Перайсці да зместу

Баі за Мерыду (1936)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баі за Мерыду
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Дата 2 — 14 жніўня 1936
Месца Мерыда (Іспанія)
Вынік перамога паўстанцаў
Праціўнікі
 Другая Іспанская Рэспубліка Паўстанцы-нацыяналісты
Камандуючыя
Карлас Радрыгес Медына Карлас Асенсіа Кабанільяс,
Хуан Ягуэ,
Антоніа Кастэхон
Раланда дэ Тэла
Сілы бакоў
1500 чалавек 3000 чалавек
Страты
300—400 забітых 60 забітых

Баі за Мерыду (ісп.: Batalla de Mérida) — адна з першых бітваў грамадзянскай вайны ў Іспаніі, падчас якой рэспубліканскія апалчэнцы двойчы беспаспяхова спрабавалі спыніць Афрыканскую армію мяцежнікаў у правінцыі Бадахос пад горадам Мерыда.

Планы і сілы бакоў

[правіць | правіць зыходнік]

З першых дзён бунту была арганізавана неадкладная перакідка на паўвостраў войскаў Афрыканскай арміі альбо па паветры з дапамогай некалькіх наяўных самалётаў, альбо па моры, спрабуючы абыйсці блакаду рэспубліканскага флоту. Да пачатку жніўня ў Севільі ўжо была сабрана значная колькасць вайскоўцаў і тэхнікі. Камандаваннем мяцежнікаў прынята рашэнне прасоўвацца на поўнач.

2 жніўня калона мараканскіх войскаў пад камандаваннем падпалкоўніка Карлас Асенсіа Кабанільяса пакінула Севілью з мэтай падпарадкаваць Эстрэмадуру і злучыцца з мяцежнікамі, якія наступалі з поўначы Іспаніі. Канчатковая мэта калоны заключалася ў захопе Мадрыда. 3 жніўня да калоны маёра Антоніа Кастэхона далучылася другая калона. Гэтыя калоны, па 1500 салдат у кожнай, складаліся з двух батальёнаў лёгкай пяхоты, а таксама артылерыйскай батарэі.

6 жніўня Карлас Асенсіа Кабанільяс накіраваўся на поўнач, душачы контратакі рэспубліканцаў. На наступны дзень Афрыканская армія пасля кровапралітнага бою выгнала рэспубліканскіх апалчэнцаў з горада Альмендралеха. Рэспубліканцы адступілі на поўнач, да Мерыды, а нацыяналісты спынілі свой марш, каб дачакацца трэцяй калоны падпалкоўніка Раланда дэ Тэла.

Да 10 жніўня рэспубліканскія апалчэнцы (усяго 1500 чалавек) пад камандаваннем капітана Карласа Радрыгеса Медына выкапалі траншэі ўздоўж ракі Гвадыяна за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Мерыды. Пазіцыя падтрымлівалася двума гарматамі і авіяцыяй з базы Дон Беніта.

Аб’яднаная калона нацыяналістаў падышла да горада. Асенсіа загадаў размясціць на схіле над паўднёвай часткай Мерыды артылерыйскія батарэі. 10 жніўня мяцежнікі пры падтрымцы артылерыі атакавалі і захапілі паўднёвы бераг.

Раніцай 11 жніўня Асенсіа рушыў з трох розных напрамкаў. Пасля непрацяглай артылерыйскай падрыхтоўкі легіянеры і мараканцы прарвалі фронт праціўніка каля Рымскага маста, абясшкодзілі выбухокі, закладзеныя для яго падрыву, і ўвайшлі апоўдні ў горад. Апалчэнцы адступілі, каб не трапіць у акружэнне.

У выніку баёў атрады апалчэнцаў і штурмавой гвардыі страцілі ад 300 да 400 чалавек. Нацыяналісты страцілі каля 60 салдат. На наступны дзень пасля захопу 200 чалавек былі расстраляны мяцежнікамі.

Хуан Ягуэ, які прыняў камандаванне над аб’яднанай калонай, накіраваў свае войскі на захад да Бадахоса, пакінуўшы атрад пад камандаваннем падпалкоўніка Тэлы ў Мерыдзе для забеспячэння бяспекі лініі фронту.

Рэспубліканскае камандаванне, усведамляючы стратэгічную важнасць горада, вырашыла адбіць Мерыду, таму 12—13 жніўня ўрадавая авіяцыя атакавала горад з паветра. У выніку налётаў загінула шмат мірных жыхароў.

Да 14 жніўня рэспубліканскае апалчэнне было ўзмоцнена вялікім кантынгентам штурмавой гвардыі і грамадзянскай гвардыі, якія прыбылі з Мадрыда, а таксама падмацаваннем з артылерыяй і тэхнікай. Рэспубліканскія войскі атакавалі Мерыду і паспрабавалі захапіць варожыя пазіцыі, але легіянеры Тэлы адбілі ўсе атакі праціўніка, такім чынам, праваліўшы апошнюю спробу рэспубліканцаў вярнуць горад.

Тым часам атрад Ягуэ штурмам узяў Бадахос.

Пасля захопу Мерыды і Бадахоса нацыяналісты злучылі кантраляваныя імі Паўночную і Паўднёвую зоны. Больш за тое, яны авалодалі заходняй паловай правінцыі Бадахос, а рэспубліканскі ўрад страціў кантроль над партугальскай мяжой. Мяцежнікі сталі ажыццяўляць рэпрэсіі на заваяванай тэрыторыі.

  • Томас Х. Гражданская война в Испании. 1931—1939 гг. — М.: Центрполиграф, 2003. — 573 с. — ISBN 5-9524-0341-7.
  • Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.
  • Mérida. 11-08-1936 [1] Архівавана 21 кастрычніка 2021.
  • Los silenciados bombardeos frentepopulistas sobre Mérida: el Guernica extremeño [2]