Мінск (авіяносны крэйсер)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мінск, авіяносны крэйсер)
Мінск
Авіяносны крэйсер «Мінск» у 1983 годзе
Авіяносны крэйсер «Мінск» у 1983 годзе
Гісторыя карабля
Дзяржава сцяга  СССР
 Расія
Будаўніцтва пачата 28 снежня 1972 года
Спушчана на ваду 30 верасня 1975 года
Уведзены ў эксплуатацыю 27 верасня 1978 года
Гады службы 1978—1993
Выведзены са складу флоту 30 чэрвеня 1993 года
Сучасны статус Забаўляльны цэнтр 22°33′13″ пн. ш. 114°14′12″ у. д.HGЯO
Асноўныя характарыстыкі
Тып карабля Цяжкі авіяносны крэйсер
Абазначэнні праекту 1143.2
Галоўны канструктар А. В. Марыніч
Хуткасць (надводная) 32 вузла (59 км/г)
Аўтаномнасць плавання 30 сутак
Экіпаж 1433 чалавек, у тым ліку 280 афіцэраў, 216 мічманаў і 430 чалавек авіягрупы
Памеры
Водазмяшчэнне надводнае 41 380 т [1]
Водазмяшчэнне падводнае 30 535 т [1]
Даўжыня найбольшая (па КВЛ) 272 м,
па КВЛ — 236 м [1]
Шырыня корпуса найб. 31,0 м (па КВЛ),
51,2 м (шырыня палётнай палубы) [1]
Вышыня 61,6 м
Сярэдняя асадка (па КВЛ) 8,94 м [1]
Сілавая ўстаноўка
4 × 35 500 к. с.
Узбраенне
Артылерыя 2 × 2-76,2-мм АК-726
Тарпедна-
міннае ўзбраенне
2 х 5-533 мм ТА
Ракетнае ўзбраенне 4 × 2 ПУ СКРК П-500 «Базальт»
2 × 10 РБУ-12000
СПА 8 × 6 АК-630
Авіацыя 26 самалётаў, 26 верталётаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мінск — цяжкі авіяносны крэйсер праекта 1143.2 ВМФ СССР, а пазней — ВМФ Расіі. Распрацаваны ў Неўскім праектна-канструктарскім бюро пад кіраўніцтвам галоўнага канструктара А. В. Марыніча. Другі карабель у серыі, завадскі № 102. Пры будаўніцтве быў улічаны вопыт пабудовы «ЦАКР Кіеў» і адменены шэраг абмежаванняў галоўнага канструктара, у прыватнасці, па спускавой вазе.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Канцэпцыя[правіць | правіць зыходнік]

Капітанскі мосцік.

У адпаведнасці з тактычна-тэхнічным заданнем, цяжкія авіяносныя крэйсеры праекта 1143 прызначаліся для надання баявой устойлівасці ракетным падводным лодкам стратэгічнага прызначэння, групоўкам надводных караблёў і марской ракетаноснай авіяцыі ў раёнах іх баявога выкарыстання, для барацьбы з паветраным, надводным і падводным супернікам.

Цяжкія авіяносныя крэйсеры тыпу 1143 мелі ўнікальную гібрыдную канструкцыю, якая адначасова спалучала ў сябе функцыі і архітэктуру ракетнага крэйсера і авіяносца — камандны востраў быў ссунут пад невялікім вуглом (4,5°) направа ад восевай лініі карабля, палётная палуба мела кансольны звес, на якім былі размешчаны узлётна-пасадачныя пляцоўкі. А насавая палуба не з’яўлялася лётнай і была цалкам занятая узбраеннем. Узлётна-пасадачныя аперацыі ажыццяўляліся толькі з вуглавой палубы.

У насавой частцы карабля і ззаду надбудовы размяшчалася ўзбраенне.

Канструкцыя «Мінска» была амаль ідэнтычна канструкцыі галаўнога карабля серыі «Кіеў» за выключэннем выкарыстання новага тыпу аўтаматычнай карабельнай устаноўкі АК-630М замест АК-630  (руск.) і праведзенай рэвізіі ангара, якая зрабіла магчымым размяшчэнне 36 самалётаў (але фактычна ў ангары знаходзіліся 22 самалёты).

Корпус[правіць | правіць зыходнік]

Ангар «Мінска».

Корпус караблёў праекта 1143 быў выраблены цалкам са сталі. Ён сфармаваны на стапелі з аб’ёмных секцый масай да 150 тон, якія ад цэха зборкі секцый да стапеля транспартаваліся на спецыяльных трэйлерах па завадской судавознай дарозе. Па ўсёй сваёй даўжыні карабель меў падвойнае дно, якое абараняла карабель ад навігацыйных пашкоджанняў і служыла таксама сховішчам запасаў паліва і прэснай вады. Папярочнымі воданепранікальнымі пераборкамі карпусы авіяносных крэйсераў падзеленыя на 18 галоўных воданепранікальных адсекаў, пры гэтым непатапляльнасць карабля забяспечваецца пры затапленні любых чатырох адсекаў на працягу 20 % даўжыні карабля.

Плошча палётнай палубы складае 5600 квадратных метраў. У сувязі з базаваннем на гэтым караблі самалётаў вертыкальнага ўзлёту і пасадкі (СВУП) палётная палуба перыядычна падвяргалася моцнаму нагрэву ад працуючых рухавікоў. Для абароны палубы ўжывалася спецыяльнае гарачатрывалае пакрыццё — металакерамічныя пліты памерамі 550 х 550 мм і таўшчынёй 10 мм, якія мацаваліся да палубы дзевяццю адмысловымі штырамі з паўкруглымі гайкамі. Падчас эксплуатацыі даводзілася мяняць 2-3 пліткі за адну палётную змену. На палётнай палубе меліся пляцоўка для выратавальнага верталёта, якая была пазначана літарай «С» унутры круга і шэсць УПП, абазначаных лічбамі па парадку (№ 1 — 6). Таксама па цэнтру кармавой часткі была пляцоўка для пасадкі транспартных верталётаў, абазначанная літарай «Т» унутры круга.

Пад палётнай палубай размяшчаўся ангар памерам 6,6 х 22,5 х 130 метраў. У ім маглі размесціцца да 36 баявых лятальных апаратаў. Іх падача на палубу ажыццяўлялася двума самалётаўздымальнікамі на 20 і 30 тон, якія размяшчаліся на носе і карме карабля. Першы быў шырынёй 9,6 метраў, другі — 4,8 метраў, абодва даўжынёй 18,91 метраў.

Для размяшчэння розных службаў, экіпажа карабля, асабістага складу авіягрупы, штаба злучэння на караблі былі абсталяваны 3857 памяшканняў, у тым ліку 387 кают, 134 кубрыкі, 6 сталовых і кают-кампаній, агульная працягласць калідораў складала амаль 6 кіламетраў. Афіцэры размяшчаліся ў 68 адна- і двухмесных каютах, мічманы і галоўныя старшыні — у 66 адна- і шасцімесных каютах, а старшыні і матросы — у 55 шасці- або дваццацішасцімесных кубрыках.

Авіяцыйнае ўзбраенне[правіць | правіць зыходнік]

СВУП Як-38 і супрацьлодкавыя верталёты Ка-25ПЛ на палубе «Мінска» 1 сакавіка 1980 года.

Пасля наведвання першага карабля серыі 1134 «Кіеў» ў 1975 годзе міністрам абароны СССР маршалам А. А. Грэчкай, які запатрабаваў павялічыць лік лятальных апаратаў у паўтара раза, канструктары перагледзелі схему размяшчэння машын у ангары. Пасля адмены міністрам забароны на абавязковы зазор паміж імі ў 0,75 метра і дазволу ставіць самалёты "валетам", умяшчальнасць ангара павялічылі да 36 ЛА.

Склад авіягрупы ня быў фіксаваным і мяняўся ў залежнасці ад пастаўленых баявых задач. Разглядалі два варыянты — самалётны і верталётны.

Першапачаткова планавалася, што шэсць самалётаў будуць узлятаць па чарзе, але ж ў сувязі з цяжкасцямі пры пасадке самалёты фактычна ўзляталі тройкамі з інтэрвалам 10 хвілін. Сярэдняя працягласць палётаў СВУП была 20 хвілін. Для забеспячэння дзейнасці карабельнай авіягрупы ў самалётным варыянце на крэйсеры захоўваліся неабходныя запасы авіяпаліва, бомбаў «РН-28», кіраваных ракет «Х-23», ракет «Р-3С», некіравальных ракет «С-5», бакаў з запальнай сумессю «ЗБ-500» і разавыя бомбавыя касеты «РБК-250».

На верталёты «Ка-25ПЛ» ускладаліся задачы пошуку, выяўлення, суправаджэння і агнявога паражэння падводных лодак. Паражаць выяўленыя цэлі маглі як самі верталёты, так і крэйсер. Для забеспячэння дзейнасці карабельнай авіягрупы ў верталётным варыянце на борт крэйсера прымаліся авіатарпеды «АТ-1», супрацьлодкавыя бомбы «ПЛАБ-250-120», гідраакустычныя буі «РГБ-НМ», радыё буі «Паплавок» і арыенцірныя буі «ОМАБ-25».

Ударная ракетная зброя[правіць | правіць зыходнік]

На ўзбраенні «Мінска» стаяў галоўны ракетны комплекс «Ураган-1143», у склад якога ўваходзілі:

  • Чатыры ненавадныя спараныя кантэйнерныя пускавыя ўстаноўкі «СМ-241» з фіксаваным вуглом старту
  • Станцыя кіравання «Аргон-1143»
  • Апаратура рэгламентнага кантролю
  • Восем крылатых ракет П-500 («Базальт»)

Прадугледжвалася магчымасць аднаразовай перазарадкі галоўнага комплексу, для чаго яшчэ восем запасных ракет захоўваліся ў склепе.

Пускавая ўстаноўка «СМ-241», ракеты «П-500», № 1 і № 3, від спераду.
Пускавая ўстаноўка «СМ-241», ракеты «П-500», № 2 і № 4, від спераду.
Крэйсер Мінск у 1984 годзе. На носе бачныя ракеты «П-500».

Прызначэнне галоўнага ракетнага комплекса — паражэнне буйных надводных цэляў і ўмацаваных берагавых аб’ектаў. Далёкасць дзеяння крылатых ракет «П-500» — 550 кіламетраў. Баявая частка ракеты — фугасна-кумулятыўная або ядзерная, вагой 500 кілаграмаў. Пускі ажыццяўлялісь адзіночнымі альбо парнымі залпамі.

Зенітна-ракетнае ўзбраенне[правіць | правіць зыходнік]

Для абароны крэйсера ад нападаў з паветра «Мінск» быў абсталяваны двума універсальнымі зенітна-ракетнымі комплексамі (УЗРК) «Шторм-М» і двума ЗРК блізкай далёкасці «Аса-М».

УЗРК «Шторм-М» прызначаўся для паражэння паветраных і марскіх цэляў, уключаў паваротную пускавую ўстаноўку «Б-189», сістэму кіравання «Гром» і боезапас — 48 ракет «В-611». Ракета «В-611» уяўляе з сябе аднаступеньчатую цвёрдапаліўную ракету з максімальнай хуткасцю палёту 1200 метраў у секунду. Баявая частка — асколачна-фугасная масай 120 кілаграм, абсталявана бескантактавым узрывальнікам. Дапушчальны промах цэлі — 40 метраў.

Далёкасць дзеяння УЗРК «Шторм-М» да 35, а дасягальнасць па вышыні — да 25 кіламетраў. Тэмп стральбы — адзін пуск кожныя 30 секунд.

Пускавая ўстаноўка «Б-189» з ракетамі «В-611», фота з забаўляльнага цэнтра «Minsk World».
Ракеты «В-611» на складзе, фота з забаўляльнага цэнтра «Minsk World».
Ракета «9М33».

ЗРК «Аса-М» уключаў у сябе пускавую ўстаноўку «ЗІФ-122», станцыю кіравання стральбой «4Р33» і боекамплект з 20 ракет «9М33». Ракеты размяшчаліся ў чатырох барабанах па пяць ракет у кожным. Перазараджэнне барабанаў займала ад 16 да 21 секунд. Ракета «9М33» — аднаступеньчатая цвёрдапаліўная, з двухрэжымным рухавіком. Максімальная хуткасць палёту ракеты складала 500 метраў у секунду.

Сістэма кіравання дазваляла самастойна забяспечваць выяўленне цэляў, якія ляцяць на вышыні 3,5 — 4 кіламетры на далёкасці да 25-30 кіламетраў.

Артылерыйскае ўзбраенне[правіць | правіць зыходнік]

Вежавая ўстаноўка «АК-726», фота з забаўляльнага цэнтра «Minsk World».

На ўзбраенні «Мінска» знаходзіліся два артылерыйскія комплексы «АК-726-МР-105» і чатыры аўтаматызаваныя арткомплексы «АК-630М».

Комплекс «АК-726-МР-105» прызначаўся для паражэння паветраных, марскіх і берагавых цэляў, складаўся з спаранай 76-мм універсальнай вежавай артылерыйскай ўстаноўкі «АК-726» і сістэмы кіравання «МР-105 Турэль». Боекамплект налічваў 3400 стрэлаў, тэмп стральбы — да 90 стрэлаў у хвіліну. Далёкасць стральбы складала 13 км для паветраных цэляў і 15,7 км па марскім і берагавым цэлям.

Агнём можна было кіраваць аўтаматычна, паўаўтаматычна пры дапамозе прызматычнага прыцэла або ўручную. Разлік вежы і сістэм комплексу складаўся з 9 чалавек (у тым ліку 4 пад вежай), маса вежы — 26 т. Вежа мела лёгкую браню таўшчынёй 5 мм. Выкарыстоўваліся два тыпы стрэлаў: зенітны стрэл УЗСБ-62рп са снарадам ЗС-62 і аскепкава-фугасны стрэл УОФБ-62 са снарадам ОФ-62. Маса абодвух стрэлаў 12,4 кг, маса парахавога зарада — 3,055 кг.

Пара вежавых установак «АК-630М», фота з забаўляльнага цэнтра «Minsk World».

Комплекс «АК-630М» прызначаны для паражэння сродкаў паветранага нападу, перш за ўсё атакуючых крылатых ракет, а таксама малапамерных марскіх цэляў і ўключаў у сябе дзве вежавыя шасціствольныя 30-мм устаноўкі «АК-630М» з сістэмай кіравання «МР-123 Вымпел». У выпадку паломкі радара або пры стральбе па плывучых мінах або па прыбярэжных цэлях можна было выкарыстоўваць пульт дыстанцыйнага кіравання з аптычным прыцэлам. Боекамплект — 32000 стрэлаў, тэмп стральбы — да 5000 стрэлаў у хвіліну. Далёкасць стральбы да 4 км для паветраных цэляў і лёгкіх надводных сіл праціўніка на дыстанцыях да 5 км.

Разлік складаўся з аднаго чалавека. У боекамплект артустановак уваходзілі два тыпы стрэлаў: аскепкава-фугасны запальны снарад ОФ-84 і аскепкава-трасіруючымі снарад ОР-84. Вага абодвух снарадаў — 0,39 кг.

Супрацьлодкавае ўзбраенне[правіць | правіць зыходнік]

Для абароны «Мінска» ад нападаў падводных лодак праціўніка на крэйсеры былі ўсталяваны ракетны супрацьлодкавы комплекс «РСК Віхор», два паваротных пяцітрубных тарпедных апаратаў «ПТА-53-1143» і дзве рэактыўныя бамбамётныя ўстаноўкі «РБУ-6000».

Пускавая ўстаноўка РСК «Віхор» з дзвюмя ракетамі «82Р».

РСК «Віхор» дазваляў атакаваць і знішчыць атамную падводную лодку суперніка на далёкасці звыш 20 кіламетраў дзякуючы шасціметровым некіравальным цвёрдапаліўным балістычным ракетам «82Р». Пускавыя ўстаноўкі МС-32 — двухбалачная стабілізаваная ўстаноўка тумбавага тыпу з ніжняй падвескай двух ракет, прыладай захоўвання, падачы і зараджання. Боезапас захоўваўся ў 2 барабанах пад ПУ. Барабан змяшчаў 16 ракет, якія былі размешчаных вертыкальна і меў адзін падавальны люк. Для пуску наступнай ракеты барабан паварочваўся, каб чарговая ракета заняла пазіцыю пад падавальным люкам. Пограб быў абсталяваны сістэмамі кантролю мікраклімату, пажаратушэння, кантролю ўзроўню выпраменьванняў. Ракета «82Р» мела ядзерную баявую частку. Боекамплект складаўся з 16 ракет, якія захоўваліся пад палубай у аўтамаце зараджання ў гарызантальным становішчы. Стральбу можна весці адзіночнымі ці двухракетными залпамі. Падрыў баявой часткі ракеты ажыццяўляўся на глыбіні да 200 метраў, радыус паражэння — да паўтара кіламетра.

Захоўванне боезапасу тарпед.

У спецыяльных бартавых нішах размяшчаліся два 533-мм двухтрубныя паваротныя тарпедных апараты «ПТА-53-1143». Тарпедны апарат мантаваўся на паваротнай платформе з дыстанцыйна кіраваным назіральным электрапрывадам і рэзервовым ручным прывадам. Паваротная платформа забяспечвала становішча для зараджання, прыцэльвання і паходнае становішча апарата. Стрэльбавыя прыборы выконвалі выпрацоўку дадзеных для стральбы, іх увод у тарпеду, навядзенне апарата і вытворчасць залпу. Боезапас — 10 саманаводных тарпед «СЭТ-53» (далёкасць ходу да 14 км, хуткасць да 29 вузлоў) або «СЭТ-65» (далёкасць ходу да 15 км, хуткасць да 40 вузлоў).

Устаноўка «РБУ-6000».

Дзве аўтаматычныя 12-ствольныя рэактыўныя бамбамётныя ўстаноўкі «РБУ-6000» прызначаліся для адзіночнай або залпавай стральбы рэактыўнымі глыбіннымі бомбамі «РДБ-60» з 23,5-кілаграмовай фугаснай баявой часткай на далёкасці да шасці кіламетраў. Кіруючая сістэма ПУСБ «Бура» кантралявала да чатырох РБУ-6000. Пад устаноўкай у падпалубным памяшканні размяшчаўся пограб з глыбіннымі бомбамі. Зараджанне і разладаванне пакета ствалоў ажыццяўлялася з дапамогай зараджальная прылады, у якую бомбы з пограба падаюцца спецыяльным пад’ёмнікам. Выхад абслуговага персаналу на палубу для гэтай мэты не патрабуецца. Пасля зараджання апошняга ствала РБУ аўтаматычна вяртаецца ў рэжым навядзення. Час рэакцыі з моманту выяўлення падводнай лодкі да пачатку стральбы 1-2 хвіліны. Асноўнай іх задачай з’яўлялася паражэнне падводных лодак праціўніка, а дадатковай — знішчэнне атакуючых карабель тарпед за кошт стральбы па плошчах. Аднак супраць хуткаходных атамных падводных лодак яны не былі сур’ёзнай пагрозай.

Энергетычная ўстаноўка[правіць | правіць зыходнік]

«Мінск» меў паратурбінную галоўную энергетычную ўстаноўку, якая ўключае 8 катлоў «КВН-95/64» і 4 галоўных турбазубчастых агрэгата «ТВ-12» сумарнай магутнасцю 180 000 к.с., якая дазваляла караблю развіваць хуткасць поўнага ходу 30,7 вузла. Устаноўка складалася з чатырох эшалонаў і прыводзіла ў дзеянне чатыры лініі вала. Пры гэтым забяспечвалася магчымасць выкарыстання эшалонаў галоўнай энергетычнай устаноўкі ў розных камбінацыях.

У якасці рухачоў выкарыстоўваліся чатыры бронзавых чатырохлопасцевых малашумных грабных вінта.

Карабельныя электрастанцыі ў складзе двух турбагенератараў і чатырох дызель-генератараў агульнай магутнасцю 15 кВт размяшчаліся ў сумежных з машынна-кацельнымі аддзяленнямі энергаадсеках, з разліку па два на кожны эшалон.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

28 сакавіка 1972 года залічаны ў спісы караблёў ВМФ і 28 снежня закладзены на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе № 444 у Мікалаеве.

30 верасня 1975 года карабель спушчаны на ваду, у адрозненне ад «Кіева», з цалкам змантаванай па вышыні надбудовай.

З 15 кастрычніка 1977 года па 18 лютага 1978 года прайшлі швартовыя выпрабаванні.

19 лютага быў упершыню падняты Ваенна-марскі сцяг СССР.

21 лютага карабель сышоў у Севастопаль, дзе праз тры дні пачаліся завадскія хадавыя выпрабаванні.

5 мая 1978 года пачаліся дзяржаўныя выпрабаванні.

Баявая служба[правіць | правіць зыходнік]

«Мінск» на вучэннях у 1986 годзе.

27 верасня 1978 года быў падпісаны прыёмны акт, карабель ўступіў у строй і быў часова залічаны ў склад 30 дывізіі супрацьлодкавых караблёў Чырванасцяжнага Чарнаморскага флота.

У лістападзе 1978 года быў уключаны ў склад Ціхаакіянскага флота.

13 студзеня 1979 года ён быў уключаны ў склад 175 брыгады ракетных караблёў Чырванасцяжнага Ціхаакіянскага флота і экіпаж пачаў рыхтавацца да пераходу на Ціхі акіян.

24 лютага 1979 года карабель з бартавым № 117 пачаў міжфлоцкі пераход з Севастопаля вакол Афрыкі ва Уладзівасток з заходамі ў Луанду, Мапуту, Порт-Луі, Адэн у суправаджэнні ВСК «Ташкент», «Петрапаўлаўск» і танкера «Барыс Чылікін». На гэтым пераходзе «Мінск» сустрэўся з «Кіевам», які нёс у той час варту у Міжземным моры, падчас сустрэчы (упершыню ў флоце СССР) дзве авіяносныя групы адпрацоўвалі баявыя задачы ў моры, узаемадзейнічаючы адзін з адным і з іншымі караблямі. З абодвух караблёў былі ўзняты ў паветра пяць ПШВУП Як-38  (руск.). Падчас пераходу экватару выявілася, што ўва ўмовах высокіх тэмператур і падвышанай вільготнасці рэзка падае магутнасць сілавой устаноўкі самалёта, што рэзка скарачала далёкасць яго палёту. Дадзеная акалічнасць прымусіла заняцца адпрацоўкай ўзлёту ПШВУП з УКР (узлёт з кароткага разбегу). Падчас пераходу былі выкананы 565 палётаў, у тым ліку 120 з УКР, з агульным налётам звыш 300 гадзін. Верталёты ляталі 774 раза, з іх 80 разоў уначы. 3 ліпеня 1979 года Мінск прыбыў у заліў Стралок  (руск.), прайшоўшы на працягу чатырох з паловай месяцаў 13261 мілю, тры акіяна і чатырнаццаць мароў.

У снежні 1979 года на «Мінску» (бартавы № 042) ўпершыню былі праведзены палёты з УКР[2].

З 27 жніўня да 26 лістапада 1980 года «Мінск» нёс сваю другую баявую службу, з заходам у В’етнам, порт Камрань.

У 19811982 гадах пад бартавым № 011 праходзіў мадэрнізацыю на Дальзаводзе.

З 26 верасня 1982 года да 15 лютага 1983 года быў на трэцяй баявой службе ў Паўднёва-Кітайскім моры і Індыйскім акіяне з заходамі ў Камрань, Бамбей і Адэн. Было выканана 662 палёта самалётаў і 516 верталётаў, у тым ліку — 146 начных. Па выніках 1982 года «Мінск» (бартавы № 025) быў прызнаны лепшым караблём Ціхаакіянскага флоту.

Чацвёртая баявая служба працягвалася з 27 сакавіка па 24 красавіка 1984 года ў Паўднёва-Кітайскім моры з заходам ў Камрань. ПШВУП выканалі 56 палётаў, верталёты — 38, 5 з іх начныя.

Падчас пятай баявой службы ў сакавіку-красавіку 1986 года «Мінск» прыняў удзел у сумесных савецка-в’етнамскіх манёўрах.

З 4 па 8 ліпеня 1986 года ЦАКР «Мінск» пад сцягам камандуючага Ціхаакіянскім флотам У. В. Сідарава разам з ВСК «Талін», «Адмірал Спірыдонаў» і танкерам «Аргунь» наведаў з візітам Вансан.

У 1986 годзе «Мінск» атрымаў Прыз Галоўнакамандуючага ВМФ СССР за ракетныя стрэльбы.

«Мінск» у чаканні рамонту ў 1990 годзе.

Адсутнасць належнай тылавой інфраструктуры і інтэнсіўная эксплуатацыя прывяла да таго, што карабель вычарпаў свой рэсурс раней заяўленага гарантыйнага перыяду 25 гадоў. З пачатку 1991 года пачалася падрыхтоўка «Мінска» да пераходу ў Мікалаеў для правядзення на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе неадкладнага сярэдняга рамонту, які не быў праведзены.

26 кастрычніка 1992 года ЦАКР «Мінск» (бартавы нумар № 015) пад буксірам выйшаў з бухты Разбойнік  (руск.) і 29 кастрычніка прыбыў да месца кансервацыі ў бухце Савецкая Гавань  (руск.).

Усяго падчас знаходжання «Мінска» ў складзе ВМФ СССР з яго палубы было выканана 2390 палётаў Як-38 і Як-38М, а таксама 3166 вылетаў верталётаў Ка-25 і Ка-27.

Спісанне[правіць | правіць зыходнік]

У 1993 годзе было прынята рашэнне аб раззбраенні «Мінска», яго выключэнні са складу ВМФ Расіі з перадачай у АФМ для дэмантажу і рэалізацыі. У жніўні 1994 года пасля ўрачыстага спуску Ваенна-марскога сцяга ён быў расфармаваны.

У канцы 1995 года «Мінск» быў адбуксіраваны ў Пусан для раздзелкі яго корпуса на метал. Пакупніком была паўднёвакарэйская фірма Yang Distribution Co, сума кантракта склала 4,583 мільёна долараў.

У якасці забаўляльнага цэнтра[правіць | правіць зыходнік]

«Мінск» у якасці атракцыёна.

У 1998 годзе авіяносец быў перапроданы кітайскай кампаніі «Shenzhen Minsk Aircraft Carrier Industry Co Ltd.» за 5 мільёнаў долараў. Быў праведзены комплекс аднаўленчых работ, абсталяванне некалькіх выставачных памяшканняў і ўстаноўка макетаў самалётаў і верталётаў. Усяго ў перааснашчэнне і рамонт было ўкладзена амаль 50 мільёнаў долараў. 27 верасня 2000 года на адкрыцці музея прысутнічалі першы камандзір В. А. Гакінаеў, касманаўт Ю. В. Раманенка, начальнік Цэнтральнага ваенна-марскога музея і прадстаўнік урада Масквы. У першы дзень карабель наведалі амаль 10 тысяч чалавек.

У 2006 годзе, калі кампанія абанкруцілася, «Мінск» стаў часткай ваеннага парку «Minsk World»  (англ.) у Шэньчжэне.

22 сакавіка 2006 года авіяносец быў выстаўлены на аўкцыён[3], аднак пакупнікоў не знайшлося. 31 мая 2006 года авіяносец зноў быў выстаўлены на аўкцыён і быў прададзены за 128 мільёнаў юаняў[4].

Камандзіры[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Сяргеевіч Высоцкі

Камандзіры ЦАКР «Мінск» падчас службы:[5]

гады камандзіры, капітаны 1-га рангу
1975 — 1980 Віктар Аляксандравіч Гакінаеў
1980 — 1984 Веніямін Паўлавіч Самажэнаў
1984 — 1987 Юрый Мяленцявіч Палякоў
1987 — 1990 Мікалай Аляксандравіч Міхееў
1990 — 1991 Уладзімір Сяргеевіч Высоцкі
1991 — 1992 Аляксандр Іванавіч Назараў
1992 — 1994 Ігар Уладзіміравіч Нікіцін

Здарэнні[правіць | правіць зыходнік]

