Танганцы

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Танганцы
(kakai'tonga)
Kiekie4.jpg
Агульная колькасць 230 000 чал.
Рэгіёны пражывання Тонга
Мова танганская
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы увеа, тувалу, маары астравоў Кука, такелау

Танга́нцы (танг. kakai'tonga) - карэнныя насельнікі Тонга. Складаюць асноўнае насельніцтва гэтай краіны (120898 чал. у 2009 г.). У выніку сталай эміграцыі значная частка танганцаў жыве у іншых краінах - Аўстраліі, Новай Зеландыі, ЗША і г. д. Так, у 2001 г. толькі у Новай Зеландыі пражывала і працавала 40700 танганцаў [1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Па дадзеных археалогіі, носьбіты керамікі Лапіта мігравалі на Тонга 3180 ± 100 гадоў таму з Меланезіі. Усяго знойдзена каля 30 іх стаянак. Такім чынам, гэты архіпелаг стаў першым у Палінезіі, населеным продкамі палінезійцаў. Адсюль яны пачалі засяляць іншыя астравы рыгіёна. Самі танганцы не маюць ніякіх міфаў аб перасяленні з прарадзімы і апавядаюць, што іх астравы былі вывуджаныя з акіяна Маўі.

Перасяленцы з Меланезіі ўжо былі прыстасаваны да жыцця на астравах, займаліся земляробствам, мелі свойскіх жывёлін. Аднак першыя некалькі стагоддзяў на Тонга аснову іх жыццязабеспячэння складалі лоў рыбы і паляванне на птушак і марскіх жывёлін, пакуль яны не знішчылі значную частку мясцовай фаўны, у тым ліку вялізарных старажытных птушак-мегаподаў і гіганцкіх ігуан.

У V - IV ст. да н. э. продкі танганцаў страцілі ўменне вырабляць кераміку і займацца ткацтвам. Некаторыя вучоныя звязваюць гэта з далейшым прыстасаваннем да ўмоў Тонга, але тое ж самае прыкладна ў той жа час адбылося і ў больш старажытных рэгіёнах Акіяніі, населеных носьбітамі Лапіта.

Ранняя гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ранняя гісторыя танганцаў вядома амаль выключна з міфаў і легенд. Прыкладна ў 950 г. астравы Тонга былі аб'яднаны правадырамі Ту'і Тонга, якія вялі сваё паходжанне непасрэдна ад бога Тангароа. У XI - XV стст. яны таксама падпарадкавалі частку Самоа, Фіджы, Ніўэ і іншых астравоў. Тубыльцы заваяваных зямель выплочвалі танганцам даніну інасі. Любыя спробы вызваліцца жорстка душыліся ваеннай сілай. Поспеху экспансіі Ту'і Тонга садзейнічала будаўніцтва вялізарнага флота. Так, легендарнае танганскае судна калія перавозіла да 100 воінаў адначасова.

Аднак ваенныя няўдачы і інтрыгі прывялі да паступовай страты ўлады Ту'і Тонга і разбурэнню іх марской імперыі. У 1465 г. рэчаісную ўладу захапілі прадстаўнікі адгалінаванай дынастыі Ту'і Хаа Така-лаўа, пры якіх Ту'і Тонга адыгрывалі выключна цырыманіяльную ролю. Каля 1620 г. ўсталявалася яшчэ адна адгалінаваная дынастыя Ту'і-канакуполу, прадстаўнікі якой і зараз кіруюць дзяржавай.

Каралеўства Тонга[правіць | правіць зыходнік]

У XVII ст. астравы Тонга былі адкрыты галандцамі. Да кан. XVIII ст. уплыў еўрапейцаў на мясцовае жыццё быў нязначны. Сітуацыя змянілася пасля таго, як у 1773 г., 1774 г., 1777 г. астравы наведаў Джэймс Кук. У 1797 г. з Вялікабрытаніі прыбылі першыя хрысціянскія місіянеры.

У 1799 г. на Тонга ўспыхнула грамадзянская вайна. Маленькая краіна фактычна апынулася на доўгі час расколатай. Яна была зноў аб'яднаная Ту'і-канакуполу, які пасля прыняцця хрысціянства стаў вядомы як Георг (або Джордж) Тупоў I (1845 - 1893 гг.). У 1865 г. памёр апошні Ту'і Тонга, што дазволіла Георгу Тупоў I у 1875 г. афіцыйна абвясціць сябе каралём. Ён распачаў шэраг рэформ - прыняў пісьмовыя законы ваваў, Канстытуцыю, заключыў дагаворы аб міры з Францыяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША, стварыў падначаленую мясцовай манархіі пратэстанцкую царкву і г. д.

