Перайсці да зместу

Аповесць мінулых часоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аповесць мінулых часоў
Повѣсть врємѧнныхъ лѣтъ
Выданне
Жанр гістарычны фікшн[d] і аналы
Аўтар Нестар Летапісец
Мова арыгінала старажытнаруская мова
Дата першай публікацыі XII стагоддзе
Апублікаваны ў Іпацьеўскі летапіс, Лаўрэнцеўскі летапіс і Радзівілаўскі летапіс
Персанажы Кій, Шчэк[d], Харыў[d] і Лыбедзь
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аповесць мінулых часоў, Аповесць мінулых гадоў, Першапачатковы летапіс, Нестараў летапіс — найбольш ранні з захаваных летапісных збораў Русі.

Традыцыйна лічыцца складзеным манахам Нестарам у Кіеве ў XII ст. (каля 1113 г.). Апісвае гісторыю Русі з IX па XIII стагоддзе. Збор гэты вядомы ў складзе шэрагу іншых летапісных збораў, якія захаваліся ў спісах, з якіх лепшымі і найбольш старымі з’яўляюцца Лаўрэнцеўскі 1377 г. (2-я рэдакцыя АМЧ) і Іпацьеўскі 1420-х гг. (3-я рэдакцыя АМЧ). Летапіс увабраў у сябе вялікую колькасць аповесцяў, легенд, вусных паэтычных паданняў аб розных гістарычных асобах і падзеях пачатковай гісторыі Русі. Даследчыкі XVIII — XIX стст. лічылі Нестара першым летапісцам, а АМЧ — першым летапісам на Русі, але больш дасканалае вывучэнне паказала, што існавалі летапісныя зборы, якія папярэднічалі АМЧ, а сама аповесць не з’яўляецца адзіным творам.

«Аповесць» апісвае падзеі ўсяго рэгіёна, дзе ў тыя часы жылі ўсходнія славяне і балты. Твор дзеліцца на дзве часткі. Першая — без храналогіі — вядзе аповед ад часоў біблейскага прабацькі Ноя, які адзіны са сваёй сям’ёй выратаваўся ў каўчэгу пасля Сусветнага Патопу. Сыны Ноя — Сім, Хам, Афет (Яфет) — раздзялілі паміж сабой усю вызваленую ад вады зямлю. Славяне з’яўляюцца нашчадкамі Афета: яны, як і грэкі, германцы, балты, належаць да агульнай сям’і еўрапейскіх народаў.

Нестар цікавіцца лёсам славянскіх народаў у далёкім мінулым — у V—VІ стагоддзях, гаворыць пра рассяленне ўсходніх славянскіх плямёнаў у басейне вялікіх рэк. На самай справе гаворка ідзе не пра асобныя плямёны, а пра даволі вялікія саюзы, якія ўключалі ў сябе па 120—150 розных родаў і плямёнаў. Нестар тлумачыць некаторыя іх назвы, напрыклад, тыя, што «селі» ў лясах, называюцца драўлянамі, а тыя, што па рацэ Дзвіне, — палачанамі — ад рэчкі Палаты, якая ўпадае ў Дзвіну. Ад іх жа паходзяць і крывічы, што «селі» па Волзе, у вярхоўях Дзвіны і ў вярхоўях Дняпра. Расповед пра рассяленне славянскіх плямёнаў у асноўным супадае з сучаснымі археалагічнымі дадзенымі.

Падкрэсліваючы роднасць славянскіх плямёнаў, Нестар адзначае і адрозненні між імі як у паходжанні, так і ў культуры. Радзімічы і вяцічы, падкрэслівае ён, з роду ляхаў, у якіх было два браты Радзім і Вятка. Радзім са сваім родам «сеў» па рацэ Сож, а Вятка — па рацэ Ака.

Другая частка летапіснага зводу — храналагічная. Выкладанне матэрыялу вядзецца ўжо пагадова. У выніку складваецца ўражанне пра гісторыю як пра непарыўны, паслядоўны ланцуг падзей. Летапіс афіцыйна пачынае гісторыю Старажытнай Русі з 862 года — ад канкрэтнай падзеі: запрашэння жыхарамі Ноўгарада на княжанне ўнука іх памерлага князя Гастамысла — Рурыка, бацька якога быў князем палабскіх славян. Гісторыя ж Беларусі пачынаецца ад моманту заснавання першага горада на яе тэрыторыі — Полацка.

