П’ер Лоці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
П’ер Лоці
фр.: Pierre Loti
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні фр.: Louis Marie Julien Viaud
Псеўданімы Pierre Loti
Дата нараджэння 14 студзеня 1850(1850-01-14)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 10 чэрвеня 1923(1923-06-10)[2][4][…] (73 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Théodore Viaud[d]
Жонка Аканэ-Сан[d] і Жанна-Амелія-Бланка Фран дэ Фер’е[d]
Дзеці Samuel Viaud[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, ваенна-марскі афіцэр, раманіст, эсэіст, аўтар дзённіка, журналіст, пісьменнік-падарожнік, фатограф
Гады творчасці 1875[6]1923[6]
Мова твораў французская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
кавалер Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна Crosses of Naval Merit Commander's Cross of the Order of Franz Joseph
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

П’ер Лоці (фр.: Pierre Loti), сапраўднае імя Луі Мары-Жульен Віа (фр.: Louis Marie-Julien Viaud; 14 студзеня 1850 — 10 чэрвеня 1923)[7] — французскі марскі афіцэр і празаік, вядомы сваімі экзатычнымі раманамі і апавяданнямі.[8]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Жульен Віа нарадзіўся 14 студзеня 1850 года ў горадзе Рашфор на атлантычным узбярэжжы Францыі, у пратэстанцкай сям’і.[9] Пачатковую адукацыю атрымаў на радзіме, у 17 гадоў паступіў у ваенна-марское вучылішча ў Брэсце, далей лёс быў звязаны з ваенным флотам.

Паступова прасоўваючыся па службе, даслужыўся ў 1906 годзе да капітана; са студзеня 1910 года — у рэзерве.

Пісьменнік памёр у сваёй хаце ў Андаі і быў пахаваны на востраве Алерон. Яго імя носіць адна з алей на Марсавым полі. На Таіці ў Фаўтауа ў гонар Лоці названы невялікі вадаём і ўсталяваны помнік.[10] На ўзгорку ў стамбульскім раёне Эюп, адкуль Лоці часта любаваўся панарамай бухты Залаты Рог, адкрыта кафэ «П’ер Лоці».[11] Разам з тым на працягу XX стагоддзя запатрабаванасць кніг Лоці — аднаго з самых папулярных пісьменнікаў Францыі свайго часу — няўхільна зніжалася,[12] а ў англамоўным свеце яго імя апынулася трывала забытым.[13]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пісьменніцкую дзейнасць пачаў у 1876 годзе, калі пасля наведвання Канстанцінопаля яго калегі пераканалі Лоці пачаць публікацыю ўрыўкаў з дзённіка. Вынікам быў ананімна апублікаваны раман «Азіядэ  (англ.)» (фр.: Aziyadé) у 1879 годзе, часткова любоўны раман, часткова аўтабіяграфія, як і працы яго прыхільніка Марселя Пруста.

Падарожжы ў экзатычныя краіны давалі сюжэты і месцы дзеяння раманам Лоці. Падарожжа на два месяцы ў Папеэтэ ў 1872 годзе прывяло да публікацыі ў 1880 годзе «палінезійскай ідыліі» «Шлюб Лоці  (англ.)» (фр.: Le Mariage de Loti), па матывах якой Леа Дэліб стварыў оперу «Лакмэ» (1883). Менавіта гэтая кніга абудзіла цікавасць да Палінезіі мастака Поля Гагена.[14]

Наступным творам стаў «Раман аднаго спагі» (1881), дзеянне якога разгортвалася ў Сенегале. У 1882 годзе Лоці выдаў зборнік з чатырох кароткіх твораў, трох апавяданняў і падарожнага твора пад назвай «Кветкі нуды» (фр.: Fleurs d'ennui).

У 1883 годзе Лоці прыцягнуў шырокую ўвагу грамадскасці. Спачатку ён апублікаваў раман «Мой брат Іў» (фр.: Mon Frère Yves), які апісвае жыццё французскага марскога афіцэра (П’ера Лоці) і брэтонскага марака (Іў Кермадэк, натхнёны таварышам Лоці П’ерам ле Корам). Эдмунд Гос  (руск.) назваў гэты раман «адным з яго [Лоці] найбольш характэрных твораў». Па-другое, падчас службы ў Танкіне (паўночны В’етнам) у якасці ваенна-марскога афіцэра на борце браняносца Atalante  (англ.), Лоці апублікаваў тры артыкулы ў газеце «Le Figaro» у верасні і кастрычніку 1883 года пра зверствы, якія адбыліся падчас бітвы пры Тун-Ане  (англ.) (20 жніўня 1883 года), напад французаў на в’етнамскую прыбярэжную абарону Хюэ. За такую неасцярожнасць яму пагражалі адхіленнем ад службы, што спрыяла набыццю шырокай вядомасці ў грамадстве. У 1884 годзе яго сябар Эміль Пувілон  (англ.) прысвяціў яму свой раман «Нявінны».

