Свята-Міхайлаўская царква (Гомель)
Праваслаўны храм | |
Свята-Міхайлаўская царква | |
---|---|
![]() | |
52°24′30″ пн. ш. 30°56′26″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Гомель |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Гомельская і Жлобінская |
Благачынне | Гомельскае гарадское |
Тып будынка | царква |
Архітэктурны стыль | народнае дойлідства з рысамі псеўдарускага стылю |
Першае згадванне | 1763 |
Будаўніцтва | 1904—1909 гады |
Статус |
![]() |
Стан | дзейнічае |
![]() |
Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у горадзе Гомелі, перавезены з вёскі Вылева Добрушскага раёна. Дзейнічае як храм-помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы[1]. Адзіная ў Беларусі царква, перавезеная з Чарнобыльскай зоны адчужэння[2].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вылеўская царква[правіць | правіць зыходнік]
Першая царква вядома з 1763 года як уніяцкая. Паводле звестак рэвізскай сказкі за 1788 год, вёска адносілася да Гомельскай парафіі, святаром быў Сямён Міхайлаў, дзякам — Парфен Агееў[3].
Складзенае ў 1838 годзе апісанне царквы паведамляла, што будынак знаходзіўся ў дрэнным стане:
![]() |
Архангельская, што ў сяле Вылева, царква драўляная ў сценах і дахах трухлявая і вельмі цесная, у даўжыню 6 сажаняў і 2 аршыны, у шырыню 2 сажані і 2 аршыны, мае званіцу... такую ж трухлявую. Іканастас простай работы і ў ім абразы пасрэдныя. Ракою Іпуць, якая ў 1797 годзе перамяніла сваё цячэнне, бераг, на якім стаіць гэтая царква, штогод падмываецца на аршын, і як ад ракі да царквы знаходзіцца прастора з васьмі сажаняў, то царква праз некалькі год падвяргаецца небяспецы, таму замест таго, каб гэтую трухлявую і цесную царкву папраўляць, патрэбна выбудаваць новую, на новым бяспечным месцы, што і прапанаваць памешчыкам, сяляне якіх складаюць гэты прыход князя Варшаўскага графа Паскевіча Эрыванскага і гвардыі паручыка Герарда[4]. | ![]() |
У 1839 годзе былі атрыманы сродкі на ўзвядзенне новай царквы, падрыхтаваны праект і асвечана месца пад будаўніцтва. Яно было вылучана падчас генеральнага межавання 1784 года і налічвала 36 дзесяцін, з якіх 3 дзесяціны складала сядзібная зямля, 3 дзесяціны — сенажатная і 30 дзесяцін — ворная зямля.
Па інфармацыі 1844 года, не быў накрыты дах і купалы над асноўным аб’ёмам і званіцай, таксама згадваецца, што будоўля праводзілася з адхіленнем ад праекта. Узвядзенне скончылася ў 1846 годзе, пасля чаго пачаліся ўнутраныя работы. У 1847 годзе адбылося асвячэнне храма[5].
![]() |
Храм, пабудаваны ў 1848 годзе на сродкі князя Паскевіча Эрыванскага, драўляны, але крэпкі, вонкавы і ўнутраны выгляд храма даволі прыстойны. Руплівасцю прыхаджан храм не раз быў рамантаваны, адноўлены і ўпрыгожаны, толькі малаўмяшчальны. Начынне пасрэднае, рызніца па колькасці дастатковая, а па якасці бедная, бібліятэка пры храме прыстойная. епіскап Місаіл, «Могилёвские епархиальные ведомости», 1897
|
![]() |
У 1846 годзе адкрылася царкоўна-прыходскае вучылішча. Дзейнічалі тры царкоўныя школы ў вёсках прыхода. Станам на 1899 год, вылеўская царква мела 2764 прыхаджан і звыш 43 дзесяцін зямлі. Яе настаяцелем з’яўляўся Іаан Шабека, які пражываў у Ветцы[3]. Царкоўна-прыходскае папячыцельства было заснавана ў 1883 годзе.
