Дом № 1 БДУ
Славутасць | |
Дом № 1 БДУ | |
---|---|
53°53′59″ пн. ш. 27°34′00″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | савецкі класіцызм[d] |
Архітэктар | Якаў Рыгоравіч Шапіра |
Дата пабудовы | 1867 і 1957 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000288 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом № 1 — будынак у цэнтры Мінска, размешчаны па адрасе Чырвонаармейская вуліца, 6. У наш час у будынку размяшчаюцца гістарычны факультэт і выдавецкі цэнтр БДУ.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гімназія Фальковіча
[правіць | правіць зыходнік]Будынак узведзены 1863—1867 гадах як дом купца Сакера і яго сям’і. На зямельным участку месцілася некалькі аб’ектаў: двухпавярховы дом, які злучаўся з аднапавярховым флігелем (стаяў перпендыкулярна адносна дома і на пачатак XX стагоддзя ўжо меў тры паверхі), драўляны аднапавярховы дом і сарай. У галоўным будынку, пасля дазволу апекуна Віленскай навучальнай акругі, які быў дадзены ў студзені 1906 годзе, размясцілася прыватная з правамі ўрадавай мужчынская гімназія С. П. Зубакіна і К. В. Фальковіча. У гады Першай сусветнай вайны тут знаходзіўся вайсковы лазарэт[1].
Дом № 1
[правіць | правіць зыходнік]У 1918—1919 гг. гімназія была нацыяналізавана і такім чынам у 1921 годзе будынак трапіў у рукі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Будынкі, што адышлі да навучальнай установы, атрымалі ўнутрыўніверсітэцкую нумарацыю ад 1 да 15, будынак былой гімназіі стаў называцца «Домам № 1». У гэтым будынку з лета 1921 года размяшчалася праўленне (рэктарат) БДУ, канцылярыя, універсітэцкая бібліятэка, сталярная майстэрня і рабочы факультэт. Прафесар С. Я. Вальфсон пісаў: «Маленькі — чатыры квадратовых сажняў — пакой у будынку былой гімназіі Фальковіча, цяпер Праўленне будучага Ўнівэрсітэту, на рагу Магазыннай і Чырвона-армейскай вуліц… У пакойчыку — чалавек 15 прафесароў і выкладчыкаў, заўтра — 30 кастрычніка 1921…». Як піша Алег Антонавіч Яноўскі: «у гэтым будынку за некалькі тыдняў да афіцыйнага адкрыцця БДУ пачаліся заняткі на яго рабочым факультэце». Тут жа фактычна на працоўным месцы (у маленькім пакоі на 2-ім паверсе) некаторы час жыў першы рэктар універсітэта У. І. Пічэта. Акрамя гэтага, у будынку знаходзіліся кватэры навукова-тэхнічных работнікаў БДУ[1].
А. А. Яноўскі піша, што менавіта ў гэтым «Доме» вырашаліся ўсе галоўныя пытанні ўніверсітэцкага будаўніцтва, сюды прыязджалі першыя прафесары, каб быць прынятымі на працу. Тут не раз бываў Старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў, тут жа чытаў свае лекцыі В. Г. Кнорын. З 1921 г. у Доме № 1 праходзілі пасяджэнні навуковых колаў, дзейнічалі навуковыя таварыствы «Гісторыі і старажытнасцяў», «Навуковае таварыства БДУ», праводзіліся публічныя навуковыя чытанні, адбываліся сустрэчы студэнцтва з Купалам і Коласам[1].
У 1930-я гады ў былой гімназіі ўжо размяшчаўся Камуністычны інстытут журналістыкі БССР імя С. М. Кірава.
Пасляваенны будынак
[правіць | правіць зыходнік]Будынкі моцна пацярпелі на пачатку Вялікай Айчыннай вайны — ад іх засталіся толькі сцены. Пасля вайны, паводле плана архітэктара А. Я. Кудравіцкага, двухпавярховы дом чакаў знос — на ягоным месцы ўзводзіўся чатырохпавярховы будынак, а трохпавярховы флігель павінны былі адрамантаваць і аб’яднаць з новым корпусам. Такі абноўлены комплекс планавалі перадаць Інстытуту замежных моў, аднак сітуацыя змянілася і ў 1951 г. гэтае месца перайшло да Міністэрства гандлю. Праз 2 гады было прынятае рашэнне аб размяшчэнні тут тэхнікума савецкага гандлю і школы гандлёва-кулінарнага вучнёўства. У новым будынку павінны былі асталявацца лабараторыі хіміі, фізікі, мікрабіялогіі, тэхналогіі прыгатавання ежы, а таксама шэраг навучальных аўдыторый[1].
