імбір расце на краю святла ў краіне трагладзітаў, якія шчыра яго пільнуюць, чым яшчэ больш падымалі і без таго немалы кошт на цудадзейны корань.

Малады імбірны парастак
Імбір. Батанічны малюнак з кнігі «Köhler's Medizinal-Pflanzen», 1887. Добра відаць тоўстае карэнішча (гарызантальна) з яго зялёнымі надземнымі парасткамі і тонкімі дадатковымі каранямі

У пачатку XVI стагоддзя адным з першых быў завезены ў Амерыку і хутка там распаўсюдзіўся.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Імбір — шматгадовая травяністая трапічная расліна вышынёй да 1 м. Падземная частка прадстаўлена махрыстымі каранямі і гарызантальна размешчанымі клубнепадобна-рассечанымі карэнішчамі. Звычайна яны цёмна-жоўтага або белага колеру. На карэнішчах фарміруюцца лускаватыя лісцінкі, у пазухах якіх закладваюцца пупышкі. Лісце ланцэтнае, суцэльнакрайняе, з лісцевай пласцінкай даўжынёй да 15 см. Іх похвіны ўваходзяць адна ў адну.

Кветкі размяшчаюцца на кароткіх (20-25 см) кветканосах, якія ўтвараюцца таксама з пазушных прыкаранёвых лісцінак. Яны сабраныя ў цыліндрычныя суквецці даўжынёй да 6,5 см. Кветкі з фіялетава-бурым або жоўтым венчыкам, падзеленым на тры часткі, размяшчаюцца ў пазухах прыкветкаў. Чашалісцінкі сабраны ў трубку. У кветцы адна фертыльная тычка, астатнія бясплодныя. Цэнтральная бясплодная тычка падобная да пялёстку і ўтварае губу кветкі. Песцік праходзіць паміж двума пылавікамі фертыльнай тычкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне чорнага колеру, дробныя, вуглаватыя.[5]

Карэнішча[правіць | правіць зыходнік]

У гандлі спецыямі імбірам называюць высушаныя і апрацаваныя адпаведным чынам карэнішчы. Іх выкарыстоўваюць у дробна нарэзаным і размолатым выглядзе.

Сухія карэнішчы ўтрымліваюць да 2-3 % эфірнага алею, галоўнай складовай часткай якога з'яўляецца цынгіберэн (да 70 %), які надае прадукту характэрны водар. Акрамя яго ў алеі ўтрымліваюцца цынгіберол, камфен, цынеол, цытрал і шэраг іншых злучэнняў. Клубні і прадукцыя з іх маюць рэзкі, востры смак, абумоўлены рознымі смоламі (гінгерол, цынгерол, шагаол і інш.). Сукупнасць усіх гэтых смол называюць алеагумінам.

У складзе карэнішчаў:

-азотазмяшчальныя рэчывы — 7 %,
-тлустыя алеі — 3,7 %,
-вугляводаў — 51,5 %,
-безазоцістыя экстрактыўныя рэчывы — 14,1 %,
-вільготная клятчатка — 4,4 %,
-прысак — 4,8 %.

Размнажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Размнажэнне — вегетатыўнае. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць дробныя клубні або часткі буйных карэнішчаў. У залежнасці ад умоў глебы іх высаджваюць па схеме 40 х 40 або 60 х 35 см. У некаторых выпадках яе павялічваюць да 100х100 см. На 1 га — ад 10 да 60 тысяч раслін. Дагляданне за плантацыямі — рыхленне глебы і выдаленні пустазелля.

Гатоўнасць да ўборкі імбіру супадае з высыханнем лісця і сцёблаў або з заканчэннем цвіцення. Карэнішчы перабіраюць ўручную. Іх падкопваюць рыдлёўкамі, выцягваюць з глебы і чысцяць ад зямлі, карэньчыкаў і сцёблаў.

Ураджайнасць сухіх карэнішчаў у сярэднім — 4 т/га. Пры спрыяльных умовах іх збор можа павялічыцца да 9-11 т/га.[6]

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

Часцей за ўсё імбір сустракаецца ў молатам выглядзе. Молатая вострая прыправа ўяўляе сабой шаравата-жоўты сопкі парашок.

У кулінарыі[правіць | правіць зыходнік]

Імбір часта ўжываецца ў еўрапейскай кухні. Яго дадаюць у збіцень, квас, наліўкі, настойкі, брагу, мёд, а таксама пернікі, кулічы, здобныя булачкі.

Прыхільнасць дадаваць імбір ў кандытарскія вырабы, салодкія стравы і напоі інтэрнацыянальна. Лядзяшы, варэнне, печыва, кексы, бісквіты, узвары, пудынгі, піва, лікёры многіх кухонных традыцый свету ўтрымліваюць імбір.

У краінах Азіі імбір выкарыстоўваюць у прэсервах з мяса і птушкі, ён уваходзіць у склад вядомай прыправы кары, яго нават дадаюць у некаторыя гатункі гарбаты.

Марынаваны імбір — гары. Выкарыстоўваюць як заправу да сушы.

Імбір ўжываюць і як самастойны прадукт. У Паўднёва-Усходняй Азіі свежы імбір зацукроўваюць і робяць з яго варэнне, у Кітаі, Індакітаі, Бірме і ў Англіі ў склад варэння з імбіру дадаюць памяранцавую лупінку — варэнне вядома пад назвай Чоу-Чоу.

