Перайсці да зместу

Барысаглебская царква (Навагрудак)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сабор
Сабор святых мучанікаў-страстацерпцаў благаверных князёў Барыса і Глеба
Барысаглебская царква ў Навагрудку
Барысаглебская царква ў Навагрудку
53°36′01″ пн. ш. 25°49′27″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Навагрудак
Канфесія праваслаўе
Епархія Наваградская і Лідская
Тып будынка Сабор
Архітэктурны стыль готыка,
сармацкае барока,
псеўдарускі
Заснавальнік гетман Канстанцін Астрожскі,
мітрапаліт Іосіф Солтан
Дата заснавання 1517
Будаўніцтва 15171519 гады
Матэрыял цэгла
Стан дзеючы
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Навагрудская Барысаглебская царква — помнік архітэктуры XII—XVII стст. у горадзе Навагрудку.

Пабудавана на месцы храма першай паловы XII ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы як крыжовакупальны храм. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства XII ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. Падчас яго будаўніцтва выкарыстаны галаснікі. З XIV ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр (з 1624 г. — жаночы, з 1628 г. — мужчынскі манастыр базыльян (гл. Навагрудскі Барысаглебскі манастыр), з 1839 г. праваслаўная царква).

Перабудовы XVI—XVII стагоддзяў

[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XVI ст. і асабліва ў першай чвэрці XVII ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх вертыкальных калон-лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см.). У XVII ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай.

Перабудова XIX стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]

У XIX ст. фасады храма цалкам перабудаваны. Архітэктурнае рашэнне было заснавана на традыцыйным для рэтраспектыўна-рускага стылю выкарыстанні формаў маскоўска-яраслаўскага дойлідства XVII ст. Праектам рэканструкцыі прадугледжвалася змяненне сілуэту атыка (трохчастковае завяршэнне з трохдольных какошнікаў), ліштвы на праёмах вежаў, а таксама ў цэнтральным акне заходняга фасада, раскрыццё праёму званіцы, пластычная раскрапоўка заходняй сцяны, стварэнне над асноўным аб’ёмам вялікага «глухога» драўлянага барабана, «васьмярык на чацвярыку» з шатровым завяршэннем з какошнікамі на развітых карнізах і цыбульнай глаўкай. Падобнае завяршэнне мелі і вежы, якія фланкіравалі заходні фасад[1].

На малюнку Н. Орды (ХІХ ст.)

Адначасова быў створаны драўляны чатырохярусны іканастас у 30 абразоў. У верасні 1876 г. ў прысутнасці 10 тыс. вернікаў уладыка Аляксандр (Дабрынін) асвяціў перабудаваны храм.

У 1923—24 гг. храм зноў рэканструяваны: замест драўлянага барабана з галоўкай адноўлена першапачатковае скляпенне, умацаваны падмурак. Пасля Другой сусветнай вайны будынак царквы выкарыстоўваўся як архівасховішча. Адноўлена і адкрыта для набажэнстваў у 1990-х гг[2].

Рэстаўрацыйныя працы

[правіць | правіць зыходнік]

У 1989 годзе падчас рэканструкцыі былі разабраны вежы, была зроблена так званая рэстаўрацыя на прамежкавы этап[1].

У чэрвені 2010 года Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата пачаў рэстаўрацыю царквы (навуковы кіраўнік Г. Лаўрэцкі), у выніку якой у лістападзе таго ж года на вежы царквы паставілі какошнікі з шатрамі, завершанымі пазалочанымі купаламі-цыбулінамі. У сувязі з гэтым старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч звярнуўся з лістом у Міністэрства культуры з просьбай спыніць працы і прыцягнуць да адказнасці тых, хто ініцыяваў і дазволіў парушэнне закона (рэканструкцыя праводзілася без дазволу Міністэрства культуры і пратакола паседжання навукова-метадычнага савета ад 3 лістапада, які павінен быў гэтаму дазволу папярэднічаць)[3]. Ён просіць распачаць у адносінах да прыходу царквы і адказных супрацоўнікаў Навагрудскага райвыканкама адміністрацыйную справу (за парушэннем пунктаў 2 і 4 артыкулу 10 «Закона аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны»). Апроч таго, А. Астаповіч звярнуўся ў наваградскую пракуратуру[4]. Г. Лаўрэцкі ў адказ заявіў, што «тыя, хто падняў шум», асабліва не разабраліся ў сітуацыі і зрабілі паспешныя высновы і спаслаўся на Венецыянскую хартыю, якая гаворыць, што мэтай рэстаўрацыі з’яўляецца не вяртанне першапачатковага аблічча аб’екту, і ўжо тым больш не прамежкавага, а аднаўленне помніка ва ўсёй яго гісторыі — захаванне ўсіх яго стылістычных напластаванняў[1].

Рэстаўрацыя прадугледжвае таксама расчыстку фасада для адкрыцця аўтэнтычнага муру XVI стагоддзя і адкрыццё галерэі і сцен у стылі готыкі XII стагоддзя[1].

Храм уяўляе сабой прамавугольны пад вальмавым дахам карабель, які пераходзіць у больш нізкую 5-гранную апсіду пад асобным вальмавым дахам. Першапачаткова высокі двухсхільны дах над асноўным аб’ёмам з усходу і захаду завяршаўся мураванымі шчытамі. У плане няправільны (крыху звужаны з заходняга боку) прамавугольнік шырынёю 16 м. Галоўны фасад фланкіраваны дзвюма шатровымі вежамі (васьмярык на чацверыку), паміж якімі выступае нізкі прытвор. Рысы рэтраспектыўна-рускага стылю прыўнеслі ў архітэктуру храма завяршэнні вежаў у выглядзе невысокіх граненых шатроў з макаўкамі і каронай какошнікаў у аснаванні. Бакавыя фасады члянёны гранёнымі контрфорсамі, плоскімі пілонамі, высока ўзнятымі стральчатымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны спляценнем аркатур. Струмень вертыкалей нервюр, граняў контрфорсаў, вялікіх стральчатых вокнаў стварае непаўторнае аблічча гэтай святыні[2].

Чатыры слупы пасярэдзіне падзяляюць інтэр'ер храма на дзевяць частак (травей). 3 іх тры сярэднія блізкія да квадрата, а астатнія прамавугольныя. Травеі паміж сабою падзелены падпружнымі аркамі і перакрыты крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі. Пры гэтым рэбры нервюр не аддзяляюцца ад апор гарызантальнымі цягамі, што надае інтер’еру гатычную ўзнёсласць. Асабліва прыгожым зоркавым малюнкам нервюр вылучаецца перадалтарнае скляпенне[2].

Цэнтральны неф завершаны мураваным іканастасам XVIII ст., першы ярус якога складаецца з масіўных слупоў; па цэнтры другога яруса — паўцыркульны праём для алтарнага абраза; трэці ярус аддзелены ад папярэдняга магутным антаблементам[2].

Зноскі