Рака Заходняя Дзвіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Заходняя Дзвіна
Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам
Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам
Выток воз. Каракіна
Вусце Рыжскі заліў
Даўжыня 1020 км
Расход вады 666 м³/с
Вадазбор 87,9 км²
Краіна Беларусь, Латвія, Расія
Месцазнаходжанне Дзвіны
Месцазнаходжанне Дзвіны
Commons
У ВікіСховішчы ёсць выявы з тэмай:
Заходняя Дзвіна

Заходняя Дзвіна, або Дзвіна (руск.: Западная Двина, лат.: Daugava) — рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі, адна з буйнейшых рэк Беларусі.

Даўжыня ракі 1020 км, у межах Беларусі 335 км[1]. Плошча вадазбору 87,9 тыс. км², у межах Беларусі 33,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 666 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 .

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Усвяча, Валынка, Шэвінка, Обаль, Палата, Дрыса, Сар'янка.

Злева: Каспля, Лучоса, Крывінка, Ула, Тураўлянка, Ушача, Дзісна, Друйка, Каменка.

На рацэ[правіць | правіць зыходнік]

Гарады: Андрэапаль, Заходняя Дзвіна, Віцебск (порт), Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск, Даўгаўпілс, Рыга.

Гарадскія пасёлкі: Сураж, Руба, Бешанковічы.

Пасёлкі: Ула.

ГЭС: Кегумская, Плявіньская, Рыжская.

Агульнае[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна (Цвярская вобл.) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — па Полацкай нізіне.

Жыўленне ракі мяшанае (пераважна снегавое з вялікай доляй грунтавога). Асаблівасць рэжыму — высокае веснавое разводдзе, нізкая летне-асенняя межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 56 % , летне-асеннюю межань 33 % , зімовую — 11 % гадавога сцёку. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4,4—9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-асенняя межань (доўжыцца 4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70—80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50—78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4—10 сутак. Найбольшы расход вады каля Віцебска 3320 м³/с (1991), Полацка 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (1938—39). Гадавы сцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу года (за выключэннем перыядаў веснавога разводдзя і летне-асенніх паводак) гідракарбанатна-кальцыевага класа з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам.

Даліна трапецападобнай формы, каля гарадскога пасёлка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3—4 км, паблізу ўпадзення Улы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10—15 км. Глыбіня ўрэза зменьваецца ад 20—30 м да 40—50 м. У будове даліны часцей за ўсё вылучаецца пойма і 2 (некаторыя даследчыкі адзначаюць 3—4) надпоймавыя тэрасы. Пойма ў межах Суражскай нізіны вузкая — да 60 см. Адрозніваюць 2 узроўні: нізкі (1,5—2 м над летнім урэзам ракі, заліваецца ў разводдзе кожны год) і высокі (4—5 м, заліваецца толькі пасля мнагаснежных зім). Аналагічная будова захоўваецца да Віцебска, прычым шырыня нізкай поймы 40—50 м, а высскай не перавышае 15—20 м. Каля г.п. Руба пойма звужаецца да 10—20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з дзвюма ўзроўнямі: ніжняя (2,5—3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5—10 м і верхняя (5—5,5 м) 15—20 м. Толькі на асобных участках пойма пашыраецца да 300—500 м (зрэдку да 3 км).

Рэчышча звілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусця р. Ула 60— 120 м, зрэдку да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100—140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх даламітаў: парожыстыя ўчасткі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Заходняй Дзвіны каля г. Дзісна, а таксама каля г. Верхнядзвінск. Дно пясчана-камяністае і пясчанае або пясчана-галечнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясчаныя, радзей — пясчана-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Іхтыяфаўна[правіць | правіць зыходнік]

Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась звычайны, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, стронга ручаёвая, галавень.

Суднаходства[правіць | правіць зыходнік]

Са старажытных часоў Заходняя Дзвіна — важны гандлёвы шлях, у 9—11 ст. па ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаванняў шляху з варагаў у грэкі. Рака злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з Дняпром.

Рака прыдатна для суднаходства ад Веліжа (Расія) да Верхнядзвінска, у ніжнім цячэнні (у межах Латвіі) — на асобных участках.

Рэгулярнае пасажырскае суднаходства на Дзвіне пачалося з 1892 г., калі ў гэтых мясцінах з'явіліся параходныя кампаніі. Параходы «Атлет», «Борец», «Гигант», «Силач» бралі на борт не больш за 20 пасажыраў і развозілі іх паміж Веліжам і Бешанковічамі.

Падчас Грамадзянскай вайны на Дзвіне дзейнічала Заходнядзвінская ваенная флатылія, якая была сфарміравана ў 1919 г. з 21 баявога карабля. База флатыліі размяшчалася ў Віцебску[2].

У наш час Дзвіна як транспартная артэрыя амаль не выкарыстоўваецца.

Экалагічныя мерапрыемствы[правіць | правіць зыходнік]

Для памяншэння забруджвання Заходняй Дзвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаванні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. У 1990 г. ў Наваполацку здарылася аварыя, якая аказала адмоўны ўплыў на іхтыяфауну да самага вусця ракі, падобная аварыя адбылася і ў 2007 годзе.

Зноскі

  1. Турецкий С. Беларусь. По Западной Двине и ее притокам//Путеводитель туриста-водника. — Мн.: Белкартография, 2010. С. 8.
  2. Турецкий С. Беларусь. По Западной Двине и ее притокам//Путеводитель туриста-водника. — Мн.: Белкартография, 2010. С. 8.

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. –Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.

Шаблон:Населеныя пункты на Заходняй Дзвіне Шаблон:Рэкі Латвіі