Тонга (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Магчыма, вы шукалі танганцы або тсонга
Тонга
(Batonga)
Ахвярапрынашэнне каровы
Агульная колькасць 2 872 000 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання  Замбія — 182 000
 Зімбабвэ — 2 331 000
 Малаві — 359 000
Мова мовы тонга
Рэлігія монатэізм, культ продкаў, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы макондэ, яа, чэва, тумбука

Тонга (саманазва Batonga) — афрыканскі народ. Падзяляецца на 2 асноўныя групы, якія размаўляюць на розных мовах: тонга Замбезі ў Замбіі і Зімбабвэ і тонга Ньяса ў Малаві. Агульная колькасць (2019 г.) - 2 872 000 чалавек[1][2].

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тонга Замбезі лічаць сваім продкам старажытны народ мбара, які з’явіўся з поўначы. Тонга Ньяса таксама сцвярджаюць сваё паўночнае паходжанне. Сучасныя гісторыкі атаясняюць мбара са стваральнікамі археалагічнай культуры канца 1 тысячагоддзя, якая ахоплівала значны рэгіён уздоўж ракі Замбезі і яе прытокаў да паўднёвых Вялікіх Афрыканскіх азёр. Носьбіты гэтай культуры з’яўляліся аднымі з найбольш старажытных банту, якія мігрыравалі на поўдзень Афрыкі. Яны ўмелі здабываць і апрацоўваць жалеза, займацца земляробствам, вырабляць кераміку. Сувязь мбара з тонга прасочваецца дзякуючы падабенству керамікі.

З XIV ст. пачаліся новыя хвалі міграцыі банту праз заходнія і паўднёвыя раёны паўднёвай часткі Афрыканскага кантынента. Яны завершыліся толькі ў XIX ст. з уварваннем нгоні. Адзіны масіў культуры мбара быў разарваны. Тонга Замбезі захавалі старажытную мову, якая набліжае іх да малых народаў Капрыві. Тонга Ньяса перайшлі на мову новых мігрантаў. У англамоўнай гістарыяграфіі шырока распаўсюджана версія пра тое, што тонга Ньяса самі з’яўляюцца нашчадкамі мігрантаў XVIII ст. Яна цалкам супярэчыць міфалогічнай традыцыі. Тым не меней, у нашы дні 2 галіны нашчадкаў мбара можна лічыць самастойнымі народамі.

Тонга доўгі час захоўвалі незалежнасць. Іх назва часцяком тлумачыцца як «вольныя людзі». Аднак у другой палове XIX ст. тонга Ньяса былі падначалены нгоні. У 1875 г. яны арганізавалі паўстанне і дасягнулі вызвалення. Барацьба супраць нгоні і макалола была важнай часткай гісторыі тонга Замбезі. У канцы XIX - пачатку XX ст. усе землі тонга трапілі ў склад брытанскіх каланіяльных валоданняў. З 1881 г. на тэрыторыі тонга Ньяса была адчынена шатландская хрысціянская місія, дзе мелася школа. Многія з яе выпускнікоў сталі місіянерамі або дзяржаўнымі чыноўнікамі.

У другой палове XX ст. землі тонга былі ўключаны ў склад незалежных дзяржаў Замбія, Зімбабвэ і Малаві. Будаўніцтва на Замбезі плаціны прывяло да затаплення часткі зямель, перасялення насельніцтва і ў выніку адасаблення тонга Зімбабвэ і Замбіі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі ўсіх груп тонга з’яўляюцца земляробства і рыбалоўства. Земляробства лічыцца жаночым заняткам. У мінулым глеба апрацоўвалася ўручную матыкай. У нашы дні выкарыстоўваюць плуг і іншыя прылады. Ворныя землі належаць непасрэдна жанчыне, якая яе апрацоўвае, і перадаецца ў спадчыну па жаночай лініі. Часам сям’я можа жыць у адной вёсцы, а яе надзел знаходзіцца ў іншай. Неапрацаваныя землі належаць абшчыне і звычайна перадаюцца тым чальцам, якія жадаюць яе апрацоўваць. Традыцыйна зямля лічыцца апрацаванай, калі вызвалена ад хмызняка. У наш час гэта прыводзіць да таго, што некаторыя сем'і захопліваюць надзелы для далейшага продажу, высякаюць хмызняк, але далей не апрацоўваюць, у той час як іншыя пакутваюць ад нястачы ворыва. Тонга вырошчваюць для спажывання клубневыя культуры, гародніну, кукурузу.

Рыбалоўства — мужчынскі занятак. Рыбу ловяць як для спажывання, так і на продаж. Мужчыны-сваякі часам аб’ядноўваюцца для будаўніцтва або куплі лодкі, якую выкарыстоўваюць супольна або паасобку. Прылады для рыбалоўства перадаюцца па мужчынскай лініі. Тэрыторыі тонга Замбезі знакаміты шырокімі пашамі, таму яны абавязкова трымаюць кароў. Свежае ці кіслае малако — важны харчовы прадукт, з якога робяць салодкую кашу мабісі. Каровы з’яўляюцца мужчынскай маёмасцю. Тонга Ньяса часцей трымаюць свойскую птушку. Паляванне — дадатковы мужчынскі занятак, у наш час моцна абмежаваны законамі аб захаванні дзікай прыроды. Многія мужчыны-тонга працуюць на камерцыйных плантацыях, у гарадах або нават у іншых краінах.

Тонга славутыя сваімі рамёствамі, асабліва вырабам керамікі і плеценых кошыкаў і цыновак. Рамяством займаюцца як мужчыны, так і жанчыны. Часцяком яно ператвараецца ў занятак пераважна старых людзей.

Вёскі тонга ўключаюць некалькі дворагаспадарак у форме крааля, якія складаюцца з некалькіх хацін. Адна з іх мфара з’яўляецца мужчынскай. У ёй захоўваюць прылады працы. У XIX ст. былі вядомы вялікія ўмацаваныя паселішчы.

У мінулым жанчыны апраналі спадніцы таовала, плеценыя з трыснягу або драўнянай кары, упрыгожваліся бісерам, малявалі на скуры охрай. Верхняя частка цела заставалася голай. Традыцыйная мужчынская вопратка не захавалася.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Тонга вядуць адлік сваяцтва адначасова па маці і бацьку. Тонга Замбезі называюць роды па жаночай лініі мікоква або куманьінья, а тонга Ньясакучыказі. У тонга Замбезі захаваліся для іх асобныя татэмныя назвы. Сваяцтва па маці лічыцца асабліва блізкім. Па жаночай лініі перадаецца большая частка спадчыны. Адначасова існуюць роды па мужчынскай лініі: кумаусі ў тонга Замбезі і кучырумі ў тонга Ньяса.

Сем'і вялікія пашыраныя, уключаюць некалькі пакаленняў блізкіх сваякоў. На чале сям'і заўсёды стаіць старэйшы мужчына. Дзядулі і бабулі актыўна ўдзельнічаюць у выхаванні ўнукаў. У мінулым існавала практыка дзіцячых шлюбаў. Бацькі дамаўляліся аб аб’яднанні дзяцей, калі тыя былі яшчэ малымі. Дзеці працягвалі жыць з роднымі бацькамі да паўналецця, пасля чаго хлопчыкі-жаніхі пераходзілі на некалькі гадоў у сям'ю нявесты, каб адпрацаваць выкуп. У тонга Замбезі ў якасці выкупа маглі выкарыстоўвацца каровы. У тонга Ньяса адпрацоўкі за нявесту сустракаюцца і ў нашы дні. Выкуп перадаюць блізкія сваякі, звычайна дзядзькі па матчынай лініі. Пасля вяселля маладая сям'я пераязджае ў вёску бацькі жаніха. Тонга шырока практыкуюць палігінію.

Жыхары адной вёскі складаюць суседскую абшчыну, якая мае ўнутранае самакіраванне на чале старасты. У тонга, што насяляюць балоты Кафуэ, у каланіяльны перыяд узнік інстытут спадчынных правадыроў уланьяка. Яны разглядаюцца як уладары зямлі, таму атрымоўваюць частку прадуктаў палявання або фармальныя падарункі. Ім падпарадкоўваюцца не толькі тонга, але і суседзі-тва. Важную ролю ў захаванні супольнай тоеснасці адыгрываюць сумесныя абшчынныя і родавыя святы.

У мінулым практыкавалася рабства. Нашчадкі рабоў не ўваходзяць у склад жаночых родаў і разглядаюцца астатнімі тонга як людзі з нізкім сацыяльным статусам.

Фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Тонга славяцца сваёй музычнай культурай. Песні і танцы суправаджаюць усе іх святы. У Замбіі ў пачатку ліпеня арганізуецца свята ўраджаю лвіінды, вядомы сучасны музычны фестываль Чыкуні. У Малаві існуюць танцавальныя мужчынскія і жаночыя калектывы бома, а таксама танцавальныя спаборніцтвы малепенга. Распаўсюджаны музычны інструментбарабан.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Тонга Замбезі размаўляюць на мове чытонга, што належыць да групы бататвэ падсям'і банту. Да моў гэтай групы таксама належаць некалькі малых моў, распаўсюджаных у Зімбабвэ, Замбіі і Намібіі. Чытонга — танальная мова. Падзяляецца на некалькі дыялектаў. Найбуйнейшыя дыялекты — раўнінны і чытонга плато. Выкарыстоўваецца ў пачатковай школьнай адукацыі, на радыё.

Тонга Ньяса таксама называюць сваю мову чытонга, аднак яна належыць да групы руфіджы-рувума падсям'і банту, блізкая да моў яа, макондэ і нгоні. У адрозненні ад мовы тонга Замбезі чытонга Ньяса радзей выкарыстоўваецца па-за межамі вёсак саміх носьбітаў. Многія тонга Ньяса адначасова размаўляюць на іншых мовах Малаві.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія тонга заснавана на веры ў вярхоўнага бога або вышэйшую сілу, якую група Замбезі называе Леза, а група НьясаЧыута, а таксама ў духаў продкаў (мізіму або мзіму), што ахоўваюць жывых людзей. Тонга Замбезі вераць у духа гэтай ракі Ньямі-Ньямі з целам змяі і галавой рыбіны. Шырока практыкуецца магія. З канца XIX ст. дзякуючы місіянерскай дзейнасці распаўсюджваецца пратэстантызм. Да пратэстантаў належыць большасць тонга Ньяса.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]