Турын (Пухавіцкі раён)
Аграгарадок
Турын
| ||||||||||||||||||||||||||
Ту́рын[1] (трансліт.: Turyn, руск.: Турин) — аграгарадок (да 2009 г. вёска)[2] у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Турынскага сельсавета. Месціцца за 9 км на паўночны ўсход ад Мар’інай Горкі, 57 км ад Мінска, на правым беразе Свіслачы.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва паходзіць ад імя Тур[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню ўпамінацца ў 1536 годзе як сяло Турано ў маёнтку Пухавічы, уласнасць Марыны, удавы падляшскага ваяводы Януша Касцевіча, і Ганны, удавы яго брата, гаспадарскага маршалка Вацлава Касцевіча. Першы ўпамін звязаны з вострым пагранічным канфліктам турынскіх сялян-даннікаў з сялянамі суседніх сёл Ачыжа (ст.-бел. Очижье) і Балоча (ст.-бел. Болочье)[4]. У той час сяло было ў Свіслацкай воласці Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У старабеларускіх крыніцах сустракаюцца назвы: Турино, Турыно, Турынь, Турчино[5].
У 1544 годзе згодна з актам раздзелу маёнткаў жамойцкага старасты Яна Мікалаевіча Радзівіла ад 17 сакавіка, Турын у складзе маёнтка Пухавічы дастаўся яго дачцэ Петранелі, жонцы полацкага ваяводы Станіслава Станіслававіча Давойны. Да 1579 года сяло Турын маёнтка Пухавічы было ўласнасцю сястры Петранелі Ганны, удавы віцебскага ваяводы Станіслава Пятровіча Кішкі і яе сына Яна[4]. У канцы XVI стагоддзя ўласнасць князя Яраслава Галоўчынскага, у Менскім павеце Менскага ваяводства. У 1690 годзе ўласнасць наваградскага падстолія Ігнацыя Станіслава Пшарадоўскага. У 1747 годзе паводле купчай Турын перайшоў ад смаленскага чашніка Ежы Пшасецкага і яго жонкі Барбары з Пшарадоўскіх да менскага стольніка Марціна Валадковіча (было 27 дымоў)[4].
Паводле інвентару 1779 года Турын быў часткай маёнтка Пухавічы, стаў уласнасцю гарадзенскага земскага суддзі Тадэвуша Александровіча. Быў панскі двор, фальварак Цешкава і 5 вёсак: Турын, або Задвор’е (22 сялянскія гаспадаркі), Зарэчча (23), Заполле (22), Угалец (22), Міжрэчча (7). У вёсцы Турын былі ўніяцкая царква, два вадзяныя млыны на Свіслачы, карчма, бровар. Паводле інвентару ў 1784 годзе вёска ў маёнтку Пухавічы, было 11 валок зямлі, 25 коней, 30 валоў, 44 галавы рагатага быдла, 75 авечак, 69 свіней. У 1790 годзе ўласнасць Міхаіла Клеафаса Агінскага, прададзена варшаўскаму банкіру Яну Мейснеру[6].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе дваром і сялом Турын у складзе маёнтка Пухавічы валодаў віленскі канонік Іахім Сулістроўскі. Былі драўляная ўніяцкая Спаса-Праабражэнская царква, карчма, тры млыны на Свіслачы. У склад Турынскай часткі маёнтка ўваходзілі яшчэ 4 вёскі: Міхалёў (20 гаспадарак), Угалец (22), Міжрэчча (17) і Лешчына (засценак, 2). Галоўнай павіннасцю цяглых сялян была паншчына. На першую палову XIX стагоддзя вядома, што жыхары сяла займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, існавалі рыбалоўны і ткацкі промыслы, былі ткацкія, збор ягад, грыбоў, лекавых траў, прадзенне і іншыя хатнія промыслы.
У першай палове XIX стагоддзя маёнтак Турын быў раздроблены на некалькі частак. У 1840-х гадах частка (164 рэвізскія душы) належала Якубу Эстку, пры якім у 1841 годзе сяло цалкам згарэла, але праз год было адбудавана на сродкі памешчыка. У 1860-х гадах большая частка сяла (155 рэвізскіх душ) належала Анелі Эстка і яе мужу Антону Ануфрыевічу Наркевічу-Ёдку, меншыя — Канстанцыі Аляксандраўне Ваньковіч (38 рэвізскіх душ) і Віктару з Іванам Ануфрыевічам Каржанеўскім (сяло Турын-Зарэчны, 74 рэвізскія душы)[6].
Паводле інвентару 1844 года частка Турына, якая належала Якубу Эстку, уключала сяло Турын (28 двароў), вёску Ізбішча (5 двароў) і прысёлак (9 двароў). У сяле жылі 246 чалавек, яны мелі 35 коней, 50 валоў, 27 бычкоў, 40 кароў, 21 цяля, 170 авечак, 129 свіней і 26 вулляў пчол[6].
