Татарская мова ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тата́рская мова ў Белару́сі — традыцыйнае азначэнне, якім акрэсліваецца сукупнасць розных ідыём, прыналежных да цюркскай сям’і моў і ў тыя ці іншыя гістарычныя эпохі распаўсюджаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычна абумовілася традыцыя азначэння тэрмінам тата́рская мова розных ідыёмаў цюркскага паходжання, з прычыны чаго дакладнае азначэнне панятку татарскай мовы ў Беларусі залежыць ад лінгвістычных рысаў гэтага маўлення і паходжання яго носьбітаў у залежнасці ад той ці іншай этнічнай групы цюрак. Пераважалі кыпчацкія плямёны цюрак, аднак хутчэй за ўсё існавалі таксама прадстаўнікі ўгорскіх і мангольскіх народаў[1].

Першыя сведчанні пра з'яўленне цюркскіх этнічных груп на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія азначаліся тэрмінам татары, прыпадаюць на пачатак XIV стагоддзя, калі пры вялікіх князёх Гедзіміне, Альгердзе і Кейстуце прадстаўнікі шэрагу блізкароднасных цюркскіх этнасаў Залатой Арды запрашаліся на вялікакняжацкую службу[2]. Пазней адна са значных хваляў цюркскага перасялення на землі Беларусі адзначалася па выправах Вітаўта пад канец гэтага ж стагоддзя і ў пачатку XV стагоддзя. Першая траціна наступнага стагоддзя адзначылася павелічэннем колькасці цюркскага насельніцтва на землях Беларусі ў выніку атрымання ваеннапалонных. Пазней, па інтэграцыі цюрак у грамадска-палітычнае жыццё тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага, у складзе якога на той момант знаходзіліся ўсе тэрыторыі сучаснай Беларусі, татары ў Беларусі адзначаліся ў досыць спецыфічных функцыях, працуючы ў якасці дыпламатычных працаўнікоў, якія займаліся перакладам пісьмовых цюркскіх тэкстаў (г.зв. пісары татарскія). Большасць дадзенай катэгорыі насельніцтва мела крымскае цюркскае паходжанне. Адзначаецца, што асноўны арэал гэтых перасяленцаў склаўся на тэрыторыях тагачасных Новагародскага і Віленскага ваяводстваў княства[3].

Ужо напісаны літоўскім татарынам каля 1557—1558 гадоў рэферат аб жыцці літоўскіх татараў адзначае, што большая частка літоўскіх татараў не валодала роднай мовай. Хутчэй за ўсё, яе носьбіты заставаліся толькі сярод апошняй на той час хвалі татарскіх пасяленцаў, якія апынуліся ў ВКЛ па бітве пад Клецкам[4][5].

У другой палове XVI стагоддзі супольнасць татараў у Беларусі папаўняецца паволжскімі татарамі (наваколлі сучаснага Татарстана)[6], маўленне якіх, аднак, адносілася да іншай групы цюркскіх моў — паволжска-кыпчацкай падгрупы кыпчацкай групы цюркскіх моў. Прыкладна гэтым жа перыядам адзначаюцца апошнія хвалі татарскага перасялення на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пасля чаго ў XVI — пачатку XVII стагоддзяў адбываецца працэс моўнай асіміляцыі татараў ВКЛ, у выніку чаго яны пераходзяць на старабеларускую мову[6]. Адной з галоўных прычын страты цюркскага маўлення ў асяроддзі літоўскіх татараў стала пабранне шлюбам з прадстаўніцамі карэннага славянскага насельніцтва, што ва ўмовах перавагі старабеларускай і польскай моў прыводзіла да пераходу наступных пакаленняў на старабеларускую або польскую мовы аднаго з бацькоў. Адзначаюцца таксама іншыя формы культурнага ціску (перавага іншых моў сярод пасад літоўскіх татараў, адсутнасць цюркскага маўлення ў рэлігійным жыцці, страты культурных сувязяў з татарскім арэалам Паволжа і асманізацыя Крыма)[3]. Тым не менш, рэшткі мовы ў выглядзе арабскага пісьма захоўваліся пры складанні святых ісламскіх тэкстаў (кітабы), захоўвалася выкарыстанне спецыфічнай рэлігійнай і грамадска-культурнай лексікі. У пісьмовым дачыненні літоўскія татары амаль поўнасцю перайшлі на навакольныя славянскія мовы[7]. На думку польскага гісторыка А. Гуркі, у XVI стагоддзі колькасць татараў у ВКЛ налічвала каля 7 тыс. чалавек, у пачатку наступнага стагоддзя — каля 8—9 тыс. чалавек[1].

Класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Як мяркуе адзін з сучасных беларускіх даследчыкаў літоўскіх татараў І. Канапацкі, на момант пачатку працэсу моўнай асіміляцыі татараў у Беларусі была распаўсюджана чагатайская мова[3] — сярэдневяковая цюркская літаратурная мова Сярэдняй Азіі, якая належала да карлуцкай групы цюркскіх моў. Іншыя звесткі адзначаюць перавагу сярод літоўскіх татараў прыхадняў з Залатой Арды, сярод якіх было распаўсюджана маўленне кыпчацкага паходжання, што, аднак, пацвярджаецца толькі часткова з прычыны маленькай колькасці моўнага матэрыялу[8]. Тым не менш, кыпчацкі характар гэтага маўлення выяўляўся дзякуючы звесткам анамастыкі і фанетычных крытэраў (чаргаванне [дж] ~ [й] у ініцыяльнай пазіцыі (напрыклад, джайма ~ яйма «аладка», джолуш ~ йолуш «спаборніцтва»), выпадзенне ініцыяльнага фрыкатыву ў некаторых запазычваннях (напрыклад, прозвішчы Асанчук і Асановіч, утвораныя ад арабскага Гасан), дысіміляцыя зычнай [л̅] > *[ӊл] > [нл])[9]. Лексіка мовы тагачасных татараў Беларусі носіць на сабе сляды ўплыву іншых цюркскіх моў (старажытнаўйгурскай, з XVI — XVII стагоддзяў таксама асманскай)[10]. Апрача таго, зыходзячы з геаграфічнага паходжання тагачасных літоўскіх татараў мяркуецца, што іх маўленне ўяўляла сабою тады некадыфікаваныя кыпчацкія і агузскія дыялекты крымскататарскай мовы[11].

Лінгвістычная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Фаналогія[правіць | правіць зыходнік]

Мова літоўскіх татараў характарызавалася наяўнасцю сямі галосных ([а], [ы], [о], [у], [u], [ё], [ю]), глыбоказаднеязычных [гъ], [къ], заднеязычнага [нъ] і афрыкаты [д͡ж]; сінгарманізму ў складзе і слове[11]. Была шырока прадстаўленая палаталізацыя зычных, што звязвалася, верагодна, з уплывам беларускай мовы і абумоўлівалася атачэннем галоснымі пярэдняга шэрагу (напрыклад, [с’эл’ам] «мір», [іс’л’ам] «іслам»)[12].

Лексіка[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуючы паводле шэрагу дадзеных, на мову літоўскіх татараў аказвала ўплыў цюркскае маўленне Крыма і Паволжа, што тлумачыцца кантактамі або геаграфічным паходжаннем складальнікаў цюркскіх дакументаў[12]. Зафіксаваная вялікая доля араба-персідскіх запазычванняў[11]. Асаблівасці фанетычнай рэалізацыі пэўных арабскіх запазычванняў сведчаць на карысць асманскага ўплыву на мову літоўскіх татараў, што тлумачыцца культурнымі сувязямі літоўскіх татараў з Асманскай імперыяй[12]. Тагачасная татарская лексіка аказала ўплыў і на лексічны склад беларускай мовы (сярод сучасных лексемаў — андарак, баран, балавацца, кайданы, наждак) і тапаніміку Беларусі (Агдэмер, Койданаў, Апчак), тым не менш, пытанне цюркскага лексічнага ўздзеяння на беларускую мову з'яўляецца мала даследаваным[3].

Марфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назоўнік у мове літоўскіх татараў адзначаўся паводле катэгорый ліку, роду, склону, прыналежнасці і прэдыкацыйнасці; прыметнік — паводле інтэнсіўнасці. Дзеяслоў змяняўся паводле часу, асобы, ладу, стану, у якасці інфінітыву выступаў аддзеяслоўны назоўнік на -макъ[11]. Па страце тагачаснымі літоўскімі татарамі цюркскага маўлення ў захаванай цюркскай і араба-персідскай культурнай лексыцы адзначалася выкарыстанне словапераменных парадыгмаў беларускай або польскай мовы пры склонавым змяненні, утварэнні множнага ліку або іншых спосабах словаўтварэння (захарэміць «правесці вясельны абрад», алейчык «шыіт», харамны «забаронены», ансары «памочнікі, паплечнікі»)[13].

Цяперашні час[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як тэрыторыі сучаснай Беларусі паслядоўна ў канцы XVIII стагоддзя апынуліся ў складзе Расіі, тэрыторыі Беларусі сталі больш інтэграванымі з землямі Расіі, у якой размяшчаліся асноўныя арэалы цюркскіх этнічных груп, вядомых як татары. Гэта спрыяла перасяленню новых хваляў татараў (якія ўжо не адносіліся да этнагрупы літоўскіх татараў), што асабліва ўзмацнілася па глабалізацыі ў часы СССР. У часы Расійскай імперыі існавала практыка пашырэння тэрміну татары не толькі на казанскіх, сібірскіх і крымскіх цюрак, вядомых цяпер пад гэтым тэрмінам, але і на шматлікія іншыя цюркскія этнасы краіны (напрыклад, адэрбейджанскія татарыазербайджанцы, хакаскія татарыхакасы).

Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года засведчыў у краіне 7 316 асоб, якія вызначылі сваю нацыянальную прыналежнасць да татараў, з якіх 1 060 чалавек у якасці роднай мовы адзначылі мову сваёй нацыянальнасці, разам з тым адзначаная адна асоба, прыналежная да сібірскіх татараў, пры гэтым для яе сібірскататарская мова не з'яўлялася роднай. Адзначана 12 крымскіх татараў, сярод якіх не было адзначана ніводнай асобы, якая ў якасці роднай мовы ўказала б мову сваёй нацыянальнасці. У якасці роднай мовы мову сваёй нацыянальнасці пазначыла 122 татараў Брэсцкай вобласці, 139 татараў Віцебскай вобласці, 146 татараў Гомельскай вобласці, 112 татараў Гродзенскай вобласці, 233 татары ў Мінску, 182 татары Магілёўскай вобласці. Сярод татараў усёй Беларусі на татарскай мове звычайна размаўляла 40 асоб (з іх па адной асобе ў Віцебскай і Брэсцкай абласцях, 8 асоб у Гомельскай, 11 у Гродзенскай, дзве ў Мінску, 10 у Мінскай, 7 — у Магілёўскай). Сярод усіх грамадзян Беларусі, якія адзначылі сваю нацыянальную прыналежнасць да татараў, 568 асоб адзначылі свае веды татарскай мовы[14]. Як адзначае І. Канапацкі, усе жыхары сучаснай Беларусі, якія адзначаюць у якасці роднай мовы татарскую, не з'яўляюцца нашчадкамі літоўскіх татараў[3].

Зноскі

  1. а б Свяжынскі У., с. 64.
  2. І. Канапацкі, с. 508.
  3. а б в г д І. Канапацкі, Мова беларускіх татар.
  4. А. К. Антонович... С. 11.
  5. Я. Станкевіч... С. 387.
  6. а б І. Канапацкі, с. 510.
  7. Дубинский А. И., с. 84.
  8. Дубинский А. И., с. 83.
  9. Дубинский А. И., с. 85.
  10. A. Zajączkowski, s. 311.
  11. а б в г Супрун А. Я., с. 463.
  12. а б в Дубинский А. И., с. 86.
  13. Дубинский А. И., с. 87.
  14. Национальный состав населения, гражданство (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (15 жніўня 2014).(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]