![]() | |
---|---|
![]() |
Царква ў 1960 годзе, фасадная частка. |
![]() |
Царква ў 1960 годзе, выгляд збоку. |
![]() |
Святар Васіль Канцавы ў царкве, 1960 год. |
![]() |
Царква ў 1987 годзе, выгляд з боку апсіды. |
З часам храм струхлеў і 28 ліпеня 1904 года сінод задаволіў хадатайства магілёўскага епіскапа пра водпуск сродкаў на будаўніцтва драўлянай царквы і зацвердзіў яе праект. 10000 рублёў на ўзвядзенне выдаткаваў сінод, 4677 рублёў ахвяравалі прыхаджане. 27 снежня 1909 года новы храмавы будынак быў асвечаны.
На ахвяраванні памешчыка М. М. Герарда ў 1910 годзе з разабраных падмуркаў былой царквы і набытай цэглы была выкладзена агароджа. У тым жа годзе царкоўная маёмасць, якая складалася з драўляных царквы, плябаніі, свірана, хлява, дома псаломшчыка і вартоўні была застрахавана[6].
Першапачатковы іканастас быў двух’ярусным, у 1912 годзе на сродкі вернікаў ён быў дабудаваны да чатырохяруснага. Царква ў 1915 годзе валодала сядзібнай зямлёю ў 2 дзесяціны 800 квадратных сажаняў, ворнай зямлёю ў 33 дзесяціны 520 квадратных сажаняў, сенажатнай зямлёю ў 10 дзесяцін, двума плябаніямі і бібліятэкай.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі царква дзейнічала да 1930-х гадоў. Потым была закрыта, у час нямецкай акупацыі зноў адкрыта, і з таго часу больш не зачынялася[7].
У міжваенны перыяд настаяцелем прыхода быў Іаан Кашуба, пасломшчыкам — Васіль Кузьмінскі. У 1930—31 гадах яны былі рэпрэсаваны як антысавецкія агітатары, аднак пасля вайны вярнуліся на ранейшыя пасады. З 1961 года і да адсялення вёскі ў храме служыў протаіерэй Васіль Канцавы.
Гомельская царква (з 2001 года)[правіць | правіць зыходнік]
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года вёска Вылева апынулася радыелагічна забруджанай, жыхары былі выселены і царква апынулася закінутай.
Спачатку планавалася перанесці будынак у гарадскі пасёлак Церахоўку. Але ў 2000 годзе быў распрацаваны план правядзення мерапрыемстваў па пераносе храма ў Гомель. 6 чэрвеня 2000 года выйшла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб пераносе царквы з вёскі Вылева ў Гомель[8]. Прыход храма быў заснаваны яшчэ ў 1997 годзе[9].
13 снежня 2001 года быў закладзены і асвечаны падмурак царквы. У канцы ліпеня 2002 года зруб быў перавезены і падрыхтаваны да зборкі. Да канца 2005 года вонкавыя працы былі завершаны, пачалася ўнутраная аздоба царквы. Царква была адрэстаўравана архітэктарам Уладзімірам Мелехам[10].
Храм быў асвечаны мітрапалітам мінскім і слуцкім Філарэтам 26 красавіка 2006 года, у дваццатую гадавіну Чарнобыльскай аварыі[11][12]. У 2007 годзе занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-кльтурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. З 2014 года настаяцелем у царкве служыць протаіерэй Ігар Альшанаў. Тады ж царква — адзіная ў Гомельскай епархіі — атрымала статус вайсковай[1].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Помнік народнага дойлідства з рысамі псеўдарускага стылю. Крыжова-купальны храм з пяціграннай апсідай. Над сяродкрыжжам асноўнага аб’ёму ўзвышаецца вялікі шлемападобны купал на светлавым васьмерыку. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца двух’ярусная званіца над бабінцам, увянчаная шатровым дахам. Галоўныя і бакавыя ўваходы вылучаны ганкамі з казыркамі. Сцены гарызантальна ашаляваны, прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, сандрыкамі і дэкаратыўнымі рашоткамі[13].
