Слуцкі сыраробны камбінат

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Слуцкі сыраробны камбінат
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне май 1935
Размяшчэнне Слуцк (Мінская вобласць, Беларусь)
Ключавыя постаці Анатоль Сцяцко
Галіна харчовая прамысловасць
Прадукцыя ёгурт, казеін, кефір, малако, марожанае, масла, маянэз, ражанка, спрэд, смятана, сыр, сыроватка, тварог
Абарот 4 426,675 млрд рублёў[1] (2015; $276,076 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак -258,437 млрд руб (-$16,118 млн)
Чысты прыбытак -258,437 млрд руб (-$16 118 млн)
Матчына кампанія «Мінаблмясамалпрам»
Сайт complimilk.com

ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» — найбольшае ў Беларусі малакаперапрацоўчае прадпрыемства, заснаванае ў маі 1935 г. у Слуцку. На 2016 г. уключаў 9 малаказаводаў на поўдні Мінскай вобласці (Капыль, Клецк, Любань, Нясвіж, Пухавічы, Салігорск, Слуцк, Старыя Дарогі, Узда), Слуцкі кансервавы завод і 2 сельскагаспадарчыя вытворчыя комплексы — «Знаменскі» (Знаменскі сельсавет, Слуцкі раён) і «Клецкі» (Зубкаўскі сельсавет, Клецкі раён). Больш за палову вырабаў пастаўляў за мяжу, пераважна ў Расію ў выглядзе цвёрдых сыроў. Меў цалкам безадкідную малочную вытворчасць і вырабляў таксама ёгурты, казеін, кефір, малако, марожанае, масла, маянэзы, ражанку, спрэды, смятану, сыроватку і тварог. На кансервавым заводзе выраблялі джэм, павідла, фруктовае пюрэ і кансерваваную гародніну (гарох і масліны). З 2013 г. выпускае тавары пад адзіным таварным знакам «Компімілк».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У маі 1935 г. увялі ў дзеянне Слуцкі масласырзавод, які пачалі будаваць у 1932 годзе. Малакаперапрацоўчая магутнасць прадпрыемства склала 2000 тон за год пры 35 супрацоўніках. У 1941 г. гадавая магутнасць дасягнула 2500 тон. 25 мая 1943 г. савецкія падпольнікі спалілі завод у занятым нямецкім войскам Слуцку падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў. У верасні 1944 г. завод аднавіў вытворчасць пасля пачатку адбудовы ў ліпені 1944 года. У 1948 г. выраб малака дасягнуў 8000 тон за год пры 70 супрацоўніках. У 1954 г. запусцілі цэх марожанага. У 1956 г. — кефірны цэх. У 1961 г. завод займеў уласную кацельную ўстаноўку. У 1965 г. запусцілі цэх малочнага цукра. У 1966 г. — кампрэсарную ўстаноўку і смятанатварожны цэх. 31 снежня 1981 г. будаўнічае ўпраўленне № 55 Будтрэста № 3 (Салігорск) запусціла вытворчасць у новым корпусе Слуцкага сыраробнага камбіната, які будавала з красавіка 1978 года. Цягам 1980 г. устанавілі абсталяванне для 3 цэхоў: замяняльнікаў цэльнага малака (ЗЦМ), сыраробнага і масларобнага. Ранейшы будынак Слуцкага масласырзавода ператварылі ў асобны вытворчы ўчастак камбіната, дзе за 1982 г. вырабілі 2156 тон масла і 604 тоны сыра. За 1982 г. цэх ЗЦМ вырабіў 1154 тоны сухога абястлушчанага малака. У лістападзе 1982 г. запусцілі 2-ю чаргу камбіната, якая ўключала сыраробны цэх магутнасцю 10 тон за змену (8 гадзін) і масларобны — 8 тон масла за змену. За 1983 г. лік супрацоўнікаў камбіната вырас на 201 чалавека да 710 работнікаў, з іх 92 былі служачымі.

26 чэрвеня 1995 г. Слуцкі сыраробны камбінат стаў адкрытым акцыянерным таварыствам. У 2006 г. на камбінаце запусцілі аўтаматычную сыраробную лінію з выкарыстаннем робата. Цягам 2007—2008 гадоў у склад ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» уключылі Уздзенскі малочны завод, Старадарожскі маслазавод, Пухавіцкі малочны завод і сельскагаспарадчы вытворчы комплекс (СВК) «Знаменскі». У 2010 г. правялі аўтаматызаванне вытворчасці тварагу. З 2011 г. камбінат займеў адзіны таварны знак «Слуцкі стандарт» і пачаў выпуск маянэза і ацылафідна-ёгуртных кісламалочных напояў з фруктовымі напаўняльнікамі. У 2011 г. «Слуцкі сыраробны камбінат» стаў найбольшым у Беларусі малакаперапрацоўчым прадпрыемствам паводле аб’ёму і выпуску таварных вырабаў. На прадпрыемстве за год перапрацавалі больш за 280 тыс. тонаў малака. За 2011 г. каля 60 % вырабаў паставілі за мяжу, пераважна ў Расію ў выглядзе цвёрдых сыроў. Яшчэ за мяжу прадавалі сухое малако, казеін, смятану, тварог і ёгурты. Таксама пастаўкі ажыццяўляліся ў 20 іншых краін, найбольш у Малдову, Украіну, Азербайджан, Сінгапур, ЗША, Польшчу, Францыю і Маўрытанію. У 2011 г. выручка ад экспарта вырасла да $88 млн з $70,5 млн у 2010 годзе.

На сакавік 2012 г. камбінат вырабляў 24 віды цвёрдых сыроў, плаўленыя кілбасныя сыры (у тым ліку вэнджаныя), тварожныя сыры, масла, спрэды, маянэз, сухое абястлушчанае малако, сухую малочную сыроватку, каровіна малако, смятану, кефір, тварог, ёгурты і казеін. Таксама з 2012 г. камбінат стаў другім у Беларусі прамысловым вытворцам казінага малака. «Слуцкі сыраробны камбінат» уключаў галаўное прадпрыемства ў Слуцку, малаказаводы ў Пухавічах, Старых Дарогах і Уздзе, сельскагаспадарчы вытворчы комплекс «Знаменскі» за 18 км на захад ад Слуцку. Агулам прадпрыемства налічвала больш за 1300 супрацоўнікаў. На 2012 г. штодзённы выраб цвёрдых сычужных сыроў на аўтаматызаванай лініі складаў 35 тон. Да канца 2012 г. у вытворчасць сухой малочнай сыроваткі ўкаранілі нанафільтрацыю пры згушчэнні сыроваткі. Уся вытворчасць камбіната была цалкам безадходнай, гэта значыць усе складнікі перапрацоўкі малака ішлі на вытворчасць іншых малочных вырабаў[3].

Пры канцы 2012 г. у склад ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» уключылі Салігорскі малочны завод, Любанскі масласырзавод, Клецкі малаказавод, Нясвіжскі малочны завод, СВК «Клецкі» ў вёсцы Сякерычы (Клецкі раён) і Капыльскі масласырзавод. Таксама 19 лістапада 2012 г. у склад камбінату ўвайшоў Слуцкі кансервавы завод, што дазволіла вырабляць таматны соус, кансерваваную гародніну, фруктовае пюрэ, джэм і павідла. У выніку агульны лік супрацоўнікаў перавысіў 3500 чалавек. З 2013 г. таварны знак змянілі на «Компімілк». У 2013 г. за мяжу паставілі 56 % таварных вырабаў, у тым ліку каля 80 % экспарту (больш за $100 млн) накіравалі ў Расію пераважна ў выглядзе сыроў. Камбінат атрымаў пасведчанне «Халяль»(англ.) бел. (араб. дазволены) для гандлю на рынку Інданезіі. У Кітай і Японію пераважна паставілі сухую малочную сыроватку і сухое малако. У краіны Еўрапейскага Саюза — амаль увесь харчовы казеін[4]. На 2013 г. штодзённая перапрацоўка складала 360 тон малака, з якіх у якасці першасных тавараў у асноўным выраблялі сыры, тварог і смятану. Пасля іх вытворчасці заставалася больш за 300 тон сыроваткі, якая большасцю экспартавалася за мяжу на патрэбы кандытарскай прамысловасці і для вырабу кармоў[5].

У 2015 г. сыраробны цэх камбіната меў магутнасць у 50 тон сыру за дзень. На камбінаце пачалі вырабляць ражанку і глазураваныя сыркі. Захоўванне ў камеры выспявання сыру ў сярэднім складала 45 дзён. Выраб цвёрдага сыру налічваў 6 ступеняў: згортванне і апрацоўка згустку, унясенне фермента, прэсаванне сырнага зерня, 2—3-дзённае ўтрыманне сырнай галоўкі ў саляным басейне (расол), выспяванне[6].

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год(руск.) , Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (23 мая 2016). Праверана 8 верасня 2016.
  2. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за долар), Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (2016). Праверана 14 жніўня 2016.
  3. Іван Бараноўскі. «Слуцкі стандарт»: натуральна, экалагічна, смачна // Звязда : газета. — 29 сакавіка 2012. — № 60 (27175). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. Слуцкі сыраробны камбінат павялічвае пастаўкі ў Расію на 30 працэнтаў. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (15 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 15 жніўня 2014. Праверана 27 верасня 2016.
  5. Юрый Мазалеўскі. Нічога больш не выліваем. Газета «Рэспубліка» (27 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2014. Праверана 27 верасня 2016.
  6. Надзея Сербіненка, тэлеканал «Беларусь 1». Слуцкі сыр «Пармезан-Голд» прызнаны лепшым у краіне (недаступная спасылка). Белтэлерадыёкампанія (7 снежня 2015). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2020. Праверана 27 верасня 2016.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]