Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа
| Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа | |
|---|---|
| Заснавана | 14 студзеня 1990 |
| Дырэктар | Уладзімір Георгіевіч Колас |
| Тып | школа |
| Краіна | |
Нацыяна́льны гуманіта́рны ліцэ́й імя́ Яку́ба Ко́ласа (таксама вядомы як Белару́скі гуманіта́рны ліцэ́й) — былая дзяржаўная, цяпер нефармальная навучальная ўстанова ў Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаваны 14 студзеня 1990 года, спачатку дзейнічаў як нядзельная ўстанова. 28 лістапада 1990 года быў створаны Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр (БГАКЦ) па ініцыятыве Міністэрства адукацыі БССР і ТБМ імя Ф. Скарыны. Загадам Міністэрства адукацыі ад 23 верасня 1991 года ліцэй стаў стацыянарнай установай у складзе БГАКЦ[1].
У 1998 годзе цэнтр спыніў сваю дзейнасць, а ліцэй стаў дзейнічаць самастойна як Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Установа хутка набыла прэстыж, мела філіялы ў розных гарадах Беларусі, найбольш вядомым з якіх стаў стацыянарны філіял у Светлагорску. Выкладанне ўсіх прадметаў вялося па-беларуску. Навучанне працягвалася чатыры гады (з 8 па 11 клас).
У чэрвені 2003 года Савет Міністраў Беларусі выдаў пастанову аб ліквідацыі ліцэя як дзяржаўнай установы. З таго часу ліцэй працягнуў дзейнасць у нефармальным («падпольным») фармаце[2]. Частка вучняў перыядычна праходзіла атэстацыю ў школах Польшчы і атрымлівала адпаведныя сертыфікаты.
Пасля падзей 2020 года ўстанова працягнула дзейнасць як міжнародны праект, удзельнікі якога (выкладчыкі і вучні) жывуць у розных краінах.
Навучальны працэс
[правіць | правіць зыходнік]Ліцэй меў дзённае, нядзельнае (для школьнікаў) і вячэрняе (для дарослых) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаліся школьнікі пасля 7-га класа агульнаадукацыйнай школы. Тэрмін навучання складаў 4 гады: на першым і другім курсах вучні атрымлівалі базавую адукацыю, на трэцім і чацвёртым — сярэднюю[1].
У ліцэі пашырана вывучаліся гісторыя Беларусі, беларуская мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія. Таксама выкладаліся беларуская этнаграфія, фальклор, гісторыя беларускага дойлідства, выяўленчага мастацтва, музычная культура, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогія, логіка, лацінская мова, культура вуснай мовы[1].
Настаўніцкі калектыў
[правіць | правіць зыходнік]Педагагічны калектыў ліцэя з самага заснавання ўзначальваў вядомы кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас. У ліцэі працавалі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіль Сёмуха, дактары — Валянцін Голубеў, Міхась Тычына, Уладзімір Кулажанка, Захар Шыбека, і кандыдаты навук — Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, Павел Церашковіч, Алесь Лозка, Павел Баркоўскі, Пётр Садоўскі, Валянцін Мазец, Уладзімір Емяльянчык, Павел Лойка, Алесь Жлутка, Вольга Дадзіёмава, Ігар Войніч, Алена Каштанава, Васіль Варонін, Віктар Кісель, Тадэвуш Навагродскі, Анатоль Вісловіч, Алена Таболіч, Дзіна Вадзюшына, Пятро Васючэнка, Яўген Шунейка, Люба Тарасюк, Васіль Каваліў, Ларыса Зайцава, Аляксандр Палоннікаў, Мікалай Бірукоў, Аляксей Хадыка, Юрый Бушлякоў і іншыя, выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь — Уладзімір Дзіско, Ірына Сідарэнка, Вольга Кузьміч, Вольга Дзядзюля, гісторык Анатоль Сідарэвіч, філолаг Вінцук Вячорка, літаратар і акадэмічны выкладчык Андрэй Хадановіч і іншыя вядомыя ў Беларусі і па-за ёй асобы.
Выпускнікі
[правіць | правіць зыходнік]Сярод былых вучняў і выпускнікоў ліцэя грамадскія дзеячы Франак Вячорка, Алесь Міхалевіч, Павел Котаў, Вольга Стужынская, Алена Ліс, акцёры Раман Падаляка, Вера Шыпіла, навукоўцы Павел Баркоўскі, Максім Чарняўскі, Алесь Суша, Юлія Лахвіч, Святлана Пацыенка, Наталля Багданава, Кір Тананушка, Юлія Захарына, Алесь Мікус, Юлія Назаранка, Ірына Кашталян, Вольга Крыжаноўская, Наталля Васілевіч, літаратары і перакладчыкі Міхась Баярын, Антон Кузьміч, Наста Лабада, Глеб Лабадзенка, Дзяніс Марціновіч, Сяргей Патаранскі, Ілля Сін, Сяргей Сматрычэнка, Сюзанна Паўкштэла, Сяргей Петрыкевіч, Адэля Дубавец, Алег Жлутка, Андрэй Кім, Вераніка Мазуркевіч, мастакі Антон Крыштаповіч, Аляксей Іваноў, Ніна Маргаева, журналісты Кацярына Ткачэнка, Віталь Зыблюк, грэка-каталіцкі святар а. Яўген Усошын і іншыя.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская школа: тэзісы навукова-практычнай канферэнцыі (28―29 сакавіка 1992 года, г. Мінск) / Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; [рэдкалегія: Л. Баршчэўскі (галоўны рэдактар) і інш.], 1992.
- Праграмы. Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь / Скл. Пятро Васючэнка, Алег Дышлевіч, Вячаслаў Ракіцкі, Аляксей Хадыка, Вольга Дадзіёмава, Анатоль Сідарэвіч і інш. — Мн., 1992.
- Мадэль нацыянальнага гуманітарнага ліцэя // Адукацыя і выхаванне № 5, 1994. — С. 27-38.
- Гісторыя Беларусі. Літаратура. Сусветнае мастацтва: Эксперыментальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэя / Скл. В. Ф. Голубеў, І. Ф. Кітурка, Л. П. Баршчэўскі, М. А. Тычына, Я.Дз. Сурскі. Таварыства беларускай школы. — Мн., 2014.
- Беларускі гуманітарны ліцэй. 30 гадоў найноўшай гісторыі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, актуальныя публікацыі. — Мн., 2021.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Беларуская энцыклапедыя 1996, с. 439.
- ↑ Уладзімір Колас: «Быць дзяржаўным ліцэем на адну гадзіну альбо на тыдзень мы не збіраемся…» // «Народная воля», 15 студзеня 2010.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 439. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Колас У. Г. Лёс ліцэя. — СПб., 2006.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх