Каракумы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каракумы

Каракумы, Каракумы Туркменскія — пясчаная пустыня на поўдні Сярэдняй Азіі, у Туркменістане.

На поўначы і паўночным усходзе абмежавана Саракамышскай катлавінай і далінай Амудар'і, на паўднёвым усходзе — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на поўдні — падгорнай раўнінай Капетдага, на захадзе — сухім рэчышчам Заходняга Узбоя. Плошча каля 350 тыс. км².

Каракумы ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар'і, на поўдні — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на поўдні — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах старажытных рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза-Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе Каракумаў вылучаюцца: паўночныя Заунгузскія Каракумы, або Заунгузскае плато (вышыня пясчаных град да 40—60 м); паўднёвыя Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўднёва-Усходнія Каракумы (вышыня град ад 3—5 да 30 метраў). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх Каракумаў размешчаны Унгуз. У Паўднёва-Усходніх Каракумах знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. На паўночным усходзе пустыні знаходзіцца бяссцёкавая ўпадзіна Акчакая[1].

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія тэмпературы студзеня ад −5 °C на поўначы да 3 °C на поўдні, ліпеня адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды тэмпературы паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на поўдні) за год. Па паўночна-ўсходняй мяжы Каракумаў цячэ рака Амудар'я; рэкі Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. Каракумы багатыя грунтавымі водамі.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 224.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3.