Свята-Мікалаеўская царква (Мікалаеўшчына)
Славутасць | |
Царква Святога Мікалая | |
---|---|
53°24′14″ пн. ш. 26°50′14″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Мікалаеўшчына |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Маладзечанская |
Благачынне | Стаўбцоўскае |
Тып будынка | Царква |
Архітэктурны стыль | народнае дойлідства |
Першае згадванне | 1866 |
Будаўніцтва | 1872—1876 гады |
Стан | страчана |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свя́та-Мікала́еўская царква́ — колішні драўляны праваслаўны храм у вёсцы Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры народнага дойлідства.
Храм знаходзіўся ў гістарычным цэнтры мястэчка Грудку, на месцы разабранага ў 1866 годзе касцёла. У народным вучылішчы, заснаваным пры гэтай царкве, з 1890 па 1892 гады навучаўся будучы класік беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да 1866 года ў Мікалаеўшчыне дзейнічаў касцёл Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваны ў 1652 годзе па фундацыі маршалака вялікага літоўскага Аляксандра Людвіка Радзівіла. У выніку паўстання 1863—1864 гадоў пачаўся працэс скасавання каталіцкага прыходу ў мястэчку і пераводу прыхаджан у праваслаўе.
30 ліпеня 1866 года святаром Пятром Трускоўскім быў складзены рапарт аб пераходзе жыхароў сяла Мікалаеўшчына ў праваслаўе, адпраўлены архібіскупу мінскаму і бабруйскаму Міхаілу. У тэксце дакумента сцвярджаецца, што «Жыхары мястэчка Мінскага павету Мікалаеўшчыны… далучыліся да праваслаўнай царквы і… просяць, каб касцёл іхні… быў звернуты ў праваслаўную царкву і пры ёй было адчынена народнае вучылішча.» Таксама адзначана, што мястэчка знаходзіцца «сярод каталіцкага насельніцтва», касцёл у ім «драўляны, крэпкі, пабудаваны алтаром на ўсход, звонку прыгожы, з двума купаламі, годны да пераробкі ў праваслаўную царкву»[2]. Адказ архібіскупа быў станоўчым, аднак дзяржавай было прынята рашэнне аб вылучэнні 3500 рублёў на пабудову новай праваслаўнай царквы і адкрыццё народнага вучылішча. У 1872 годзе быў распрацаваны праект, а ў 1876 годзе — завершана будаўніцтва і асвячэнне царквы ў гонар святога Мікалая.
Па дадзеных 1878 года, у храме служылі святар і псаломшчык. Святаром з’яўляўся Уладзімір Бабарыка, які «не скончыў курс семінарскіх навук» (пасвечаны ў святары ў 1873 годзе), псаломшчыкам — Васіль Духоўскі, займаў пасаду з 1837 года[3].
Пры Мікалаеўскай царкве існавала царкоўна-прыхадское апякунства, з 1866 года — народнае вучылішча, якое размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце. Станам на 1892 год, у ім навучалася 167 дзяцей, сярод якіх быў і будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас. Пры царкве таксама дзейнічаў хор.
У часы ўваходжання Мікалаеўшчыны ў склад Польскай рэспублікі царква дзейнічала як праваслаўная, пры гэтым у вёсцы адраджалася каталіцкая парафія[4]. Будынак быў разабраны ў 1960 годзе ў рамках хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі. Цяпер на яго месцы размешчаны будынак адміністрацыі Мікалаеўшчынскага сельсавета.
У 1999 годзе ў перабудаваным адміністрацыйным будынку была адкрыта новая Свята-Мікалаеўская царква. Настаяцелем у адноўленым прыходзе служыць протаіерэй Васіль Каляда[5].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Будынак у плане з’яўляўся трохзрубавым, складаўся з квадратнага асноўнага аб’ёму, увенчанага пяццю глухімі купаламі, алтара і бабінца са званіцаю[6].
Апісанне царквы, складзенае ў 1878 годзе, паведамляе, што царква драўляная, увянчана даўгаватым крыжом з сям’ю глухімі купаламі і званіцаю ва франтоннай частцы. Дах пакрыты жалезам, вокны размешчаны на адным узроўні, уваходных дзвярэй трое; дах і вонкавыя сцены афарбаваны. Унутраная плошча складае 30 квадратных сажаняў (136.5 квадратных метраў). Падлога драўляная. Да апалу царква не прыстасавана. Іканастас пафарбаваны ў блакітны колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаецца з 15 абразоў, змешчаных у 2 ярусы. Рызніца змешчана ў асаблівым прыдзеле каля алтарнай часткі.
Неабходныя для набажэнстваў рэчы маюцца ў дастатку, усе малакаштоўныя, за выключэннем срэбранага прыбора літургічных пасудзін. Святарскіх убораў усяго пяць, усе яны з малакаштоўнай парчы, у тым ліку адно зусім трухлявае. Евангелле адно, у вокладцы, абкладзенай малінавым аксамітам; набажэнскіх кніг дастатковая колькасць. У царкоўным архіве маюцца метрычныя кнігі і спісы прыхаджан толькі з 1867 года. Вакол царквы пабудавана дашчаная агароджа. У званіцы знаходзяцца тры званы вагою 8, 7 і 1 пудоў (131, 115 і 16 кілаграм адпаведна)[3].
Аляксандр Лакотка адносіць храм да «узорнага» праекту драўляных цэркваў, у аснову якога былі пакладзены мясцовыя кампазіцыйныя прыёмы, аднак прапорцыі, формы і дэкор часам згадвалі рысы рускага праваслаўнага дойлідства[7].
Прыход
[правіць | правіць зыходнік]У склад прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы ўваходзілі сяло Мікалаеўшчына і вёскі Прусінава, Сверынава і Русаковічы. Прыхаджан мужчынскага пола налічвалася 549 чалавек, жаночага — 550 (станам на 1878 год). Усе прыхаджане былі сялянскага паходжання, займаліся земляробствам. У апісанні прыхода ўдакладняецца: «што тычыцца рэлігійнага стану, то як пераведзеныя ў большасці з каталіцтва, не зусім яшчэ засвоілі сабе абраднасці і патрабаванні праваслаўнай веры»[3].
Прыхадскі прыбытак на працягу года быў нязначны і не дасягаў 10 рублёў. Да царквы былі прыпісаны 33 дзесяціны зямлі, у тым ліку 1 дзесяціна сядзібнай зямлі, 4 — сенажатнай і 28 — ворнай, якія былі размешчаны за Нёманам, у пяці вярстах ад царквы. План і межавая кніга не складаліся. З ліку пабудоваў меліся плябанія, восець, свіран, хлеў, а для псаломшчыка — хата і дзве адрыны. Адзначана, што пабудовы трухлявыя і патрабуюць капітальнага рамонту, апрача хаты святара[3].
Могілак у прыходзе знаходзілася двое, у вёсцы Прусінаве дзейнічала прыпісная царква.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Маляўка, М. А. Коласаў абярэг/ Мікола Маляўка. — Мінск: Маст.літ., 2011.- с.20
- ↑ О переходе жителей села Николаевщина в православие Архівавана 23 сакавіка 2016.
- ↑ а б в г Описание церквей и приходов Минской епархии, составленное по официально затребованным от притчов сведениям. Минский уезд. Минск, Типо-литография Б. И. Соломонова, 1878, с. 103—105
- ↑ Мікалаеўшчына — парафія Cв. Яна Хрысціцеля і св. Андрэя, апостала
- ↑ Прыход храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Мікалаеўшчыне Архівавана 28 кастрычніка 2019. — Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі, 16 студзеня 2015 (руск.)
- ↑ Памяць. Стаўбцоўскі раён. Мн.:Беларуская энцыклапедыя, 2004
- ↑ Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі/ А. І. Лакотка.-Мн.:Беларусь, 2003, с.15
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць. Стаўбцоўскі раён. Мінск, Беларуская энцыклапедыя. 2004
- Маляўка, М. А. Коласаў абярэг/ Мікола Маляўка. — Мінск: Маст.літ., 2011.- 213с.
- Описание церквей и приходов Минской епархии, составленное по официально затребованным от притчов сведениям. Минский уезд. Минск, Типо-литография Б. И. Соломонова, 1878, 187 с.
- Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі/ А. І. Лакотка.-Мн.:Беларусь, 2003, 67 с.