Вацлаў Антонавіч Багуцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вацлаў Антонавіч Багуцкі
польск.: Wacław Bogucki
Сцяг2-і Адказны сакратар ЦК КП(б) Беларусі
11 мая 1922 — 10 лютага 1924
Папярэднік Вільгельм Кнорын
Пераемнік пасада скасаваная
Сцяг Намеснік старшыні СНК БССР
1922 — 1924
Кіраўнік урада Аляксандр Чарвякоў

Нараджэнне 1884
Смерць 19 снежня 1937(1937-12-19)
Месца пахавання
Партыя
Член у
Дзейнасць палітык
Месца працы

Ва́цлаў Анто́навіч Багу́цкі (партыйны псеўданім Шпак, 1884, в. Буракаў, Варшаўская губерня, Расійская імперыя — 19 снежня 1937, расстрэльны палігон «Камунарка», Масква) — беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч, рэвалюцыянер[1]. Намеснік Старшыні Савета Народных Камісараў БССР (1922—1924).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся у 1884 годзе ў в. Буракаў Варшаўскай губерні (цяпер — Польшча) ў сям’і рабочага. Па прафесіі рабочы-металіст[2]. У 1904 годзе ўступіў у СДКПіЛ. За рэвалюцыйную дзейнасць у Беларусі і на Каўказе 9 разоў арыштоўваўся, чатыры гады правёў у турмах. У 1906 годзе быў дэлегатам пятага з’езду РСДРП ад Гродзенскай губерні. У 1910 годзе збег ад пераследаў у Амерыку, дзе працаваў па арганізацыі сацыял-дэмакратычных груп польскіх рабочых. У 1912 годзе вярнуўся ў Расію[1].

Удзельнік Першай сусветнай вайны, на фронце вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года арганізаваў групу сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы ў Тыфлісе, дзе быў членам выканкама Савета рабочых і салдат дэпутатаў ад арміі.

У 1918 годзе — кіраўнік камітэта СДКПіЛ у Беластоку і Гродна, арганізатар ячэек Кампартыі Польшчы[1].

Старшыня Гродзенскага падпольнага камітэта РКП(б) у 1918 годзе, старшыня Гродзенскага Савета рабочых дэпутатаў у студзені — красавіку 1919 года. У 1919—1920 гадах — старшыня Надзвычайнай камісіі ў Мінску, адначасова — член Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ[1][2].

У 1921 годзе займаўся аднаўленнем камуністычных падпольных арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у тым ліку Віленшчыны.

У 1921—1924 гадах — на савецкай і партыйнай рабоце ў Беларусі: загадчык арганізацыйнага аддзела, сакратар Цэнтральнага Бюро КП(б)Б і намеснік Старшыні СНК БССР, намеснік сакратара Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). З’яўляўся прадстаўніком ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкаме Камінтэрна.

Пасля сканчэння курсаў марксізму-ленінізму пры Камуністычнай акадэміі ў Маскве (1929) працаваў ва Усесаюзным цэнтральным савеце прафесійных саюзаў, быў старшынёй ЦК прафсаюзаў работнікаў сувязі СССР, старшынёй скандынаўскай секцыі Выканкама Прафінтэрна. З 1936 года — у Хабараўску, член калегіі краявога суда[1].

Арыштаваны 5 верасня 1937 года ў Хабараўску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 44. Асуджаны 19 снежня 1937 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны 31 сакавіка 1956 года ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР[1].

Член ЦВК СССР у 1922—1924 гадах і яго прэзідыума ў 1924 годзе.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Яго імем названа вуліца ў Гродне. У Мінску на доме, у якім ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка[1][2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё БАГУЦКІ Вацлаў Антонавіч(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 19 снежня 2012.
  2. а б в Богуцкий Вацлав Антонович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 66. — 737 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. — Мн.: Беларусь, 2008. — 287 с. — С. 179—181. — ISBN 978-985-01-0803-6