Патоп на Дубравенцы
Патоп на Дубравенцы | |
---|---|
![]() | |
Прычына | Пашкоджанне, забіванне і паўторнае прабіццё трубы пад насыпам праз раку |
Месца | Магілёў |
Краіна | Трэці рэйх (ваенная адміністрацыя), БССР |
Дата | 10 красавіка 1942 |
Загінулых | каля 2000 чалавек |
Пацярпелых | невядома |
![]() |
Патоп на Дубравенцы або Магілёўскае цунамі — паводка 10 красавіка 1942 года ў Магілёве, што адбылася ў выніку прабіцця аселага насыпу праз раку Дубравенка. Найбуйнейшае прыродна-тэхнагеннае бедства ў Беларусі, што пацягнула смерць 2 тысяч чалавек.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]
Чыгуначная лінія, якая перасекла раку Дубравенку ў раёне Карабанаўкі, была пракладзена яшчэ ў пачатку XX ст. Спачатку яна ішла праз мост, а пазней быў створаны земляны насып. Плынь ракі было вырашана прапусціць па бетоннай трубе[1].
Пры адступленні з Магілёва ў ліпені 1941 года чырвонаармейцы падарвалі чыгуначны насып. Ад прасядання насып перакрыў рэчышча, а труба, цераз якую цякла рака, была пашкоджана. Да зімы ў рачной нізіне ад Пашкава да насыпу разлілося возера з узроўнем вады аж да самых рэек[1].
Прыйшоўшы ў горад, нямецкае камандаванне прыступіла да рамонту шляхоў, каб пускаць эшалоны на ўсход[1]. Падчас прац труба была забіта: у варонку ў насыпе скідвалася зямля і шпалы, што яшчэ больш засмеціла трубу. Рух цягнікоў быў адноўлены, а каб насып не апоўз, трубу яшчэ закрылі дрэвам. Тады Гарадское ўпраўленне звярнулася да начальніка Чыгуначнай станцыі Магілёва Лапо з просьбай аднавіць пропуск вады праз трубу. Лапо адказаў, што вышэйшае камандаванне ўведзена ў курс спраў, і хутка павінны прыбыць нямецкія будаўнічыя часці каб вырашыць праблему[2].
Нямецкі обер-лейтэнант Вольфсбергер вырашыў зрабіць штольню (прабіццё насыпу) сячэннем 1.2 м², але яе было недастаткова для спуску вады, бо старая труба мела плошчу ў 16 м². Працы распачаліся 6 кастрычніка, але праз некаторы час сталі немагчымымі з-за грунтавых вод. У ноч з 19 на 20 снежня са старой трубы, якая лічылася разбуранай, вырвалася вялікая колькасць вады, а ў насыпе пад чыгункай узнікла варонка. У той жа час, з боку возера насып ацалеў. Тады Гарадское ўпраўленне вырашыла да пачатку веснавой паводкі прабурыць пясок усярэдзіне старой трубы і аднавіць яе[2].
Працы па ачышчэнні трубы ішлі паводле плана, але 20 лютага камендант чыгуначнага вузлу забараніў іх, спаслаўшыся на тое, што асадка палатна ў выніку рамонту трубы пагражае руху цягнікоў па насыпе. У выпадку працягу работ, камендант абяцаў паскардзіцца ў фельдкамендатуру (вайсковаму начальству)[1][2]
1 красавіка ў мяне будзе гатовы мост, а тады што будзе з дамбай, мяне не тычыцца…[2].
Арыгінальны тэкст (руск.)1 апреля у меня будет готов мост, а тогда что будет с дамбой, меня не касается…
Тады, гарадскі інжынер Забелін напісаў дакладную запіску гарадскому галаве, дзе адзначаў катастрафічнасць сітуацыі. Галава горада загадаў працягваць работы, нягледзячы на заўвагі каменданта Лапо.
