Юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Выява ордэнскай планкі Апісанне ўзнагароды
Краіна  Беларусь
Тып медаль
Каму ўручаецца гл. статут
Кім уручаецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Падставы ўзнагароджання у гонар перамогі савецкіх войскаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Дата заснавання 13 лютага 2020
Статус уручаецца
Старэйшая юбілейны медаль «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

Юбіле́йны меда́ль «75 год Перамо́гі ў Вялі́кай Айчы́ннай вайне́ 1941—1945 гадоў» — юбілейная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь. Заснавана 13 лютага 2020 года[1].

Статут[правіць | правіць зыходнік]

Медаль прысуджаецца ў гонар перамогі савецкіх войскаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Да ўзнагароджвання прадстаўляюцца[1]:

  • ветэраны Вялікай Айчыннай вайны;
  • былыя вязні фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны;
  • ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў Рэспублікі Беларусь, работнікі дзяржаўных органаў і іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, увекавечанне памяці загінуўшых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Паўторнае ўзнагароджанне юбілейным медалём не ажыццяўляецца. Дублікаты юбілейнага медаля і пасведчання да яго ўзамен згубленых не выдаюцца. Пры страце юбілейнага медаля дазваляецца нашэнне планкі ўстаноўленага ўзору.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Юбілейны медаль «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» вырабляецца з латуні і мае форму круга з борцікам дыяметрам 32 мм. Усе элементы юбілейнага медаля рэльефныя[1].

Вонкавы бок[правіць | правіць зыходнік]

На вонкавым боку юбілейнага медаля размешчана кампазіцыя: воін-пераможца з разгорнутым сцягам, партызан з аўтаматам ва ўзнятай руцэ і жанчына з букетам кветак. Зверху кампазіцыі: па баках — выява салюту, у цэнтры — лічбы «1945-2020»[1].

Адваротны бок[правіць | правіць зыходнік]

На адваротным боку юбілейнага медаля ў цэнтры размешчаны надпіс «75 ГОД ПЕРАМОГІ Ў ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ 1941—1945» у сем радкоў. У ніжняй частцы адваротнага боку — лаўрова-дубовы вянок, які абвіты стужкай па тры разы з кожнага боку[1].

Калодка[правіць | правіць зыходнік]

Юбілейны медаль пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з пяцівугольнай калодкай, абцягнутай шаўковай муаравай стужкай шырынёй 24 мм з элементамі расфарбоўкі стужак калодак медалёў «За адвагу» і медаля «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Стужка калодкі юбілейнага медаля блакітнага колеру, краі якой абведзены падоўжнай палоскай сіняга колеру шырынёй 2 мм. Пасярэдзіне стужкі размешчана падоўжная палоска светла-зялёнага колеру. На адваротным боку калодкі знаходзіцца шпілька для мацавання юбілейнага медаля да адзення[1].

Зноскі