Абалікшты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вёска Абалікшты)
Вёска
Абалікшты
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 4 чал. (1999)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2153
Аўтамабільны код
2
Абалікшты на карце Беларусі ±
Абалікшты (Беларусь)
Абалікшты
Абалікшты (Віцебская вобласць)
Абалікшты

Абалі́кшты[1] (трансліт.: Abalikšty, руск.: Оболикшты) — вёска ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Опсаўскага сельсавета.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва Абалікшты балцкага паходжання. Назва паселішча ўтвораная ад назвы возера Абалікшты, ля якога вёска знаходзіцца, а тая — ад назвы большага возера Аболі побач.

Абодва азёры праточныя, і гэта стала матывацыяй для ўтварэння іх назваў. З Дрысвяцкага возера непрацяглая пратока цячэ ў возера Аболі, з якога праз возера Абалікшты цячэ рака Прорва ў раку Дрысвяту.

Корань Ab- такі самы, як у латышскіх гідронімах тыпу Abula, Abuls, Abava[2]. Ад індаеўрапейскага ab-, якім пазначаліся рачныя, цякучыя воды[3]. Яго фанетычны варыянт ap- даў заходнябалцкае прускае ape «рака», а варыянт up- — усходнябалцкае літоўскае upė[4]. Ад іх — назвы рэк Вопь на Верхнім Падняпроўі, Упа на Верхнім Павоччы. «Звонкі» варыянт ub- даў назву прыпяцкай ракі Убарць.

Індаеўрапейскае ab-, з усімі яго варыянтамі, пазначала, як мяркуецца, ваду як актыўную сілу і нават воднае боства, а *uedor- — ваду як матэрыял[5]. Другі корань у балцкай гідраніміі ў назвах тыпу Удага, Водзьга, пруск. *Vadanga, літ. Vedega, Vada[6]. Магчыма, гэтае размежаванне адбівалася і ў сакральных практыках з водамі ў старажытных балтаў, але сляды гэтага згубленыя.

Корань Ab- асабліва папулярны на Падзвінні, як у ніжнім цячэнні Дзвіны ў Латвіі[7], так і ў сярэднім — на поўначы цяперашняй Беларусі. Воды з азёраў Аболі і Абалікшты цякуць у дзвінскі прыток Дзісну. Воды з азёраў Абстэрна і Набіста (абедзве назвы ад асновы *Ab-ist-) цякуць у дзвінскую раку Вяту. Вышэй па цячэнні Дзвіны ў яе ўцякаюць Обаль (справа) і Абалянка (злева), назвы якіх ад адной і той жа формы *Ab-al-is. Таго ж паходжання і назва ракі Обіста[ru] (на цяперашнім расійска-ўкраінскім памежжы, паміж Курскам і Чарнігавам). Семантыка ўсіх гэтых назваў звязаная з цячэннем рэк, праточнасцю азёраў.

Адпачатныя формы назваў азёраў Аболі і Абалікшты, перад іх паланізацыяй (да польск.: Obolikszty, літ.: Abalykščiai), былі адзіночнага роду — *Abalis (як і для назваў Обаль) і *Abalykštis. Назва меншага возера ўтвораная з дапамогай пашыральніка -kšt-, з дапамогай якога ўтвораныя і назвы літоўскіх азёраў Dysnai i Dysnykštis, Luodis i Luodykštis, Vėlys i Vėlykštis[8] у тым жа самым рэгіёне (Аўкштайцкае Паазер’е і яго працяг на тэрыторыю цяперашняй Беларусі), што і Аболі ды Абалікшты.

Пашыральнік -kšt- у літоўскай мове выкарыстоўваецца для ўтварэння формаў ад асноў назоўнікаў (žuvis «рыба» — žuvykštis «рыбка», rytas «раніца» — rytykštis «ранішні»). Устаўны -k- тут далучаецца да карацейшага -št-, які з’яўляецца варыянтам пашыральніка -st-. Яны прысутныя ў літоўскіх гідронімах тыпу Lokysta (-st-), Vadakstis (-k-st-), Medukšta (-k-št-)[9].

Назва Абалікшцкага возера (як і Абольскага возера) значыць «Праточнае (возера)». Назвы праточных азёраў таксама ўтвараліся ад балцкага кораня žod- / žad- (як Жодзень ці Жадунь).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1921—1939 гадах вёска ў складзе Браслаўскага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі.

Да 21 верасня 1987 года вёска ўваходзіла ў склад Далёкаўскага сельсавета[10], да 8 красавіка 2004 года — у склад Відзаўскага пассавета[11].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1921 год — 90 жыхароў, 15 двароў[12].
  • 1938 год — 102 жыхары, 18 двароў[13].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. K. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. C. 534—535.
  3. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 41.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1.
  5. Karulis K. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992, 2001. С. 1087—1088
  6. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 351, 358.
  7. Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — М., 1962. — С. 175.
  8. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 87, 199, 370.
  9. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 367—374.
  10. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 21 верасня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1988, № 9 (1923).
  11. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  12. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923, s 9.
  13. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1938, wolumin — 1, s. 10

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]