Як-38 на палубе «Мінска» ў 1983 годзе.
  • Днём 29 жніўня 1978 года, калі «Мінск» стаяў ва Уладзівастоку кармой да прычала, узнік пажар у адным з службовых памяшканняў карабля. Аб прычыне узгарання не паведамлялася. Асабовым складам крэйсера пажар быў лакалізаваны і канчаткова ліквідаваны праз 2 гадзіны 45 хвілін. Чалавечых ахвяраў не было. Карабель са строю не выводзіўся[6].
  • 26 кастрычніка 1978 года падчас узлёту ў мора зваліўся Як-38 (бартавы № 34, пілот — маёр Бяскроўны І.А.), а лётчык памёр ад атрыманых траўмаў праз тры дні[7].
  • У 1979 годзе падчас перахода на Ціхаакіянскі флот «Мінск» трапіў у жорсткі шторм і навальніцу. У незазямлёную антэну УКХ № 4 на баке карабля трапіла маланка, у выніку чаго згарэў камутатар сувязі, адноўлены сіламі карабельных спецыялістаў толькі па прыходзе ў Адэн[8].
  • 7 чэрвеня 1979 года падчас заходу на пасадку самалёт Як-38У (бартавы № 08) страціў кіруемасць з-за праблем з сістэмай запуску пад’ёмных рухавікоў. Лётчыкі (У. А. Перапечка і Ю. І. Чурылаў) катапультаваліся і не пацярпелі, самалёт патануў у моры[9].
  • 2 красавіка 1979 года з-за праблем, выкліканых трапічнымі ўмовамі зваліўся ў акіян і быў згублены Як-38У, пілотаў выратавалі[8].
  • 27 снежня 1979 года ў працэсе адпрацоўкі УКР з палубы «Мінска» ў Усурыйскім заліве зваліўся ў мора з-за адмовы сістэмы павароту соплаў Як-38У (бартавы № 09), пілатаваны лётчыкамі-выпрабавальнікамі А. Р. Кананенка  (руск.) і М. С. Дзексбахам  (руск.)[9].
  • 8 верасня 1980 года ў ходзе кліматычных выпрабаванняў старту СВУП спосабам УКР ў Паўднёва-Кітайскім моры ўпаў Як-38 (бартавы № 042, пілот А. Р. Кананенка) - ледзь адарваўшыся ад палубы «Мінска», самалёт нечакана рэзка асеў і, стукнуўшыся коламі шасі аб абмежавальны брус вуглавой палубы, па зыходзячай траекторыі паваліўся ў ваду. Спроб катапультавацца пілот не рабіў, відавочна, спрабуючы да апошняга выратаваць машыну альбо страціўшы прытомнасць ад удару. Карабель застопарыў ход, быў узняты ў паветра дзяжурны выратавальны верталёт, але выявіць лётчыка так і не ўдалося[7].
  • 30 верасня 1980 года падчас заходу на пасадку з-за непаладак з адным з пад’ёмных рухавікоў з’явіўся пікіруючы момант, які ня дазволіў ажыццявіць пасадку ў вертыкальным рэжыме. Малы астатак паліва не дазволіў адвесці самалёт на запасны аэрадром (Камрань) для пасадкі ў гарызантальным рэжыме. Лётчык (маёр Асітнянка У. Р.) катапультаваўся і не пацярпеў, самалёт (бартавы № 44) патануў у моры[7].
  • 4 лістапада 1982 года падчас шторма зваліўся за борт самалёт, які быў пакінуты разам з іншымі на палубе[10].
  • Падчас баявога паходу вясной 1986 года пры правядзенні выратавальнай аперацыі (у мора зваліўся самалёт, пілатуемы Героем Савецкага Саюза палкоўнікам Івановым, пілот загінуў) «Мінск» быў вымушаны экстранна аддаць якары і ў выніку страціў адзін з іх. Узамен карабель быў абсталяваны нестандартнымі 8-тоннымі якарамі[11].
  • 1 лютага 1990 года адбылося затапленне некалькіх службовых памяшканняў у насавой частцы «Мінска» (пры стаянцы на рэйдавай бочцы ў раёне Уладзівастока). Затапленне адбылося з-за разгерметызацыі супрацьпажарнай сістэмы[12].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Проект 1143. Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2013. Праверана 30.1.2013.
  2. Ю. В. Апальков. 2 // Корабли ВМФ СССР. Ударные корабли. — ООО «Галея Принт», 2003. — Т. 2. — 144 с. — 500 экз. — ISBN 5-8172-0080-5.
  3. Авианосец "Минск" выставят на аукцион за 16 миллионов долларов (руск.). Lenta.ru.
  4. Бывший советский авианосец "Минск" продан на аукционе в Китае за $16 млн (руск.). ria.ru.
  5. Старонка карабля на сайце Wargaming.net (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2015. Праверана 7 лістапада 2015.
  6. В. В. Костриченко, Б. А. Айзенберг. ВМФ СССР и России. Аварии и катастрофы. — Харьков, 1998. — Т. 3. — С. 6. — 1 000 экз.
  7. а б в Gordon 2008, p. 142.
  8. а б Балакин, Заблоцкий 2007, с. 116.
  9. а б Gordon 2008, p. 143.
  10. На палубах авианосцев "холодной войны". Часть 2. Сергей Стриженко (СССР) - Дон Декокер (Don DeKoker, США) (руск.). Праверана 7 лістапада 2015.
  11. Балакин, Заблоцкий 2007, с. 119.
  12. В. В. Костриченко, Б. А. Айзенберг. ВМФ СССР и России. Аварии и катастрофы. — Харьков, 1998. — Т. 3. — С. 39. — 1 000 экз.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Апальков Ю. В. Корабли ВМФ СССР. Ударные карабли. — ООО «Галея Принт», 2003. — Т. 2. — 144 с. — 500 экз. — ISBN 5-8172-0080-5.
  • Шунков В.Н. Авианесущие корабли и морская авиация. — Минск: ООО Попурри, 2003. — С. 149-167. — 576 с. — 11 000 экз. — ISBN 985-438-979-0.
  • Балакин С. А., Заблоцкий В. П. Советские авианосцы. Авианесущие крейсера адмирала Горшкова. — Москва: Коллекция, Яуза, ЭКСМО, 2007. — 240 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-5-699-20954-5.
  • Yefim Gordon. Yakovlev Yak-36, Yak-38 & Yak-41: The Soviet 'Jump Jets'. — Hinckley, England, UK: Midland Publishing, 2008. — 145 с. — ISBN 978-1-85780-287-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]