Перайсці да зместу

Гісара-Алай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гісара-Алай
тадж. Ҳисору-Олой
Краіны
Даўжыня900 км
Шырыня80—150 км
Найвышэйшая вяршыняЧымтарга 
Найвышэйшы пункт5489 м 
Гісара-Алай (Таджыкістан)
Гісара-Алай

Гісара-Алай — горная сістэма на поўдні Сярэдняй Азіі, паміж Памірам і Ферганскай катлавінай, у Кыргызстане, Таджыкістане і Узбекістане.

На поўдні абмежавана Каршынскім стэпам, Таджыкскай дэпрэсіяй і Алайскай далінай. Працягласць з захаду на ўсход каля 900 км, шырыня да 150 км.

Яго заходнюю і сярэднюю часткі складаюць Туркестанскі, Зераўшанскі хрыбты і Гісарскі хрыбет, усходнюю частку — Алайскі хрыбет з паўночнымі перадавымі ланцугамі. Пераважаюць вышыні каля 5000 м, максімальная вышыня да 5621 м (пік Ігла). Галоўныя грабяні хрыбтоў маюць тыповы альпійскі рэльеф; пашыраны карст. У паўночных ланцугах Алайскага і Туркестанскага хрыбта і інш. — плоскія выраўнаваныя паверхні. Развіты лёсавыя перадгор’і (адыры). Вечныя снягі і ледавікі (найбольшы ледавік Зераўшанскі даўжынёй 25 км у горным вузле Матча).

Гісара-Алай — складкавае ўтварэнне герцынскага ўзросту, складзенае з асадкавых і метамарфічных парод з уключэннямі гранітаў, дыярытаў. З інтрузіямі звязаны радовішчы вальфраму, малібдэну, мыш’яку, золата, ртуці, сурмы; ёсць радовішчы вугалю.

Асаблівасці клімату абумоўлены вышыннай пояснасцю і нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. Рэкі адносяцца пераважна да басейнаў Зераўшана і Амудар’і. Азёры: Маргузор, Іскандэркуль і інш. Па схілах гор знізу ўверх паўпустыні пераходзяць, у сярэднягорную леса-лугава-стэпавую зону, вышэй — высакагорныя лугі і гляцыяльна-нівальная зона вечных снягоў, ледавікоў і скал.

Запаведнікі: Заамінскі і Раміт.