Гісторыі Кіеўскага і Полацкага княстваў паказваюцца звязанымі непарыўна, хоць вельмі часта — драматычна. Праўнук Рурыка Уладзімір Святаславіч у барацьбе за ўладу забіў полацкага князя Рагвалода, сілаю ўзяў шлюб з яго дачкой Рагнедай і авалодаў прастолам бацькі ў Кіеве. А ў 988 годзе ён жа хрысціў Русь. У Рагнеды і Уладзіміра было чатыры сыны і дзве дачкі. Рагнеда пакутавала ў палацы Уладзіміра, бо не магла дараваць яму жорсткага абыходжання з ёю і смерці блізкіх. Калі ў 988 годзе Уладзімір хрысціў Русь, ён запатрабаваў ад візантыйскага імператара Васіля ІІ яго сястру Ганну сабе ў жонкі. Таму Рагнеду са старэйшым сынам Ізяславам ён адправіў у горад Ізяслаўль, спецыяльна для іх пабудаваны ў водападзеле паміж басейнамі Дняпра і Нёмана.

Тут Рагнеда заснавала ці не першы ва Усходняй Еўропе жаночы манастыр і стала ігуменняй у ім. Адсюль і пачало пашырацца па Полацкай зямлі хрысціянства. А Уладзімір аддаў сыну Ізяславу ў княжанне горад Полацк, вотчыну дзеда Рагвалода і маці Рагнеды. У 992 годзе Ізяслаў хрысціў палачан. Рагнеда памерла ў 1000 годзе, а ў 1001 — Ізяслаў. У летапісе ён характарызуецца як кніжнік і асветнік, першы па-еўрапейску адукаваны ўладар з усіх усходнеславянскіх князёў.

Адзін з самых яскравых вобразаў у летапісным зводзе — полацкі князь Усяслаў Чарадзей, найбольш упарты супраціўнік Кіева. Яго жыццё перапоўнена ўдачамі і няўдачамі, падзеямі радаснымі і драматычнымі. Як сведчыць летапіс, Усяслаў — самая велічная асоба за ўвесь час існавання Полацкай зямлі. Летапіс апавядае пра адносіны кіеўскіх князёў і іх родзіча полацкага князя Усяслава.

Праўнук Рагнеды князь Усяслаў быў народжаны ад чараўніцтва і меў нейкі своеасаблівы знак на галаве. Волхвы папярэджвалі, як згадвае Нестар, пра незвычайны лёс будучага князя. Пакуль быў жывы Яраслаў Мудры, брат яго дзеда Ізяслава, Усяслаў паводзіў сябе спакойна, ды і пазней таксама, але з 1066 года пачаў вайну з Яраславічамі — сынамі Яраслава Мудрага. У 1067 годзе войскі Яраславічаў і Усяслава сышліся ў баі на рацэ Нямізе, у выніку полацкі князь страціў шмат людзей. Быў заключаны мір, князі цалавалі крыж, кляліся, што не парушаць згоду, але Ізяслаў Яраславіч вераломна захапіў Усяслава з сынамі, адвёз у Кіеў і пасадзіў там у склеп.

У 1068 годзе качавыя плямёны, што з’явіліся на паўднёвых межах Кіеўскай дзяржавы, — полаўцы — нанеслі паражэнне Яраславічам. Кіяўляне запатрабавалі ў Ізяслава зброю, каб ісці супраць ворагаў, але Ізяслаў адмовіўся і збег з Кіева да палякаў. Жыхары горада вызвалілі Усяслава, і ён княжыў тут сем месяцаў, але ўсё ж вымушаны быў пакінуць Кіеў, калі да яго падступіў Ізяслаў з польскім войскам. У далейшым Усяслаў працягваў барацьбу з Яраславічамі з пераменным поспехам.

У летапісе выклад даволі лаканічны і амаль без каментарыяў.

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]
  • Шамякіна Т. І. Літаратура эпохі Сярэднявечча // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011.