Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Герб Вялікага княства Літоўскага — «Пагоня», з тытульнага аркуша Літоўскага Статута (1588)

Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (лац.: Magnus Ducatus Lithuaniae) — сярэдневяковая дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны (да 1569), часткі Расіі, утвораная ў 1253. Сталіца — Вільня [1].

Да Люблінскай уніі (XIII ст. да 1569)[правіць | правіць зыходнік]

Утварэнне ВКЛ[правіць | правіць зыходнік]

Акалічнасці і генезіс дзяржаваўтварэння вялікага княства застаюцца прадметам навуковых і ідэалагічных спрэчак.

Ядром ВКЛ пры яго ўтварэнні ў сярэдзіне XIII ст. былі беларускія землі верхняга і сярэдняга Панямоння і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. ВКЛ узнікла ва ўмовах пастаяннай жорсткай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця.

Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Навагрудку адносіцца да 1240-х гг., калі па запрашэнні мясцовых баяр тут стаў княжыць Міндоўг (сяр. 1230-х — 1263). Амаль няспынная барацьба маладой дзяржавы з кааліцыяй Лівонскага ордэна, Галіцка-Валынскага княства, жамойцкіх, літоўскіх і ятвяжскіх князёў прымусіла Міндоўга пайсці на прымірэнне з Лівоніяй. У 1251 князь быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, а ў 1253 каранаваўся ў Навагрудку каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV. У 1254 Міндоўг заключыў мір з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам.

Дзяржава ўтваралася ва ўмовах барацьбы з Лівонскім і Тэўтонскім ордэнам, Галіцка-Валынскага княствам, (гл.далей: Вайна Тэўтонскага ордэна ў Прусіі, Вайна Тэўтонскага ордэна і ВКЛ).

Працэс фарміравання Вялікага княства Літоўскага быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб'яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі старажытнарускія формы кіравання дзяржавай з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.

Пасля смерці вялікага князя Гедзіміна (1341) і адносна кароткага перыяду адасаблення некаторых тэрыторый на чале дзяржавы стаў сын Гедзіміна Альгерд (час княжання 13451377). Яго намаганнямі ўладанні Вялікага княства Літоўскага пашырыліся і ўключалі Чарнігава-Северскія, Валынскія, Пераяслаўскія землі, Смаленскае княства, а таксама тэрыторыі ў басейнах Днястра, Паўднёвага Буга, паўднёвага Дняпра. У выніку ваенных дзеянняў з Маскоўскім княствам у 1368—1372 да княства былі далучаны значныя раёны на паўночным усходзе да Мажайска і Каломны.

Апроч таго, у 14 ст. ВКЛ увайшло ў тэрытарыяльныя спрэчкі і ваенныя канфлікты з Польшчай, найперш за Валынь і Галічыну (гл.далей: Вайна за галіцка-валынскую спадчыну), і Вялікім княствам Маскоўскім за землі Масковіі іРусі (гл.далей: Маскоўскія паходы Альгерда).

На працягу 14 ст. ВКЛ распаўсюдзіла свае ўладанні на поўдзень і ўсход. Значна аслабіў дзяржаву ўнутраны канфлікт вакол улады (1370—1390-я), калі на карысць Тэўтонскага ордэна была часова страчана Жамойць.