Пасля яго смерці ў 1900 - 1970 гг. Тонга знаходзілася пад пратэктаратам Вялікабрытаніі. Аднак брытанцы захавалі каралеўскую ўладу і ўнутранае самакіраванне.

Каралева Салотэ Тупоу III (1918 - 1965 гг.) імкнулася праводзіць абмежаваную мадэрнізацыю краіны. Толькі ў 1927 г. быў прыняты закон аб адукацыі. У 1951 г. жанчыны атрымалі выбарчыя правы. 10 гадоў пасля пачала працу першая мясцовая радыёстанцыя. Танганцы ўдзельнічалі ў II Сусветнай вайне. На Тонга былі размешчаны амерыканскія ваенныя сілы. Аднак ніякіх істотных захадаў для развіцця эканомікі і сацыяльнага дабрабыту астравіцян не прадпрымалася. Падобны палітычны курс захоўваў і наступны манарх Таўфаахау Тупоу IV (1965 - 2006 гг.), пры якім Тонга дасягнула незалежнасці (1970 г.) і ўвайшла ў ААН (1999 г.).

Вынікам такога развіцця (афіцыйная назва анга факатонга, літаральна "танганскі шлях") стала кансервацыя не столькі пабытовага, колькі сацыяльнага ладу жыцця. Ужо ў пасляваенны перыяд многія законы, прынятыя яшчэ Георгам Тупоў I, не працавалі. Так, згодна заканадаўству кожны дарослы мужчына павінен быў атрымаць у карыстанне зямлю. Але з-за высокай нараджальнасці свабодных надзелаў папросту не стала. Закон, які забараняў працаваць у нядзелю, абмяжоўваў прыватных прадпрымальнікаў. Багацце, як і раней, шчодра размяркоўвалася паміж сем'ямі, блізкімі да каралеўскай улады. Урад Тонга стымулявалі эміграцыю замяжу, што ў выніку прывяло да ад'езду найбольш актыўнай і адукаванай моладзі. У 2006 г. у Нукуалофе, сталіцы дзяржавы, адбыліся першыя сур'ёзныя палітычныя пратэсты. З 2008 г. праводзяцца сацыяльныя і палітычныя рэформы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Ваенны танец каілаа
Драўляныя грэбні

Асновай жыццязабеспячэння танганцаў здаўна былі земляробства і лоў рыбы. Жывёлагадоўля (трымалі сабак, свінняў і курэй) адыгрывала значна меншую ролю. Земляробства лічылася мужчынскай справай. Часцей за ўсё ім займаліся малодшыя члены сям'і з нізкім сацыяльным рангам. Зямлю апрацоўвалі завостраным колам. Вырошчвалі тара, гародніну, садавіну. Важнае месца ў забеспячэнні ежай мелі бананы, хлебнае дрэва і какосавая пальма.

Рыбу лавілі крукамі, гарпунамі, рабілі на водмелях загародкі. На поўначы Тонга быў вядомы кітабойны промысел. Жанчыны і дзяўчыны збіралі на ўзбярэжжы дробную рыбу, крабаў, малюскаў, якія заставаліся пасля прыліву. Хлопцы таксама палявалі на птушак і пацукоў.

Танганцы здаўна лічыліся выдатнымі рамеснікамі. Захаваліся рэшткі складаных каменных пабудоў, якія яны ўзводзілі ў сярэднявеччы. Асноўнай прыладай працы была каменная сякера. Звычайна, яна складалася з простай драўлянай дзяржальні і чатырохграннага каменнага клінка. Долаты і свердзелы вырабляліся з асабліва цвёрдых ракавін. Камень і дрэва апрацоўвалі таксама ігламі марскіх яжоў, скатаў, зубамі акул і г. д.

Жанчыны гатавалі ў земляных печах, папярэдне загарнуўшы ежу ў пальмавае лісце. Звычайнымі напоямі былі вада, какосавы сок ("малако") і рытуальны напой кава. Яны ж апрацоўвалі какосавае валакно, плялі з яго тканіну, рабілі цыноўкі. Але лепшыя цыноўкі дастаўляліся з Самоа. На Тонга яны былі звычайнымі і нават памылкова зваліся еўрапейцамі танганскімі.