У пачатку красавіка 1942 г., калі ўзровень вады стаў крытычным[1], нямецкія акупацыйныя ўлады скіравалі брыгаду на прабіццё насыпу некалькімі трубамі[3]. Было выдзеана папярэджанне ў камісію па барацьбе з паводкай і загад аб эвакуацыі[2].
Бедства
[правіць | правіць зыходнік]10 красавіка 1942 года рамонтнікі дайшлі да рэшткаў трубы, дзе савецкія вайскоўцы заклалі ўзрыўчатку. Пры прарыве насыпу ў другой палове дня хваля імгненна змыла ўсіх рамонтнікаў. За 20 хвілін большасць людзей, 129 дамоў, сінагогу і Быхаўскі рынак з берагоў знесла ў Дняпро[4]. Пашкоджанні будынкам таксама наносілі падарваныя ільдзіны, якія несла з сабой вада[1].
Быў знесены ўвесь Быхаўскі рынак з прылаўкамі, ларкамі, гандлярамі і пакупнікамі, горад аказаўся без электраэнэргіі і вады… — ст. інжынер Уладзімір Чашэй[2]
Арыгінальны тэкст (руск.)Был снесен весь Быховский рынок с прилавками, ларьками, торговцами и покупателями, город оказался без электроэнергии и воды…
Сабраныя па берагах непрытомныя целы склалі ў адну яму. Большасць загінуўшых не пахавалі праз багністы нанос глею і гліны, што замінаў падысці да ракі яшчэ некалькі тыдняў. Трупы ў падсохлым глеі знаходзілі яшчэ цягам года.
- Здымкі трагедыі, зробленыя відавочцамі
Прычыны трагедыі
[правіць | правіць зыходнік]Па словах дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, само закладанне выбухоўкі прывяло да таго, што спыніўся ток ракі. Адзначаецца, што недастатковымі былі намаганні гарадской улады, нямецкага камандавання, а таксама прынцыповая пазіцыя камендатуры чыгуначнага вакзала, якая лічыла, што насып разбураць нельга, пакуль не будзе адноўлены мост для сувязі з войскамі па чыгунцы[5].
У выніку сумы гэтых фактараў вада ў вадазборы не была своечасова спушчана, і спроба ачышчэння затору выбухам прывяла да трагедыі[5].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Па меркаваннях некаторых гісторыкаў[удакладніць], у савецкія часы трагедыя замоўчвалася з-за неадназначнасцяў у трактоўцы прычын трагедыі, якія маглі выстаўляць савецкіх партызан аднымі з яе віноўнікаў[1].
Праз пашырэнне звестак аб патопе на навуковай нарадзе «Магілёў: гісторыя і сучаснасць» у 2006 годзе студэнты Беларуска-расійскага ўніверсітэта зладзілі збор подпісаў з просьбай да Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта аб усталяванні помніка ахвярам бедства[6].
Станам чэрвень 2017 года памятнага знака аб трагедыі ўсталявана не было[7].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё “Цунами” на Дубровенке: как в 1942 году поток воды уничтожил сотни людей (руск.). www.pniva.by (10 красавіка 2019).
- ↑ а б в г д е Антон Турков. Потоп на реке Дубровенка: архивы, комментарии очевидцев, легенды и мистика (руск.). vMogileve.by.
- ↑ Аляксей Бацюкоў. Дубравенкі крывавыя берагі . Наша Ніва (3 студзеня 2013).
- ↑ Магілёў: Моладзь ушанавала ахвяраў паводкі 1942 году . Радыё «Свабода» (3 студзеня 2013).(недаступная спасылка)
- ↑ а б «Могилевское цунами» или «Потоп на Дубровенке». Видео . Mogilevnews.by (11 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 24.09.2020.
- ↑ Аляксей Бацюкоў. Трагедыя на Дубровенцы(недаступная спасылка). Магілёўскія ведамасці (2 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2017. Праверана 15 снежня 2016.
- ↑ Андрей Рудь. Белорусское «цунами». Как из-за немецкой бесхозяйственности была смыта часть Могилева с людьми (руск.). onliner.by.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Патоп на Дубравенцы