У 1377 на княжацкі прастол узыходзіць сын Альгерда Ягайла. 3 гэтага часу пачынаецца складаны перыяд барацьбы за ўладу ў княстве паміж братам Альгерда Кейстутам, яго сынам Вітаўтам і Ягайлам. Але яна спынілася ў сувязі з узмацненнем агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Такая ж небяспека пагражала і Польскаму каралеўству. Таму ў 1385 ў Крэўскім замку быў заключаны саюз (унія), паводле якога Ягайла быў абвешчаны польскім каралём і атрымаў новае імя Уладзіслаў I. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядвігай ён павінен быў далучыць да Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і ўвесці ў ім каталіцкую рэлігію (гл.далей Крэўская унія). Гэта паслужыла пачаткам вострай унутрыдзяржаўнай барацьбы, якую ўзначаліў гарадзенскі князь Вітаўт (брат Ягайлы). Ягайла і польскія магнаты вымушаны былі змяніць умовы Крэўскай уніі. 5 жніўня 1392 было заключана Востраўскае пагадненне, паводле якога за Вялікім Княствам Літоўскім захоўвалася самастойнасць (незалежны ўрад, казна, войска), а вялікім князем быў абвешчаны Вітаўт. Пагадненне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, абапіраючыся на сваіх намеснікаў, імкнуўся да поўнай незалежнасці дзяржавы. 3 гэтай мэтай ён збіраўся стаць каралём. Але ажыццявіць задумы перашкодзіла заўчасная смерць, магчыма, і забойства.

Пасля смерці Вітаўта[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з умовамі Востраўскага і Гарадзельскага пагадненняў, пасля смерці Вітаўта велікакняжацкі тытул і землі павінны былі перайсці ў поўнае распараджэнне польскай Кароны. Яшчэ пры жыцці Вітаўта Ягайла лічыў сябе фактычным валадаром Літвы-ВКЛ (так, у замках і гарадах размяшчаліся польскія гарнізоны, або імі кіравалі намеснікі з Польшчы), а палітычная самастойнасць Вітаўта існавала на меру тых саступак яму, выключэнняў, якія рабіў Ягайла[2].

Але ў тагачасным ВКЛ існавала моцная незадаволенасць гэтымі палітычнымі актамі — феадалы жадалі вяртання сваёй палітычнай самастойнасці, а праваслаўнае насельніцтва як цэлае было незадаволенае актыўнай рэлігійнай дыскрымінацыяй, якая здзяйснялася пасля Крэўскай уніі (Ягайлаў прывілей і інш.).

Росту палітычнай напружанасці моцна паспрыялі як эпізод з няўдалай каранацыяй Вітаўта, так і вялікія ўладалюбства і актыўнасць Свідрыгайлы, які быў братам Ягайлы.

Ва ўмовах, калі Ягайла збіраўся сам стацца вялікім князем, а польскія вярхі дамагаліся выканання палітычных дамоўленасцей, згодна з якімі ВКЛ мусіла быць уключана ў склад Польшчы, у ВКЛ пад кіраўніцтвам Свідрыгайлы аформілася феадальная партыя, якая супрацівілася волі польскай Кароны, выказала жаданне разарваць унію з Польшчай, і абрала вялікім князем Свідрыгайлу. Невядома, ці гэты намер разрыву уніі быў сапраўдным, ці толькі палітычным ходам, каб дабіцца лепшых умоў. Фармальным повадам для непаслушэнства партыя выставіла тое, што Ягайла, стаўшы польскім каралём, дзей, «занядбаў Літву». У час пахавання Вітаўта ў Троках Свідрыгайла фактычна ўзяў у палон Ягайлу і яго двор (восень 1430), і ёсць звесткі, што абмяркоўвалася забойства караля.

Паны, лаяльныя Кароне, даведаўшыся пра палон караля і непаслушэнства Свідрыйгайлы, перанялі ўладу на Падоллі (восень 1430), займаючы замкі, дзе кіравалі ліцвінскія намеснікі. Але Ягайла і Свідрыгайла тады былі не гатовыя да паўнамаштабнага процістаяння, і 7 лістапада 1430 у Троках Ягайла загадаў панам на Падоллі тымчасова вярнуць пад кіраванне ВКЛ галоўныя замкі — Камянец, Смотрыч, Скала і Чырвоны Горад. Ягайла і Свідрыгайла павінны былі сустрэцца для абмеркавання спрэчак 15 жніўня 1431, а да таго часу не чыніць ніякіх узаемна варожых рухаў. Калі б не дайшло да згоды, замкі і наогул Падолле вярнуліся б да Кароны. Аднак, не чакаючы той сустрэчы, польскія паны патаемна змовіліся не аддаць Падолля ў ліцвінскія рукі, і заблакавалі выканне каралеўскага загаду, парушыўшы гэтым пагадненне Ягайлы і Свідрыгайлы.

Свідрыгайла, як даведаўся пра гэта, загадаў заняць Падолле сілай. Аблога Смотрыча была няўдалай, але войскі Свідрыгайлы ўвайшлі ў Чырвоную Русь, авалодалі прыгранічнымі польскімі замкамі (Збараж, Крамянец, Алеска), напалі на церамбовельскую і львоўскую землі. Сам Свідрыгайла, відаць, ізноў затрымаў Ягайлу ў Троках. У Польшчы ўзнялося абурэнне, і ўжо пад канец снежня на дапамогу палоненаму каралю сабраліся значныя сілы феадальнага апалчэння. На сітуацыю звярнуў увагу папскі двор, і папа Марцін V загадаў Свідрыгайлу выпусціць Ягайлу, грозячы анафемай. Нарэшце, каля пачатку 1431, Свідрыгайла выпусціў караля і яго двор.

Пасля Люблінскай уніі[правіць | правіць зыходнік]

Тытульны ліст Статута ВКЛ (1588)

Падчас Люблінскай уніі Вялікае княства павінна было перастаць існаваць адразу пасля падпісання акта уніі ў Любліне. Аднак, баючыся незадавальнення насельніцтва і ўзрастання ўплыву Маскоўскай дзяржавы на гэтых землях, польскія вярхі былі вымушаны згадзіцца на захаванне княства як самастойнай дзяржавы У выніку, Польскае каралеўства прыняло Вялікае Княства Літоўскае як роўнага партнёра, але коштам за тое паслужыла страта паўдёвых (пераважна ўкраінскіх) зямель.[3]

Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста польскім каралём і вялікім князем літоўскім выбраны Генрых Валуа (брат французскага караля Карла IX), які прабыў каралём некалькі месяцаў і, даведаўшыся аб смерці брата ў ноч на 19. 6. 1574 уцёк у Францыю, дзе стаў каралём Генрыхам III. Новым каралём і вялікім князем быў абраны князь Трансільваніі (Сяміграддзя) Стэфан Баторый (1576—1586).

Рэч Паспалітая ўяўляла сабой раннюю форму аб'яднання на федэратыўнай аснове, дзе Вялікае Княства Літоўскае валодала пэўнай самастойнасцю[4]. Такі стан быў замацаваны Статутам 1588. Але вонкавыя і ўнутраныя войны, казацкія паўстанні, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667, Паўночная вайна, 1700-1721, аслабіблі моц Рэчы Паспалітай, і асабліва Вялікага княства Літоўскага і яно перастала граць самастойную ролю ў міжнароднай палітыцы. У выніку трох Падзелаў Рэчы Паспалітай княства ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.

Зноскі

  1. Каля 1320 г. Гедзімін пачаў будаваць замак, а ў 1323 г. перанёс сюды сталіцу з Наваградка. А.Цітоў Сімвалы незалежнасці // Геральдыка беларускіх местаў Мінск, 1998
  2. На думку А. Лявіцкага.
  3. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. – Мн.: Універсітэцкае, 1992. 270с.…
  4. Дэвис, Норман (1939—).История Европы : [перевод с английского] / Норман Дэвис. — Москва : АСТ : Транзиткнига, 2004. — 943 с., [16] л. ил. ; 23 см. Бібліяграфія: с. 849—870. — Паказальнікі памяны, геаграфічны: б. 879—943. — 5000 экз. ISBN 5-17-024749-4 (АСТ в переплете). — ISBN 5-9578-1011-8 (Транзиткнига).