Молаты імбір ў Індыі дадаюць у муку і выпускаюць 4 гатункі імбірнай мукі з розным працэнтным утрыманнем імбіру.

У Англіі, Аўстраліі і ў ЗША з імбіру робяць імбірнае піва (англ.: Ginger Beer), і таксама мяккія неспіртныя ахаладжальныя напоі, напрыклад імбірны эль.

Выкарыстанне імбіру ў падліўках да мяса, агароднінных і фруктовых марынадах уласціва для еўрапейскай і амерыканскай кухняў. У краінах Азіі імбір выкарыстоўваецца непасрэдна пры тушэнні мяса і хатняй птушкі. На мяса імбір аказвае не толькі араматычнае дзеянне, але і робіць яго больш мяккім.

У розныя стравы імбір дадаюць у розны час:

  • у цеста — падчас замесу, альбо пры завяршэнні яго
  • пры тушэнні мяса — за 20 хвілін да гатоўнасці
  • ва ўзвары, кісялі, мусы, пудынгі і іншыя салодкія стравы — за 2-5 хвілін да гатоўнасці
  • у соусы — пасля заканчэння тэрмічнай апрацоўкі.

Нормы закладкі імбіру адносна высокія — да 1 грама на 1 кілаграм цеста або мяса.[7]

Імбірная гарбата[правіць | правіць зыходнік]

Імбірная гарбата з'яўляецца напоем ў многіх краінах, зробленым з кораня імбіру. У Кітаі гарбата вырабляецца шляхам кіпячэння ачышчанага і нарэзанага імбіру разам з карычневым цукрам. Нарэзаны апельсін або лімон таксама могуць быць дададзены, каб даць смак, і такая гарбата можа спажывацца гарачай або халоднай. У карэйскай кухні, імбірную гарбату называюць saenggang cha (생강차). Яна можа быць прыгатавана шляхам кіпячэння імбіру або шляхам змешвання гарачай вады і падсалоджанага кансерваванага імбіру. Для апошняга, нарэзаны корань імбіру захоўваецца з мёдам на працягу некалькіх тыдняў, як варэнне.[8] У японскай кухні імбірная гарбата называецца shōgayu (生姜湯).[9] У філіпінскай кухні яна называецца salabat і ўжываецца ў адносна халодны месяц снежань. Імбір надае гарбаце пікантны водар.[10]

У медыцыне[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці імбір лічылі прафілактычным сродкам ад чумы. Эксперыментальныя даследаванні паказалі, што імбір стымулюе ўтварэнне страўнікавага соку, паляпшае страваванне. У цяперашні час імбір ўжываюць пры разладзе стрававання з млоснасцю і ванітамі, пры метэарызме, хранічным энтэрыце, як сродак, які павышае апетыт, паляпшае вылучэнне ўрыны пры яе затрымцы, пры ацёках, рэўматызме і для паласкання горла пры ангіне.

У народнай медыцыне краін Усходняй Азіі перамолатыя карэнішчы ўжывалі пры галаўных болях неўралгічнага і спастычнага характару, бранхіяльнай астме, як супрацьтрыхаматозны сродак. У парфумерыі выкарыстоўваецца для кампазіцый ўсходняга тыпу. [11]

Карэнішча імбіру (лац.: Rhizoma Zingiberis) паступае ў продаж у аптэкі ў ачышчаным або неачышчаным ад коркі выглядзе. Утрымоўвае эфірны алей, галоўнай складовай часткай якога з'яўляюцца сэсквітэрпэны — цынгіберэны; пякучы смак абумоўлены смалістымі рэчывамі — гінгероламі.

Настойка імбіру ўваходзіць у склад страўнікавых і апетытных кропель, танізуючых сродкаў.[12]

Зноскі

  1. Выкарыстоўваецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. NCU-3e. Names in current use for extant plant genera. Electronic version 1.0. Entry for Zingiber Boehm.(англ.) (Праверана 27 жніўня 2012)
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — 608 с.: іл.
  5. Мир культурных растений. Справочник / В. Д. Баранов, Г. В. Устименко. — М.: Мысль, 1994. — 381 с.: ил.
  6. Мир культурных растений. Справочник / В. Д. Баранов, Г. В. Устименко. — М.: Мысль, 1994. — 381 с.: ил.
  7. Похлебкин В. В. Все о прянностях. Виды, свойства, применение. — М.: «Пищевая промышленность», 1975 г. — с.44
  8. 생강차 ginger tea 生薑茶 (Korean). Doosan Encyclopedia. Праверана 23 кастрычніка 2009.
  9. Japanese Cold Remedies. Japanesefood.about.com (9 April 2012). Праверана 25 красавіка 2012.
  10. Plain Ginger Tea. Buzzle.com. Праверана 25 красавіка 2012.
  11. Пряно-ароматические и пряно-вкусовые растения: Справочник / Л. Г. Дудченко, А. С. Козьяков, В. В. Кривенко. — К.: Наук. думка, 1989. — С.93-94
  12. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь: Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — М.: Высш. шк., 1990. — С. 191. — ISBN 5-06-000085-0