Праектныя работы выконваліся ў Белдзяржпраекце ў некалькі стадый. Спачатку ў 1953 г. было распрацавана праектнае заданне тэхнікума гандлю. Над праектным заданнем працавалі архітэктары майстэрні Г. Заборскага: аўтар праекта Я. Шапіра, галоўны інжынер М. Кантор, у праектаванні прымалі ўдзел таксама Сіманенка, Міхайлоўскі, Белавусаў. Згодна з архітэктурна-планіровачным заданнем, зацверджаным галоўным архітэктарам г. Мінска 17 чэрвеня 1953 г., будынак праектаваўся чатырохпавярховы, дваровая захаваўшаяся частка каробкі заставалася трохпавярховай. Такім чынам, крыло будынка былой гімназіі, якое выходзіла фасадам на вул. Чырвонаармейскую і Кірава, планавалася разабраць і на яго месцы ўзвесці новае чатырохпавярховае, дваровае крыло захоўвалася. На падставе праектнага задання ў тым жа 1953 г. быў распрацаваны тэхнічны праект. Затым у 1953—1957 гг. быў распрацаваны рабочы праект, паводле якога вяліся будаўнічыя работы[2].
Для размяшчэння тэхнікума былі падрыхтаваны спецыяльныя кабінеты, хімічная, мікрабіялагічная, тэхналагічная лабараторыі, бібліятэка і фізкультурная зала, аднак малады рэктар БДУ Антон Сеўчанка дамогся, каб будынак аддалі ўніверсітэту. У гэтым, так званым «гуманітарным» корпусе знаходзіліся гістарычны, філалагічны і юрыдычны факультэты БДУ. Пасля 1961 года застаўся толькі філалагічны факультэт. З 1992 года гэта будынак гістарычнага факультэта БДУ[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Будынак былой гімназіі Фальковіча быў двухпавярховым, на дваровым фасадзе з цэнтральным і бакавым (правым) рызалітамі. З левага боку ў двары да асноўнага аб’ёма прымыкала двухпавярховае крыло[2].
Першы праект прадугледжваў узвядзенне новага будынка. Як паказана на генплане ўчастка, праектаваўся складаны ў плане новы будынак блізкі да літары Г, корпус па вул. Чырвонаармейскай чатырохпавярховы, з левага боку да яго прымыкала захаванае трохпавярховае крыло, арыентаванае ў двор. Першапачаткова па праектным заданні фасад па вул. Чырвонаармейскай вырашаўся асіметрычна. Галоўны ўваход быў змешчаны ўправа, афармляўся прафіляваным парталам з карнізам на кранштэйнах. Вуглавая частка будынка з галоўным уваходам была завершана трохпавярховым франтонам. Фасадная плоскасць падзялялася прафіляванымі цягамі паміж 1-м і 2-м, 2-м і 3-м паверхамі, завяршалася прафіляваным карнізам з дэнтыкуламі. Сцяна 1-2-га паверхаў апрацоўвалася рустам, 3-4-га паверхаў дэкарыравалася пілястрамі стылізаванага карынфскага ордара. Прамавугольныя аконныя праёмы аздабляліся на 1-2-м паверхах рустоўкай, паміж 3-м і 4-м паверхамі філёнгамі. З боку вул. Чырвонаармейскай быў запраектаваны арачны праезд у двор. Прадугледжвалася галоўныя фасады патынкаваць тэразітавай тынкоўкай, дваровыя — звычайнай тынкоўкай з пафарбоўкай. Паводле праектнага задання, унутраныя сцены і столі прадугледжвалася апрацаваць тынкоўкай і пафарбаваць у светлыя колеры, у аўдыторыях пакласці паркетныя падлогі, у вестыбюлі мазаічныя. У канструктыўнай частцы да праектнага задання рэкамендавалася падмуркі і сцены падвала зрабіць бутавыя, верхнія паверхі са шматдзірчатай цэглы. Перакрыцці над усімі паверхамі запраектаваны незгараемыя — жалезабетонныя і жалезакерамзітныя, за выключэннем актавай і спартыўнай залы, дзе перакрыцці запраектаваны па драўляных трохвугольных фермах. Па праектным заданні плошча забудовы 4-х павярховай часткі складала 914,0 м², 3-х павярховай — 516,40 м², будаўнічы аб’ём адпаведна 14700 м³ і 6635 м³, рабочая плошча — 2394 м² і 786 м²[2].
У аснову наступнага рабочага праекта былі пакладзены раней распрацаваныя праектнае заданне і тэхнічны праект, у якія ўнесены пэўныя карэкціроўкі. Галоўнаму фасаду надавалася сіметрычная кампазіцыя. У цэнтры запраектаваны галоўны ўваход, аформлены парталам. Цэнтральная частка вылучана трохвугольным франтонам, дэкарыраваным па перыметры карнізам з фрызам і дэнтыкуламі. У тымпане франтона размешчана савецкая сімволіка (не рэалізавана). Вокны верхніх паверхаў аб’яднаны па вышыні арачным абрамленнем. Міжаконныя прасценкі ўпрыгожаны ляпнінай. Сучасны выгляд будынка сведчыць, што ён узведзены ў адпаведнасці з праектам. Не выключана, што падчас будаўніцтва былі выкарыстаны фрагменты сцен папярэдняга будынка[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921-1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — Кастрычнік — № 10 (267). — С. 18—27.
- ↑ а б в г Дом № 1 БДУ ў Банку звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921-1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — Кастрычнік — № 10 (267). — С. 18—27.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом № 1 БДУ
- Дом № 1 БДУ ў Банку звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь