Лазовіца (Клімавіцкі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Лазовіца
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Ранейшыя назвы
Лазоўшчына, Лазовіцы
Вышыня цэнтра
169 м
Насельніцтва
67[1] чалавек (2020)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2244
Аўтамабільны код
6
Лазовіца на карце Беларусі ±
Лазовіца (Клімавіцкі раён) (Беларусь)
Лазовіца (Клімавіцкі раён)
Лазовіца (Клімавіцкі раён) (Магілёўская вобласць)
Лазовіца (Клімавіцкі раён)

Лазо́віца[2] (трансліт.: Lazovica, руск.: Лозовица) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Рэкта. Уваходзіць у склад Родненскага сельсавета. Знаходзіцца за 6 км на паўднёвы ўсход ад Клімавічаў, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Асмолавічы (лінія ОршаУнеча), побач з аўтамабільнай дарогай Клімавічы — Касцюковічы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Узнікла, верагодна, у першай палове XVII стагоддзя і першапачаткова мела назву Лазоўшчына[3]. У 1682 годзе ў вёсцы ўжо існавалі дзве службы.

У 1724 годзе згадваецца пад назвай Лазовіцы як уладанне мсціслаўскага падчашага, палкоўніка Яна Кіркора. Тады гэта было мястэчка ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Яго планіровачную аснову складала вуліца над берагам Рэкты, забудаваная жылымі дамамі толькі з аднаго боку, а агароды яе двароў спускаліся да ракі[4].

У 1752 годзе Ян Кіркор заснаваў у Лазовіцах езуіцкую місію, для якой былі ўзведзены місійны дом, шпіталь і драўляны філіяльны касцёл Святой Тройцы, прыпісаны да парафіі Мсціслаўскага кляштара кармелітаў (з 1776 года — асобная парафія). Місія залежала ад Мсціслаўскага езуіцкага калегіума. Звычайна тут было 3 місіянеры, адзін з якіх узначальваў парафію, астатнія праводзілі душпастырскую дзейнасць[4]. Да езуіцкай рэзідэнцыі адносіўся фальварак Стайкі.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Лазовіцы апынуліся ў складзе Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. У 1777 годзе — мястэчка, штогод праводзіліся 2 вялікія кірмашы. Паводле статыстычнага апісання губерні 1784 года, у мястэчку дзейнічаў касцёл, пры якім у 1799—1807 гадах працавала школа[4].

Па звестках 1816 года, існавалі аднайменныя мястэчка і сяло, якія знаходзіліся ва ўласнасці памешчыка. У 1820 годзе езуіцкая місія ў Лазовіцы была скасавана, будынкі перададзены бернардзінцам.

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў паселішчы дзейнічалі вадзяны млын, драўляныя царква і парафіяльны касцёл (адзіны ў Клімавіцкім павеце[5]), малітоўны дом, сукнавальня (з 1873 года). Гаспадар маёнтка меў тут у 1864 годзе млын, сукнавальню і 160.5 дзесяцін зямлі. Штогод 29 чэрвеня і 1 кастрычніка адбываліся кірмашы[6].

У 1909 годзе была заснавана царкоўнапрыходская школа, для якой неўзабаве ўзвялі памяшканне. Дзейнічала казённая вінная лаўка.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лазовіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яна ўвайшла ў склад БССР. 16 студзеня вёска апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года яна ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні.

У выніку першага ўзбуйнення БССР Лазовіцу вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яна стала цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці[6].

Яшчэ ў 1918 годзе ў вёсцы быў створаны сельсавет на чале з Ф. М. Пруднікавым. На базе дарэвалюцыйнай адкрылася пачатковая працоўная школа, дзе станам на 1925 год было 70 вучняў. 6 жніўня 1929 года ў Лазовіцы быў арганізаваны калгас «Камінтэрн», які аб’ядноўваў 262 гаспадаркі і 2203 га ворыва. Калгас абслугоўвала Клімавіцкая МТС. У 1931 годзе ў вёсцы збудавалі школу, працавалі ветраны млын і кузня.

З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Лазовіца была пад нямецкай акупацыяй. У верасні 1943 года нацысты часткова спалілі вёску. На франтах загінулі 118 вяскоўцаў, на ўшанаванне якіх у 1967 годзе быў пастаўлены абеліск[6].

Пасля вайны вёска аднавілася[7]. У канцы 1980-х гадоў у Лазовіцы дзейнічалі аддзяленне сувязі, бібліятэка, вытворчая брыгада, дзіцячы дом (размяшчаўся ў будынку езуіцкага шпіталя), клуб, механічная майстэрня, пачатковая школа, стацыянарная кінаўстаноўка і фельчарска-акушэрскі пункт, у 1997 годзе — клуб, аддзяленне сувязі і крама[7].

21 снежня 2011 года Лазовіцкі сельсавет быў скасаваны і вёска апынулася ў складзе Родненскага сельсавета[8]

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XVIII стагоддзе: 1780 год — 23 двары, 115 жыхароў; 1783—1784 гады — 33 двары, 176 жыхароў[4].
  • XIX стагоддзе: 1861 год — 32 двары, 236 жыхароў; 1885 год — 41 двор, 238 жыхароў; 1897 год — 24 двары, 148 жыхароў у мястэчку Лазовіцы, 40 двароў, 264 жыхары ў сяле Лазовіцы[6].
  • XX стагоддзе: 1909 год — 24 двары, 202 жыхары ў мястэчку, 42 двары, 269 жыхароў у сяле; 1926 год — 91 двор, 465 жыхароў; 1972 год — 67 двароў, 247 жыхароў[7]; 1986 год — 62 двары, 167 жыхароў; 1998 год — 61 двароў, 141 жыхар[9].
  • XXI стагоддзе: 2007 год — 54 двары, 106 жыхароў; 2009 год — 85 жыхароў[10]; 2020 год — 37 двароў, 67 жыхароў[1].

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнічае крама[1].

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

Складаецца з крывалінейнай вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі традыцыйнымі хатамі. У цэнтры сярод жылой забудовы размешчаны мураваныя і драўляныя грамадскія будынкі. На поўдні пабудаваны мураваныя аднапавярховыя аднакватэрныя і двухпавярховыя 4-кватэрныя дамы. На паўночнай ускраіне вёскі — гаспадарчы комплекс[6].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1752 год) — разабраны ў 1930-я гады.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 Родненскі сельскі Савет (руск.) . Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 20 ліпеня 2020.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. Мяцельскі А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ—ХVIII стст. // А. А. Мяцельскі; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2010. — 663, [1] с. — ISBN 978-985-08-1202-5.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 ЭнцВКЛ, 2010
  5. Łozowica // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. — S. 768
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — С. 109—110.
  7. 7,0 7,1 7,2 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 330
  8. «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 21 декабря 2011 г. № 13-9 (руск.) 
  9. БелЭн, 1999
  10. Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года (руск.) . Праверана 20 ліпеня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]