Дом Абрампольскага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Дом Абрампольскага
Дом па вуліцы Савецкай, 17
Дом па вуліцы Савецкай, 17
53°53′47″ пн. ш. 27°32′55″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Тып будынка даходны дом
Архітэктурны стыль мадэрн
Аўтар праекта Станіслаў Гайдукевіч
Архітэктар Станіслаў Гайдукевіч
Дата заснавання 1912
Дата пабудовы 1912 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000231шыфр 713Г000231

Дом Абрампольскага (Мінск Цэнтр)
Дом Абрампольскага
Дом Абрампольскага

Дом Абрампо́льскага — колішні даходны дом у стылі мадэрн у Мінску, размешчаны на пл. Незалежнасці па адрасе вул. Савецкая, 17. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Выкарыстоўваецца пад адміністрацыйныя ўстановы. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Miensk Sav 17 01.jpg

Дом Эмануіла Абрампольскага, дырэктара аднаго з мінскіх банкаў, пабудаваны ў 1912 годзе паводле праекта беларускага архітэктара Станіслава Гайдукевіча (гэта яго першы праект пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў). Стары адрас — Захар'еўская, 33 (на рагу з Трубнай)[2] Сем пакояў першага паверху здымала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, вядомая мецэнатка беларускага нацыянальнага руху. Верхнія пакоі займаў сам Абрампольскі з сям'ёй[3].

У 1917 годзе дом быў канфіскаваны бальшавіцкімі ўладамі. У 1920-я гады ў доме размяшчаліся кватэры супрацоўнікаў беларускага аддзялення АДПУ (Аб'яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне), пазней — НКУС. Таксама тут жылі прадстаўнікі найвышэйшага дзяржаўнага, партыйнага і гаспадарчага кіраўніцтва БССР. У адной з кватэраў у 19191931 гг. жыў наркам земляробства і сакратар Мінскага гаркама КПБ(б) Адам Славінскі. За гэтым часам дом неафіцыйна звалі Першы Дом Саветаў[3].

У жніўні 1924 у адной з кватэраў гэтага дому арыштаваны Барыс Савінкаў[3].

За Другой сусветнай вайной, у 1941—1942 гг. у гэтым будынку канспіратыўная кватэра савецкага падполля. Пасля Другой сусветнай вайны кіраўніцтва пасялілася ў адмыслова пабудаваных для іх дамах, а дом Абрампольскага аддалі прадстаўнікам савецкай інтэлігенцыі[3]. У 1948—1955 гг. тут жыў навуковец-геадэзіст, акадэмік Васіль Папоў[4].

Сёння будынак займае УКБ Мінгарвыканкама, месціцца рэстаран.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Першапачатковы праект
Комплекс дамоў Абрампольскага і Уніхоўскага

Даходны дом Абрампольскага і дом Уніхоўскага злучаны паміж сабой тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы.

Дом Абрампольскага ўяўляе сабой мураваны прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак з трапецападобнай мансардай пад вальмавым дахам[5]. Сіметрычную кампазіцыю галоўнага фасаду парушае зрэзаны заходні вугал, завершаны невысокім атыкам з лацінскімі літарамі (дата пабудовы). Пластыку галоўнага фасада ўзбагачаюць ляпныя віньеткі, гірлянды, балконы з металічнай агароджай. Уваходы з боку галоўнага і дваровага фасадаў. Галоўны ўваход вылучаны казырком на дзвюх калонках і высокім паўцыркульным аконным праёмам над ім[5]. Дваровы фасад вырашаны мінімалістычна, без усялякіх дэталяў[5].

Архітэктура дома сфарміравалася пад безумоўным уплывам стылю арт-нуво, што адбілася ў пластычнасці яго фасада (скошаны вугал, трапецападобная мансарда), у строгім рытме разнастайных аконных праёмаў з балконамі, у стрыманым дэкаратыўным аздабленні[5].

Планіроўка будынка змененая. Планіровачным ядром з'яўляецца лесвічны вузел, вакол якога раней размяшчаліся кватэры.

Памятныя дошкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Памятная дошка Адаму Славінскаму, які жыў у доме ў 1919—1931 гадах.
  • Памятная дошка пра канспіратыўную кватэру мінскіх падпольшчыкаў у 1941—1942 гадах, якую ўтрымліваў Рыгор Фалевіч.
  • Памятная дошка геадэзісту Васілю Васілевічу Папову, які жыў у доме ў 1948—1955 гадах.
  • 23 чэрвеня 2017 года на доме была размешчана памятная дошка, якая сведчыць пра знаходжанне ў 1922 годзе ў будынку Аддзела аховы рэвалюцыйнай законнасці Народнага камісарыята юстыцыі БССР.

Зноскі

  1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 255. — 304 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Дом Абрампольского в Минске (руск.) . by.holiday.by. Праверана 19 жніўня 2014.
  4. Вуліца Савецкая, 17. Мінск.by. Праверана 19 жніўня 2014.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX — пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX — пачатку XX стагоддзя — Беларусь, 2011. — С. 337-338. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]