У 1886 годзе выйшаў раман з жыцця брэтонцаў — «Ісландскі рыбак  (руск.)» (фр.: Pêcheur d'Islande). У «Брытанскай энцыклапедыі» (1911) раман ахарактарызаваны як вяршыня творчасці пісьменніка.[8] Крытыкі адзначалі, што Лоці не без поспеху спрабаваў адаптаваць імпрэсіянісцкую тэхніку для літаратурнай творчасці.

П’ер Лоці (справа) разам з «мадам Хрызантэмай  (англ.)» і П’ерам ле Корам у Японіі (1885)

У 1887 годзе быў апублікаваны раман «Мадам Хрызантэма  (англ.)», натхнёны летнім візітам 1885 года ў Нагасакі, дзе Лоці ўзяў сабе часовую жонку-японку. У першыя пяць гадоў пасля выхаду ў свет раман вытрымаў 25 выданняў і быў перакладзены на шэраг моў. Гэты раман шмат у чым вызначыў вобраз Японіі ў масавай свядомасці еўрапейцаў канца XIX стагоддзя і стаў асновай для 2-х опер: «Мадам Хрызантэма  (англ.)» Андрэ Месажэ (1887) і «Мадам Батэрфляй» Джакама Пучыні (1904).[15]

У 1890 годзе Лоці апублікаваў «У Марока  (англ.)» (фр.: Au Maroc), запіс аб падарожжы ў Фес у кампаніі з французскім пасольствам, і «Гісторыя дзяцінства» (фр.: Le Roman d'un enfant), белетрызаваныя ўспаміны пра дзяцінства Лоці, якія моцна паўплывалі на Марселя Пруста. Зборнік «надзвычай канфідэнцыяльных і сентыментальных успамінаў» пад назвай «Кніга жалю і смерці» (фр.: Le Livre de la pitié et de la mort) быў апублікаваны ў 1891 годзе.

Лоці на карыкатуры Ж. Гута  (англ.) для Vanity Fair (1895)

Лоці знаходзіўся на борце судна ў алжырскім порце, калі да яго прыйшлі весткі аб яго выбары 21 мая 1891 года ў Французскую акадэмію. У 1892 годзе ён апублікаваў «Прывід Усходу» (фр.: Fantôme d'orient), кароткі раман, створаны пасля наступнай паездкі ў Канстанцінопаль, своеасаблівы працяг «Азіядэ  (англ.)» (фр.: Aziyadé). Ён апісаў візіт на Святую Зямлю ў трох тамах «Пустыня, Іерусалім і Галілея» (1895—1896), а ў 1897 годзе напісаў раман «Рамунча  (руск.)» — апавяданне пра кантрабандыстаў у правінцыі баскаў. Ён быў навеяны адносінамі з басконкай Хуанай-Хасефай Крус Гаінса, з якой пісьменнік пражыў да самай смерці і якая нарадзіла яму чатырох дзяцей.[16] У 1898 годзе Лоці сабраў свае пазнейшыя эсэ пад назвай «Фігуры і рэчы, якія прайшлі» (фр.: Figures et Choses qui passaient).

У 1899—1900 гадах Лоці пабываў у Брытанскай Індыі, свае ўражанні ён апублікаваў у 1903 годзе ў кнізе «Індыя без англічан» (фр.: L'Inde (sans les anglais)). Восенню 1900 года ён быў перакінуты ў Кітай для ўдзелу ў падаўленні Баксёрскага паўстання. Успаміны пра ўбачанае былі выпушчаныя ў 1902 годзе пад назвай «Апошнія дні Пекіна» (фр.: Les Derniers Jours de Pékin). Далей Лоці публікаваў раманы, дзеянне якіх разгортвалася ў Японіі («Трэцяя маладосць спадарыні Прун» (фр.: La Troisième jeunesse de Mme Prune), 1905) і Егіпце («Смерць у Філе» (фр.: La Mort de Philae), 1908).

У 1904 годзе Лоці разам з Эмілем Ведэлем пераклаў на французскую мову шэкспіраўскага «Караля Ліра», які быў пастаўлены на сцэне тэатра Антуан  (англ.).

У 1912 годзе Лоці разам з Жудзіт Гацье  (руск.) ажыццявіў пастаноўку п’есы «Дачка Нябёсаў» у Новым тэатры Нью-Ёрка  (англ.) з Сарай Бернар у галоўнай ролі.

Лоці ў вобразе фараона (1893).