Адносіны танганцаў з суседзямі, перш за ўсё Фіджы і Самоа, мелі складаны характар. Ужо у перш. пал. II тыс. н. э. танганскія ўладары Ту'і Тонга заваявалі шэраг іншых астравоў Акіяніі і абклалі іх насельнікаў данінай. Гэта стала магчыма дзякуючы выдатнаму рамеснаму майстэрству танганцаў, якія будавалі вялізарныя марскія судны, а таксама развіццю ваеннай справы.

Танганскія воіны карысталіся простымі дзідамі з завостанымі вышчэрбленымі наканечнікамі, прашчамі для кідання камянёў. Лук і стрэлы выкарыстоўвалі толькі пад час палявання на пацукоў. Аднак найбольш эфектыўнай зброяй з'яўляліся драўляныя булавы. Іх выраблялі з маладых дрэў. Тоўстае спляценне каранёў служыла навершам, а з ствала выразалася зручная дзяржальня. На навершы ладзілася вострае лязо. У залежнасці ад сітуацыі, такой булавой можна было біць, калоць і секчы. Існавалі таксама кідальныя булавы. Іх наверша абатыкалі тупымі шыпамі. Дзяржальня пакрывалася дробнай разьбой. Спадарожнікі Кука ўзгадвалі даспехі, якія танганцы рабілі з кітовага вусу.

Даследчыкі заўважаюць значны ўплыў традыцый, якія прынеслі танганцы суседзям. Але адносіны падтрымліваліся не толькі праз вайну, але і праз гандаль. Нават пасля зруйнавання марской імперыі Ту'і Тонга танганцы працягвалі весці цесныя гандлёвыя зносіны з іншымі астравамі Акіяніі. Так, у XVIII ст. яны наведвалі Фіджы, дзе па іх заказу будавалі марскія судны. У чаканні пабудовы (яна цягнулася некалькі месяцаў) гандляры жылі каля паселішчаў мясцовага насельніцтва. З Фіджы вывозіліся сандалавая драўніна і каляровае пер'е птушак, з Самоа - цыноўкі і г. д. У іншыя краіны танганцы везлі на абмен зброю, кітовы вус, тапу. У XVIII - XIX стст. танганскія маладыя воіны наймаліся для службы фіджыйскім правадырам, за што атрымоўвалі ўзнагароды, жанчын, надзелы зямлі. У 1848 - 1874 гг. танганскі правадыр Ма'афу захапіў значную частку Фіджы.

Мужчыны і жанчыны мелі татуіроўку, рабілі ўпрыгожванні з валокан, птушынага пер'я, кветак, кіпцюроў і зубоў жывёл, упрыгожваліся грабянямі з сцеблаў розных раслін.

Захаваўся багаты фальклор, спеўнае і танцавальнае мастацтва. У 2003 г. ЮНЕСКА прызнала танганскі танец лакалака шэдэўрам вуснай і нематэрыяльнай сусветнай спадчыны.

Сацыяльны лад[правіць | правіць зыходнік]

Месца пахавання Ту'і Тонга

Даследчыкі танганскай культуры заўсёды робяць націск на тое, што гэта грамадства з'яўлялася і да сёй пары з'яўляецца рангавым. Прычым, няма двух людзей аднолькавых па рангу. Ранг вызначаецца нараджэннем і асабістымі якасцямі, славай продкаў, месцам у сям'і, блізкасцю да правадыроў і ўладароў, у апошнія дзесяцігоддзі - фінансавым і маёмасным статусам, адукацыяй і г. д. Такім чынам, у адной сям'і кожны член мае свой ранг, што вызначае яго штодзённыя заняткі, права на атрыманне часткі сямейнага прыбытку і інш. Рангавы падзел мае сакральны характар. Лічыцца, што чым вышэй ранг, тым больш у чалавека маны. У мінулым існаваў звычай, калі для дапамогі захварэўшаму правадыру, людзі з нізкім рангам ахвяравалі часткі свайго цела (звычайна пальцы рук), каб аднавіць яго ману.

Адно з самых ранніх падрабязных апісанняў грамадства на Тонга было астаўлена брытанскім мараком Вільямам Марынерам, які некалькі гадоў у пач. XIX ст. правёў сярод танганцаў. З яго вынікае, што ўжо тады сацыяльны лад у гэтай краіне быў вельмі складаным.