У сярэдзіне XIX стагоддзя Турын наведаў этнограф і фалькларыст Павел Шпілеўскі, які ў «Падарожжах па Палессі і Беларускім краі» напісаў, што тут былі вялікі памешчыцкі сад, які славіўся рознымі сартамі груш, што дастаўляліся ў Мінск.
У 1855 годзе на сродкі прыхаджан была пабудавана праваслаўная царква. Пасля 1861 года ў Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета. У 1869 годзе ў вёсцы было адкрыта народнае вучылішча. У 1879 годзе да праваслаўнага прыходу адносілася каля 3 тысяч прыхаджан, царкве належала 56 дзесяцін зямлі. На 1886 года у народным вучылішчы было 58 дзяцей, з іх 4 дзяўчынкі, настаўніцай працавала Варвара Канстанінаўна Кутасава. У 1889 годзе маёнткам Турын валодала дваранка рыма-каталіцкага веравызнання Анеля Якаўлеўна (Якубаўна) Наркевіч-Ёдка з Эсткаў, было 257 дзесяцін зямлі[7].
У 1897 годзе ў сяле былі царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом, лаўка, быў аднайменны маёнтка. Вёска дзялілася на Турын-Зарэчны і Турын-Задвор’е.
Паводле перапісу 1908 года ў маёнтку быў вадзяны млын і сукнавалка. У 1913 годзе маёнткам Турын валодаў Адам Наркевіч-Ёдка, было 965 дзесяцін зямлі[8]. Паводле перапісу 1917 года ў маёнтку быў вінакурны завод.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Народнае вучылішча пераўтворана ў працоўную школу 1-й ступені. З 20 жніўня 1924 года Турын цэнтр сельсавета ў Пухавіцкім раёне Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1930-я гады праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Чырвоны Турын», была кузня. З 1938 года мае статус вёскі.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. Нямецкія акупацыйныя войскі часткова спалілі вёскі ў траўні 1944 года (22 дамы з 116), было забіта 18 жыхароў[9].
Паводле перапісу 1960 год у статусе пасёлка. У 1968 годзе да Турына далучана вёска Чырвоны Кастрычнік.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1784 год — 17 двароў, 122 жыхары
- 1800 год — 51 двор, 434 жыхары
- 1844 год:
- сяло — 28 двароў, 246 жыхароў
- прысёлак — 9 двароў
- 1886 год — сяло, 53 двары, 487 жыхароў
- 1897 год:
- сяло — 98 двароў, 604 жыхары
- маёнтак — 16 жыхароў
- вёска Турын-Зарэчны — 44 двары, 294 жыхары
- 1908 год:
- сяло — 103 двары, 694 жыхары
- вёска Турын-Зарэчны — 24 двары, 164 жыхары
- маёнтак — 23 жыхары
- 1917 год[10]:
- 1960 год — 303 жыхары
- 2009 год — 363 жыхары
- 2019 год — 376 жыхароў[11]
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічае Турынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Курганныя могільнікі
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан Другой сусветнай вайны
- Помнік землякам, якія загінулі ў Другую сусветную вайну
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква Праабражэння Гасподняга (1855)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Якуб Наркевіч-Ёдка (1848—1905) — фізік, медык, біёлаг, доктар медыцыны, член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства
- Яфрэм Іванавіч Карнейчык (1900—1972) — гісторык, кандыдат гістарычных навук
- Іван Міхайлавіч Качура — эканаміст
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Решение Пуховичского районного Совета депутатов от 23 января 2009 года № 142 "О преобразовании деревни Турин Туринского сельсовета в агрогородок"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2025. Праверана 8 студзеня 2025.
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 380
- ↑ а б в Памяць1 2003, с. 725.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — 244, [3] с., іл. с. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 238.
- ↑ а б в Памяць1 2003, с. 726.
- ↑ Памяць 2003, с. 85.
- ↑ Nad Świsłoczą 1914, s. 100.
- ↑ Поиск - Белорусские деревни, сожжённые в годы Великой Отечественной войны. db.narb.by. Праверана 23 кастрычніка 2024.
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 112.
- ↑ Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 24 кастрычніка 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Турын // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 188—189. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Спірыдонаў М. З мінулага вёскі Турын // Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — С. 724—726. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Спірыдонаў М. Ф. Турын // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 60. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
- Jelski A. Turyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. — S. 660.
- Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi // Nad Świsłoczą : kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno: Znicz, 1914. — 130 S.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Турын (Пухавіцкі раён)- Наталья ПАРХОМЧИК Путешествуем по Пуховичскому району по маршруту этнографа, писателя и публициста Павла Шпилевского Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)