Эксцэнтрычнасць[правіць | правіць зыходнік]

Як і англійскі пісьменнік Рычард Фрэнсіс Бёртан, Лоці сваімі паводзінамі кідаў выклік умоўнасцям маралі віктарыянскай эпохі.[17] Пры мініятурным росце ён надаваў вялікую ўвагу сваёй фізічнай форме. Каб не набраць вагу, пісьменнік абсталяваў свой асабняк залай для гімнастычных практыкаванняў. Ён любіў пазіраваць перад фатографамі ў самых экзатычных строях, часцяком паўаголеным (часам у адной насцегнавай павязцы), каб развеяць чуткі, быццам ён носіць гарсэт.[18]

У квір-літаратуразнаўстве «Мой брат Іў» разглядаецца як адзін з першых у Еўропе раманаў аб аднаполым каханні.[19] Сястра Напалеона III сцвярджала, што на флоце Лоці «заспелі за актам мужаложству», аднак крымінальны пераслед быў згорнуты.[19] Лоці акружаў сябе сімпатычнымі маракамі і ў 1888 годзе прывёў на абед да А. Дадэ матроса з аголенымі грудзьмі.[19]

Мячэць у доме-музеі Лоці

Дом Лоці  (фр.) ў Рашфоры, абвешчаны пасля яго смерці музеем, — адметны помнік архітэктурнай эклектыкі. Пакоі дома стылізаваныя пад жыллё гуманіста эпохі Адраджэння, іспанскага ідальга і турэцкага пашы. Лоці асабіста ўдзельнічаў у аздабленні ўсіх інтэр’ераў, уключаючы роспіс сцен. У слабаасветленую гатычную залу гаспадар дапускаў тых гасцей, якія маглі размаўляць з ім на старафранцузскай гаворцы часоў Людовіка XI.[18]

У так званай мячэці Лоці змясціў прадметы, прывезеныя з падарожжаў па Усходзе, у т.л. пяць саркафагаў і кедравую столь адной з мячэцяў Дамаска. Падобна на героя дэкадэнцкага рамана «Наадварот», ён збіраў муміфіцыраванных кошак з Егіпта, бранзалеты сенегальскіх танцоўшчыц, японскую храмавую скульптуру і многія іншыя цацанкі, для захоўвання якіх купіў дом суседа.[18] Некаторыя з скрынь, дастаўленых на склад Лоці з далёкіх краін, да гэтага часу не былі адчыненыя, і іх змест невядомы.[18]

Зноскі

  1. Louis Marie Julien Viaud // Léonore databaseministère de la Culture. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Pierre Loti // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  4. Pierre Loti // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. а б Французская акадэмія — 1635. Праверана 2 чэрвеня 2022.
  6. а б RKDartists Праверана 18 верасня 2022.
  7. Pierre Loti facts, information, pictures (англ.). Encyclopedia.com. encyclopedia.com. Праверана 11 лістапада 2017.
  8. а б З артыкула «Pierre Loti» Эдмунда Госа ў Энцыклапедыі Брытаніка 1911 года
  9. Nemo, August (2019). Essential Novelists - Pierre Loti: literary impressionism. Tacet Books. ISBN 9788577772698. “Pierre Loti,” was born in Rochefort, of an old French-Protestant family, January 14, 1850..
  10. Buste de Pierre Loti, vallée de la Fautaua - Tahiti Heritage (фр.). www.tahitiheritage.pf. Праверана 8 сакавіка 2017.
  11. Холм Пьер Лоти | Русский Стамбул
  12. Irene L Szyliowicz, Seth Kershner. Pierre Loti and the Oriental Woman. — Springer, 1988. — С. 1—2. — ISBN 9781349192052.
  13. Холм Пьер Лоти (руск.). Русский Стамбул. www.russianistanbul.com. Праверана 11 лістапада 2017.
  14. Sean Brawley, Chris Dixon. The South Seas: A Reception History from Daniel Defoe to Dorothy Lamour. — Lexington Books, 2015-04-21. — 321 с. — ISBN 9780739193365.
  15. Christopher Reed. The Chrysanthème Papers: The Pink Notebook of Madame Chrysanthème and Other Documents of French Japonisme. — Honolulu: University of Hawaii Press, 2010. — С. 1. — 165 с. — ISBN 9780824833459.
  16. Roger Tessier La famille basque de Pierre Loti à Rochefort de 1894 à 1926(фр.) // Roccafortis. — 1995. — Январь — В. 3. — Т. II. — № 15. — С. 307—310.
  17. Генры Джэймс адносіў яго да вузкага колу тых сучаснікаў, хто не баіцца выглядаць недарэчным.
  18. а б в г Sciolino, Elaine. "Lumiere | The Curious Case of Pierre Loti". T Magazine [англійская]. Праверана 2017-11-11.
  19. а б в Richard M. Berrong. In Love with a Handsome Sailor: The Emergence of Gay Identity and the Novels of Pierre Loti. University of Toronto Press, 2003. ISBN 9780802036957. P. 3-18, 103.