Вышэй за ўсіх стаялі вярхоўныя правадыры эгі. Ніжэй іх памагатыя - матабуле, якія таксама лічыліся высакароднымі. Матабуле можна было стаць па спадчыне ад бацькі да старэйшага сына. Прычым, пакуль бацька з'яўляўся матабуле, старэйшы сын і браты высакароднага лічыліся ніжэйшымі па рангу муа. Яшчэ ніжэй стаялі малодшыя сыны туа. Жанчыны мелі ў сям'і высокі статус, таму сястра, незалежна ад часу нараджэння, разглядалася вышэйшай за брата, і яе дзеці заўсёды складалі старэйшую галіну сям'і. Асобыя правы на маёмасць дзядзькі па матчынай лініі мелі пляменнікі.

Сацыяльны статус вызначаў магчымасць займацца той ці іншай справай. Прафесіі будаўнікоў марскіх суднаў, гравёраў, апрацоўшчыкаў каменя, выканаўцаў пахавальных абрадаў перадаваліся па спадчыне і лічыліся ганаровымі. Імі маглі займацца толькі матабуле і муа. Прыгатаванне ежы і земляробства былі доляй туа.

Эгі мелі вакол сябе сталыя ваенныя дружыны і іншых памагатых. Некалькі дзесяткаў, а часам і сотняў людзей жылі вакол хаты вышэйшага правадыра. Эгі належылі землі на розных астравах, таму ім патрабаваліся кантралёры, якія маглі здзяйсняць доўгія вандроўкі. Матабуле, муа і туа забяспечвалі эгі ежай, хатнім начыннем, вопраткай і інш. Дакладнай даніны ўладару не існавала. Кожны плаціў у залежнасці ад асабістых магчымасцяў. Але малыя выплаты маглі скончыцца канфіскацыяй усёй маёмасці падначаленага. Туа наогул не мелі магчымасці змяніць гаспадара, бо за гэта іх каралі смерцю.

Асобны пласт насельніцтва складалі рабы - ваеннапалонныя або іх нашчадкі. Яны цалкам залежылі ад волі правадыроў. У выпадках чалавечых ахвярапрынашэнняў забівалі менавіта рабоў.

У X - XV ст. на чале грамадства стаялі нашчадкі бога Тангароа, Ту'і Тонга. Пасля яны выконвалі хутчэй рытуальныя функцыі, а рэчаіснымі ўладарамі сталі іх сваякі Ту'і Хаа Така-лаўа і Ту'і-канакуполу, меўшыя тытул вярхоўных ваенных правадыроў-гоу.

Ту'і Тонга жылі вельмі замкнёна, выбіралі наложніц з набліжаных да іх сем'яў. Сын старэйшай наложніцы мог разлічваць на права стаць новым Ту'і Тонга. Але Ту'і Тонга лічыўся намінальным уладаром усяго Тонга, накладваў табу, уплываў на палітычную сітуацыю. Яго нараджэнне, узвядзенне і смерць суправаджаліся доўгімі рэлігійнымі рытуаламі. У дол разам з памерлым клалі яго старэйшую наложніцу, а месца пахавання лічылася свяшчэнным. Пасля смерці апошняга Ту'і Тонга гоу перанялі і яго сакральныя функцыі.

Танганцы здаўна жылі ў вялікіх паселішчах. Некалькі пашыраных сем'яў складалі абшчыну са сваім органам кіравання фона. На ім прысутнічалі правадыры, прадстаўнікі вялікіх і малых сем'яў. Фона вырашалі пытанні сумеснай працы, размеркавання зямлі, вырашалі канфлікты паміж сем'ямі. Непаслухмяных рашэнням фона жорстка каралі. Суседнія абшчыны маглі аб'ядноўвацца для сумесных спраў, і тады склікалася агульнае фона.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Да кан. XVIII ст. танганцы спавядалі політэістычную рэлігію з агульнапалінезійскім пантэонам багоў. Вышэйшае месца ў ім займаў бог Тангароа або, як яго тут звалі, Тангалоа. Яго нашчадкамі лічыліся сакральныя ўладары Ту'і Тонга. Сучасная каралеўская дынастыя таксама выводзіць свой род ад Тангароа.

Жрацы мелі статус матабуле, іх прафесія перадавалася па спадчыне. Але найбольш важныя рэлігійныя рытуалы праводзілі высакародныя эгі і Ту'і Тонга.

Танганцы верылі ў звышнатуральную сілу ману і табу. Асаблівае месца займаў культ памерлых продкаў.

З кан. XVIII ст. шырока распаўсюдзілася хрысціянства.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Танганская мова - палінезійская. З XIX ст. выкарыстоўваецца пісьменнасць на аснове лацінкі. З'яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моў Тонга.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]