Слуцкае княства
Слуцкае княства | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Уваходзіць у |
|
Адміністрацыйны цэнтр | |
Князі | Князі слуцкія |
Час існавання | 1395—1793 |
Слуцкае княства — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім. Уваходзіла ў склад Наваградскага павета Наваградскага ваяводства (у 1791 годзе зрабілася асобным паветам). Сталіца — горад Слуцк.
Гарады і мястэчкі: Вызна, Глуск, Грозаў, Грэск, Дарогі, Капыль, Любань, Пагост, Старобін, Семежаў, Цімкавічы, у XVI ст. — Петрыкаў.
Асноўныя падзеі
[правіць | правіць зыходнік]У 1149 годзе кіеўскі князь Юрый Даўгарукі перадае Слуцк («и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче») са складу Тураўскай зямлі чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. У 1160—1162 гадах Слуцк трымаў унук Уладзіміра Манамаха — князь Уладзімір Мсціславіч.[1] У 1162 годзе ён быў выгнаны са Слуцка кааліцыяй князёў: «Рюрик и Святополк Гюргевичь Туровьским и Святослав Всеволодович с братомъ Ярославом и съ Олгомъ Святославичем и с Володимиричемъ и съ Кривьскими князьми идоша къ Случьску».
У 1320—1330-я гады горад і яго воласць увайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У грамаце 1387 года згадваецца слуцкі князь Юрый, апошні з дынастыі нашчадкаў Юрыя Яраславіча Тураўскага. У 1395 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў кіеўскаму князю Уладзіміру Альгердавічу Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Яго нашчадкі, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі княствам да 1612 года.
У 1507 годзе ўвайшло ў склад Наваградскага павета, але адначасна захоўвала ў адміністрацыйнай, судовай і ваеннай структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся князю слуцкаму.
У 1582 годзе тры сыны Юрыя Алелькавіча падзялілі паміж сабой горад і княства на тры часткі (са сваёй адміністрацыяй у кожнай). Князямі слуцкімі ў гэты час былі Юрый (1578—1586), Ян Сямён (1578—1592) і Аляксандр (1578—1591); два апошнія не пакінулі нашчадкаў. Частку Юрыя атрымала яго дачка Соф'я (1586—1612). Па смерці Аляксандра ягоную частку атрымаў брат Ян Сямён, па смерці якога ўсё княства зноў аб'ядналася як уладанне Соф'і.
Па смерці князёўны Случчына перайшла да яе мужа Януша Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744 гадах, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі. У 1744 годзе княства вярнулася да Радзівілаў нясвіжскай лініі.
Да канца XVIII ст. заставалася ўнікальнай адміністрацыйна-тэратарыяльнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1791 годзе на аснове княства ўтварыўся Случарэцкі павет.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Займала тэрыторыю да Нёмана на поўначы, Лані на захадзе, Пцічы на ўсходзе і Прыпяці на поўдні.
Ураднікі
[правіць | правіць зыходнік]Да XVI ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад улады вялікіх князёў. Кіраванне ажыццяўляў удзельны князь з дапамогай баярскай рады. У князя слуцкага былі свае васалы — князі, баяры і путныя слугі, якія атрымлівалі за службу (ваенную і адміністрацыйную) невялікія маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя.
У XVI ст. паступова пераўтварылася ў вялікую феадальную вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства[2].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Грыцкевіч А. Слуцкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 591. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Слуцкае княства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 670. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.