Перакрыцце аб’ёмаў бэлечнае плоскае. Дах бляшаны двухсхільны, пакаты над трансептамі і бабінцам і вальмавы над апсідай. Істотных зменаў у архітэктурным абліччы будынка не было. Як сведчыць выяўлены на сцяне званіцы запіс, царкву афарбавалі «Дзяніс і Яфім П. Я. 15 верасня 1909 года»[14].
Захавалася апісанне царквы ў страхавым лісце 1910 года:
… драўляная, але на цагляным цокале, унутры абчасана, а звонку абшыта дошкамі і пафарбавана звонку і ўнутры алейнай фарбай, пакрыта жалезам, выфарбаваным алейнай фарбай. Даўжыня царквы, улічваючы і званіцу, 12 сажаняў, найбольшая шырыня 8 сажаняў, вышыня да верху карніза 3 сажані. На царкве маецца адна вялікая галоўка і адна меншая (над алтаром), вялікіх вокнаў 22 штукі, дзвярэй вонкавых, створкавых, абшытых жалезам 5 штук і адна аднастворкавая, унутры 5 штук. Іканастас даўжынёй 12 аршын, вышынёй 9 аршын. Званіца ў тры ярусы, агульнай вышынёю да верху карніза 17 аршынаў[15].
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б Гісторыя храма Святога Арханёла Міхала. — Афіцыйны сайт прыхода Свята-Міхайлаўскай царквы, 2019. (руск.)
- ↑ Вячаслаў Бандарэнка. Цуд: вакол радыяцыя, а ўнутры царквы лічыльнікі Гейгера змаўкалі, або Як храм Святога Архістратыга Міхаіла перанеслі ў Гомель. — Телескоп, 20 лютага 2018. (руск.)
- ↑ а б Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Добрушскага раёна. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2001. — 555, [2] с.: іл. ISBN 985-02-0255-6
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 12
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 13
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 16
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 17
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 30
- ↑ Гомель, прыход у імя Святога Міхала Арханёла. — Pravoslavie.by. (руск.)
- ↑ Мелех Владимир Иванович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. Минск: Энциклопедикс, 2014. −140 с. ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
- ↑ Уладыка Філарэт асвяціў храм Святога Архістратыга Міхаіла ў Гомелі Архівавана 17 сакавіка 2020.. — Naviny.by, 25 красавіка 2006. (руск.)
- ↑ Гомельщина в XX—XXI веках. Вехи истории: материалы науч.-ист. семинара / под общ. ред. епископа Гомельского и Жлобинского Стефана; М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Белорус. гос. ун-т трансп.; Гом. епархия Белорус. православной церкви. — Гомель: БелГУТ, 2017. — 155 с. С. 142—149
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл. С. 152
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 18
- ↑ Буйневіч, 2009, с. 15
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Буйневич Н. А. Гомельский Свято-Михайловский храм-памятник жертвам Чернобыля. История строительства и переноса-реставрации деревянной церкви Святого Архистратига Михаила из деревни Вылево Добрушского района в г. Гомель: К 100-летию освящению церкви Святого Архистратига Михаила / Н. А. Буйневич. — Гомель: ГГТУ им П. О. Сухого, 2009. — 95 с. — ISBN 978-985-420-819-0.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Добрушскага раёна. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2001. — 555, [2] с.: іл. ISBN 985-02-0255-6
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Свята-Міхайлаўская царква (Гомель) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Храмы паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1909 годзе
- Праваслаўныя храмы Гомеля
- Храмы Гомельскай і Жлобінскай епархіі
- 1909 год у Беларусі
- Храмы Святога Міхаіла
- Вылева
- Помнікі беларускага народнага дойлідства
- Драўляныя цэрквы Беларусі
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі