Антыквар
Антыква́р (ад лац.: antīquārius «старажытны») — аматар, калекцыянер або даследчык старажытнасцей, спецыяліст па антыкварыяту.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ў старажытнасці выяўляліся людзі, якія праяўлялі цікавасць да старых артэфактаў. Так, шумерскі лугаль Шульгі збіраў і ўзнаўляў тэксты старажытных гімнаў. «Я захаваў гэтыя старажытнасці, ніколі не аддаючы іх нябыту», — пахваляўся ён[1]. Асірыйскі валадар Ашурбаніпал паведамляў пра сябе, што чытаў старажытныя надпісы, сутнасць якіх у яго час ужо была мала зразумелай, даследаваў знакі на камянях, пакінутыя да патопу[2]. Набанід, валадар Вавілоніі, заахвочваў раскопкі для знаходжання старадаўніх рэчаў. Але ў выніку гэта прывяло да падробак «знаходак»[3].
У антычным свеце цікавасць да класічнага перыяду ўзнікла ў эпоху элінізму. Аталіды ў Пергаме і Пталамеі ў Александрыі заснавалі вялікія бібліятэкі, што разам налічвалі амаль мільён скруткаў, многія з якіх адлюстроўвалі філасофскія, мастацкія і палітычныя погляды папярэднікаў[4]. Зборам фактаў пра старажытныя славутасці, пошукам і пераказам старажытных аўтараў займаліся Дыядор, Плутарх, Паўсаній, Дыяген Лаэрцкі, Еўтыхій Прокл і інш.
Падчас заваяванняў ва ўсходнім Міжземнамор'і рымскія вайскаводы прывозілі творы грэчаскага мастацтва на сваю радзіму, выстаўлялі напаказ у храмах, грамадскіх месцах ці ў сябе дома. Рымскія дзеячы, сярод іх — Цыцэрон[5], замаўлялі праз агентаў у Афінах і іншых месцах дастаўку скульптур для паказу на іх вілах. Рымляне таксама вывучалі і свае помнікі старажытнасці. Так, Ціт Лівій паведамляе пра звычай ўбіваць цвікі ў храме Юпітэра Оптымуса і пры гэтым заўважае, што аналіст Цынцый быў уважлівым даследчыкам такіх помнікаў і выявіў, што звычай паходзіць ад этрускаў[6].
У IV — VI стст. у лацінамоўных тэкстах слова «антыквар» (лац.: antiquari) значыла пісца, чалавека, які вывучаў старажытны час. У XII ст. яно ўжывалася для вызначэння перапішчыка, даследчыка Рымскага права[7]. У XVI ст. слова «антыквар» пашырылася на аматараў збірання старажытных рукапісаў і рэчаў[8]. Але сам рух антыквараў узнік яшчэ раней, у XIV — XV стст. у сувязі з пашырэннем ідэй Адраджэння. Веданне мінулага лічылася абавязковым для тых, хто ганарыўся сваёй адукацыяй і добрым густам. Сярод найбольш вядомых гуманістаў-збіральнікаў старажытнасцей былі Кірыяк з Анконы, Ф. Біёнда, П. Брачыяліні, У. Кемдэн, Ж. Ж. Скалігер і г. д. У ВКЛ збіраннем старажытнасцей займаўся Альберт Віюк-Каяловіч. Дзейнасць ранніх антыквараў часцяком фінансавалася Папамі Рымскімі, манархамі, а таксама прыватнымі фундатарамі накшталт К. Медычы, Ё. Я. Фугера, Р. Котана. Вынікам было стварэнне бібліятэк, спецыяльных кабінетаў і палат, якія былі правобразамі сучасных бібліятэк, архіваў і музеяў. Антыквары не проста збіралі калекцыі, але стваралі апісанні артэфактаў, старанна вывучалі іх.
Першапачаткова працы антыквараў былі прысвечаны пераважна знаходкам у гарадах. Акрамя таго, яны таксама займаліся медыцынай, геаграфіяй і астраноміяй. З другой паловы XVII ст. занятак антыквараў быў засяроджаны амаль выключна на старажытнасцях, пачалося вывучэнне рэгіянальных помнікаў, арганізоўваліся і абмяркоўваліся вандроўкі ў іншыя краіны. Важным здабыткам XVII — XVIII стст. стала выкарыстанне ведаў розных навук. Так, Ан Клод дэ Кейлюс прыўнёс у археалагічныя раскопкі строгасць інжынеранай справы і відавочную ўвагу экалагічнаму кантэксту[9]. У XVIII ст. уплыў Асветніцтва выявіўся ў абавязковай храналагічнай класіфікацыі ведаў і рэчаў, ацэнцы старажытных рэчаў з пункту гледжання сучаснасці, пэўнай спецыялізацыі саміх антыквараў. Ствараліся сеткі абмену досведам і ведамі, калекцыямі, узнікла сувязь з тагачаснымі сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку навуковымі часопісамі.
У XIX ст. далейшае развіццё антыкварнай справы падштухнуў рамантызм. Ён стымуляваў моду на старажытнасці сярод буржуазнай публікі і інтэлектуалаў. Адным з галоўных цэнтраў дзейнасці антыквараў стаў Парыж, дзе з 1842 г. выдаваўся першы спецыялізаваны часопіс «Кабінет аматара і антыквара» (фр.: Le Cabinet de l'amateur et de l'antiquaire)[10]. Попыт стымуляваў пераўтварэнне часткі антыквараў у прадпрымальнікаў, якія адчынялі антыкварныя крамы або вялі продаж старадаўніх і экзатычных рэчаў праз аўкцыёны. Разам з гэтым, вывучэнне старажытнасцей з даследчыцкімі мэтамі стала абавязкам гісторыкаў, археолагаў, музеязнаўцаў і іншых спецыялістаў. Такім чынам у першай палове XIX ст.[11] значэнне паняцця «антыквар» у паўсядзённай мове паступова трансфармавалася ў гандляра антыкварыятам.
У наш час у шэрагу краін дзейнасць прафесійных антыквараў сертыфікуецца, патрабуе адпаведных досведу і адукацыі. Дзейнічаюць буйныя аб'яднанні антыквараў, якія гуртуюць спецыялістаў, арганізуюць выданні, экспертызу, папулярызуюць культурную спадчыну. Найстарэйшым з іх з'яўляецца Таварыства антыквараў Шатландыі[12], заснаванае ў 1780 г.
Зноскі
- ↑ A praise poem of Shulgi (Shulgi B): translation
- ↑ Alain Schnapp Le sentiment des ruines, de l’Orient ancien aux Lumières : continuités et transformations
- ↑ Royal Antiquarians
- ↑ Early antiquarians in Roman Greece
- ↑ Greek Art and Roman Collectors
- ↑ Ціт Лівій Ab urbe condita, Кніга 7, 3:7
- ↑ Etymologie de ANTIQUAIRE
- ↑ ANTIQUAIRE — Encyclopædia Universalis
- ↑ Arianna Esposito, Pierre Pinon, Magali Vène La bibliothèque des antiquaires français (xvie-xviiie siècle)
- ↑ Manuel Charpy Amateurs, collectionneurs et chineurs parisiens du XIXe siècle
- ↑ Etymologie de ANTIQUAIRE
- ↑ Society of Antiquaries of Scotland
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Самахвалаў, Д. С. Гісторыя гістарычнай думкі : курс лекцый. — Мінск: БДУ, 2013. — ISBN 978-985-518-807-1. Архівавана 10 студзеня 2020.